Страница 62 из 66
За апошнім разам са мною здарылася бяда.
Так жа ёмка сядзеў, ускочыўшы пасля ўсіх, i ногі мае на прыступцы, адной рукой трымаюся за вушачок дзвярэй, другая рука свабодная, сумка вісіць на тым плячы. Гляджу сабе, як гасцінец пад намі ўцякае назад. А пасля... Пасля мая сумка з кніжкамі ды сшыткамі ціха шуснула ўніз, на дарогу!.. Я, не паспеўшы нічога іншага падумаць, сігануў за ёю. Аўтобус тым часам ужо скаціўся з гары i ветрам імчаўся па цвёрдай жвіраванай роўнядзі. А я ж ніколі не скакаў на хаду. Што грукнуўся аб цвёрдае, дык гэта, можа, i не адчуў так страшна, а жорстка перакуліцца ў калючым пыле давялося разоў некалькі.
A ўсё ж мне бачыцца... калі не помніцца, дык чамусьці дагэтуль, праз процьму перажытага, бачыцца, што дзядок наш — смяяўся. Нават i рукі прыўзняў, адна з кульбай, другая так сабе. I смяяўся, я думаў, разам з усімі, хто бачыў маю ганьбу...
Было балюча i крыўдна. Я ўстаў, трохі асцепаўся, даклыгаў да сумкі, падняў, тады вярнуўся да шапкі, абабіў яе аб калена, надзеў на стрыжаную галаву i падаўся ў недалёкае мястэчка. Не плачучы.
...Колькі разоў за два апошнія гады аўтобус той не-не ды зноў загудзе, закрэхча ў маёй старэчай дальназоркай памяці. I ва ўспаміне гэтым бачу, адчуваю — як галоўнае — не тую крыўду i злосць за сваё кулянне падбітым зайцам услед за сумкай, не той, можа, i ўяўны смех, а перш за ўсё — працягнутую дужкай кульбу, а тады маўчанне дзядка, яго таямнічую, дабрадушную ўсмешку...
* * *
На тры гады раней, зімою, здарылася такое, што наша маці паехала ў госці адна, а мяне не ўзяла, колькі я ні малёкаў.
Госці былі далека, за семнаццаць вёрст, да Ганны, маёй найстарэйшай сястры, i не так сабе, а на хрэсьбіны — у нас гаварылася: на радзіны — мамінай унучкі, маёй пляменніцы.
Толькі вароты нашы зачыніліся, а я яшчэ не зусім адрумзаўся, калі з мяне пачалі пакепліваць браты. Няхай сабе той, што старэйшы на тры гады, а то ж i той яшчэ, што на сем, вялікі!.. Яны смяяліся: «А не ўзяла, не ўзяла!», я агрызаўся: «А я паеду, паеду!», i дайшло да таго, што я зноў надзеў зношана-сіні, з чорным каракулевым каўняром гарадскі палітончык, які па праве даношвання пасля старэйшых быў маім, i выбег на двор. З двара — на вуліцу. Ніхто мяне не даганяў, бо ніхто не падумаў, што я гэта напраўду, i я пачаў даганяць сваю маму.
Наша хата ў ніжэйшым канцы вёскі, i мне спачатку трэба было бегчы па вуліцы ўгару. Я спадзяваўся, што за першым узгоркам, дзе жыла Віліта, другая з нашых замужніх сясцёр, мама спыніцца, бо i яны, Віліціны, таксама ж паедуць на радзіны. Але саней, i нашых, i іхніх, на вуліцы ўжо не было. I я далей варухнуўся подбегам, яшчэ не крычучы.
Крычаць пачаў за вёскай, на самай гары, калі здалёк убачыў, як абодва «вазкі», святочныя сані, следам за чорнай i сівай кабыламі, пабеглі з гары ў далінку, каб потым зноў на ўзгорак... Я бег, крычаў адно толькі слова, мой палітончык быў не зашпілены, адліжны снег паміж каляінамі рассоўваўся на бакі, боты чапляліся адзін за адзін, a ўсё ж я ні разу не паваліўся!.. Пратрухаўшы рыссю з узгорка на роўнае, коні пайшлі ступой. I я закрычаў часцей і, мне здавалася, мацней. А яны ўсё не чулі — нават i мама, хоць ехала ззаду, хоць гэта ж i яна!.. Потым конi зноў пайшлі бегма. I я ўсё бег. Да мястэчка было ўсё бліжэй ды бліжэй. А зацятасць мая яшчэ ўсё мяне падганяла, яшчэ ўсё не думаў: а што, а як жа далей?..
