Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 136

Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была і спраўная, і працавітая, ды гэта ўсё — не тое. І жыць, і працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком і старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў… Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.

Мікола здаваўся іншым за бацьку толькі раней, да вяселля. Тут, на хутары, калі яна пераступіла з ім парог гэтай чортавай ямы, — Хамёнак застаўся Хамёнкам.

Свёкар Данька… Тры разы за ўвесь час ён быў ласкавы да Галі, гэты чалавек.

У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах і з чыгуном паставіла на стале. Данька зняў свой каўпак, прыгроб рукамі валасы, перахрысціўся і сеў за стол.

— Масла мо трохі растапі, — сказаў ён жонцы. Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь. Пайшла ў камору і вярнулася з лыжкаю масла. Яго аказалася мала на ўсю скавародку. Вяртацца зноў у камору, зноў лезці ў слоік — гэта было ўжо звыш сіл і прызвычаення. І старая схітрыла перад новым сямейнікам: павярнулася да стала спіной і плюхнула ў масла тры лыжкі гарачай вады. Усе заўважылі гэта, і кожны па-свойму маўчаў. Галя здзівілася, Міколу стала нават няёмка, а старому было прыемна ўдвая — і за хітрасць сваёй гаспадыні, і за тое, што гэтай хітрасці ніхто, як відаць, не заўважыў…

Чорнымі кіпцюрамі даўно нямытых рук ён абіраў сваю бульбіну і, прыплюшчыўшы вочы, маўчаў. Пасля пачаў абмачаць яе ў «масла». Штораз адкусіць бульбіну, то больш усё лезе са шчопцямі ў жыжку.

— Еш, нявестачка, еш, — гаварыў ён. — Дома ж у вас не было. У галечы расла. Абмачай.

Другая ласка прыйшла праз паўгода, у летнюю ноч. Міколы не было нешта дома, старая крахтала на печы, а стары яшчэ соваўся па двары. Пасля ён падзюбаў тымі самымі бруднымі шчопцямі ў шыбу і зусім нечакана паклікаў нявестку па імені:

— Галя!

Яна ажно ўздрыганулася.

— Ідзі сюды, Галя!

Здзівілася. Выйшла. «Чаго яму трэба?..» Данька патупаў па сцежцы туды, дзе ад поля — вішняк. Спыніўся. Яна падышла і спынілася воддаль.

— Ночка якая, га? — сказаў стары. — Канюшына як пахне Сымонава, ліха яго галаве!.. Столькі коп!.. Пайдзі ты, Галя, другую дзяружку вазьмі. Пойдзем, яшчэ разочак прынясём. Зімой лішні ахапак як знойдзеш.

Галя ўбачыла пад пахай у яго скамечаную дзяругу.

— Я ніколі не крала, — сказала яна. — Трэба вам, мала свайго, дык ідзіце.

Павярнулася і пайшла. Не чула нават, што ён там бурчаў. Вядома — што. Ён нездарма скідае свой каўпак, толькі хрысцячыся перад іконай, а разувае лапці раз на тыдзень, у суботу. Ён нездарма зрабіў вялікае гумно.

Трэцяя ласка прыйшла тады, калі яна нарадзіла Антося і, пасля цяжкіх родаў, ляжала цэлы тыдзень у ложку.

— Курыцу трэба зарэзаць, — на трэці дзень аб'явіла свякроў.

Гэтая думка, народжаная ў пакутах, не вельмі ўзрушыла Даньку. Не памагала і тое, што сын — дагэтуль такі паслухмяны, разумны — таксама настойваў на тым, што курыцу ўсё ж такі трэба зарэзаць. Была і курыца такая, не нясушчая, — хадзіла толькі ды сакатала чортведама чаго каля акон, нібы сама прасілася пад нож. Жонка і сын не адставалі. Нявестка, немач на яе, ляжыць, а бульба ўся яшчэ не капана… Стары паклікаў курыцу ў сені, зачыніўся, злавіў яе ў кутку і ўзяў сякеру. Прысуд быў выкананы на парозе. Тады Данька ўнёс яе ў хату, кінуў на падлогу і сказаў:

— Бярыце. Ешце.

Гэта было шаснаццатага верасня — апошні дзень панскай улады.

Паны ўцяклі, а Хамёнак застаўся. Данька не доўга патрываў. Не спаў, не разуваўся ўсю зіму, нават хрысціцца пачаў у сваім каўпаку. «Канец… Канец свету…» — крахтаў ён, лежачы на печы. Напрадвесні старога нарэшце памылі і вынеслі з хаты ўперад нагамі. Назаўтра Мікола ўзяў яго каўпак, шпурнуў з сяней на гарышча і стаў гаспадарыць сам.

Праз год памерла свякроў.

…Трактар гудзе. Поўны месяц высока стаіць над палямі. Адзін будзе гудзець усю ноч, другі — свяціць трактарысту да сонца.

