Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 52 из 136

— Дзе ты там, грэшная душа? Выходзь на божае святло.

Каштанка зафыркала ў адказ, і гэтае фырканне пакрыў вясёлы смех і гоман на таку. Ён, Хамёнак, яшчэ ўсё ныў:

— З выгляду яна, і праўда, як быццам нічога. Ды, падла, без ног…

— Хэ! Та ў нэі дзійсно тількі чатыры ніжкы, хлопцы! — пачуўся прыемны голас аднаго з тых жартуноў, што хораша, відаць, спяваюць. Украінец. — Так шчо, таварышу ўзводны, — гаварыў ён, — моя біда, а ваш наказ залышыцця, мабуць, у сілі. Я конячку сідлаю, так?

— Сядлай, Арцём. Толькі хутчэй, — пачуўся голас Сярожы.

«Ён — камандзір. Я так і ведала», — міжволі з радасцю падумала Галя.

Тым часам той весялун, каго звалі Арцёмам, зняў з невялікага каня сядло і перанёс яго на іхнюю Каштанку.

— Эх, здоровенькы булы, ластіўко! — сказаў ён. — А мого Чалого ты, борода, бэры. Тількі не ў яму цю постаў. Прыйду — побачу, як тый його годуваты мэш. Він — заслужэны кінь. Ну, господы благословы!

Хлопец паставіў у стрэмя нагу, і вось на светлым фоне снегу вырас над іхняй Каштанкай яго сілуэт.

Наструненая павадамі жарабіца затанцавала па прыгуменні.

— Прощай, борода! — пачуўся яшчэ адзін голас. — Ты, кстати, эту пакость сбрей. Мы как-нибудь зайдем, проверим. Вообще, разочка два в неделю бриться — это на здоровье.

— Не слухай, дзядзька, які ён фельчар? Ты лепш пчол у ёй развядзі.

— Точно! Медку не будет, но заснуть не дадут.

— Паехалі! — зноў пачуўся голас Сяргея. Яны паехалі, а Хамёнак застаўся. Пакінуты стомлены канюк, якога ён трымаў за павады, узняў галаву, заржаў. Неяк сумна, балюча — услед іх маладому смеху, цокату мноства падкоў па аблыселым бруку дарогі…

— Не плач, ідзі лажыся, чаго ты… — гудзеў Хамёнак з-пад коўдры. — Ты думаеш, што мне яе не шкада. Такая, ліха ім, кабыліца!..

— Пайшоў ты к чорту! — сказала яна і палезла на печ.

Хамёнак маўчаў нядоўга.

— Ага-а! — пачуўся ў цемры яго зларадны голас. — Дык ты па ім, па гэтым шыбеніку! Ну, паглядзім!..

Ён і тады яшчэ страшыў, ужо ў канцы панавання чужынцаў, ужо напярэдадні вызвалення.

…За акном пачынае світаць. Вялікі, поўны месяц вось-вось пабялее, закончыць дзяжурства над полем, перадасць яго сонцу.

А трактар гудзе і гудзе…

«Зайдзі, зайдзі, Сярожа яшчэ раз. Апошні разок!..»

Галя глядзіць удаль, успёршыся на падаконнік.

А гул усё, здаецца, набліжаецца. Так, ён бліжэй, штораз бліжэй!..

«Ідзі, ідзі адтуль, дарагі мой, куды ты пайшоў пад песню свайго гармоніка на вуліцы, пад цокат падкоў на дарозе, — з той яснай стараны, адкуль ты не вяртаўся гэтак доўга!..»

Збылося!

Трактар спыніўся. Рокат замоўк.

Галя ўстала і адышла ад акна. Міжвольнымі рухамі рук яна адразу паправіла валасы, пасля — таксама міжвольна — закрыла рукамі твар.

Сяргей ідзе. Яшчэ ўсё малады, як і ў той час, толькі цяпер — у сінім заплямленым камбінезоне, з пшанічным чубам над блакітнымі вясёлымі вачыма, з кепкай у левай руцэ. Вось-вось зашалясціць пад яго ботамі росная трава, захрупае жвір каля прызбы, працягнецца да шыбы родная рука, застукае ціхенька ў шкло і — кончыцца ўсё, што было… Ідзі, ідзі, я чакаю даўно… ой, даўно!

Ды што гэта!..





Ну, а ты думала — што?..

Трактар гудзе зноў. І гэты гул цяпер штораз — далей.

Як гэта проста ўсё, як зразумела, што ён завярнуўся, — і як гэта страшна!..

Сядзь і сядзі каля акна. Хочаш — крычы, а хочаш — маўчы, пазірай. Ёсць і яшчэ адно, што табе засталося, — заплач.

І Галя выбрала апошняе. Не выбрала — яно прыйшло само. Прыпаўшы тварам да гарачых рук на падаконніку, яна заплакала — горка, наўзрыд. Плакала доўга, як дзіця, калі яго пакрыўдзяць і пакінуць у такой вось чужой і цёмнай хаце. А потым, як дзіця, стамілася ад слёз. Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна, асела на душу… Жняя заснула. А трактар гудзе і гудзе…

…За садам — пшаніца. Багаты хлебны прастор. Над калоссем — густая парная імгла, праз якую спакойна глядзіць на зямлю негарачае сонца. Сёння, у нядзелю, яно нібы адпачывае само і хоча даць выхадны ад спёкі ўсяму, што жыве.

