Страница 8 из 61
Калі аўтобус, натужна гудучы ды крэхчучы, паволі пяўся на нашу гару, мы проста беглі за ім, не спадзеючыся, што ён нас возьме, падвязе. Вераснёвая раніца, у якую стаўся цуд, пачалася сонечна, i дзверы таго крахтуна былі адчыненыя. Усярэдзіне — людзі, паны, якіх ён вёз, а злева каля дзвярэй дзядок. У паліце, пад кепачкай, глядзеў, як мы весела трухаем, а пасля... Гэта нават i падкрэсліць хочацца: пасля ён узяў сваю кульбу за канец i дужку выставіў нам!.. Не прыпомню, хто з нас ухапіўся першы, хто другі, хто апошні. Мы ўсе паспелі, адно за адным, пакарыстацца кульбай, дзвюма прыступкамі, i вось — Бог ты наш добры! — ужо сядзім на падлозе самахода, а ён нарэшце адкрахтаўся, узабраўся на гару, лягчэй пайшоў па роўным, а потым i пакаціўся зверху ў даліну.
Не памятаю, вядома, што гаварылі паны i пані ў аўтобусе. Але i сёння бачыцца, што той дзядок зноў апіраецца на кульбіну дужку i ўсё маўчыць, нават нібы ўсміхаецца. I нам ён, я мяркую па сабе, бачыўся таксама пасажырам, хоць слова гэтае, не ўпэўнены, што ўсе мы ведалі. Прасцей было думаць, што i ён таксама едзе, як i ўсе.
Цуд паўтарыўся некалькі разоў. Не памятаю, ці ўзапар, ці з паўзамі на непагадзь, калі дзверы над дзвюма прыступкамі былі зачынены. У адчыненых дзядок сядзеў на тым самым месцы, таксама з далоньмі на дужцы, таксама выстаўляў сваю кульбу, а потым маўчаў i ўсміхаўся зрэдку ў сівыя вусы над сівой бародкай. I мы ўжо думалі, i гаварылі, ідучы, паміж сабой, што ён або грошы бярэ з усіх за праезд, або i самаход — ягоны.
За апошнім разам ca мною здарылася бяда.
Так жа ёмка сядзеў, ускочыўшы пасля ўсіх, i ногі мае на прыступцы, адной рукой трымаюся за вушачок дзвярэй, другая рука свабодная, сумка вісіць на тым плячы. Гляджу сабе, як гасцінец пад намі ўцякае назад. А пасля... Пасля мая сумка з кніжкамі ды сшыткамі ціха шуснула ўніз, на дарогу!.. Я, не паспеўшы нічога іншага падумаць, сігануў за ёю. Аўтобус тым часам ужо скаціўся з гары i ветрам імчаўся па цвёрдай жвіраванай роўнядзі. А я ж ніколі не скакаў на хаду. Што грукнуўся аб цвёрдае, дык гэта, можа, i не адчуў так страшна, а жорстка перакуліцца ў калючым пыле давялося некалькі разоў.
A ўсё ж мне бачыцца... калі не помніцца, дык чамусьці дагэтуль, праз процьму перажытага, бачыцца, што дзядок наш — смяяўся. Нават i рукі прыўзняў, адна з кульбай, другая так сабе. I смяяўся, я думаў, разам з усімі, хто бачыў маю ганьбу...
Было балюча i крыўдна. Я ўстаў, трохі асцепаўся, даклыпаў да сумкі, падняў, тады вярнуўся да шапкі, абабіў яе аб калена, надзеў на стрыжаную галаву i падаўся ў недалёкае мястэчка. Не плачучы.
...Колькі разоў за два апошнія гады аўтобус той не-не ды зноў загудзе, закрэхча ў маёй старэчай дальназоркай памяці. I ва ўспаміне гэтым бачу, адчуваю — як галоўнае — не тую крыўду i злосць за сваё кулянне падбітым зайцам услед за сумкай, не той, можа, i ўяўны смех, а перш за ўсё — працягнутую дужкай кульбу, а тады маўчанне дзядка, яго таямнічую, дабрадушную ўсмешку...
ПЯСТОТА
На тры гады раней, зімою, здарылася такое, што наша маці паехала ў госці адна, а мяне не ўзяла, колькі я ні малёкаў.