Чарнявая Сонечка цёпла дыхае носікам маме ў плячо. Даўно заснула, успомніла слова, якім назвалі на пашы яе амаль невядомага бацьку. Няхай пакуль што спіць, няхай не ведае больш…

Галя ўстала. Хацела выйсці ў кухню, напіцца, але раздумала і падышла да акна. Не адчыняецца яно, і фортачкі няма. А ўсё ж тут лепш чуваць, як за прасторам калгаснай пшаніцы, за лёнам духмяным бяссонна, нястомна працуе трактар.

— Сярожа, — шэпчуць сухія, гарачыя Галіны вусны, — Сярожа, можа, зайшоў бы? Ну, хоць напіцца… Ды не, ён не зойдзе.

Ён заходзіў у гэтую хату адзін толькі раз. Гэта было напрадвесні сорак чацвёртага года. Нешта апоўначы Хамёнкавых разбудзіў стук у акно. Ясна — хто гэта: адны былі ў той час гаспадары начэй. Адчыняць і цяпер пайшла Галя. Сам гаспадар у такіх выпадках не ўставаў з пасцелі.





Следам за Галяй увайшло толькі двух, рэшта стаяла з коньмі на двары. Галя пабольшыла кнот у газніцы, а сама пайшла ў куток. Яе справа закончана, гаспадар будзе гаварыць сам.

— Добры вечар! Што, хворы? — спытаўся адзін з партызан.

— Ды так, таварышы, няхай яго немач…

— Сэрца?

— Не, яно, каб сказаць…

— Язва?

— У мяне, таварышы…

— Што ж, душа па радзіме баліць? Ляжы, ляжы. Я ведаю — ты спраўкі хочаш паказаць.

Партызан уключыў электрычны ліхтарык, і гаспадар заморгаў у святле.

— Усё нармальна, — сказаў партызан. — Хвароба працякае правільна. Барада запушчана, боты схаваны, самагоначка ёсць…

Мікола зразумеў гэта па-свойму.

— Ды недзе кропля ёсць, таварышы. Добра, што вы напомнілі.

— Ляжы, ляжы, Хамёнак, не ўставай. Няхай пастаіць самагонка твая. Заўтра заедуць бобікі. А можа, з імі і сам пан фельдфебель. А нам твае танцы ды спевы не трэба. Вахлак.

— Вось вы не верыце, таварышы…

— Ды што нам верыць — мы бачым, — перабіў яго партызан. — Бачым цябе наскрозь. У нас, брат, дакладна запісана ўся гісторыя тваёй хваробы, — і барадатай, і безбародай. Ты ўсюды ўсё адбываеш сваёй самагонкай. Народ абліваецца кроўю, а ты… Віляеш, як сука, і нашым, і вашым. Ды што нам з табой гаварыць. Дзе Каштанка? Пад'ём!

Хамёнак усё яшчэ цяжка, не збаўляючы выгляду хворага чалавека, узняўся і сеў на ложку.

— Галя, дай мне валёнкі.

Яна не хацела выходзіць з кутка. Хацелася нават шпурнуць іх, гэтыя знарок ірваныя валёнкі, у гэтую рыжую, знарок запушчаную бараду. Хацелася проста заплакаць ад крыўды і сораму… Аднак яна ўзяла з печы валёнкі і панесла іх перад сабой, каб хоць гэтак, хоць трошкі даўжэй не паказваць людзям, ад каго яна зноў зацяжарала…

— На, — сказала яна адно слова, якое здолела вымавіць.

І тады ён, Сярожа, сказаў:

— Добры вечар, Галя! І ты ад нас хаваешся?

Ах, ну чаму ты, дурніца, тады не сказала яму: «Забяры мяне, родны, адгэтуль!» Чаму не назвала яго тым іменем, якое даражэй табе за ўсе на свеце імёны, — Сярожа? Чаму?..

Таму, што і мову табе, і слёзы адняло ад жалю да сябе, ад сораму.

— Добры вечар, — сказала яна, апусціўшы вочы.

Вельмі добра, што пры газніцы было цемнавата, што ён не асвятліў яе ліхтарыкам. Відаць, хоць трошкі яшчэ паважаў ён яе — калі ўжо не Галю сваю, дык жанчыну.

Яна не пайшла за імі ў гумно, засталася ў сенцах, на парозе, у адчыненых дзвярах. Хутаючыся ў незашпілены кажушок, яна чула… не чула, а прагна слухала маладую гутарку вольных, шчаслівых людзей.

Уся Хамёнкава хітрасць аказалася тут проста смешнай. Два дні выскубаў ён у тарпе саломы схованку, тры месяцы пакутавала ў цемры раскормленая жарабіца. А тут адзін з гэтых хлопцаў пастукаў, відаць, у вядро і, нібы поп, прамовіў: