Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 4

Гадоў праз дваццаць, а то і больш, на адной з менш вясёлых сустрэч, я спытаўся ў яго, ці памятае ён таго ўкраінскага вясковага настаўніка, пачынаючага беларускага паэта, неацяжаранага, імклівага ў юначай захопленай чысціні, - ці добра памятае сябе з тых дзён, калі прыйшоў да ўражанага чытача першай кніжкай паэзіі, а неўзабаве і прозы, калі пісаў сябрам, і маладым, і старэйшым, поўныя і перапоўненыя гумарам, розумам, аптымізмам пісьмы, калі бываў у іх сем'ях жаданым, у кожны дзень святочным госцем?.. Не зазлаваў Валодзя ад гэтага няментарскага пытання, толькі пасумнеў ледзь не да слёз у вялікіх вачах, пачаў, як і ўсе мы, раздражнёна шукаць прычын перш за ўсё толькі звонку. Хоць і было тых вонкавых, «аб'ектыўных» прычын вельмі нямала, як на аднаго, няхай сабе і дужага.

Няўжо так было заўсёды і так заўсёды будзе, што некаторым з найбольш таленавітых трэба прабівацца да чытача з незвычайнымі цяжкасцямі ды перашкодамі, як потым акажацца - лішнімі і шкоднымі не толькі для носьбіта таго жывога агню, але і для сапраўднай літаратуры? Потым акажацца... А тое потым прыходзіць не толькі позна, але ж і запозна. І вінаватых як быццам няма...

Кнігу «Нельга забыць» вышэй я назваў шматпакутнай. Паміж яе часопіснай публікацыяй і першым асобным выданнем прайшло больш за дваццаць гадоў. Перачытваеш цяпер і дзіву даешся, чаго, за што, навошта чапляліся да кнігі адкрытыя ды закрытыя выдавецкія рэцэнзенты, куды глядзела само выдавецтва, чаму не больш настойліва змагалася за правы таленту пісьменніцкая грамадскасць? Раман «Каласы пад сярпом тваім», у якім з дыстанцыі, пры перачытванні, яшчэ больш удзячна бачыцца ва ўсёй гістарычнай грунтоўнай эпічнасці яшчэ і чыстата, шчырасць захаплення, мудрасць высокай чалавечнасці, - раман гэты трэба было прабіваць згуртаванымі сіламі літаратараў і навукоўцаў. З няменшым націскам прабіванне ішло і ў Маскве, дзе ў адным шаноўным выдавецтве мне давялося пачуць, што Караткевіч, - аўтар двухтомных «Каласоў...», «Дзікага палявання караля Стаха», яшчэ некалькі ёмкіх аповесцей, многіх яркіх апавяданняў, вершаў, нарысаў, п'ес, - што Караткевіч, бачыце, «не дарос да асобнай кнігі»!.. Такога могуць дамагчыся крыкуны ды шаптуны, зайздроснікі ды «знаўцы»!.. Крыху пазней паэтычная аповесць, а то і паэма ў прозе - «Чазенія», першая Валодзева кніга прозы ў перакладзе на расейскую мову, пабіла ўсе шматгадовыя рэкорды па колькасці чытацкіх пісьмаў у выдавецтва «Молодая гвардия» і, дзякуючы гэтаму выданню на мове нашых братніх кантактаў, неўзабаве сіганула за Пірэнеі, да чытача іспанскага.

Тут дарэчы будзе згадаць, як добра, хутчэй, чым у іншых краінах, Караткевіч быў зразуметы, прыняты ў залатой, скарынаўскай Празе. Мне жыва помніцца гордае адчуванне сяброўскай, зямляцкай радасці, нябрыдкай зайздрасці, з якімі я прыняў з рук дырэктара выдавецтва «Svoboda» важкую, багата ілюстраваную таміну рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Раман гэты, як і «Дзікае паляванне...» і «Нельга забыць» (раней чым дома!) выйшлі ў Чэхіі ў дабротным, як ацэньваюць знаўцы, перакладзе - з арыгінала - нашага добрага і нястомнага друга Вацлава Жыдліцкага.

Цяжкасці, перашкоды... Усё такое ды падобнае трэба было пераносіць чуламу сэрцу, вострай сумленнасці, абражанай годнасці чалавека і мастака. Аднаму, у горкай самоце, з роднымі і сябрамі, дзе былі і мудрая падтрымка, і бездапаможнае спачуванне, і шкоднае перазахвальванне з застольных вуснаў спачувальнікаў не вельмі шчырых або проста і недалёкіх, а гэта ж і для моцнай, мэтанакіраванай натуры можа стаць згубным...

Валодзя быў моцны не толькі духам. Я бачыў, як ён нястомна плаваў у сваім рагачоўскім Дняпры, у Чорным моры пры васьмі-сямі градусах, мы з ім нямала пахадзілі па сцежках горных і нізінных. Рыбак, і летам, і зімой, надрэчны вогнепаклоннік; і ў мора хадзіў з рыбакамі як свой чалавек. Зацікаўлены, цягавіты, вясёлы ў сваёй дужасці - такі ён быў і, здавалася, будзе заўсёды...

А потым малады знаёмы медык ціха расказваў мне пра апошнія дні і гадзіны свайго пацыента, цану якому ведаў і ён. У Валодзі не было ўжо ні ціску, ні пульсу, а ён яшчэ ўсё гаварыў з дзяжурным доктарам. І гэта яшчэ раз сведчыць, наколькі дух нашай добрай надзеі заставаўся мацнейшым за цела, так заўчасна зняможанае, загубленае навалай неабавязковай немачы.

