Страница 4 из 4
- Ну і як?
Ён хваліць. Кажа, праўда, што «ніякая гэта не аповесць», але такое мне, між іншым, абыякава: што тут за жанр. Я чакаю ацэнкі, больш цвярозай і канкрэтнай, па галоўнай сутнасці, а ён, мне здаецца, не заўважае гэтага. Кажа:
- І маме прачытаў.
Зноў маё «ну, і як?». І яго - нечаканае:
- Іржала, стары, і качалася па падлозе.
Неадпаведнасць яўная! Салідная, па-старэчы прыгожая, хоць і нямоглая ўжо, з даўнім ухілам інтэлігентная, прыязна і разумна ўсмешлівая Надзея Васільеўна - і такое «іржала», «качалася»... Трэба сказаць пра гэта, да часу стрымліваючы ўсмешку, даць дакор маладзейшаму, аднак цікавасць перамагае.
- А грубасць яе не шакіравала?
Зноў нечаканае, з так добра і даўно знаёмым пафасам:
- Што ты, стары! Мы, арыстакраты, гэта любім!
Ах, Валодзя, Уладзік, Ладысь, - як гэта ўсё па-твойму звычайна, пацешна, міла! І тады было, і сёння - яшчэ больш...
5
Былі прыходы і іншыя.
Аднойчы ён да мяне пазваніўся, не тэлефонна, а ў дзверы, так позна, што можна было і ўстрывожыцца. Я адчыніў. Ціхутка, з калідора, цераз сталовую ў мой пакой. Зачыніліся.
- Што? - шапнуў я.
У руцэ яго была кніга. Палец закладзены паміж патрэбнымі старонкамі.
- Стары, паслухай.
Гэта быў том Талстога. «Хаджы-Мурат», кароценькі раздзел пра разбурэнне царскімі карнікамі чэркескага аула.
Чытаючы, і не вельмі прыцішана, Валодзя стрымліваўся ад усхліпаў, перапыняўся. Закончыў і, гледзячы на мяне вялікімі, поўнымі па-дзіцячы краплістых слёз вачыма, сказаў, як выдыхнуў:
- Стары, колькі ўсяго можна ім дараваць за такую праўдзівасць?!.
Ён праўдзівы і сам. Верыў у тое, што гаварыў. І ў жыцці быў праўдзівы, і ў творах застаўся. У творах - наколькі ўдалося...
Мы, хто блізка ведаў Валодзю, кожны патроху, кожны па-свойму раскажам пра яго, успамінаючы.
Рэшту скажа ён сам, сваімі кнігамі. З усёй сваёй раскошнай раскаванасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях. Сплочванне нашых даўгоў перад роднай, так часта трагічнай гісторыяй, перад сапраўднай Літаратурай.
Беларусь даўно чакала такога пісьменніка.
І радасна, што ён прыйшоў.
І горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра.
1985