Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 56 из 66



Мінут праз дваццаць па нас заехаў ажно японскі лімузін. Побач з вадзіцелем-індусам сядзела душа ўчарашняга застолля Таня, наш мілы гід на ўвесь дэлійскі дзень.

Згадка — нічога асаблівага, a ўспамінаецца прыемна. I пра норавы намякае.

1987

ЧЫСТЫ, ЗЯЛЕНЫ, СОНЕЧНЫ

У нас ён быў бы дзед Міхась або Міхаль, а там, у вялікім данскім украінскім сяле, — дзід Мышко. Маленькі, ціхі дзядок.

Мы туды прыехалі з маім партызанскім сябрам, які з дзён вайны назусім прыжыўся ў нашым Наднямонні. Сам ездзіў да родных — маці, братоў i сясцёр — амаль кожны год, разоў колькі запрашаў мяне, i вось мы, нарэшце, сабраліся.

Схіліла з поўдня, спякотнага на дварэ i душнага ў малой, белай мазанцы, у якой нарадзіўся i выраС да вылету ў людзі мой сябар. Застолле зацягнулася, i мы з галоўным госцем не дасядзелі да канца, ад гаманы ды настойлівай, нават бязлітаснай шчодрасці выйшлі ў стэп, у гарачы палын, балазе ён быў адразу за брамкай ды цераз пыльную вуліцу.

Зайшлі мы даволі далека, няспешна, святочна гутарачы, на цеплым, духмяным прыгорачку пасядзелі ды паляжалі, а потым i ўспомнілі, што, можа, так яно i няёмка — i сыну, брату, пляменніку i суседу ў адной асобе, а разам з ім i таму, каго ён прывёз.

Тым часам з хаты п'яная гамана выгарнулася на двор, шумна клубілася там у перадапошняй узбуджанасці. У цэнтры вэрхалу быў дзід Мышко. Пад кепкай, сівенькі, заплаканы. А пры ім — на шмат маладзейшы за майго сябра ягоны брат. У дружнай сям'і, пры маме, дзвюх старэйшых незамужніх сестрах ды пры цягавітай, дабрадушнай жонцы — сам пястун, лайдачок, рыбак ды вынівоха. Ён плакаў яшчэ больш за дзіда Мышко, наўзрыд, наўсхліп, з прычытаннем. Убачыўшы мяне, ад дзеда гайдануўся насустрач, абліпла, горача абняў, замурзліва падзяліўся ўсімі слязьмі i — як пра самае новае гора — пачаў ірвана, праз плач з падвываннем расказваць пра двух сыноў, што не вярнуліся з вайны. Сыноў — дзядулевых, што я сяк-так, не адразу зразумеў з яго бабскага прычытання.

— Ой, жаль, ой, жаль мэні дзіда Мышко! — галасіў ён i, адпусціўшы мяне, зноў гайдануўся да старога. Зноў абдымаліся, хлюпалі, ускрыквалі. Хто памагаў ім, мужчыны i бабы, а хто гаманіў, гаманілі сваё. З крыкам, з рогатам, бесталкова. Нудна было ці смешна, ці так i так адразу, нават да стомы прыкра ад п'янай, яшчэ ўсё пад слякотным сонцам, таўкатні, у якую ператварылася спачатку ўрачыстае, годнае свята сямейнай, сваяцкай, суседскай сустрэчы. Хоць ты зноў ідзі ў стэп...

Назаўтра ўранку мы з сябрам былі запрошаны ў госці да дзіда Мышко. Прыходзіў ён, калі мы яшчэ спалі пад вішнямі над ракой, за бахчою, i ён будзіць нас не падышоў, просьбу яго нам потым перадалі. Сябру майму дзед прыходзіцца дзядзькам па маме. А я тут госць — нявольнік, хочаш не хочаш, а таксама трэба ісці. Каб надта хацелася, памятаючы ўчарашняе, дык не, але трэба. Пакуль сабрацца сябравым сямейнікам — мы з ім не чакалі, пайшлі ўдвух, першымі. I гэта я ўжо светла, прыемна помню цэлых дваццаць пяць гадоў.

Нічога надзвычайнага. От, невялікі дворык у частаколе, зялёны садок, беленькая мазанка. Аднак усё такое чыстае, утульнае, святочнае, прычым святочнае, відаць, заўсёды, кожны дзень. I дзід Мышко, які праз акенца ўбачыў першых гасцей, выйшаў нам на спатканне — ён таксама быў нібы зусім не ўчарашні. Без шапкі, сівасвяточненькі, з усмешкай, як вінаватай,ці што. I сапраўды вінаватай, як аказалася ледзь не ў першых словах вітання, калі ён з тою сваёй усмешкай пачаў:

— Звіняйтэ... учора воно... трошкі неяк воно не так...

Перавялося, дый хутка, на іншы лад, весялейшы. I сваяцкія роспыты ў ix пачаліся, чаго не паспелася ўчора, а то i яшчэ раз ад пачатку, i пра сухое лета пайшло, i да палітыкі неяк, вядома ж, дабраліся. Пакуль іншыя госці пачалі сыходзіцца, пакуль не выйшла з хаты, ад свайго клопату, старэнькая, таксама шчыра ўсмешлівая баба Мотра.

