Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 136

Альбом — з польскага фронту. Там былі вельмі прыгожыя — «чыстыя», Фліс гаварыў,— здымкі разбураных гарадоў, спаленых вёсак, трупы салдатаў, жанчын, дзяцей. «Многа такіх усякіх здымкаў». Што сам гер лёйтнант здымаў, а што здымалі іншыя, ягоным апаратам. То ён, гер лёйтнант, на маршы, верхам, перад усёй сваёй батарэяй. То ён рукой каманду падае: «Агонь!» То ён пасля глядзіць, любуецца, што нарабіў. Руіны, трупы — разам з ім.

— Гэтыя здымкі,— расказаў наш мармытун, — ну, тыя, дзе i ён, Горст павялічыў, нават пяць штук пад шклом ирывёз, у рамачках такіх. I паразвешваў у хаце. Адзін дык над ложкам у Кэты, у саменькіх галавах. А яна…

— Маў-чаць! Ты… скур-вы-сын! Ты мне…

Антоні ўсхапіўся ля печкі.

— Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..

Антоні ажно задыхаўся.

Мардаты Фліс, які сядзеў на нарах, асеў глыбей у салому, прыгорбіўся. Змоўк. I глядзіць на Антонія, на нас, нібыта ўпершыню адчуў, што ён — яшчэ тут, што ён — адзін супроць усіх…

Далей было, што было, калі ён зноў акрыяў,— назаўтра, наогул пасля, — a ў той вечар ён звяў i раскіс, як дзярмо. Проста гадка глядзець… Зрэшты, i потым ён не палепшаў, a толькі стаіўся. Ды гэта — пазней…

A ў тую ноч, калі ўсе ўжо спалі, а я прачнуўся, як ад штуршка, Антоні яшчэ ўсё сядзеў каля печкі. Я ўстаў i падышоў да яго. Сеў побач, на другой табурэтцы. Антоні слініў-пакурваў сваю люлечку, што ўжо, здаецца, даўно не дыміла, i пёк на распаленай да чырвані печцы бульбу, нарэзаную проста пялёсткамі.

— Бяры, Уладак, еш, — усміхнуўся ён. Зноў ранейшы — спакойны i добры.

Я маўчаў. Нават падзякаваў кіўком, узяўшы гарачы, хрусткі скрылёк.

— Табе не холадна?

«Не», — закруціў я галавой. Салгаў. Бо плечы пад ушчэнт зношанай кашуляй яшчэ падрыгвалі ад холаду, які быў за намі — навокал i ўверсе.

— Сагрэешся трохі…

Ён, мусіць, зразумеў, што я i ўстаў, i чакаю — не так сабе. I ён неўзабаве пачаў:

— Над узгалоўем… Чуў?

Я ўсё маўчаў, чакаючы.

— Ты на Аксыўскай Кэмпе быў?

— А дзе ж я быў? — азваўся я нарэшце, ледзь не злосна.

— Быў, дык i ведаеш, як было. За пару дзён да канца. Ужо зусім ні зброі, ні надзеі,ні парадку… Ноччу яшчэ ўсё кідалі жменькі людзей на ix акопы. А замену пярэдняй лініі рабілі, курчэ пячонэ, удзень, пад абстрэлам у тыл адыходзілі. Зрэшты, дзе быў той фронт, дзе той тыл? Як на смех, прыціснулі нас — такою сілай! — да мора, а тут у цябе адна вінтоўка — i на гарматы, i на самалёты. Як бога кохам, сам бачыў, як нейкі рэзервіст абцасам адбіваў затвор карабіна. Здаецца, італьянскага, ці, можа, нават рымскага яшчэ. Узброілі! Крычалі толькі: i самі магутныя, i саюзнікі… Што ж, мы, салдаты, рабілі, што маглі…

Апаўдні — так, семнаццатага — нас змянілі. Каля Пагужа. Мы там два дні праляжалі. Адступілі, як i заўсёды, пад агнём. Спыніліся на нейкім хутарку. Яблыкі елі, нават паселі чысціць зброю. А тут — на табе!.. Першы выбухнуў на раллі за плотам, другі метраў за трыццаць правей, а тады — сам ведаеш, як гэта робіцца, — абмацалі i залпамі!.. Пяць чалавек, мы дабеглі да вёскі i распаўзліся па норах. А яны па нас, курчэ пячонэ, малоцяць!.. Калі пераціхла, я — ну, усё ж старшы — выйшаў з пустога дома, пайшоў шукаць сваіх людзей. Двух сядзелі за малачарняй, а двух знайшлі мы ў пограбе, разам з цывілямі.

Спусціўся я туды адзін. Гудуць у цемры — моляцца, плачуць. Сам ведаеш — дзеці, старыя, жанчыны… Страшна. Прывык я трохі да цемры, бачу — налева ад увахода, прытуліўшыся да сырой мураванай сцяны, стаіць дзяўчынка. Малая, дробная, гадоў пяць-шэсць. Трасецца ўся i шэпча, следам за ўсімі:

— Пад тваю абарону… святая…

I шаптаць не можа — дрыжыць.

— Яворскі! Сойц!

Аказваюцца глуха, неахвотна. Сорамна. Не хочацца.

— Ану выходзь!

