Страница 125 из 136
«Як быццам» — таму, што я памятаў i яшчэ памятаю — тады непасрэдна, а сёння з даўно па-бацькоўску ста лай адлегласці,— як я ляжаў на зямлі, як мяне прытомніла наша суровая, сухаватая маці. Яна кленчыла побач, паднімала мяне аберуч пад галаву i плечы, цалавала i плакала:
— Міша, сыночак, не трэба! Не трэ-ба!
А я, здаецца, усміхаўся, пачынаў усё разумець, мне было добра, я быў шчаслівы ад такой, яшчэ дзіцячай, радасці.
Тады было так, а сёння гэта бачыцца мне не проста расчулена па-старэчы — я цяпер тое «не трэба» чую i разумею інакш…
Такім было развітанне з маленствам.
Другі выпадак.
Васіль наш захварэў, не ўставаў ужо чацвёрты дзень. I вось я сам ужо, як гаспадар, вадзіў кабылу да жарабца. У князеў двор.
Мы ўжо адтуль вяртаемся. Я сяджу на возе, перада мною, збоку ляжыць непатрэбная пуга. A кабыліца, прыкметна паспакайнелая, то тупае спраўнай, спорнай ступою, то легка, імкліва рысіць, толькі крані ляйчынай ці цмокні, а то i самахоць, асабліва як з горачкі. Яшчэ i папырхвае весела.
А я ўспамінам перажываю сваё зусім нядаўняе, толькі тры кіламетры назад, хваляванне.
Калі я пасля ўсяго зайшоў у Князеву канцылярыю, каб выпісаць пасведчанне, мяне накіравалі да століка, за якім сядзела маладзенькая паненка. У той час кожны, хто чыста апрануты ў будзень, здаваўся i называўся панам. Тая паненка — чарнявая, у бе лай кофтачцы, нізка адкрытай над грудзьмі.
А мне — пятнаццаты. Я многа працаваў, але ж i чытаў нямала. Сярод выпадкова знойдзеных кніг трапляліся i такія, дзе мне не ўсё было зразумела, хоць i цягнула ў тую панадную, таямнічую незразумеласць. Жанчына таксама была яшчэ недзе далека — тая, што будзе маёй, аднак уяўляць тое наша, што калісьці прыйдзе, было то нясцерпна, хвалююча соладка, то ад пэўнай прыблізнасці прыкра, то зноў паэтычна, i таямніча, i радасна. Шчасце расло ў маёй душы, паўнапраўная маладосць спакваля падкрадалася мужнаю сілай, а збоку гледзячы — я быў i сарамлівы трохі, i вуграваты, i ніштаваты з выгляду хлопец.
А чарнявай ды паўнагрудай паненачцы гэта было як быццам зусім нецікава. Яна пісала, запаўняла бланк, на якім я, праз нечаканую тут гарачыню хвалявання i нейкага сораму, бачыў буйныя польскія літары друкаванага загалоўка: Świadectwo pokrycia. У маім уяўленні яшчэ так свежа i неспакойна жыло зусім нядаўняе відовішча красы i сілы, а цяпер на тое, што было, гарачай хваляй ішло ўяўленне новае. Я стаяў над сталом, маладое, цыбатае, расхваляванае боўдзіла, i, калі яна, узняўшы позірк ад паперыны, спыталася, як маё прозвішча i як завуць маю «кляч», ледзь прыпомніў другое, ледзь вымавіў такое простае, ніколі яшчэ не пісанае: Каштанка…
Наступнай вясной у Каштанкі ўжо быў жарэбчык, па бацьках каштанавай масці, бо i яго панічык тата, англічанін «огер Джон», як стаяла ў пасведчанні, быў такі самы.
