Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 50 из 136

Спачатку Юрачка толькі глядзеў. Глядзеў і рэзаў на гармоніку амаль без адпачынку. Вядома, гуляць пад добрую музыку кожны ахвочы, а падмяніць Сярожу не было каму.

Ды вось у адну нядзелю прыйшоў з суседняй вёскі Качаны Іван Чарнагрэбень, які таксама мог іграць. Гэта ўжо быў пажылы кавалер, падпольшчык, шэсць год прасядзеў у турме, толькі ў гэтую восень вярнуўся. Маладзейшыя хлопцы ў Гаросіцы і асабліва дзяўчаты — хоць ён быў просты такі і вясёлы — з пашанай і неяк міжвольна, не змаўляючыся, гаварылі Івану «вы». На той час свайго гармоніка Іван не меў. Пакуль сядзеў у турме, маці прыйшлося крута, і сын напісаў ёй прадаць трохрадку на хлеб. Толькі пасля даведалася Галя, што Сярожка ўжо быў знаёмы з Чарнагрэбенем. Ды не толькі знаёмы…

Не раз хадзіў ён ноччу ў Качаны, ды без гармоніка: на нейкую ціхую справу… Але пра гэта ён не паспеў ёй нічога сказаць.

Цяпер, калі Юрачка паставіў на калені Івану свой гармонік, — абодва яны па-свойску ўсміхнуліся. Адзін з просьбай: «Мо рэзнеце, Іван Сцяпанавіч, на радасць ды на лёгкі скок працоўным?», другі — ад нейкай не па ўзросту Івана маладое ўцехі: «Рэзну, браце, даўно ўжо не рэзаў!»

І Чарнагрэбень рэзнуў. Не зусім яно так, як Сяргей, ды ўсё ж полечка «Галка» пайшла «з-пад карча», па-сапраўднаму.

Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны са жмені верабей, паправіў паясок на сваёй вышыванай кашулі і рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты. І хата, поўная хата людзей — насцярожылася. «Мяне возьме, мяне», — засвяціліся вочы, забіліся сэрцы дзяўчат. А ён падышоў да Галі. Проста і спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся. З усмешкай, вядома, такой, што ў ёй і просьба і радасць:

«Нарэшце мы пойдзем!..»

І вось яны выйшлі ў круг, абняліся.

Мужчыны прыўсталі з лаў, маладзіцы націснулі з кута на сярэдзіну, моладзь нібы стаілася ў чаканні нечага, што ўбачыш не вельмі часта.

Дачакаўшыся такта, Юрачка тупнуў і — завірылі!.. Малыя боцікі яго то ледзь краналіся дошак падлогі, то раптам гулка і чотка — па паваротах улева ці ўправа — білі, як выгаворвалі, чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. А ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разглядзець і залатыя каласы на чырвані, і чорныя бровы, і вусны, што так і не маглі стрымаць усмешкі сораму і шчасця… Усім было відаць, а Юрачку найлепш.

— Круг, дайце круг! — крычалі дзецюкі, хоць ніхто з іх не думаў пакуль што сам выходзіць у круг. А ён сціскаўся, не стрымаць яго было нават дзесяткам плячэй. Дзядзька Раман Кругляк, стары ўжо, сівы чалавек, узбіўся з валёнкамі на лаву і зверху, падняўшы палец угару, вось-вось гатовы быў крыкнуць: «Эх!»

Нібы пачуўшы гэты выраз усеагульнага захаплення, Юрачка заспяваў:

На гэтым песню яго абарвалі.

— Правільна, Юрачка! Правільна! — загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю, хата. І толькі тады ўжо, нібы давёўшы да поўнага ладу тое, што трэба было давесці, моладзь пусцілася ў танец.

Так пачалося іх каханне.

Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці, што пачалося ў тую ж ноч, калі ён цалаваў яе каля іхняга акна, а Галя закрывала твар рукамі і прасілася: «Сярожа, міленькі, не трэба…» Ды рукі гэтыя яму зусім няцяжка было разнімаць. А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання.

Праз тыдзень Юрачка пайшоў з дзядзькамі ў Касцюкі, дахаты.

І хто мог падумаць, што іх развітанне — навек!..

Цяпер вось стой ды слухай, як за пшаніцай, за вырваным ільном гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе і прыйшоў. З ім калісьці цёпла было стаяць і на снезе, а цяпер табе, баба, холадна ўжо і на летняй расе. Ідзі, ідзі, дурніца, у хату, дарэмна стаіш… Няхай трактар гудзе, няхай не дасць табе заснуць да дня.

Галя ціха пайшла.

Дзверы — і ў сенцах, і ў кухні, і ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень і на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка і асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.

Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую — усю за раз, з усімі яе думкамі.

— Мамка, а дзе наш тата?





— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.

— Прыедзе, прыедзе… Я малая была — ты ўсё казала і цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?

— Харошы, харошы…

— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён… Як гэта, мамка?

— Што?

— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.

— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.

— А Лёнька кажа…

— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават і для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую. Сонечка ўздрыганулася і заціхла. Цяпер бы ёй якраз і заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла і нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.

— Я, мамка, буду спаць. І ты спі. Добра?

— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок…

Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. І добра. Гэтак будзе лепш і ёй, і маці.

«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, а маім мужам… Давай, дачушка, лепш заснём…»

За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Спі, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Спі, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст і прычэпшчык закурваюць… Ды яна не паспела, вядома. І не старалася, відаць. І трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.

— Мамка, а я ўжо ведаю, — тата наш спекулянт… А што гэта, мамка? Ты спіш?

Галя маўчыць.

«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш спі, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае…»

…Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля іх першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома, — узялі з ім разам і іншых, з Гаросіцы і з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму і Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.

Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?

Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волі бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды і хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час і на Даньку.

Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея і Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, і гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. А Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў і страшыў, што кончыць, зарэжа і яе, і сябе… Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — і сваякі, і маці была на яго, Міколавым, баку… Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць і моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі, — у свёкравым вечным зудзенні толькі і чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца…»