Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 49 из 136

Цяпер гэты каўпак недзе яшчэ ўсё валяецца на гарышчы, а сам Данька Хамёнак ляжыць на ўзгорку пад хвойкамі і муравой. Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата.

У хаце ад усёй Хамёнкавай сям'і ўцалела толькі нявестка Галя з дзецьмі, хлопцам і дзяўчынкай.

Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло. Галін хлопец, падлетак Антось, пайшоў у поле да малатарні. На верхавіне старой ліпы за агародам пагасла чырвань на лісці; шпакі ўзняліся з голля і панеслі свой кірмаш у вёску. Пад паветкай за сенцамі, аддаўшы вячэрні ўдой, лягла на свежым подсціле карова. У хаце за сталом сядзіць чарнявая Сонечка, на поўны рот запіваючы хлеб сырадоем. Тонкія загарэлыя ножкі яе, як і ва ўсіх пастушкоў, папораны ржышчам. Сонечка памыла іх каля студні халоднай вадой, і ногі садзеюць да самых каленак. Яна то пацірае іх адна аб адну, то проста стрыжэ імі пад высокай лавай. Сонечка хоча гаварыць.

— Мамка, — кажа яна, — а сёння Лёня Сцяпанаў смяяўся з мяне. Ты, кажа, пані. Ты, кажа, хутаранка. А чаму? Чаму ён смяецца?

Галя стаіць, прыпёршыся да шафкі з посудам, амаль прысеўшы на яе. Над галавою Галі, на сцяне — стары гадзіннік. На запыленым цыферблаце яго напісана не нашымі літарамі нейкае слова. За ўсе гады, пакуль гадзіннік тут вісіць, ніхто нават не пацікавіўся, што яно азначае. Наогул па гадзінніку разбіраліся толькі мужчыны і Галя. Свякруха пражыла свае семдзесят год, ні разу не падумаўшы аб тым, якое сёння чысло… Даўжэйшая стрэлка гадзінніка адламалася яшчэ ў вайну, кароткая стаіць на адным месцы тыдні ўжо, мусіць, са тры. Жніво. Галіны рукі, загарэлыя да лакцёў, гудуць ад стомы. Галя яшчэ ўсё як быццам не дома. У памяці бясконцым ланцужком ідуць адзін за адным вузлы перавяслаў, закручаныя спрытнымі пальцамі, адзін за адным кладуцца на пожні цяжкія снапы. У вушах яшчэ цокат жняяркі, паасобныя словы, абрыўкі песень, смех, шум збажыны і шоргат іржышча…

— Мамка, чаму?

Галя прыпамінае словы дачкі.

— Чаму? — перапытала яна, яшчэ не гатовая да адказу. І Сонечка адказвае на пытанне сама.

— Мы, кажа, у вёсцы жывём, — гаворыць яна, жуючы, — а вы на хутары. І дзед твой быў пан, і тата пан, і ты таксама паненка.

— А ты скажы яму, што ён яшчэ дурны, — гаворыць Галя нейкім млявым, бяссільным ад стомы голасам.

Яна хацела гаварыць яшчэ нешта, але раптам змоўкла. Слых яе зноў улавіў той самы, на момант згублены гул. У хаце, пад старым гадзіннікам зноў засталася яна не ўся, нібы не ўся яшчэ вярнулася з поля.

— Ты еш, дачушка. Еш ды лажыся. Годзе.

— А ты куды пойдзеш?

— Я хутка прыйду.

Галя стаіць за вішняком, успёршыся рукамі і грудзьмі на шэрую жэрдку старой агароджы. Галя глядзіць у поле. Ногі ў церпкай, халоднай расе, вочы — недзе далёка, далёка… У пшаніцы, якая даходзіць да самага вішняку, сакочуць конікі. Далей недзе — лён стаіць у пучках; таксама многа, многа льну. Яшчэ ўсё цёплы, не астыў ад спёкі, пахне, — смачна пахне, нібы прысмажаны алей… А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай, спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены месяц.

Ды ўсё гэта так сабе, усё гэта — дзеля таго, каб далёка над полем разносіўся гул, грукатанне трактара. Там, дзе ён, дзе сядзіць за рулём той адзіны ва ўсім гэтым свеце, каму ад болю сэрца, ад цяжкай журбы хочацца крыкнуць:

— Ся-ро-жа-а! Ся-рож-ка-а!!

Ён даўно ўжо Сяргей, а не Сярожа, ён даўно ўжо забыўся, — відаць, выцер з памяці ўсё, што калісьці было. А ты крычы, ты ўспамінай, раздзірай сваю душу, дурніца, хоць да крыві…

А то ж было яно, было, калі ён быў і для яе Сярожка. Ох, як даўно гэта было! Не, не даўно, здаецца, толькі ўчора.





Галя толькі яшчэ на дзеўку бралася, калі ў іх вёску, Гаросіцу, прыйшлі з Касцюкоў краўцы-кажушнікі, два здаравенныя панурыя браты. Абодва ў доўгіх кажухах, нібы ў доказ таго, што не заўсёды шавец ходзіць без ботаў, абодва ў вялізных шапках, нібы па цэлай авечцы ў іх на галаве, абодва ў лапцях і вусатыя.