Такога мора пшаніцы не бачылі тут, на месцы нядаўніх палосак ды межаў, ніколі. Прыгнешся трохі — амаль зусім не варушыцца цяжкае ды непахілае калоссе, цёпла-вільготнае ў імгле, нібы спацела… Харошая пшаніца. Так і трэба! Над шчоткай меднага калосся — шэрыя, няўрымслівыя вераб'і. Дажылі да раскошы. Так і лётаюць, так і шчабечуць, так і садзяцца на каласы, нібы пчолы на кветкі. Толькі тыя заўсёды працуюць, гудуць сваю песню сур'ёзна, а вераб'і цяпер шчаслівыя, без клопату. Зусім легкадумны народ.

А трактар яшчэ ўсё гудзе і гудзе… Хто там змяніў гарманіста Сяргея?.. Каля студні мыецца Галін хлопец Антось. Нацягаў у карыта сцюдзёнай вады, зняў кашулю, і на ўвесь двор чуваць, як ён фыркае ды пакрэктвае ад здавальнення. Харошы хлопец, жывы, працавіты. Добра, што цягне яго да людзей. Сам, па сваёй ахвоце і пазаўчора і ўчора хадзіў з сябрукамі за вёску да малатарні. Антось выціраецца свежым кужэльным ручніком. І зноў, здаецца, на ўвесь двор чуваць, як аж рыпіць яго загарэлы твар, моцныя рукі, што заслужылі і сёння на адпачынак.

Галя вельмі любіць Сонечку. Галі ў маленстве ніхто не здымаў. Якія там маглі быць здымкі. Добра хоць, што люстэрка было ў Парабчанкі. Ды Галя глядзіць на Сонечку сваю, як у люстэрка. Такою, мусіць, толькі такою была яна сама калісьці, — з вялікімі вачыма, чорненькая шчабятушка…

Сонечка стаіць на пасцелі ў кароткай чысценькай кашульцы. Яшчэ ўсё сонная, ды ўжо з усмешкай на прыплюшчаных карых вачах, яна працягвае да Галі тонкія загарэлыя ручкі. Мама надзявае на іх маленькі крэмавы станік, потым зашпільвае яго, спрытна перабіраючы пальцамі белыя гузікі. А тонкія цёплыя ручкі малой ужо абвіліся за Галіну шыю. Чорнавалосая галоўка сама схілілася на маміна плячо. Ой, як прыпала б яна да падушкі!.. Ды нічога, Сонечка ўстане таксама ахвотна. Яна ведае, што цяпер жніво, што ёй і сёння трэба замяніць Антося, пакуль ён паспіць. На двары ўжо стаіць, чакаючы сваю пастушку, ласкавая, спакойная Падласка. У жоўтым чысценькім збанку стаіць на стале каля кубка цёплы сырадой.

— Ты, мамка, спала са мной?

— З табою. То ж мы разам з табою заснулі.

— Сёння, мамка, нядзеля?

— Нядзеля. Сукенку ты надзенеш новую, дачушка. Гэтую.

— А ты, мамка, пойдзеш у поле. Жыта дажалі, дык трэба ўжо авёс. І авёс, пшаніцу. Антось таксама пойдзе.

— Ён паспіць. Ён малаціў усю ноч.

— Антось наш вялікі. Ён у нас, мамка, харошы.

— Харошы, дочка, харошы.

— І я харошая, мамка. Я цябе слухаю.

— Ты — таксама, дачушка. Ты лепшая за нас усіх.

Галя падцягвае малой таксама, як і станік, свежыя, гладкія трусікі, а потым туліць да грудзей усю яе — такую родную, цёплую. «Сонейка маё! Чаму ж я не нарадзіла цябе ад таго, хто быў мой?!.»

А за акном — чуваць — гудзе, ракоча нястомны рабацяга-трактар… Хто там сядзіць за рулём? Хто там змяніў Сярожу?

— А я ўчора думала-думала, думала-думала, — шчабеча Сонечка, — і ўспомніла: спекулянт! А што гэта, мамка? Што?

— Вырасцеш, дочка, яшчэ трохі і тады зразумееш, тады я скажу. Ты — харошая, ты больш не будзеш пытацца?

— Не буду. Я Падласку паганю.

…Галя ідзе па расе каля пшаніцы, туды, дзе дарога ў поле.

«Не, ён — не толькі спекулянт, — у думках гаворыць яна, нібы яшчэ ўсё размаўляючы з дачкой. — Ён — баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек. Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..»

Яна ўспамінае яго бараду. Кудлатую, рыжую, з пчоламі. Назаўтра пасля таго, як забралі Каштанку, ён доўга скроб тупою брытвай гэтую бараду, — крахтаў, стагнаў перад аблезлым трохкутнікам люстэрка, а ўсё ж такі скроб. І кожны тыдзень галіўся, да самага прыходу нашай арміі, штоночы чакаючы тых, што абяцалі прыехаць праверыць. Яны, вядома, не прыехалі, а ён, вядома, не змяніўся. Пайшоў на фронт. Ну, прастрэлілі трохі руку… Куды ён толькі ні тыцкаўся з гэтай рукой, каб давесці, што ён за савецкую ўладу! Куды ён толькі не ездзіў на свае гешэфты!.. Стоўбцы, Баранавічы, Менск… І вось сядзіць. Даездзіўся, дабурчэўся…