Цяжка пра гэта гаварыць...

3

І я не мог. Два месяцы не мог пісаць далей пачатае. А вось перачытаў яго і захацелася сказаць:

Смейся, мой слаўны, і спявай, як мы смяяліся і спявалі, асабліва ў дарозе!

Трохі свайго я ўжо расцерушыў у надрукаваным (з апошняга - «Адкрытка» ў кнізе «Сёння і памяць»), мала сказаўшы пра Валодзеву шчырую, натуральную паэтычнасць, прастату і складанасць, дзіцячую схільнасць да смеху, часамі крыўдлівасць, таксама ледзь не дзіцячую, лёгкую ранімасць, што ніколі не затойвалася ў недастойнай помслівасці, пра яго юначы рамантызм і сталае высакародства, што пераходзіла сяды-тады ў крыху пацешнае рыцарства, як быццам ён пазычаў яго ў сваіх гістарычных герояў.

Пра некаторыя з нашых падарожжаў ён пісаў. З ім нялёгка спаборнічаць - столькі зоркага вока, вернай рукі, безагляднай свабоды і добрага сэрца ў яго то, здаецца, зашчодрых, то заскупых, аднак заўсёды яркіх, дакладных штрыхах.

У дарозе мы маладзеем, часамі нават дзяцінеем, ці што. Ад адчування свабоды, палёту ў новае, якога ў нас наперадзе - так верыцца - вельмі многа.

Стары, маўклівы шафёр, чалавек практычна-хітраваты, і Валодзева мама, таксама старая, інтэлігентная жанчына, маглі аднойчы, майскай ранняй раніцай, кожны па-свойму здзіўляцца, недаўмяваць, што гэта вычвараюць тры дарослыя пісьменнікі, едучы з Менска на многа дзён з намерам рабіць у гэтай самакамандзіроўцы штосьці сур'ёзнае?..

А быў такі намер, была такая задума. Утрох - Караткевіч, Барадулін і я - мы вырашылі наведаць разам родныя мясціны кожнага з нас, пабыць там столькі, каб потым можна было разам напісаць пра гэта. Разам... А можа, і не варта шкадаваць, што мы не напісалі тое ўтрох? Відаць, і не змаглі б як след. Чэхаў казаў пра сааўтарства, што нельга ўдвух іграць на адной скрыпцы, а тут жа нават утрох. Потым Валодзя збольшага напісаў, а мы з Рыгорам не. Аднак яно бясследна не прайшло для нас, для творчай памяці - тое цудоўнае падарожжа ў два прыёмы: на іх радзіме вясной 1965-га, на маёй - праз год.

А для пачатку мы ў машыне, сонечнай раніцай, на лёгкапахадной дарозе, спявалі, балбаталі і смяяліся. Былі і песні-імправізацыі. Скажам, на паскакушна-хлёсткую мелодыю «бульбы», якую, як вядома, вараць, параць і таўкуць, складалася песня, новая, з жывымі героямі ды пацешнымі сітуацыямі, якая ў запісе, калі б я цяпер зрабіў яго, не гучала б так весела ды бяскрыўдна для некаторых сяброў і таварышаў рознага ўзросту і рангу, як бяскрыўдна, дасціпна гучала яна тады. Радасць палёту ў родную, новую красу, да новых людзей шукала выхаду, знаходзіла яго ў блазенскім рыфмаплёцтве, то разам, то на змену, ад кожнага па кветцы ды калючцы.

Весела ды цікава бывала і ў іншым складзе, у розны час. Утрох у машыне, з двума Ўладзімірамі, Караткевічам і Калеснікам (за рулём) - па маляўнічых прасторах заходняй Гарадзеншчыны; да гэтых трох дадаўшы Міколу Аўрамчыка - Пружанскі, Камянецкі раёны, маці-Белавежа; з Фёдарам Янкоўскім - у яго Клетным каля Глуска, у легендарнай Рудабелцы...

Дарогі, дарогі!.. І па зямлі, што «пад белымі крыламі», і па ўсёй нашай раздольнай неабсяжнасці.

Між іншым светла помніцца Магнітагорск, калі мы былі зноў на некалькі год старэйшымі, аднак і зноў шчасліва, радасна гатовымі амалоджвацца падарожжам, свежасцю песні і смеху. Ад велізарнай ямы, што зеўрае на месцы гары Магнітнай (гара пайшла ў асноўным на танкі і снарады Вялікай Айчыннай), ад палымяна-грымучых цэхаў славутага камбіната, ад цікавых, адказных сустрэч са сталяварамі, бібліятэкарамі, школьнай моладдзю, ад менш ды больш дымных, копатных кварталаў абапал ракі Ўрал, граніцы Эўропы і Азіі, гасцінныя гаспадары на выхадныя дні вывозілі нас у свае дамы адпачынку. Над Банным возерам, назва якога, па легендзе, паходзіць ад «банно-прачечного» прывала, які тут дазволіў свайму войску Пугачоў. У башкірскіх гарах, у тым Абзакаве, дзе было так беласнежна, белабярозава і сонечна, што маладзейшыя ды смялейшыя з нашай групы, - а першы, вядома, Караткевіч, - да пояса голыя загаралі... у сакавіку. Дзесяць пісьменнікаў, што дзесяць дзён знаёмілі магнітагорцаў з беларускай літаратурай, мы там былі, вядома, не адны, з гаспадарамі і гаспадынямі. І зноў жа - столькі смеху было, столькі песень! І нават сярод маладых ды маладзейшых за яго самым вясёлым, непасрэдным бачыўся, чуўся ён, Валодзя...