Страница 3 из 4
Дзень яго сумнай гадавіны быў сонечны, як спецыяльна пасля занудна-заложных дажджоў. Пасля соснаў і кветак над месцам яго спачыну, ужо за людным сталом, дзе многа, шчыра і цвяроза гаварылася пра таго, хто сапраўды «быў, ёсць, буду», як сведчыць назва апошняй з падрыхтаваных ім самім кнігі паэзіі, адзін з яго найбліжэйшых сяброў, Адам Мальдзіс, з якім мы побач сядзелі, спытаўся ціха пасля майго выступлення:
- А пра той цвік ва ўспамінах вы скажаце?
Мы ціха засмяяліся... не, толькі ўсміхнуліся, нібы з яго дазволу, ледзь не з ім разам, з нашым Уладзікам. Бо прыгадалі такое.
Нястомны падарожнік, замілаваны знаўца роднай даўніны, ён умеў акружаць сябе, сваё месца на свеце, свой дом і стол і кніжныя паліцы ўсім тым, што люба, што заўсёды гаворыць пра запаветнае, галоўнае.
Гадоў некалькі мы жылі па-суседску, за сцяной майго рабочага пакоя была яго сталовая, хутчэй гасцінная, густоўна і шчодра запоўненая рознай, дробнай і буйнейшай, даўніной. Разьба, карціны, чаканка, ліццё, шкатулкі, альбомы.
І вось аднойчы за сцяной у мяне пачуўся спачатку нібы асцярожны, але ўсё больш ды больш настойлівы стук малатка. У тым месцы, дзе гэты стук цэнтраваўся, на сцяне маёй пачаў прыкметна ўздрыгваць, напухаць, трэскацца пафарбаваны тынк. Кавалачак яго вось-вось мерыўся адваліцца. А потым, ад стуку таго, не вельмі ахвотна, а ўсё ж палез, пачаў вытыркацца даволі вялікі цвік!..
Першае, што я зрабіў, гэта гукнуў туды: «Эй, вы!» і на дадатак грукнуў у сцяну кулаком. Тады пайшоў да суседа. Маё «эй, вы!» сказалася як быццам у прадчуванні, што гаспадар там не адзін. І сапраўды - удвух, з Мальдзісам. Сабраліся прыладзіць на сцяне драўлянага, у блекла-светлых фарбах старадаўняга, касцельнага або каплічнага анёла. Для гэтага спачатку трэба было ўбіць цвік, прытым адпаведна надзейны.
Нічога не кажучы, я запрасіў майстроў да сябе. Перад маёй салатавай сцяной яны застылі ў недаўменні. Пасля даўгаватай мінорнай паўзы наш паважаны Адась Іосіфавіч, - і сапраўды паважаны за сваю плённую працу ў родным літаратуразнаўстве, за свае чалавечыя, таварыскія якасці, - здзіўленне выказаў першы. Даволі сімпатычна ды салідна прышапетваючы, са сваім, усюды абавязковым «перш-наперш», ён спытаўся глыбакадумна, з багатым вопытам архіўнага даследніка:
- Чаму ж ён, перш-наперш, лезе адтуль не вастрыём, а капялюшыкам?
Зрэшты, адразу прызнаюся: гэтага ён, здаецца, не сказаў, - гэта я ўбачыў у яго нязвычна разгубленым позірку, і потым, расказваючы пра здарэнне, так той позірк «агучыў».
Яшчэ больш разгублены быў паважаны Ладысь Сямёнавіч. Ну, зусім-зусім як малы, з поўнай дзіцячай верай у казачна-фантастычнае. Той Валодзя, які як часам здавалася, ведаў усё на свеце, паэт, празаік, драматург, публіцыст з трыма вышэйшымі асветамі, з зайздроснай памяццю і фантазіяй, з начытанасцю ўсебаковай і грунтоўнай.
І мне прыйшлося прызнацца, каб потым ужо ўтрох зарагатаць.
Гадоў некалькі перад гэтым, рыхтуючы кватэру да рамонту, я выдзіраў у сваім пакоі цвікі з-пад карцін, каб потым, на свежых сценах, павесіць іх інакш. Ёсць жа і ў гэтым нейкае задавальненне. Найбольшы цвік, які трымаў пейзаж у масіўнай раме, цягнуць я пабаяўся, каб не выдраць і глыбу тынку (а то і проста філасофія ляноты), і забіў яго на ўсю глыбіню. А потым ён гладка знік пад новай афарбоўкай. І трэба ж так - той цвік, што забіваўся пад анёла, трапіў якраз у мой падпольны, канец у канец, і мой палез - сусветна-гістарычна - капялюшыкам наперад.
4
З дому зноў хочацца ў дарогу - пішучы гэта цяпер. Там мы, хоць і суседзі, а былі, здавалася, бліжэй адзін да аднаго.
У семдзесят першым, зноў на маёй Міршчыне, мы неяк вырагаталі ў машыне і на сцежках яшчэ адзін намер: на гэты раз ужо не ўтрох, а ўдвух заіграць на адной літаратурнай скрыпцы. Я расказваў Валодзю сёе-тое з таго, што бывала, па-мясцоваму кажучы, «за польскім часам», і адно нам здалося прыдатным для сумеснай рэалізацыі.