Госці былі далека, за семнаццаць вёрст, да Ганны, маёй найстарэйшай сястры, i не так сабе, а на хрэсьбіны — у нас гаварылася: на радзіны — мамінай унучкі, маёй пляменніцы.
Толькі вароты нашы зачыніліся, а я яшчэ не зусім адрумзаўся, калі з мяне пачалі пакепліваць браты. Няхай сабе той, што старэйшы на тры гады, а то ж i той яшчэ, што на сем, вялікі!.. Яны смяяліся: «А не ўзяла, не ўзяла!», я агрызаўся: «А я паеду, паеду!», i дайшло да таго, што я зноў надзеў зношана-сіні, з чорным каракулевым каўняром гарадскі палітончык, які па праве даношвання пасля старэйшых быў маім, i выбег на двор. З двара — на вуліцу. Ніхто мяне не даганяў, бо ніхто не падумаў, што я гэта напраўду, i я пачаў даганяць сваю маму.
Наша хата ў ніжэйшым канцы вёскі, i мне спачатку трэба было бегчы па вуліцы ўгару. Я спадзяваўся, што за першым узгоркам, дзе жыла Віліта, другая з нашых замужніх сясцёр, мама спыніцца, бо i яны, Віліціны, таксама ж паедуць на радзіны. Але саней, i нашых, i іхніх, на вуліцы ўжо не было. I я далей варухнуўся подбегам, яшчэ не крычучы.
Крычаць пачаў за вёскай, на самай гары, калі здалёк убачыў, як абодва «вазкі», святочныя сані, следам за чорнай i сівой кабыламі, пабеглі з гары ў далінку, каб потым зноў на ўзгорак... Я бег, крычаў адно толькі слова, мой палітончык быў не зашпілены, адліжны снег паміж каляінамі рассоўваўся на бакі, боты чапляліся адзін за адзін, a ўсё ж я ні разу не паваліўся!.. Пратрухаўшы рыссю з узгорка на роўнае, коні пайшлі ступой. I я закрычаў часцей і, мне здавалася, мацней. А яны ўсё не чулі — нават i мама, хоць ехала ззаду, хоць гэта ж i яна!.. Потым коні зноў пайшлі бегма. I я ўсё бег. Да мястэчка было ўсё бліжэй ды бліжэй. А зацятасць мая яшчэ ўсё мяне падганяла, яшчэ ўсё не думаў: а што, а як жа далей?..
Я ўжо бываў у Ганны, ведаў, што вельмі далека, але цяпер пра гэта як быццам не памятаў.
Коні i сані ўбеглі ў нашу, ад нашага боку, вуліцу мястэчка i пайшлі памалу. Яны былі далека, аднак надзея мая зноў пачала крычаць, як i раней, вядома, з прыплачам. Вуліца здалёку ўздымалася ўгару, пасля быў паварот управа. I нашы туды схаваліся. А я ўсё бег, неўзабаве — сярод першых двароў. Кагосьці бачыў я, хтосьці мяне, i гэта было незвычайна — як я то клыпаю, то зноў бягу, тут ужо гукаючы зрэдку...
I радасць — нарэшце — прыйшла!..
За адным, пасля за другім паваротам вуліцы распасцерлася рыначная плошча. I там нашы коні i сані стаялі, спыніўшыся каля крамы. Потым на ганак выйшлі мама, Віліта, Юстын. А я падбягаў да ix ужо з усмешкай. Мокры, незашпілены.
Вусаты панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:
— Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..
Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.
А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:
«Скулу табе, таўлўй! Каб я сваё дзіця...»
Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.
Спачатку мы дваімі санямі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушок. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставит i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра — i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..
Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ не старая, пяцьдзесят другі, i модная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Года яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...
Тут я спыняюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер,— слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы.
Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...
Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая, на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказачь.
Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога — гэта важней за ўсё!
ДАМАЎНІК
На тры гады старэйшы брат Міхась пасвіў каровы, а я то выганяў свіней на бліжэйшую пашу, то больш дамаўнічыў. У такога дамаўніка былі i абавязкі i, вядома ж, выбрыкі. Абавязкі — ну, перш за ўсё хаты, двара, саду i агарода пільнавацца, бурачання свінням нарваць-накрышыць, укапаць пад вечар бульбы, сустрэць авечак, вылучыць ix з агульнай чарады. А з усіх выбрыкаў мне вось успомніўся той цудоўны напітак, які мы з госцем-сябруком рабілі.