Страница 55 из 66
Здзіўленне абрынулася на нас, гасцей, ледзь не поўным аслупяненнем у канцы таго абеду з тостамі. Афіцыянт падышоў да нашых, яны асуджана паказалі на мяне, касіра, я заглянуў у рахунак. Калгасны бык звычайна быў нічыйным, народным, а тут ён усёк» тушай — на мяне!..
I я з горкай сухасцю ў роце сказаў галоўнаму з гаспадароў, што аплаціць усе бутэлькі, два трацякі якіх не выпіта, мы не можам, у нас канец камандзіроўкі. I гэта дзіўна таксама, таварышы, усе бутэлькі адкаркоўваць загадзя...
Нашы шафёры, побач з якімі я сядзеў, заварушыліся, зашапталі: «З сабою, возьмем з сабою!»
Але я ix не чуў, я адмахваўся ад быка.
Гаспадары пашапталіся з выкліканай пышнацелай гаспадыняй рэстарана, рахунак быў скарочаны да памераў выпітага i з'едзенага. На гэта ў мяне хапіла — нашай утрая тыднёвай нормы. A ўсё ж настуніла палёгка i прасвятленне.
Прозвішча галоўнага з гаспадароў было са славутага набору найбольш ходкіх — Сідараў. На наступным прывале мы яшчэ раз паскраблі з кашалькоў у агульную касу, аб'явілі найбольшую эканомію. I ўжо смяяліся, надоўга запамінаючы «сідараўскі абед».
1987
РАНА
Што да паездак далёкіх, у краіны найцікавейшыя, то я зайздросціў Максіму Танку двойчы — з Кітаем i Чылі, дзе ён паспеў пабываць, пакуль было можна. З Кубай у мяне атрымалася неяк дзіўна, незразумела. У пачатку шэсцьдзесят сёмага. Ужо білеты былі ўзяты, інструкцыі атрыманы, i раптам — тэлеграма з анекдатычнай фармуліроўкай: «Связи уборкой сахарного тростника приезд делегации данный момент нежелателен...» Штосьці так. I дэлегацыя з двух чалавек, адзін вядомы іспаніст i я, на «востраў свабоды» не паляцела.
Я расказаў пра гэтую асечку ў нашым Таварыстве дружбы, i мне, як на суцяшэнне, прапанавалі паехаць восенню ў Індыю. Ад Кубы я адмовіўся, пазней туды замест мяне паехаў нехта іншы, а я быў шчаслівы Індыяй, адчуў у ёй бліжэйшае.
Вясной шэсцьдзесят дзевятага года я мог паехаць у Японію, вельмі рад быў гэтай магчымасці, ужо рыхтаваўся, чытаў. Не ўлічыўшы таго, што даклад на пленуме Саюза пісьменнікаў, зроблены мною ў кастрычніку, адрыгнецца дакладчыку ў красавіку. Даволі бесталковая супрацоўніца аддзела культуры ЦК партыі, пачуўшы, што даклад даручаны беспартыйнаму, радасці не праявіла. «Ну что же, — сказала яна пасля паўзы. — Только бы в свете последних решений». Нават зарыфмавалася гэта з сябрам на мелодыю песні «Раскинулось море широко»:
Он думал, конечно, что гений,
что двинет, как Бровка, доклад,
но в свете последних решений
его долбанули под зад.
«Долбанули» не адразу. Спачатку папала загадчыку аддзела культуры ЦК, які «залішне даверыўся», пазнаёміўся з дакладам напярэдадні ды на слых, «па тэзісах», прачытаных мною з асцярожнай лапідарнасцю. Мне прапанавана было сурова пакрытыкаваць двух аўтараў, Анатоля Вярцінскага, з яго паэмамі «Дажынкі» i «Даруйце», i Васіля Быкава, з аповесцю «Праклятая вышыня». А я i выкруціўся ад гэтага, i павёў у трохі іншы бок, на што сакратар ЦК па ідэлогіі сказаў, выступаючы ў канцы пленума, што гэта не даклад праўлення, a толькі аднаго Брыля. (Дарэчы, потым я i надрукаваў яго ў пяцітомніку — як свой.) Здавалася, што i ўсё. А з Японіяй не атрымалася. Старшыня Таварыства дружбы запрасіў мяне ў свой кабінет, дзе па вышэйшым даручэнні... папрасіў прабачэння за тое, што іхні, маўляў, аддзел кадраў спазніўся з афармленнем маёй паездкі. На другім узроўні, крыху пасля, мне па-сяброўску назвалі другую прычыну — званочак адтуль...
