Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 27 из 136

Мы разбудзілі Калодку. Той апрытомнеў i пачаў, абіраючы з твару салому:

— Усё, хлопцы, як усё. Супачыці-то добра ўдалося, а каб гэта яшчэ i наесціса. Бо ўжо ж i ногі слухаць не хочуць.

Мікола ўсміхнуўся, а потым, нібы не стрымаўшы новага прыступу весялосці, гыкнуў.

— Чаго ты? — спытаўся Калодка.

— З цябе.

— Які ж тут смех з мяне? Што чалавек пад'еў бы?

— Вядома. Хочаш у старцах жыць ды з перцам есці. Ну, сядзем на сані.

Мікола першы з'ехаў уніз.

Па аднаму, уперабежку перабраўшыся цераз чыгуначнае палатно, лесам мы рушылі смялей.

Такі ўжо склаўся парадак, што я ішоў заўсёды першы, за мной амаль зусім нячутна ступаў малы i спрытны Мікола, i ззаду чмыхаў Калодка, спакойна i бясстрашна, нібы ў свой Кобрын на кірмаш.

Гэты жанаты, цяжкі паляшук наогул быў вялікі аптыміст. На днёўках спаў, няхай здароў будзе, як мядзведзь. Надоечы пракашляў увесь дзень пад кустом, а потым апраўдваўся тым, што «ніяк жа ж не мог устрымацца…». Ідучы, ён грукаў вялізнымі артылерыйскімі ботамі, нібы Коласаў дзядзька ў Вільні, i часта, на хаду, любіў паразважаць уголас. «Сядзі, сядзі сабе, бойса, — гаварыў ён пра тых, што яшчэ засталіся ў няволі.— Ты бойса, а я прыйду дахаты, адрэжу сабе ад бохана колькі мая душа захоча, i паглядзім, каму будзе лепш…»

Калодка пайшоў з намі вельмі ахвотна, відаць, з цвёрдай упэўненасцю, што гэтыя два завядуць яго проста дахаты i нават пасадзяць за стол. Што будзе далей — няважна, абы нарэшце пад'есці. На першай днёўцы ён так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз уздыхнулі.

Выбар быў мой, i, грэшны чалавек, калі б Калодку выбіраў у спадарожнікі не я, a Мікола — я ўжо не раз упікнуў бы. A Miколa маўчаў, употайкі глытаючы нездавальненне, а потым нават пачаў i смяяцца.

Ды смеху было няшмат, i смех гэты быў rap капа ты, а часам i зусім горкі. Дарогі яшчэ гэтак многа, a ногі ўсё тыя самыя. Хутка восень, а мы без шынялёў… Думалася спачатку, што голад у полі не страшны: дзе каласок, дзе бручка, дзе бульбы спячэш… «Жылі ж калісьці святыя ўгоднікі па цэлай сотні год», — смяяўся Miкола. I мы клявалі каласы, ахапкамі бралі на пракосах гарох i на хаду вылузвалі струкі, разоў ca тры варылі ў кацялку бульбу, адзін раз нават з маслякамі. Аднак, калі на пятую ноч уцёкаў мы ўбіліся ў нейкую пушчу i толькі праз двое сутак выйшлі на яе ўсходнюю ўскраіну, Мікола заключыў, што святыя ўгоднікі, як відаць, не ўцякалі з палону… Ногі цяжэлі з кожным днём. I ўсё часцей скрыгатала па сэрцы ўздыханне Калодкі: «Эх, каб наесціса!..»

Учора на досвітку, выйшаўшы з пушчы, знайшлі мы абрывак нямецкай газеты. Мяркуючы па даце, якой азначаны былі дзве карэспандэнцыі з розных раёнаў, яе пакінуў нехта нядаўна, і, значыцца, друкавалася яна недалёка. А па назвах раёнаў — Дойч Кронэ i ПІнайдэмюль — можна было меркаваць, што мы знаходзімся паблізу ад былой польска-нямецкай граніцы. Адкрыццё асабліва па сэрцы ці, лепш, па нутру прыйшлося Калодку.

— Я вам кажу, што гэта Польшч ужо, — гаварыў ён, уперавалку сігаючы за, Міколам. — Дакуль жа быць Германіі — дзесяты дзень ідзём. I газетка ж таксама піша. Нават i свет запах, здаецца, інакш. A калі Полыцч, дык будзем сёрбаць боршч.

— Пасёрбаеш, — сказаў з усмешкай Miкола. — Я цэлы год адсёрбаў, годзе.

У Міколы быў горкі вопыт. Летась ён уцякаў i папаўся з-за гэткага вось самага баршча: зайшоў на хутар папрасіць пад'есці, а там якраз салдат, сын гаспадарскі ў адпачынку…

Ды для Калодкі гэта быў не доказ.

— Ну, ты нам пра тое каторы ўжо раз! Ты ж на сабаку нейкага наткнуўся. А гэта ж свае, палякі. Накормяць.

