Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 26 из 136

А справа выглядала так. Элер заўважыў, што ў лагеры гэтай зімой развялося зашмат абутку i пачалася спекуляцыя. Шаўцы зараблялі на гэтым найбольш, камбінуючы i абутак i работу налева, а законна здадзенае ў майстэрню доўга ляжала там нечапанае, чакаючы чаргі. Фельдфебель вырашыў увесь рамонт прапускаць толькі праз уласныя рукі.

Дзяцюк з чаравікамі стаяў перад немцам моўчкі. Думалася яму, відаць, слухаючы на большую палавіну незразумелае сакатанне, што ўсё гэта — тое самае ліха, што i ў польскіх казармах калісьці. Пагаўкае ды сціхне. Але той не сціхаў.

Тады крайні шавец, даўгатвары хлапчына на крывых здаравенных нагах, не вытрываў:

— Не бойся, Корань. Гэта фэст хлопец, так толькі любіць пажміндзіць. Ты пачакай…

I, каб паказаць сябру, як ён тут проста жыве з начальствам i як ўжо ўмее па-іхняму, ляпнуў загадчыка па рукаве.

— Лясма, Вілі,— сказаў.— Ix моргін фертык махін i фільфебель нікс вісан. Ганцэгаль. Ушыстко едно, мэнш! [7]

— Ты так думаеш, Штэфан? — памякчэў немец. — Аднак, мілы мой…

Ен не скончыў, а той, у галандскіх чаўнах, не паспеў усміхнуцца, што з рамонтам, відаць, атрымаецца, — калі адчыніліся дзверы i з двара паказалася вусатае мурло фельдфебеля…

— Слухай, Вілі,— пачаў Элер i раптам заўважыў няшчасныя чаравікі.— Ага! — загрымеў ваяўнічым, усцешаным голасам. — Зноў адзін без цэтля! Зноў спекулянт!

Таўсцюх нечакана рухава ўляцеў у барак, схапіў чаравікі з рук перапалоханага чаўнаносца i шпурнуў ix у дзверы, над галовамі сваіх «апосталаў».

Няўдала. Звязаная пара падкутых салдацкіх грукачоў перакулілася ў паветры так, што адзін з ix ударыў Ружэ.

Хлопец ахнуў, хапіўся аберуч за скронь i сеў на свой вазок.

Нават дзядзька Янушчык абурыўся. Праўда, па-свойму.

— Ну, гэтак нікс гут, — сказаў з асцярожненькай смеласцю. — Гэтак, фельдфебель, нікс махін…

А Элер ужо трымаўся за дзвярную клямку i глядзеў сюды, больш тупа, чым збянтэжана.

Саша — ён потым сам так гаварыў мне — стаяў як пень i пазіраў то на Ружэ, то на фельдфебеля, то на сяброў.

A ўсе маўчалі. Так, здаецца, доўга-доўга…

Ружэ парушыў гэтае маўчанне. Калі ён адняў ад твару свае жаночыя рукі — там не было ўжо мілай, сумнай усмешкі… Цярплівасць падарвалася, i маладое сэрца — з болем крыўды i спутанай страсцю нянавісці — успыхнула раптам і, бяссільнае, толькі заплакала. А за ім заплакалі i чорныя, летуценныя вочы…

Сівы мусье Дэмазье апамятаўся першы: ён пачаў неяк збянтэжана гладзіць то разбіты цвікамі твар юнака, то — чамусьці — яго седлаватую, з вострымі чубікамі пілотісу.

— Ціха, ціха, мой хлопча, ціха, харошы, — шаптаў ён нешта накшталт гэтага па-французску i азіраўся раз-поразу на фельдфебеля.

Пасля дастаў з кішэні сігарэты. Ружэ апошні раз усхліпнуў i ўзяў а дну з ix доўгімі, спрытнымі пальцамі левай рукі. Стары шаркнуў запалкай i падставіў хлопцу кволы агеньчык. Ружэ, аднак, дыхаў яшчэ неспакойна — агеньчык згорбіўся, упяўся i прапаў. Ды ўжо да тытуню прыліпла жывучая зорачка жару. Ружэ пацягнуў разоў колькі i ў губах падставіў сігарэту мусье Дэмазье. Пакуль той пыхкаў, цягнучы агеньчык да сябе, за цяжкімі акулярамі старога настаўніка юнак убачыў іскрынкі слёз i, вядома ж, усхліпнуў зноў.

Саша дарэмна прыкусваў губу. У вачах стала цёпла, i па халодных шчоках папаўзлі няпрошаныя, горкія, ужо даўно накіпелыя слёзы. Бо ў ix было адразу ўсё — i даўняя глыбокая туга, ад якое парой падкочвае да горла рыданнямі, калі хочацца ўпасці на нары, i, схаваўшыся з галавой пад вашывыя транты, крычаць на ўвесь свет, i душыцца ад плачу, i хвастаць мазольнымі кулакамі па фельдфебельскім мурле, i гладзіць любы твар Ружэ — яшчэ з большай пяшчотай, чым гэты сівы стары!..

— Слухай, Ёзап! — пачуўся раптам хрыплы Элераў бас. — Ты скажы яму, Ёзап, — гаварыў ён чамусьці Янушчыку, — што я незнарок, што сёння позна ужо, a заўтра я яму хлеба дастану. Цэлую булку! Аднаму яму!..

