Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 136

Праз голле бяроз i алешын на кусты ляшчэўніку, на папаратнік, на мяккі, сыраваты мох кладуцца светлыя плямы сонца. Лісты на дрэвах варушацца, i цені на імху варушацца таксама. Вострыя верхавіны цёмна-зялёных ялін i святлейшыя шапкі яшчэ больш высокіх соснаў абліты яркім сонечным святлом. Шчабечуць птушкі, недзе далека кукуе зязюля, а недзе бліжэй — стукае сякера. Анатоль ведае, — гэта спускаю ць дрэвы на новую зямлянку. Чуеш — вунь ужо сякера не стукае, а шоргае піла. Чакай, чакай… Ага! Дрэва крактанула, зашумела галлём па галлі іншых дрэў, паехала ўніз i глуха гупнула на мох. Цяпер зноў чуваць, як чахкае сякера: дзядзька цярэбіць на зваленым дрэве галлё…

А дзе ж будзе тая зямлянка стаяць?..

I тут Анатоль заўважыў дзяўчынку. Зусім незнаемая дзяўчынка стаіць на дарозе i, адвярнуўшыся ад Анатоля, глядзіць угару, на сасну. Анатолю трэба пазнаёміцца з госцяй, але падыходзіць проста ён не хоча. Ён хаваецца за бярозу, настаўляе свой аўтамат, прыплюшчвае вочы i голасна, звонка крычыць:

— Трр! Трр! Трр!..

Усё атрымалася як найлепш, — дзяўчынка ажно падскочыла. Цяпер ужо можна i падысці. Анатоль бярэ аўтамат «на рэмень» i падыходзіць.

— Не бойся, — кажа ён, — я страляю толькі фашыстаў. Гэта я так — пастрашыў цябе.

— Ой, мамачкі,— усміхнулася дзяўчынка. — Буду цябе баяцца, такога маленькага. Я на птушку гляджу. Як яна называецца?

— Таксама мне — не ведае. Гэта ж дзяцел, — гаворыць Анатоль. — Бачыш, як ён падпіраецца хвастом?

— А нашы будуць рабіць зямлянку, — сказала дзяўчынка, усё яшчэ пазіраючы ўгару.

— А мой тата мінёр, ён фашыстам усе цягнікі паўзрывае. Aгa!

— Майго таты няма, — уздыхнула дзяўчынка. — I мамы няма, i бабулі, i нікога…

— А хто ж там сячэ? — здзівіўся Анатоль.

— Гэта дзядзька Сцяпан. Я ў ix жыву. Даўно-даўно. Бабуля Зося памерла, дык я жыву ў ix. Я называюся Ася, а ты?

— Я — Анатоль. Раней мама казала Толік, а цяпер я ўжо вырас.

Ася паглядзела на хлопчыка i засмяялася.

— Ой, мамачкі,— сказала яна, як гаварыла заўсёды цётка Марыля, яе апякунка. — Ён вырас!.. Стане на палена, дык свінні па калена. Вырас!.. Маленькі ты яшчэ зусім…

Анатолю гэта не спадабалася.

— Няхай сабе i не вырас, a ў нас ёсць школа, ага!

— Якая школа?

— Якая школа? Зялёная!

— Зялёная! А хто ж яе пафарбаваў?

— Пафарбаваў… Нічога ты не ведаеш. Ідзём вось, пакажу.

— Ідзём!..

Ася ўзяла Анатоля за руку, i яны не пайшлі, а пабеглі.

3

«Зялёную школу» зрабілі нядаўна. Камісар брыгады, ён жа i сакратар падпольнага райкома партьй, прыехаўшы сюды, паглядзеў, што ў сямейным лагеры сабралася шмат дзяцей, i сказаў:

— Нам бы школу адкрыць, таварышы, га?

— Яно-то добра было б, Мікалай Іванавіч, — згадзіліся мужчыны. — А што ж i праўда, растуць яны тут у нас на лес гледзячы. Але як жа яе, тую школу, зробіш?.. Зямлянку хіба такую разбухаць — чалавек на сорак — пяцьдзесят?..

— Зямлянку, — усміхнуўся камісар. — А навошта зямлянку? Што, яны сонца не любяць або ў нас сонца няма? Зялёную школу зробім.

I вось партызаны прывезлі i парты, i стол, i сапраўдную школьную дошку. А пакуль яны ix прывезлі, старыя мужчыны з сямейнага лагера выбралі месца пад школу i згарадзілі велізарную павець. Праз сцены гэтай павеці відаць былі неба, i сонца, i лес, — бо i сцен тых сапраўдных не было, а проста падпоркі з бярозавых жэрдак. Каб школу не заўважылі з самалётаў, страха была з яловых лап, a падпоркі для хараства дзяўчынкі аплялі дзеразой i кожны дзень прыносілі свежыя кветкі. Заняткі ў «зялёнай школе» праводзіліся так: пісьмовыя пад павеццю, а вусныя — проста дзе-небудзь воддаль, на сонейку.

Анатоль прывёў дзяўчынку пад павець, дзе вучыліся цяпер малодшыя дзеці, такія, як Ася, i трошкі большыя. Ix убачылі праз дзеразу на жэрдках яшчэ здалёк. Дзяўчаткі i хлопчыкі ўжо не пісалі, a толькі глядзелі на ix. «Цёця Тоня», маладая настаўніца, сустрэла гасцей каля ўвахода ў павець.