Я ўжо бываў у Ганны, ведаў, што вельмі далека, але цяпер пра гэта як быццам не памятаў.
Коні i сані ўбеглі ў нашу, ад нашага боку, вуліцу мястэчка i пайшлі памалу. Яны былі далека, аднак надзея мая зноў пачала крычаць, як i раней, вядома, з прыплачам. Вуліца злёгку уздымалася ўгару, пасля быў паварот управа. I нашы туды схаваліся. А я ўсё бег, неўзабаве — сярод першых двароў. Кагосьці бачыў я, хтосьці мяне, i гэта было незвычайна — як я то клыпаю, то зноў бягу, тут ужо гукаючы зрэдку...
I радасць — нарэшце — прыйшла!..
За адным, пасля за другім паваротам вуліцы распасцерлася рыначная плошча. I там нашы коні i сані стаялі, спыніўшыся каля крамы. Потым на ганак выйшлі мама, Віліта, Юстын. А я падбягаў да ix ужо з усмешкай. Мокры, незашпілены.
Вусаты, панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:
— Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..
Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.
А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:
«Скулу табе, таўлуй! Каб я сваё дзіця...»
Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.
Спачатку мы дваімі саньмі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушак. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставіла i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра — i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..
Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ нестарая, пяцьдзесят другі, i моцная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Году яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...
Тут я спынюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер, — слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы. Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...
Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказаць.
Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога — гэта важней за ўсё!
* * *
Яшчэ раз пра нашу гару на гасцінцы, за вёскай.
Веска ніжнім канцом адыходзіла ад гасцінца, а чым далей угару, то ўсё ішла да яго бліжэй. Адтуль, з вастрыні таго кліна, уніз, па загароддзі бегла сцежка, па якой хадзілі найбольш на могілкі. Цяпер усё тут забудавана i замест сцежкі вуліца. А тады каля сцежкі быў толькі нізкі зрубік крыніцы. На ват i там, так высока — крыніца? Нас, малых, такое не здзіўляла, як не здзіўляе нічога, што ёсць, бо ёсць яно,i ўсё. Сцежка жыла вясной, улетку, увосень, a зімой яе не пратоптвалі, бо i на могілкі хадзілася па вёсцы. Толькі тая сцяжынка, што збоку, ад крыніцы ў бліжэйшыя двары, была i зімою хаджалая. А замест большай сцежкі, з вострага кліна далека ўніз, на ніжэйшыя загуменні ды загароддзі, снежная неруш — вечар такі надыходзіў — праразалася палазамі саней. Тых вялікіх, што называюцца ляснымі.
Сані гэтыя, адняўшы аглоблі, пастронкам усцягвалі на rapy дарослыя дзецюкі. На сані ix валілася, i наўздоўж, i наўпоперак, колысі ўлезе i яшчэ трохі больш. Разагнаўшыся на працавітых, слізкіх палазах, сані ад цяжару яшчэ мацней шыбавалі з гары ў даліну, каб там недзе збочыць без рулявога ў сумёт або з маху перавярнуцца пад які адкос. Вясёлая гурба з крыкам ды рогатам валілася ў снег. Усгавалі, асцепваліся, а то i не, біліся ў снежкі або закурвалі, а тады зноў цягнулі свае лясныя на rapy. Каб зноў — ці поцемку, калі ў адлігу, ці ў пагодлівую ноч пад зоркамі, а лепш пры месяцы адчуць асалоду лёту.
Нам, падшыванцам, не ўдавалася пачапіцца на тыя сані, нас адкідалі, бо месца i так не хапала. Зрэшты, у нас было сваё — ці «козачкі», якія, калі возяць драўніну, падстаўляюцца пад доўгі хвост дзеравякі, то адмысловыя самаробныя санкі, то лыжы, таксама сваёй работы.
Я рос нароўні са сваім пляменнікам, Віліціным Мішам, старэйшым за мяне на паўгода. Разам пасвілі, хадзілі ў школу, кавалерылі, нават у польскае войска нас узялі ў адзін дзень i ў адну часць, разам i ваявалі, i ў палоне былі, i партызанілі пасля ўцёкаў. Усё ў свой час. А на сваім чатырнаццатым годзе мы зблізіліся найбольш. Праўда, найбліжэйшым у мяне быў Міша, брат, але тады ён вучыўся ў наваградскай гімназіі, i вось мы сталі на той час бліжэй, чым было ў нас раней, з другім Мішам, які мяне дзядзькам, вядома, калі i называў, дык толькі жартуючы. Не перашкаджала нам i тое, што, крыху больш, чым я, распусны ды гультаяваты, Minia яшчэ ў загорскай школе адстаў ад мяне на клас.