Дзяўчынка спалохана адсунулася ад мяне, далей у цёмнае. Відаць, я быў усё-такі страшны. А што ж — аброслы, брудны, як чорт, гранаты, каска, карабін. Як жывая, стаіць у вачах — замурзаны тварык, нлечы дрыжаць i падбародачак. А як глядзела яна!..

Так, хлопча, мы был! салдатамі. A ўсё ж баяліся i мы. Ты як? Можа, гэта i сорамна… Я асабліва баяўся артылерыі. Страшная ўлада металу над бедным, кволым целам чалавека… Курчэ пячонэ! Як часта хацелася крыкнуць: за што?.. Ну, ды гэта — не па-салдацку. Бо мы не мелі права на страх. I мы яго…





А дзяўчынка? За што па гэтай галоўцы жалезам? I па вачах, i па ручках, якія дрыжаць?.. Мяне адразу здушыла штосьці за горла, вось так — ад грудзей угару. Забыўся, што i старшы ў групе. Так, Уладак, я меў дзяўчыну, хацеў ажаніцца сёлета, хацеў мець дзяцей. Не многа — толькі б такую, як тая…

— Кася, не бойся, дурненькая, — азвалася з кута жанчына. Маці. Яна сядзела на клунку дабра, трымала на руках грудное. — Пан бог не дазволіць. I маці яго прасвятая таксама. А гэты пан — добры. Ён бароніць ад немца. Дай пану яблыка. На!..

Малая ўзяла яблыка i працягнула яго мне. Рука дрыжыць. Шапнула штосьці нячутнае.

Мне б цябе затуліць на руках, мне б цябе вынесці з гэтага пекла, а я толькі сказаў:

— Не бойся, дзяўчынка. Усё будзе добра.

Баліць душа ад гэтых слоў… I сёння, хлопча, таксама…

А тут жа ўсё, сам ведаеш, грымяць ды грымяць, ірвуцца ды рвуцца снарады. Якраз тады, калі я ўзяў яблыка i сказаў тыя словы, — вельмі блізка громам раскалоўся выбух, i ўсе мы на момант сціхлі. Я, як заўсёды, зажмурыўся, нават, здаецца, прысеў. Інстынктыўна. Дзяўчынка кінулася ад мяне з прарэзлівым крыкам:

— Ма-му-ся!..

Калі ж адспявалі — недзе над намі — асколкі, у перапынку паміж выбухамі зноў заварушылася жыццё. Зноў пачуліся словы:

— Касю, не бойся, дурная. Пан бог i маці яго прасвятая…

О, курчэ пячонэ!.. О, шваб!..

Тады я выйшаў з зямлянкі адзін. Стаў пад дрэвам, гляджу. Дзве дзеўкі вылезлі з таго самага пограба i, пакуль я сабраўся спыніць ix, пабеглі. Я крыкнуў — нават не азірнуліся. А тут — нібы спецыяльна заўважыўшы ix — снарад! Я інстынктыўна ўпаў. Віскат асколкаў, дзявочы лямант. «Ну, ёсць!» — мільганула ў маёй галаве. Ды не — абедзве яны праляцелі назад i нырнулі ў сховішча. Зноў выбух! «Намацвае! Заўважыў!..» I сталася, хлопча…

Ен такі, мусіць, заўважыў. ІПто ты хочаш — у Гдыні з акон стралялі па нас, з гарышчаў. Мясцовыя немцы. На дрэвах — у полі, у вёсках — сядзелі карэкціроўшчыкі. Ты думаеш, чаму так трапна біла ix артылерыя?..

Пограб, вядома, абрушыла. Два пападанні.

Мы ўжо хацелі пайсці адтуль, але Зыгмусь упяўся, калі аціхла: «Не, адкапаем сяброў!» Бо i людзі сабраліся, з нораў другіх павылазілі, па лапаты пайшлі.

Амаль усе ў тым пограбе был i нежывыя. I Кася — таксама… Толькі маці яе ацалела ў кутку. Нейкім цудам, як быццам на гора сваё.

Мы вынеслі малую на траву. Маці яе вывелі пад рукі. Села пры ёй. А грудное — яно ацалела таксама — жанчыны забралі.

Кася, відаць, зноў стаяла каля сцяны… Не, Уладак, я табе не скажу, як яна… Сойцу тады адарвала абедзве нагі, ён яшчэ дыхаў, калi мы яго адкапалі. Яворскага амаль што не было. А малую… Ды не!..

Калі я потым, зусім пад вечар, праходзіў там — маці яшчэ ўсё сядзела. Слата церушыла, навокал грымела, ракеты ўжо сям-там успыхвалі сцішнаватым святлом. Усіх ужо там прыбралі, забітых. А Касю жанчына ўсё не давала забраць. Яе не чапалі i не ўгаворвалі. Толькі малую прыкрылі дзяружкай.

Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву i ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. I на мяне, хоць i не бачыла, мусіць. I зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…

Антоні змоўк.

А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:

«Ен тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»

СОНЕЧНЫ ЗАЙЧЫК

Прадвесне.

З неба імжыць, здаецца ад пачатку свету, дождж, — дакучлівы, халодны. А навакол, колькі відаць пад шэрым каўпаком з імглы i нізкіх хмар, уся зямля належыць юнкеру, i ўся яна густа пакрыта кучкамі гною.

Мы растрасаем яго цяжкімі, васьміраговымі віламі.