— Давай! Разяўляйся шырэй!..

I вось тады, нібы для таго, каб спыніць гэтую спрэчку, перад намі, у лесе, пачулася песня. Хлопцы сціхлі, i мы спыніліся.





Насустрач нам паўзла між асакі i папаратніку вузкая, звілістая сцяжынка, а па сцяжынцы нехта зусім маладзенькі нёс нам польскую песню:

— А што — не казаў я, а што? — паспеў усцешыцца раней за ўсіх Калодка.

А потым мы, без каманды, нырнулі ca сцежкі ў кусты.

Спыніць дзяўчынку, не спалохаўшы, было даручана мне. Знешніх дадзеных, якія падкупілі б спявачку адразу, у мяне было не больш, чым у сяброў. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Паўпадаўшыя вочы глядзелі з-пад брывей, нібы з-пад прыпека, а твар накрывала густая чорная пожня. Аднак цяпер я стаў за бярозу, i сэрца мае забілася так насцярожана, нібы мне трэба было — не толькі трэба, а неабходна! — го лай рукой злавіць на галінцы бярозы маленькую, палахлівую птушку…

I вось дзяўчынка паказалася, — спачатку мільганула паміж дрэў, на паваротах сцяжынкі знікаючы за зеленню кустоў. Яна спявала, i — услед за голасам — усё набліжаўся, ясней вырысоўваўся воблік спявачкі. Вось, праз зялёную сетку лісця, ужо зусім недалёка паказалася светлавалосая галоўка. Яшчэ бліжэй. Стракатая сукенка пашыта, відаць, даўно: тонкія, загарэлыя ногі дзяўчынкі здаваліся пад ёй залішне доўгімі. Не па гадах прыкметна яна махала рукамі, асабліва далека назад закідаючы правую. Рукі таксама здаліся мне даўжэйшымі, чым трэба. Відаць, не па ўзросту вялікі цяжар прыходзіцца ёй паднімаць…

Песню сваю дзяўчынка цалкам не ведала, — праспяваўшы дзве першыя страфы, яна зноў завяла ад пачатку:

A голас — амаль зусім дзіцячы яшчэ — да болю сардэчна расказваў аб тым, як цяжка расцвітаць калінаю ў няволі.

Я меў няпоўных дваццаць чатыры гады, тры з якіх забралі панскія казармы i гітлераўскія лагеры. Столькі было тугі па свабодзе i мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы!.. I вось яна ідзе — ужо не проста сябар нядолі, палонны, ужо не фашыст з аўтаматам, а першая ўсмешка свабоды!.. Так мне здалося, ледзь не да слёз… Дзяўчынка амаль параўнялася з бярозай, за якой я стаяў. Трэба было гаварыць, а я ніяк не мог пачаць. I ўжо тады, калі застаўся ёй апошні крок, пасля якога мой голас быў бы вокрыкам ззаду, — першае слова з натугай сарвалася з майго языка.

— Дзяўчынка, — ціха сказаў я на-польску. I, перш чым яна паспела спалохацца, дадаў мацней: — Я свой. Не бойся.

А яна ўсё ж такі спалохалася. Загарэлыя тонкія ногі занылі, здаецца, зусім прыкметна. Ды ненадоўга. На вуснах i вачах малое паказалася нясмелая ўсмешка, амаль зусім прыкметна праясніла твар, i вось, як апошні доказ, што дзяўчынка прызнала ва мне свайго, яна сказала:

— Дзень добры!

Я працягнуў руку. Малая не задумвалася нават на момант: маленькая далонь, на якой я адчуў мазалі, i ўсе пяць малых i цёплых пальчыкаў схаваліся ў маёй бруднай, вялікай жмені.

— Пан ест наш. Пан уцека з няволі. Позналам адразу.

Вялікія светла-блакітныя вочы глядзелі па-дзіцячаму даверліва, наіўна. А словы яе «позналам адразу» казалі аб тым, што падлетак пачаў уваходзіць ва ўзрост, якому да твару бывае няшкодная, мілая мана. Бо не адразу малая пазнала мяне, — адразу яна проста спалохалася.

Яна спалохалася зноў, калі ў кустах, дзе сядзелі Мікола з Калодкам, пачулася шамаценне.

— Ой, што там? Што там, проша пана?..

Я не паспеў супакоіць яе. З-за куста паказаўся мядзведзь-Калодка.

— Дзень добры, цурка, дзень добры! — уголас гаварыў ён, падыходзячы. — Не бойся нас — свае! Ну, як жывеш, як маешся?

Малая павіталася з Калодкам за руку і, выглянуўшы з-за яго на новы шорах у кустах, убачыла Міколу.

— О, ешчэ едэн пан! — сказала з усмешкай.

— А божа мой, які ён пан! — здзівіўся Калодка, — Хлопец ледзьве ногі цягае, а яно кажа — пан. Голад, мая каханая, не цётка.