Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 136

Дзяўчынка паслухмяна ішла за перагародку, а бацька ціхенька паўтараў:

— А што з імі будзе, Мікола? З імі?..

I страшны дзень настаў.

Шэрай восеньскай раніцай мястэчка разбудзілі стрэлы i жудасны крык…

Асі цяжка сказаць, як гэта ўсё атрымалася. Дзяўчынка памятае толькі, як праз сон, што ўсе яны беглі паміж платоў i хат завулка, па гразі, а потым нехта падхапіў яе на рукі i панёс. Яна дрыгала нагамі i плакала: «Ма-а-мэ!» I толькі. ўжо ў хаце дзяўчынка патрохі зразумела, што з ёй.

Чужая бабуля трымала яе на руках i, нахмурыўшы бровы, шаптала:

— Дур-на-я, дур-нень-ка-я, ціха!..

I Ася сціхла. Яна толькі ўсхліпвала i цяжка, глыбока ўздыхала.

— Лезь туды i сядзі,— сказала бабуля, падсаджваючы яе на печ. — Толькі ж глядзі — не плач, каб ніхто не пачуў. I не бойся, я зараз прыйду.

Ася паслухала i сціхла. Каб ніхто не ўбачыў, яна залезла ў самы цёплы куток на печы i з галавой накрылася дзяругай, а каб ніхто не пачуў — заціснула зубамі руку. Калі малая зусім сціхла i, адкрыўшы галоўку, пачынала прыслухоўвацца, — на камінку мурлыкаў шэры кот, а далёка-далёка за сценамі хаты чуваць былі стрэлы… Дзяўчынцы зноў рабілася страшна; яна забылася на суровы загад i голасна плакала.

— Ма-мэ! — клікала яна тую, хто самы найлепшы на свеце. А потым, згадаўшы таго, хто здаваўся ёй дагэтуль самым дужым, крычала: — Та-т-алэ! Та-тэ!

Ніхто не адказваў, ніхто не нрыходзіў. Стомленая ад плачу i разамлелая ад цяпла, дзяўчынка нарэшце сціхла зусім, заснула.

Прачнуўшыся, яна адразу не пазнала, хто сядзіць побач з ёй, хто глядзіць на яе. Бабуля яе не такая, — яна сівая, i галава яе вечна трасецца, нібы згаджаючыся з усімі: «гут, гут, гут». А гэтая, што глядзіць на Асю, не сівая.

— А дзе мама? — спыталася малая, не ўстаючы.

— На вось, выпі, пагрэйся, — падала ёй бабуля конаўку.

Ася паслухала, села i абхапіла пальчыкамі вялікую цёплую конаўку з малаком.

— А дзе мама? — перапытала яна, глытнуўшы некалькі разоў.

— Пі, пі яшчэ.

Ася выпіла яшчэ трохі i заявіла:

— Я хачу дахаты.

Бабуля паглядзела на яе, падумала нешта i спыталася:

— Ты чыя? Відаць, Айзікава?

— У-гу.

— А як жа ты завешся?

— Ася.

— Маленькая яшчэ зусім. Глядзі, што які-небудзь трэці гадок.

— Не-е, мне ўжо, мама казала, пяты.

— Пяты. Заморак ты. Жменя касцей…

I Ася ўспомніла раптам, — гэта ж тая бабуля, што насіла ваду на каромысле. I заўсёды, калі яна ішла па ваду, малыя бегалі навокал яе i крычалі: «Зось, Зось, не зловіш нябось!» Яна то злосна маўчала, то, паставіўшы вёдры, трасла на дзяцей каромыслам i крычала: «Эх, неахвота толькі займацца!» Тады яна была вельмі страшная, а цяпер вось сядзела, глядзела на Асю, i Асі было зусім-зусім не боязна.

— А я ведаю, хто вы, — сказала дзяўчынка. — Вы — Зось. Вы насілі ваду на каромысле.

— Дурная ты, — адказала бабуля. — Зось — гэта каб быў мужчына, а я ж не мужчына. Я Зося, a дурні кажуць Зось. Ды што табе казаць — малая. Ляж ды cпi.

«Зось» ступіла на лаву, з лавы — на падлогу i адышлася ад акна.

— Бабуля, — паклікала з печы дзяўчынка.

— Ну?

— А я дахаты хачу. Хачу да мамы.

— Твая мама сказала, каб ты пабыла ў мяне.





— А таталэ?

— I ён таксама казаў.

Дзяўчынка памаўчала трохі i спыталася зноў:

— Бабуля?..

— Ну?

— А мама прыйдзе сюды?

— Прыйдзе, — глуха адказала старая. Яна глядзела, прыгнуўшыся, у акно — на сырое, халоднае поле.

У хатцы ціха. Чуваць толькі было — на камінку мурлыкаў шэры кот.

— I тата прыйдзе, бабуля?

— I тата прыйдзе таксама, — адказала старая. Яшчэ цішэй.

Неяк зімой «Зось» разбудзіла дзяўчынку да свету. Каб Ася не здзіўлялася — чаму так рана, яна сказала, што пойдуць сёння далека-далека.

— Туды, дзе мама i тата? — спытала дзяўчынка. — Дзе бабуля? Дзе ўсе? Туды?