— Новенькая, — усміхнулася яна. — Гэта ты сёння ноччу прыехала?





Яна прыгнулася i пагладзіла Асю па галаве.

— I вал асы ў цябе якія кучаравыя!.. А стужку ты сама завязваеш ці мама?

Тут ужо Анатоль больш не вытрымаў.

— У Асі мамы няма, — сказаў ён. — I таты няма. I нікога няма. Яна жыве ў таго дзядзькі, што робіць зямлянку. Я ведаю, я яе першы прывёў.

— Ты маладзец у нас, — сказала цёця Тоня. — Ты аўтаматчык. Мы цябе сёння пасадзім разам з Асяй, ты ў нас сёння таксама вучнем пабудзеш. Ну, ідзём.

Настаўніца падвяла малых да свабоднай парты i пасадзіла побач.

— Аўтамат трэба зняць i паставіць вось тут. Ён у цябе не выстраліць часам?

Дзеці засмяяліся. Ды Анатоль зусім спаважна зняў з плячэй сваю зброю i паставіў яе каля парты.

— He стрэліць, не бойцеся, — сказаў ён. — Ён страляе тады, калі я страляю.

Дзеці засмяяліся зноў.

— Дык вось што, Асенька, — сказала цёця Тоня, калі сцішыўся смех. — Ты будзеш цяпер вучыцца ў нашай школе. Яна ў нас, бачыш, якая харошая! A колькі будзе сяброў у цябе, паглядзі.

Усе глядзелі толькі на Асю. Яна пачырванела, апусціла галаву.

— Школу сваю мы назвалі зялёнай, — сказала на стаўніца. — Яна не такая, як іншыя школы, бо яна партызанская. А мы ўсе — партызаны. I ты цяпер таксама партызанка.

— Глядзі—сарока, — штурхануў Асю Анатоль.

Ася падняла вочы. I праўда — сарока прысела на елцы, каля самай павеці, i заглянула праз жэрдкі ў школу.

— Скрэ-ке-ке! — здзівілася яна, убачыўшы так шмат маленькіх партызан.

— Сам ты сарока, Анатоль, — строга сказала настаўніца. — Ты ж у школе, ты сёння вучань, i дай мне, калі ласка, гаварыць. Дык вось, Асенька, вакол нашага лесу стаяць партызаны. Не такія, як твой Анатоль, a сапраўдныя — нашы бацькі, браты i сестры, з сапраўднымі аўтаматамі i вінтоўкамі. Яны абараняюць нас, яны знішчаюць фашыстаў, а мы тут — вучымся.

— Самалёт! — зноў не вытрымаў Анатоль.

І праўда — пачуўся гул самалёта.

— Нічога, Асенька, — сказала цёця Тоня, — ты не бойся. Яны лятаюць кожны дзень. Ды пад галінкамі яны не ўбачаць нашай школы. Мы толькі дожджыку баімся, бо тады наша зялёная страха цячэ, i мы бяжым дахаты.

Самалёт набліжаўся. Ен ішоў не над школай, а значна правей. Аднак Анатоль не вытрымаў.

— Фрыц, на цю, на! — закрычаў ён, i дзеці засмяяліся, а разам з дзецьмі i Ася.

— Ну, бачыш, Асенька, які ў цябе адважны абаронца, твой Анатоль! — сказала цёця Тоня. — Дадзім яму за гэта сшытак, як ты думаеш?

Анатоль паглядзеў на Асю. Эх, ведала б яна, як моцна хацелася яму хадзіць у школу разам з іншымі дзецьмі! I намагаўся ён пайсці ўжо колькі разоў, а толькі ўсё не прымалі, казалі — малы. А цяпер вось выходзіць так, што няхай толькі Ася згодзіцца — i цёця Тоня дасць яму сшытак. Даўшы сшытак, дасць, безумоўна, i аловак, бо як жа пісаць без яго? А з алоўкам i сшыткам ён будзе вучань таксама! Эх, каб толькi дзяўчынка згадзілася.

Дзяўчынка паглядзела на «аўтаматчыка», паглядзела на цёцю Тоню, здаецца, зразумела ўсё, усміхнулася i ў знак згоды кіўнула галавой.

Анатолю цяжка ўстрымацца. Яму хочадца крыкнуць «ура!» i выпусціць угару чаргу са свайго аўтамата, але ён маўчыць. А што ты думаеш, — возьмуць ды зноў адправяць дахаты… Калі ўжо вучань, дык вучань — цярпі!..

4

Коннік ехаў па пушчы адзін. Свяціла сонца, шчабяталі птушкі, a конніку было сумнавата. Ён глядзеў у зялёны гушчар, куды вілася лясная дарога, i на вусны яго прасілася песня.

заспяваў ён амаль зусім нячутна, i песня гучала не ў тон ні сонцу, ні вясне.

Вось ён зноў адзін, без баявых сяброў. А аднаму ды без работы, калi вось так — завёз пакет у штаб злучэння i цэлы дзень вяртаешся назад — не адмахнешся i не адпросішся ад успамінаў пра тую страшную раніцу, калі загінулі ўсе родныя, калі застаўся ён адзін — за калючым дротам, з жоўтай латкай на спіне…