— Дзеўкі, глядзіце — Торбы ідуць! — заўважыла іх праз акно адна з дзяўчат-кудзельніц.

Кажушнікі і сапраўды так называліся — Торба. Цімох Торба і Ціхан Торба. Мала ведаючы іх — не пазнаеш, каторы Ціхан, каторы Цімох.

— І нейкі хлопец з імі, дзеўкі, гвалт! Дальбог, харошанькі! З гармонікам!

І праўда — з кажушнікамі ішоў дзяцюк… Ну, проста хлопчык! У кароткім кажушку, у ботах, з гармонікам за плячыма. Адна з дзяўчат пастукала галоўкай верацяна ў акно. Ён, вядома, пачуў, азірнуўся. Узмахнуў рукою і стаў, засмяяўся: «Добры дзень!» Можа, нават зайшоў бы ў хату, ды вось адзін Торба, што ішоў з драўлянай планкай-метрам у руцэ, азірнуўся таксама, нешта сказаў, і хлопец пайшоў. Дзіўным здалося дзяўчатам, а потым і ўсім у Гаросіцы, што ў аднаго з гэтых Торбаў ды можа быць такі сын. Такі беленькі, спрытны… Зусім нібы чужы каля тых двух вусатых здаравілаў.

Ён быў іхні пляменнік, сірата з далёкай вёскі. Завуць Сяргей, а прозвішча таксама дзіўнае, як у дзядзькоў, але прыгожае — Юрачка. Вельмі ж да твару яно Сяргею. Так яго і завуць: хто — Сярожа, хто — Юрачка.

Ну, спрытны быў, вясёлы Юрачка, харошы! Дзядзькі яго — вялізныя, а ўсё ж улазілі яны ў найменшую хату. Здымуць шапкі свае, кажухі, застануцца з аднымі вусамі, прысядуць да стала — толькі сапуць над аўчынамі. Так і жывуць на свеце — моўчкі. А Юрачку ў кожнай хаце было цесна. Вядома, не адзін — з гармонікам. Часамі нават да вечара не можа датрываць: уваткне іголку ў кашулю на грудзях, закруціць нітачку, азірнецца на дзядзькоў ды за свой інструмент. Усё рабіў спраўна. Гармонік у яго не так сабе, а ў цётчыну хустку закручаны. Разгорне хустку — гармонік ажно зіхаціць, а расцягне яго — раздасца кожная хата!

Адзін, два танцы прайграе — дзядзькі маўчаць. Пасля старэйшы Торба, Цімох, той, што з метрам хадзіў, прагудзе:

— Можа, годзе, Сяргей? Можа, людзі не любяць?

У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту».

Людзі, што ў хаце былі, здаецца, ураз маладзелі. Дзяўчаты — ну, тыя адразу гатовы былі рвануцца з прасніц ды замяцеліць падоламі. Сам гаспадар, калі ён не зусім стары, пачынаў непрыкметна паварушваць пад лавай наскамі ботаў ці лапцей. Нават бабка, што памятае прыгон, і тая высоўвала з-за коміна галаву… А Юрачка патрэсваў, як жаўранак, чубам і ўслед за музыкай падпяваў:

Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст.

Толькі дзядзькі маўчалі. Нават шыць не спыняліся. Ды таксама не скажаш пра іх, што не рады, асабліва ведаючы, што і гармонік Сяргею купілі яны.

Вясёлы месяц быў тады ў Гаросіцы. Танцы, песні — штовечар! Шкада, што не хапіла ў іх аўчын на ўсю зіму…

Ой, мамачка! Для ўсіх вясёлы, а для Галі… ну, і не кажы…

Усё гэта — было.

Цяпер над полем ціхі, поўны месяц. Галіны ногі ў халоднай расе. Плечы стынуць пад тонкай сукенкай… А трактар гудзе і гудзе… Не пакінеш яго, не забудзеш, што гэта — Сярожа, яе Сярожа… Божа мой, як гэта горка, балюча ад думкі такой!.. А ён жа быў яе, яна была — яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, а ў тыдні ж толькі сем начэй.

Спачатку любіла Галя адна, баючыся сама сабе прызнацца ў гэтым, саромеючыся лішне пазіраць на яго, каб не падумалі ды не пазналі. Яна была наймалодшая ў іхняй дзявочай кампаніі. Сірата з самай беднай у Гаросіцы хаты Марылі Парабчанкі. Так іх і называлі спрадвеку — парабкамі. Бацькі ў Галі не было. Ніколі не было, хоць ён і жыў недзе, а можа, і сёння жыве, не думае нават аб тым, што ёсць у яго дачка. На пашы дзеці лаялі яе брыдкім бязлітасным словам — байстручка. Ды з часам гэта слова абвалілася з яе, як шалуха. Прыгожай, спраўнай вырастала Галачка. У беднай сіраты — добра, хораша ў песні пяецца! — толькі чорныя бровы. Затое бровы — шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар'яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі!