Страница 63 из 66
Нешта зімой, ён шасці-, я сямікласнік, мы раптам — бывае ж яно i так — вырашылі як след падцягнудца з вучобай., Школа — школай, а будзем i дома падвучвацца. Распрацавалі план заняткаў, амаль па ўсіх прадметах, апроч «закону божага», але абавязкова з урокам гімнастыкі, у канцы i кожны дзень.
Спачатку энтузіязму, а потым настойлівасці хапіла дзён на некалькі. Потым мы спакваля пачалі ашукваць самі сябе. Гімнастыка з канца заняткаў стала пераносіцца на пачатак, першы раз толькі на спробу, потым з угаворам, што «на гадзінку, не больш», i нарэшце яна, наша гімнастыка, не толькі выбралася наперад, але i выцесніла ўсё іншае.
Бо ўся яна была проста паходам з лыжамі на могілкі.
Яны ў нас за гасцінцам, на схіле той самай гары. Адтуль на поўдзень — зверху, у разлогую даліну, аж да маёнтачка пана Лісіцкага, распасціраўся бязмежны, некрануты снег. Сюды ніхто не прыходзіў ні з санямі, ні з санкамі, ні з лыжамі. I таму трохі, што могліцы, дзе прыцемкам i сцішнавата, асабліва падшпаркам. А мы не баяліся, i нас гэта прыўздымала ў сваіх вачах. Дый на той наш «вучэбны» час лепш было заставацца адным.
Зрэшты, якая там патрэбна матэматыка, фізіка, шпрэхен зі дойч, калі так здорава ляціцца ўніз, потым ідзецца, потна i радасна, зноў угару, i адтуль... Да цямна ці да зорак i месяца, пры якіх — яшчэ i яшчэ раз, да шчаслівай, бясконца шчаслівай стомы!..
* * *
Падумаўшы, дык жа нічога ні асаблівага, ні надзвычайнага ні ў той кульбе з аўтобуса, ні ў той пагоні за мамай, ні ў самаробных падлеткавых лыжах — тым больш. У кожнага свае ўспаміны. Яшчэ i не такія, цікавейшыя, страшнейшыя...
Але ж пішу я не за кожнага, не за ўсіх — за самога сябе. Няхай сабе будзе, што старасць гэта — жывейшае вяртанне да найпершых успамінаў, няхай нават i сентыментальнасць, у нечым, сям-там. Але ж i просяцца яны, i добра бачацца, i паўтараюцца час ад часу — тыя іскрынкі, калі на тое пайшло, дык, можа, i найсвятлейшага, найсапраўднейшага чалавечага шчасця.
АДКУЛЬ ІШЛОСЯ
Накрышыць цыбулі, паліць алеем, найлепш — канапляным, i даць пастаяць. Пасаліўшы, вядома. А то i адразу можна на стол. Якая смака та! Аднак назаўтра, калі цыбуля размякне, выдыхае горыч i пасаладзее — яшчэ смачней.
Так у сям'і, у хаце бывала.
A ў агародзе ці ў садзе, у сваім ці ў чужым, ужо самастойна ці ўпотай? Набраць повен рот чорных, «як жучкі», вішань i раздушыць ix, каб аж у носе сокам заказытала...
Тады ўсё гэта было вельмі звычайным, а потым i мудрасць, набытая сярод людзей i ў кнігах, засведчыла, што простае, здаровае — найлепш.
Зямлю мы ў маленстве бралі рукамі, на пашы капаючы «печкі», а дома, пакінутыя дамаўнікамі, штодня ўкопваючы бульбы. («Пад вечар бульбы кошык укапай!») I на смак яе, тую зямлю, каштавалі, прайграўшы ў «ножыка», — бо як ты тады ні мянці нажом перад раскрытым ротам, той, хто выйграў, умудрыцца ўкінуць табе на язык скачаны з сырой зямлі шары к.
Крышылі мы, дамаўнікі, i зелле свінням, навыбіраўшы ў градах бацвіння, дыхалі пахамі агароду, сокамі яго. Зубы нашы заходзіліся ад аскомы, яблычнай i вішнёвай. Моркву мы хрумсталі тут жа, у градах, толькі «добра абцёршы» падолам кашулі ці проста аб порткі. А на зубах была-такі чуваць зямля.
Нядаўна знаёмы закройшчык з опернага тэатра ўспамінаў, як у верасні трыццаць дзевятага веска яго разбірала маёнтак. Бралі — хто што мог, а ён, хлапчук, нарваў поўную запазуху панскай морквы!.. Дый то не адразу, не самі дзеці ў той маёнтак пабеглі, а ix танкіст савецкі падахвоціў.
* * *
Што такое глухамань — я ведаю добра.
Што я рабіў бы тады, каб не кнігі?
Не бачыў бы, не адчуваў бы гэтай глухамані на ўсю яе глыбіню i, можа, не так было б сцішна.
A калі да глухамані, да цемры дадаць яшчэ горкія думкі пра смерць? На пятнадцатым годзе жыцця. На вечарынках — за гучнай музыкай, за потнай радасцю дарослых, за вясёлым прасцяцкім гоманам, за ўсмешкамі маладых, здаровых работнікаў ды работніц на заслужаным адпачынку я бачыў... ix чарапы, ix шкілеты... З сілай галюцынацыі (здаецца, яшчэ' не ведаючы гэтага слова).