ЗЯЗЮЛЕНЬКА

Ноч выдарылася як па заказу: цёмная, пасля дажджу. За вокнамі барака, дзе размяшчалася наша каманда, чутно было, як безупынку сакаталі конікі i над мокрымі мэндлямі жыта каля брукаванай дарогі сумна шумел i бярозы.

Апоўначы мы выбраліся са свае «буды» на ўскраіне заводскага пасёлка — назаўсёды. Не ўсе, a толькі ўтрох. З трыццаці нашых сяброў большасць спала, пасля нялёгкай працы моцна, а хто прачнуўся, калі мы збіраліся, той ці маўчаў, ці жадаў нам шчаслівай дарогі, ці ўголас баяўся…





Наіўна асцярожныя, мы перайшлі дарогу задам, як мядзведзі, а потым павярнуліся на ўсход. Шарахцелі ржышчам, брылі па свежых роллях, па моры соннага калосся ярыны. Ішлі шпарка, устрымліваючы, каб не бегчы, прапускалі праз пальцы i зрывалі вільготныя пшанічныя каласы i нават ціха, гулліва ржалі…

З таго часу мы сталі начнымі людзьмі.

Зоркі вялі нас на ўсход. Вясковыя хлопцы, мы былі дрэннымі астраномамі. Ва ўсёй мігатлівай жарстве, што асыпала нашу высокую столь, мы пазнавалі перш за ўсё Вялікую Мядзведзіцу. Яна была ў нас заўсёды па левай руцэ, a трошкі правей ад Зараніцы быў родны наднёманскі край. Туды цягнула нас, як цягне стрэлку компаса на поўнач.

Дзесятай ноччу мы прабіраліся па абшары памешчыцкай бульбы. Ішлі амаль да пояса мокрыя; ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку i непрыемна нылі пад каленьмі. У грудзях таксама нешта балюча ныла — ці то з сярэдзіны, ці зверху.

Цярплівасці мы назапасіліся нямала, але ўсё ж час ад часу хацелася крыкнуць: «А ліха ж вам з вашаю бульбай, праклятыя юнкеры!..»

Досвіткам напаткалі на ўскраіне лесу нейкую самотную адрыну, а ля яе вялізны шэры стог старой саломы. Спакуса была вялікая. Каторы ўжо дзень мы то моклі ў кустах пад дажджом, то ад зямлі нацягваліся холадам. Асдярожна i з таго боку, дзе стог амаль упрытык туліўся да сцяны адрыны, мы залезлі на саламяную вышыню, выграблі бярлогу i ляглі. Мікола, як заўсёды, забяспечыў маскіроўку. Пасля ён прытуліўся да мяне, i, засынаючы, я чуў яго шчаслівае пашэптванне.

Калі я прачнуўся, сонца стаяла яшчэ ўсё высока. Праз салому, якой Мікола прыцерушыў наша гняздо, праменні яшчэ даставалі нас. Першым пачуццём, з якім я ўбачыў ix, была тая самая злосць на доўгі, бясконца доўгі летні дзень. Грудзі нацягнуліся сухота, гаркавага саламянага пылу, i так хацелася выбрацца наверх, ісці. Ды яшчэ было рана, а хлопцы спалі. I я маўчаў.

Неўзабаве здалёк дайшоў гудок паравоза, а потым усё бліжэй чулася грукатанне вагонных колаў.

— Цягнік.

— А ты не спіш ужо?

— Даўно.

— I ўсё думает?

— Думаю, Уладзік…

Пра што ён думае, я не пытаюся: думаем мы, як відаць, пра адно. Быў жнівень сорак першага года…

— Вось ён пайшоў, яшчэ адзін цягнік, — ціха, павольна гаворыць Мікола. — Туды, напэўна, на ўсход. Новыя танкі павёз, новых салдатаў… Нашы там кроўю абліваюцца, а мы…

Трэці сябар, Калодка, хроп, спакойна, па-хатняму прысвістваючы носам. I ў гэтым яго бестурботным храпенні было нешта такое, ад чаго станавілася яшчэ больш прыкра чакаць.

Пасля, калі праменні сонца пачалі патроху вылазіць па саломінках з нашай бярлогі наверх, штораз, то ўсё чырванейшыя, а нарэшце i зусім падняліся з яе, Мікола не вытрымаў — высадзіў галаву.

— Хутка зойдзе, — шапнуў ён. — Нехта яшчэ вунь корпаецца ў бураках. Адзін. A буракоў, буракоў — ёлкі-палкі! Панскія, мусіць. Усюды паны. Вунь нейкі мурза па шпалах папоўз.

— Не паказвайся.

— Думаеш, блізка?.. А тут i лес зусім, зусім пад бокам. A бярозкі якія!.. Якраз як у нас… Сёння ж субота: нікога на полі не будзе ўжо. Ну, Уладзік, вылазь.

Я паслухаў i высадзіў галаву.

На захад распасціралася плантацыя цукровых буракоў. Нейкі мужчына хадзіў па ix воддаль, прыгнуўшыся, i абрываў бацвінне. На ўсход, ускраінай лесу працягнуліся чатыры струны чыгуначных рэек. Каб не рэйкі ды шпалы i жвір, верасы i бярозкі прыйшлі б да самага стога. Сонца заліло ix на развітанне барвовым, раскошным святлом.

7

Пакінь, Віллі. Я заўтра папраўлю, i фельдфебель не будзе ведаць. Усё роўна, чалавеча!