Улетку таго самага шэсцьдзесят дзевятага я атрымаў два прыемныя запрашэнні: у Берлін, дзе выйшлі «Птушкі i гнёзды», i ў Гданьск, на трыццацігоддзе пачатку другой сусветнай вайны, куды я запрашаўся як салдат польскага верасня. На чарговым прыёме сакратарыята Саюза пісьменнікаў у ЦК паказаў гэтыя два запрашэнні — адно за подпісам кіраўніка выдавецтва «Volk and Welt», а другое Яраслава Івашкевічя". старшыні саюза польскіх літаратараў. Сказаў прыблізна так:
— Гэта не важна, што ў Японію не паехаў іменна я, важней другое: У Токіо, на высокай гутарцы пра савецкую літаратуру для дзяцей, не сказана было тое, што я меўся сказаць, — першае ў Японіі слова пра нашу літаратуру, дзіцячую i наогул. Няўжо i цяпер таксама не пусціце?
Пусцілі, паехаў двойчы. Цікава было i карысна. Пра што напісаў.
А японская рана не гаілася даўгавата.
1987
ПАЎЗА
Калі мы ўдвух з доктарам тэхнічных навук Севярнёвым, ён ад навукі, я ад культуры, накіроўваліся ў Індыю, наладжваць братанне паміж Беларуссю i штатам сёння Карнатака, а тады, у шэсцьдзесят сёмым, Майсур, у Маскве нам званілі ў гасцініцу родзічы тых, што працуюць у Дэлі. Па наіўнасці мы здзіўляліся, што нас прасілі перадаць у якасці пасылачкі... Буханку чорнага хлеба! Нам растлумачылі, што там гэта ўваходзіць у настальгію, успрымаецца як любае прывітанне. Што ж, i мы ўзялі пару буханак, да пэўнага запасу цвёрда-вэнджанай каўбасы i некалькіх бутэлек «Белавежскай». Яе, дарэчы, не для п'янкі, а, як параілі нам, для прафілактыкі ад небяспечнай на поўдні Індыі халеры.
У Дэлі мы раздалі пасылачкі, а свой чорны, родны, дзве свежыя буханкі, разам з дзвюма бутэлькамі «піва з быкам», як гаварыў удзячна адзін з пажылых польскіх гасцей на беларускім высокім прыёме, пакінулі ў аддзеле культуры пасольства.
З Поўдня мы вярнуліся праз два тыдні. Таварышы дыпламаты-культурнікі прызналіся, што хлеб наш разумна з'едзены, a бутэлькі не крануты. Тут яны i пайшлі на вясёлы сяброўскі стол.
Зрэшты, у гаспадароў ён быў не надта вясёлы. Днямі здарылася непрадбачанае: ix добры знаёмы па Маскве, для некаторых аднакашнік па інстытуце, камандзіровачны ў маладзёжнай групе, таксама сядзеў тут, весела гаманіў ажно за поўнач, тады развітаўся, здавалася, з хмельнай павышанай сардэчнасцю, i нікому не падумалася, што гэтыя абдымкі назаўсёды. Як выяснілася назаўтра, ад ix ён пайшоў у англійскае пасольства. Аднак статэчны швейцар, выглянуўшы на званок, спрасонку выслухаўшы дэкларацыю на прыблізна англійскай мове, сказаў: «Мы гэтым не займаемся. Ідзіце вунь туды, у пасольства амерыканскае». Словам, той аднакашнік перабег, у надзеі на сваю англійскую мову, i мне было гэта прыкра па асабістай прычыне: я ведаў яго бацьку, саліднага літаратара i прыемнага таварыша з адной нашай сярэднеазіяцкай рэспублікі, ад разу ўспомніў яго з бацькоўскім разуменнем i спагадай.
Нас пакінулі начаваць. Развітанне пасля застолля таксама было сардэчнае. I мы з таварышам не звярнулі ўвагі на тое, што нас папрасілі даць пашпарты, для нейкай там адзнакі. Дамовіліся, што заўтра нам пакажуць горад. Нават была прызначана i гадзіна, ні рана, ні позна — у дзевяць.
A ўранку мы, чакаючы, пранылі амаль да адзінаццаці — ніхто па нас не ішоў, не званіў. На вуліцы перад аддзелам культуры, дзе мы паныла шпацыравалі, спынілася машына i незнаемы малады чалавек па-руску спытаўся, ці нам не трэба ў наша пасольства. Смешна прызнацца, як мы, мінчане, пераглянуліся: «Што ж, рызыкнём, усё-такі нас двух на аднаго, дый краіна прыязная...» А ён — супрацоўнік гандлёвага прадстаўніцтва i сапраўды прыязна прывёз нас у пасольства.
Там, зусім акрыяўшы, мы вырашылі пайсці на адпомсту. Папрасілі нумар тэлефона аддзела культуры, i я, ад нас двух, заявіў аднаму з учарашніх весела-сумных гаспадароў:
— Значыцца так, паважаны. Вы забралі ў нас пашпарты, абразілі нас недаверам, ледзь не да паўдня пакінулі нас адных, пакрыўдзілі няўвагай. I вось мы вырашылі папрасіць палітычнага сховішча ў пасольстве...
Доўгая, доўгая паўза, а потым, як выдых:
— ...СССР.
З таго боку выдых быў не на жарты з палёгкай. I голас:
— Ну, ребята, знаете... это...