Што гэта было — пераходная хвароба ці залог таго, што я не хацеў растварацца ў гэтай глухамані, у гэтай цемры-смерці?..
Асабліва цяжкай была глухамань у познюю восень, калі не было адраджэння красы вяснянай i летняга росквіту яе, спялення, калі не было зімовай чысціні i прасторнасці, асабліва ў сонечныя дні, а была непралазная гразь, балота.
Што такое балота? Да сарака пяці гадоў я не бачыў Палесся, а балота — глеістае, глыбокае, ад плота да плота, бясконцае, на ўсю глыбіню вясковай вуліцы, з выгана ўнізе i з гасцінца «на гары», — балота я ведаў.
Вяртаючыся з пашы, каровы цягнуць вым'е па бяздоннай халоднай гразі.
Выцягванне ног адна за адной — нялёгкая, абрыдная работа i табе самому. A ісці каля плота, дарма выбіраючы сцежку? Балота мы валаклі з двара, з вуліцы ў свае i ў чужыя хаты.
Святочнае адчуванне — ты ў намытых ботах. Гэта ўжо тады, калі трохі падмерзне. A ўжо пра тое, як ix памажаш дзёгцем ды выйдзеш — i не кажыце!..
Гэтыя думкі-ўспаміны абудзіліся былі нядаўна з новай сілай, калі чытаў пра Эфендзі Капіева — пра тую глухамань, з усёй цемрай мусульманскай абмежаванасці, з якой ён выходзіў у вялікі свет.
Ён — дзякуючы рэвалюцыі, а я — вызваленню, пра што не трэба лішне балбатаць, але ж не трэба i забывацца.
1987
НАСУСТРАЧ
Іду на папрок: «Во дапісаўся — пра кожную дробязь!..» У апраўданне сабе можна згадаць i чэхаўскую попельніцу, i яшчэ што-небудзь, аднак лепш не апраўдвацца, a пайсці насустрач настойлівасці пачуцця.
На лысіне валасы больш не вырастуць. А на двары пакінутай сядзібы — хоць двор той, нібы самы надзейны ток, быў, здавалася, назаўсёды ўбіты,утрамбаваны шматгадовай, штодзённай безліччу ног i капытоў, — на панадворку тым за некалькі гадоў апусцення паднялася густая трава. Адзін з цудаў сучаснасці!..
Праўда, зямля тут вельмі добрая. Вунь крапіва паміж хатай i свірнам дык тая загула да самага падстрэшша, густа, духмяна ў сваёй пагрозлівай пякучасці. А на шчодрых калісьці градах зялёная дзікасць ажно ўшчацінілася знізу ў лістоту яблыняў, абвіслую пад цяжарам бяздогледных белых наліваў, штрыфлінгаў, антонавак...
Адтуль, ад таго суму, вельмі выразнага ў летнім росквіце, адзіны сын колішніх, зямля ім пухам, гаспадароў, малады падпалкоўнік у адпачынку прывёз мне папрошаным грузавіком на прылясную, надрэчную дачу некалькі патрэбных на абжытак рэчаў. Пілу, сякеру, касу, граблі, сахор. Пілу там, у напалову апусцелай вёсцы, хлопцы старанна развялі i навастрылі, касу накляпалі. Прыемна ад такога клопату. Яны там — даўнія суседзі, сябры маладосці, некаторыя трохі i сваякі. А ён, пляменнік, светлы, спакойны Лёня, «хлопец з рукамі» — жывая памяць пра найбліжэйшага з маіх братоў.
I яшчэ ён дзве рэчы прывёз — карціну i глобус, яе з апусцелай бацькоўскай хаты, а яго з закрытай вясковай школы...
Гарызантальны алейны пейзаж, бераг чароўнай Свіцязі, лодка з людзьмі, сасна паднебная, за лясным небакраем светлае нагрувашчанне яго любімых белых аблокаў — гэта ў маім рабочым пакойчыку на гарышчы вісіць ужо чацвёрты год. Вялікі, трохі расшалэхтаны на восі i падрапаны цікаўнымі пальчыкамі школьны глобус стаіць у кутку, каля пісьмовага стала, на табурэціку. I яны мне ўзварушліва, сумна гавораць пра мінулае.
Пра таго, хто — з маленства захоплены — маляваў той родны пейзаж, адну з мноства іншых карцін, раздораных ім у навакольныя вёскі, у хаты родзічаў i сяброў; пра таго, што не адбыўся на ўсю сілу як мастак, воляй жорсткага лесу так i застаўся самадзейнікам. Пра таго самага, што працаваў у сельскім будаўніцтве, з-за беспартыйнасці сваёй то на трохі вышэйшай, то зноў на ніжэйшай пасадзе, саступаючы месца таму, хто з білетам, а недзе прагарэў i павінен быў прызарплаціцца. Аднак ён, наш Міша, сціпла i заслужана ганарыўся тым, што ў родным раёне будаваў i фермы, i дамы калгаснікам, i некалькі школ зрабіў, у тым ліку i ў сваёй вёсцы, пачатковую.