Пры доме, дзе ў нашым мястэчку размяшчалася гміна (раней, па-расейску, воласць, а сёння, не раўнуючы, сельсавет), была адрынка, у якой стаяў конь і стаяла брычка, для пана-войтавага выезду, быў дрывотнік і яшчэ адно памяшканне, назваць якое так, як яно ў вёсках называлася, мне няёмка. Па-польску гаварылася «пака», па-расейску гэта «каталажка», а па-нашаму, па-вясковаму значна прасцей, такім адкрытым словам, да якога лёгка ладзіцца рыфма «свісцёлка», «гудзёлка», і, пашукаўшы, гэтак далей.
У гэтым, не надта раскошным закутку працоўная вёска адседжвала розныя штрафы, якіх тады было багата. З падаткам апазніўся, дзіця ў школу не ходзіць, плот не пабяліў - плаці або адседжвай. Што ж, гэта танней, чым плаціць, тым больш, калі няма чым, ды тады, калі з часам вальней, у познюю восень або зімой. Хлеба ў торбу і туды «да пакі», а па-свойму - у тую, таксама ж на літару «п...». Дроў пры гміне нямала, але парэзаць іх, пакалоць, скласці гуртам можна гуляючы. Двор падмесці - зусім не работа. А тады зноў ляжы, нават удзень, расказвай ці слухай, куры, калі курыш і ёсць што курыць, рэжся ў «дурня» або займайся «гукаспаборніцтвам», ад якога, дарэчы, і пайшла назва той сядзёлкі (яшчэ адна рыфма). Колькі там было перагаворана, перасмяяна! Як святамі, заслужана адпачываючы, сярод сваіх, свабодных ды ахвочых пасмяяцца. Я - можна сказаць, на жаль, - там ні разу не быў, іншыя расказвалі, у тым ліку старэйшы брат, што заахвоціўся «лепш не плаціць», і праз пяць дзён прыйшоў няголены і вясёлы.
Вось мы з Валодзем і задумалі ні больш ні менш, а цыкл пад назвай «Апавяданні з гміннай... гм, гм...». І не напісалі яго, як вядома, зноў разышоўшыся па сваіх, няхай сабе і зусім суседскіх, пакоях. Дарма, што ў дарозе мы столькі смяяліся на тую тэму, што ён неўзабаве напісаў мне на расейскім выданні «Чазеніі»: «...ад смяшлівага, як дзіця, - смяшліваму, як падлетак, ад гыгалы - гэгэкалу...» З улікам узросту і адпаведнай пашанай.
Сёлета напрадвесні, калі мы, камісія па Валодзевай літаратурнай спадчыне, разбіралі яго архіў, больш за сотню папак, на адной з іх я ўбачыў надпіс «Рассказы из каталажки», з падзагалоўкам «сценарий». Яшчэ адна яго, бясспрэчна ж таленавітая, аднак і беспаспяховая спроба дабрацца да розуму і сэрца нашай кінастудыі. Разбор архіва быў папярэдні, мне яшчэ трэба будзе, хочацца заглянуць у тую папку, як толькі прыйдзе нагода. А тады адразу падумалася пра той наш намер, які з майго боку ў пэўнай меры здзейснены «Ніжнімі Байдунамі».
Добра гэта, прыемна, але і трывожна - даваць таварышу сваё новае, свежанькі рукапіс. Калі я на працягу апошняга года перачытваў усё Валодзева ў кнігах, мне часта, здалёк усміхаліся, цёпла і сумнавата, тыя старонкі, перш за ўсё напісаныя ад рукі, чорна, дробна і акуратна запоўненыя яго працавітым почыркам, старонкі многія і заўсёды жывыя, якія ён прысылаў са сваёй настаўніцкай далечы, спачатку з кіеўскага сяла Лесавічы, потым з Воршы, а затым і з далечы стольнай, маскоўскай, з вышэйшых курсаў літаратурных і кінасцэнарных. Калі ж ён стаў менчуком, разам з рукапісамі пайшлі і машынапісы, што ўжо прыносіў сам. Старонкі паасобныя і папкі рознай таўшчыні ды кілаграмнасці. Хоць бы тыя самыя «Каласы...» - некалькі папак адразу. Мы ажно ўспомнілі словы бацькі-Багушэвіча: «Будзе і ў беларусаў ксёнжачка!..» Не раз і радаваліся ўступна, і віншаваліся потым, бо ён жа маё таксама чытаў, і спрачаліся, часам і рэзка, зноў разумнелі - усе дзеля галоўнага.
А з «Байдунамі» было так. Я даў яму рукапіс аднаму з самых першых. Іншыя прачыталі, пагаварылі са мной, а ён так доўга не аддаваў, што я пачаў і непакоіцца, падазраваць, нават нібы злавацца. Але не званіў, не заходзіў, асцерагаўся сустрэцца. Цярплівасць даволі прыкрая... Ды вось ён - нарэшце! - прыходзіць.
- Стары, - пачынае, не сеўшы, як вінавата стоячы сярод пакоя з папкай, - чатыры разы ўзапар чытаў...
Апраўдваецца ён з размашыстым сяброўскім пераборам, і мне крыху няёмка, і смешнавата, аднак я пачынаю спакваля і рассалоджвацца ад пахвалы, стараюся нібы абараняцца ад яе, ці то стрымана, ці то і збянтэжана мармычу: