Страница 59 из 66
* * *
З даваеннага, з панскага часу гэта ідзе.
Прыгажун з беднай хаты, прымак у дзеўкі бага тай, брыдкай, што вельмі ж «пасвіла» яго, можа, i не ведаючы слова «рэўнасць». Bo жанчынам у вёсцы ён падабаўся. Пагаворвалі, што з адною ён нават i пагульваў. Bo тая, у сваю чаргу, таксама за нялюбым, а сама прыгожая.
Калі тое што было, ужо дзеці павырасталі ва ўсіх, a рэўнасць усё туманіцца.
Нядаўна мясцовы самадзейны мастак, па просьбе той брыдкай намаляваў ёй дыван на сцяну. Вясёлы танец — дзяцюк з дзвюма дзеўкамі абапал. Не думаў нічога дрэннага, проста зрысаваў з часопіса.
А веска спакваля загаварыла, што гэта яе мужык — ды з дзвюма, з ёю самой i з тою!..
Сарвала дыван са сцяны i выкінула ці, казалі, пасекла нават. Хоць i грошы заплочаны.
* * *
Дзяжурны тэрапеўт, дамачка панурая, моўчкі пагартала папку з гісторыяй маіх хваробаў i пра тое, што я ўжо ведаю пасля аналізаў ад іншага спецыяліста, з усмешачкай сказала — першыя словы пасля глухога водгуку на прывітанне:
— Ay вас в желудке полип!..
Хоць ты скажы ёй:
— Ну што ж, давайце разам парадуемся!
* * *
Ох, дробязі!..
Той дырэктар першай савецкай дзесяцігодкі, што пасля вызвалення Заходняй Беларусі замяніла ў гарадку польскую гімназію, — як ён харкаў, пляваў пад свой стол.
Доктар філасофіі, што ў доме адпачынку папрасіў мяне ўзяць i яму білет у кіно, а плацячы за яго... угаворваў рэшту пакінуць сабе.
Сімпатычная жанчына, медык, якая сціпла смяялася, што адзін з найвышэйшых, дый самы высокі, выступаючы па тэлевізары на ўвесь свет, па найважнейшых пытаннях сямідзесятых гадоў, са смакам слініў палец, перагортваючы старонкі.
* * *
На пахаванне свой поп з мястэчка не прыехаў: сёння Пяцёр, у прыходзе «фэст», наехала духавенства з іншых прыходаў. Дамовіліся з другім, з далейшай вёскі, не з той прыстойнай кампаніі.
Доўга чакалі яго, i вось нарэшце едзе! На «Жыгулях», матушка за рулём, бацюшка побач, ззаду нейкая баба, старэйшая. Ідуць яны з машины па двары, на якім ужо добра нанудзілася шмат людзей. Попік — нярослы, сяк-так валасаты, чорны, як асмалак. Ну што ж, людзі бываюць розныя... Ды вось у хаце ён загалёкаў каля труны такім казліным тэнарам, што хоць ты, як той дурань у казцы, вазьмі ды не стрывай, засмейся. Матушка з тою старой памагаюць, як тры дні не еўшы. Аніякай урачыстасці!..
А потым яшчэ i пачуў — матушка за рулём таму, што самога за п'янку на тры гады пазбавілі правоў. Чацвёра дзяцей. А ён яшчэ i б'е яе...
Клопат з кадрамі! Гэта не тое што па тэлевізары, дзе цяпер гэтулькі золата, свечак, бародаў...
* * *
У даваенным польскім войску нам тлумачылі, што пяхотны полк, узняты па трывозе, павінен стаць на пляцы ў поўнай баявой гатоўнасці за дванаццаць мінут.
Гэтага дамагаўся наш гдыньскі батальён марской пяхоты, i гэта нам, салдатам, не надта падабалася.
Мне яно нагадвала познеасеннюю малацьбу цапамі, калі цябе будзяць у самы сон. Ды там хоць спакойна, па-хатняму, а то ж толькі затоіцца ўсё, толькі заснеш, а тут, як з-за куста, дзіка-агорклае: «алярм!» Рота зрывалася. Зноў таўкатня, беганіна ў прыцішанай злосці, як быццам мала яшчэ, ледзь не кожную ноч!..
Так здавалася ў злосным нядосыпе, хоць калі думаць пра тое сцішнае лета трыццаць дзевятага, дык тых «алярмаў», трывог, было не лішне многа. Мы больш дзяжурылі начамі на граніцы.
Пастроеных на начным пляцы, нас аглядалі, правяралі, i калі хоць у аднаго салдата не хапала, скажам, мыла — трывога зрывалася, «ушыстко до дупы»!
Але вось мы нарэшце дамагліся патрэбнага, тых «шчытных» дванаццаці мінут з поўнай спраўнасцю ў дробязях. Вярнуліся ў казарму, пачалі раздзявацца, лажыцца, i тут — раны пана Езўса! — аказалася, што ў кутку, на верхнім ложку спіць сабе, як у мамусі, цельпукаваты, дабрадушны стшэлец Дабжаньскі, мазавецкі вясковы дзяцюк.