— А што ты думаеш, можа, i туды…

Яна не спала сёння ўсю ноч, — сядзела i думала, што ёй рабіць. Дагэтуль усё было добра. Хатка яе стаіць на ўскраіне мястэчка, дзе канчаецца доўгі Балотны завулак i пачынаюцца глінішчы. Хатка маленькая, з адным акном i бляшаным комінам, што вельмі падобны на старую халяву. Ніхто, можна сказаць, не заходзіў сюды, ніхто не жыў паблізу, апроч суседа Якава Мароза. Ніхто не ведаў, што ў Зосінай хаце хаваецца яўрэйскае дзіця. I яна не казала, здаецца, нікому. Праўда, калі яна куды-небудзь ішла — насіць ваду ці пашукаць харчу казе, — Ася заставалася дома адна, пад замком. I вось нехта, відаць, падгледзеў.

Учора, калі яна зайшла да Марозавых, стары Якаў сказаў: «Асцерагайся, Зося. Баюся, што нехта пранюхаў…» Дома старая думала доўга i многа, а потым вырашыла так: «Скулу ім, злыдням, — не на такую натрапілі!..»

Яна дачакалася, што пачало шарэць, i разбудзіла дзяўчынку. Што будзе, то будзе, а чакаць далей нельга. Зося падаіла казу, напаіла Асю цёплым малаком i, закутаўшы яе як найцяплей, панесла прэч з мястэчка — далей ад гэтых нелюдзяў у чорных шынялях!..

«Сабакі, сабакі шалёныя», — думала яна ідучы. Цяжка ступала па рыхлым адліжным снезе, горбілася пад цяжарам, што варушыўся за спіной, i ўпарта ішла, ішла… Калі нямелі рукі i дзяўчынка аб'язджала ўніз, Зося спушчала малую на снег, i Ася тэпала сама. Ды ісці было вельмі далека, i гэтак страшна станавілася ад думкі, што вось развіднее зусім i на бяду спаткаешся з якім-небудзь сабакам… Старая зноў брала дзяўчынку на плечы, «на барана», i толькі пыталася:

— Не холадна табе?

— Не-а, — адказвала Ася праз хустку, што закрывала ёй тварык на вочы.

— Не холадна, дык i сядзі,— гаварыла старая. I ўсё ішла, ішла…

2

Мінула больш года.

Прыйшла яшчэ адна ваенная вясна.

Вясна, кажуць, прыгожая ўсюды: i ў полі, i ў лесе, i ў горадзе. Ды з гэтым не згаджаўся партызанскі хлопчык Анатоль. I правільна думаў: вясна ў лесе — найпрыгажэйшая.

Праўда, сонца ўзыходзіць тут трошкі пазней, але гэта яшчэ лепш: пакуль яно паднімецца над лесам ды заблішчыць праз голле ў акенды лагернай зямлянкі,— можна паспаць даўжэй, а потым нават лічыць, што i ты ўстаў вельмі рана. I наогул усё тут не так, як у вёсцы было. Там раніцай на вуліцы раўлі каровы, а тут яны недзе пасуцца на паляне, i мама кожную раніцу ходзіць туды з вядром. Анатоль спіць на пасцелі з яловых лапак, засланых дзяругай, а сонца ўжо даўно глядзіць у акенца. Сонца хоча, каб хлопчык устаў, i яно прыпякае яго. «Чыхнеш, чыхнеш, усё ж такі», — смяецца сонца. I праўда — Анатоль не вытрымаў, чыхнуў. Але спіцца цяпер вельмі смачна, i хлопчык ласа мармыча нешта i паварочваецца на другі бок. Мама вярнулася з паляны, дзе ходзіць Падласка, амаль з поўным вядром малака. Мама хоча таксама, каб хлопчык устаў, пакуль сырадой яшчэ цёплы. Яна казыча Анатолеву пятку, што высуну лася з-пад дзяругі, i, смеючыся, кажа:

— Ну, ну, ваяка, устаў бы, ці што…

Анатоль падцягвае нагу i нешта нездаволена бурчыць. Але мама казыча яго за вухам, i вось, зусім прачнуўшыся, ён устае i пытаецца:

— Тата прыехаў?

— Тата прыедзе заўтра, — адказвае мама.

— А хто сёння прыехаў?

Сёння на мове Анатоля азначае — гэтай ноччу. Амаль кожнай ночы хто-небудзь прыязджае ў лагер партызанскіх сем'яў, уцякаючы ад фашысцкага здзеку i смерці. Вельмі цікава бывае, калі прыязджае такая сям'я, — новыя людзі, новыя дзеці, будуецца новая зямлянка. Яшчэ цікавей, вядома, калі прыязджае сам тата. Тады можна пад'ехаць на сядле, патрымац ца рукамі за татаву цяжкую вінтоўку!.. Ды сёння ён не прыехаў.

— Сёння прыехалі з Пяскоў, адна сям'я. У Сымонавых начавалі.

— А зямлянку яны ўжо зрабілі?

— Ну што ты, — смяецца мама. — Як жа яны маглі зрабіць без цябе. Вось паснедай хутчэй ды ідзі.

Анатоль спяшаецца. Сёння ён зусім ахвотна падстаўляе тварык, каб мама памыла яго сцюдзёнай крынічнай вадой, больш, як заўсёды, выпівае малака, надзявае пілотку, бярэ свой «аўтамат», i вось ён ужо на дварэ. Добрай раніцы, сонечны лес!