Маўчалі мы, пакуль былі ўтрох, толькі пра адно. Сябар мне расказаў яшчэ ўчора ўвечары, што ў дзіда Мышко i сапраўды загінулі на вайне абодва сыны, i вякуюць стары i старая адны...

I мне дагэтуль жыва помніцца той наш прыход на дзедаў чысты, зялены, сонечны ранак, дзе каля белай мазанкі мы толькі ўтрох.

Маладзейшыя — з адчуваннем сыноўняй павагі.



1988

ПА ДЗЕТКАХ

Ах, як нам кожнаму збоку ўсё вельмі добра відно!..

Едзем па вуліцы паўднёва-данской станіцы, якая раскошна раскінулася ў зеляніне садоў i прысадаў, над шырокім Данцом, i я ўспамінаю мазанку ў сяле майго сябра, дзе яго маці, сёстры, браты, дзід Мышко, баба Мотра...

I не толькі. У сяле тым жыве яго шчыры, з маленства верны друг.

Гэта другаву мазанку я ўспамінаю.

Палкоўнік на пенсіі, франтавы лётчык-ас, такі здаравенны, што, убачыўшы яго ўпершыню, падумаў: ну, такому i самалёт патрэбен адмысловы, значна большы. A такі энергічны, разумна дасціпны, начытаны, што i пабыць з ім евабодна ды весела, i ўспамінаецца ён здалёк прыемна.

Яны прынялі мяне ў дружбу, мы былі разам у Мінску, у Маскве, у Валгаградзе, ужо даўнавата i перапісваемся, i вось, нарэшце, сустрэліся каля самай іхняй крыніцы.

Адваяваўшыся слаўна, адслужыўшы яшчэ семнаццаць гадоў, лётчык вярнуўся ў роднае сяло. Халасцяк у сорак дзевяць, вольны ад жонкі i адзінай, ужо дарослай дачкі, ён бабылюе ў старым садзе з вуллямі, з бахчою побач, у чысценькай мазанцы, звонку звычайнай, як i ўсе іншыя, якіх там амаль дзевяцьсот. A ўсярэдзіне jffia незвычайная, са скрыжаванай зброяй на насценным дыване над канапай, з шафаю кніг, нават з пісьмовым стадом. Дарэчы, шафа i стол не перашкодзілі мне, калі зайшоў першы раз, успомніць славутага Багуна, таксама палкоўніка, якім i я захапляўся падлеткам у трылогіі Сянкевіча. А нашаму Багуну, на яго энергію, затарможаную хрушчоўскім скарачэннем арміі, бацькавай мазанкі мала. Побач з ёю пачаў будаваць цагляны, двухпавярховы дом, пры хаце надта ж вялікі. Туды ідуць зберажэнні, усе яго думкі, усё захапленне i ўсе гаспадарчыя здольнасці, што вось узялі ды на старасць прачнуліся.

I навошта гэта яму? Столькі клопату, жывучы, як-ніяк, a ў стэпавай глухамані. Нават калі i жонку новую браць, заводзіць другую сям'ю. няўжо будуецца на здзіўленне, на зайздрасць аднасяльчанам?..

Ах, як мне ясна ўсё гэта, едучы па станічнай вуліцы, гледзячы на домікі ў зеляніне, большыя за мазанкі ў паўночна-данскім сяле маіх сяброў, нібы нават чысцейшыя, таму што бель іхніх сцен падкрэсліваецца блакітнымі ліштвамі большых за тыя сельскія вокан. Калі ўжо так палкоўніку зажадалася новага жылля, дык вось такую, такую або такую зрабіў бы...

У адной з такіх вось пажыць бы i мне. Нават прымяркоўваюся да стала перад такім блакітналіштвенным, чысценькім акном — як там нядрэнна пісалася б!.. Прывычка такая — усюды прымервацца, нібыта i сапраўды яно недзе ёсць, такое надзвычай шчаслівае, плённае месца...

A людзі, да якіх мы прыехалі, жылі наводшыбе станіцы якраз не ў белым казацкім доміку, a ў звычайна цагляным, i так немалым, а яшчэ i з мезанінам. А сям'я — дзед Іван, дзядзька майго сябра, таксама «иногородний», i баба Кацярына, з мясцовых, казачка. Сыны пабудавалі дом, a самі жывуць далека, у розных месцах данскога краю.

Баба ў дзеда Івана — Кацька, а сам ён — Ванька. Я ўжо пра гэта чуў, а цяпер стары так i адрэкамендаваўся. Ванька i Кацька шчыра ўсцешыліся гасцям, i пляменніку з жонкай, i пары іхніх сяброў, нават i пятаму ў гэтай кампаніі — шаферу. Пачалося з абеду, які ўжо чакаў нас, бо мы пазванілі старым з Растова, дзе начавалі.

А пасля абеду i перадышкі сухашчава-рухавы i спадцішка вясёлы дзед Ванька прапанаваў нам даўно абдуманую ім работу — выкапаць паграбок.

Што гэта за работа на пяць чалавек, з якіх тры — мужчыны! Але сябар мой аднарукі, другая, прабітая куляй у плячы, служыць слаба. Шафёр — не на шмат маладзейшы за самога дзеда. А да таго ж яму якраз цяпер ды пільна спатрэбілася паглядзець матор. , Што ж, нашы жонкі не з тых, што называюць беларучкамі, — яны папрасілі ў гаспадара рыдлёўкі.