Успамінаецца гэта часамі. I не так сабе, a ў ста ты стычных аспектах, слухаючы пра высокія, аптымістычныя падлікі. З промахамі ў падтэксце.
* * *
Зноў казарма. Пасля начнога дзяжурства днявальнаму — «службоваму» — належаўся адпачынак, можна паспаць да абеду. Я здаў дзяжурства, паснедаў разам з усімі, рота пайшла на заняткі, а я раздзеўся i лёг. Ляжу, збіраюся заснуць. А тут на доўгім пустым калідоры — брэм, брэм юхтовымі, падкаванымі ботамі — ідзе наш «пан старшы сержант», пажылы фельдфебель, нялюбы прыдзіра з легіянераў Пілсудскага. Спыніўся каля мяне. Мне б, дурню, прыкінуцца, што сплю, а я прастадушна гляджу на яго.
Трохі маўчання, а потым:
— Одпочываш, курва?
Гэта ў яго — так сабе, між іншым — першае i апошняе слова, i ў дзень, i на начных занятках.
— Одпочывам, пане старшы сержанце.
— Поўстань! — вякнуў ён на ўсю моц бяззубага рота. — Бегем марш! Падній!.. Я ці, курва, одпочнэн!.. А тэраз — до лужка!..
Ужо не рэкрут, а з пэўным вопытам, я адразу не лёг, чаго ён чакаў, a ўзяў ручнік i пайшоў памыць ногі.
Праз сорак шэсць гадоў, у светлым, прасторным весты бюлі кінатэатра, чакаючы сеанса, стомлена сеў на мяккай канапе i мне само па сабе прыгадалася: «Одпочываш, курва?» I ўспомніўся, пачуўся братаў смех. Ад майго яму колішняга расказу пра гэты «сонечны абразок».
* * *
Дзён за тры перад Новым годам пяцікласнік прыйшоў са школы з яловымі лапкамі. Наламанымі з тых незвычайных елачак, якія растуць каля гмаху, што так нядаўна быў у горадзе самым галоўным. Маці-настаўніца, калі ён пахваліўся ўдачай, жахнулася, пачала ўшчуваць, павучаць. Ды ён:
— A самі яны — што? Народ абакралі, a ў ix няможна?..
Такое ў хлопца, вядома ж, з гутарак з сябрукамі. Дух часу.
* * *
У купэ цягніка Мінск — Талін з намі ехала маладзенькая пара з малою дзяўчынкай. Мама сама яшчэ з міла-дзіцячым выразам твару, інтэлігентная. Тата зусім спартсмен, клапатлівы i ветлівы. А маленькая Маша — наогул адна пацеха.
Спачатку яна, знябыўшыся раннім выездам ад бабулі, паспала, тады паснедала i занялася лялькай. А потым на калідоры, у расчыненых дзвярах купэ з'явіўся хлопчык, таксама беленькі, яшчэ меншы за Машу. Яна пачала з ім з таго, што ўзяла ды мяўкнула. Раз i яшчэ раз: «Мяяў!..» А ён толькі глядзіць... I я не вытрымаў: «А ты скажы гаў-гаў!» I тут ён не проста паслухаўся — ён зусім стаў сабачкам. Пуц на калені, ручкамі падпёрся i залівіста забрахаў. Маша — сваё. Перамяў — перабрэх.
А мы — i ў купэ, i ў калідоры — засмяяліся. Хто дарослы, а хто i стары.
* * *
Вавёрачка перабегла мне паркавую дарожку i нібы нырнула пад зялёны ўжо адкос, да раўчука паміж дрэвамі. З пукатага, прыгожа апарэнчанага мосціка на яе там глядзелі, хто стаяў дагэтуль i хто спыніўся, i дзеці i дарослыя. Збочыў туды i я.
Упершыню так цікава ўбачылася — як яна, казачна мілае стварэнне, — смела, спакойна, усмак піла ваду, якая нібы i не была нядаўна пад лёдам, а так сабе цячэ ды цячэ ў маладзенькай траве.
* * *
Муха сядзела на шыбіне ў пакоі, а за акном птушка прысела на чорным ізаляваным провадзе тэлеантэны, заўважыла спажыву i кінулася на яе, стукнуўшыся дзюбікам i воллейкам у шкло!..
Пакуль малыя, што забаўляліся воддаль на падлозе, уцямілі мой расказ пра гэтую забаўную памылку, птушка апынулася ў шкляной пастцы. Адна створка акна адчынена, госця ўляцела i разгубілася паміж знадворнай i ўнутранай рамамі, не здагадалася вярнуцца праз адчыненую створку, а пачала шалпатацца ў пісклівым адчаі, біцца аб шкло. Я дастаў яе, дзіўна маленькую, на сорам мой невядомую, жаўтлява-шэрую з лімонным воллейкам, i патрымаў у вялікіх далонях. Унучка папрасіла даць ёй, каб выпусціла яна, бо яна ж першая папрасіла! З малое ручкі малая птушка i паляцела шчасліва ў акно, a дзяўчынка ад радасці захацела на мае калені. Унук згадзіўся i на гэта, ён у нас спакайнейшы.