Шэсцьдзесят пяць гадоў — гэта многа. Прасцей акінуць ix вокам з канца да пачатку, непараўнана цяжэй, складаней было жыць дзень за днём, калі не лічачы ix, a калі дык i дробячы на мінуты, секунды. Пад снарадамі ў акопе, у бяссоннай трывозе за жыццё кагосьці з найбліжэйшых… Я многіх блізкіх перажыў, нямала пахадзіў ды паездзіў, паплаваў ды палятаў, пабачыў многа рознага, у тым ліку, вядома, i добрага, прыгожага. I сярод гэтага ўсяго мне іншы раз светла i цёпла згадваюцца нашы бяскрайнія лугі ў раскошнай квецені, ціхая, чыстая рэчка майго пачатку. A ў гэтай рэчды, у павольнай, ласкавай у паўдзённую спёку вадзе плыве наша быстрая красуня, наша работніца Каштанка. Шчасліва, вольна плыве, толькі папырхвае над вадой, выцягнуўшы крутую шыю, храпай нібы п'ючы тую ваду, нібы гулліва цмокаючы асцярожным пацалункам. А побач з ёю плыве яе першы сынок. Такі яшчэ нясмелы, што мне прыйшлося піхнуць яго з берага ў ваду, такі яшчэ безабаронна трапяткі, a ўжо так хораша, адразу так свабодна, сам па сабе ўмеючы тое, чаму мы, людзі, змалку i часамі доўга вучымся.
З павадамі ў руцэ я плыву побач з маткай i сынам. Таксама шчаслівы.
2
У тыя дні, калі я сам даўно ўжо быў не дзіця, аднак мне яшчэ вельмі далека было да шчасця бацькоўства, любіў я сябраваць з суседскімі малымі. Яны гэта адчувал! i ад ix было, як часамі казала наша маці, не абагнацца, каб i хацеў. А я, вядома, не хацеў. Яны дапамагалі мне i працаваць, i есці, ахвотна i спалі б ca мною, асабліва ўлетку, на сене, кал i б ix не клікалі ды не гналі дахаты.
Ix было трое. Валодзя, найменшы сынок бравага дзядзькі Рамана, асірацелы яшчэ тады, калі ён гэтага не разумеў. Маму яму сяк-так замяняла сястра, гультаяватая Люба, i ён, як збоку здавалася, быў недагледжаны, з нямытай, нястрыжанай галавой, нейкі заўсёды галаднаваты, спадцішка вясёлы, разумны пяцігадовы хлапчук. Другая была Валя, таксама сірата, ужо без бацькі. Чатыры гады i худзенькая, але гэта ўжо не ад нядогляду, а па такой прыродзе. Светлыя валасы i вялікія сінія вочы. Добра запамінала ўсё i, па маме сваёй, была галасістая. Папросіш, i яна пачне спяваць. З усёй дзіцячай шчырасцю ды сур'ёзнасдю, i голасна, як птушка, якой гэта трэба, як быццам i не звяртаючы ўвагі на тое, слухаюць яе ці не. Песні былі дарослыя, маміны, i гэта неяк расчульвала сваёй неадпаведнасцю, заўчаснасцю для такога благоцця. A трэці быў Толя, першы, шчаслівы сынок Пронь'кавай Зосі, нашай маладой суседкі. Шчаслівы не проста таму, што ў яго былі i мама, i тата, i бабуля, але таму, што мама такая, як у нікога іншага…
Ды гэта ўжо думкі не ягоныя — мае.
Толю было два з нечым гады, у тройцы маіх сяброў ды памочнікаў ён быў малым i для Валодзі з Валяй, i так мы ўсе глядзелі на яго, на нашага найменшага, вясёленькага, шустрага, чарнавокага пестуна. 1 Валодзя, i Валя, як ім зусім сур'ёзна думалася, былі ўжо далека ад таго, чым быў мілы наш найменшы, i яны разам са мной, a часамі i з Васілём, i з мамай паблажліва i прыемна смяяліся з яго ўсё новай ды новай пацешнасці. То ён ката возьме аберуч за вушы, i смачна раз i два, а то i тры разы, калі паспее, цмокне ў самую сонна-муркатлівую, нездаволеную гэтай ласкай пысачку. То ён, абедаючы ў кампаніі са мною, Валодзем i Валяй, з адной місы дружна чэрпаючы бульбяны забелены «булён», раптам кідае лыжку на стол i — тыц у місу зноў жа аберуч. Бо там мільгануў, перавярнуўся i знік, у белым — чырвоны, салодкі скрылік морквы, i нельга ж не схапіць яго самым надзейным спосабам, хоць скрылік той i не адзін. A колькі пытанняў у яго, бясконцых i мілых, дакучлівых i зноў пацешных: «А хэта што, ха? А чаму хэта, ха?» I свая, непаўторная словатворчасць. «Толя, чаму ж ты болей не ясі?» Ён тады зноў за лыжку i радасна: «Я ясю!» На цвік казаў ён ціка, а на мала ток — цюка, што так дасціпна, дакладна ііпло ад цюкання тым малатком. Замест люблю — любум, замест не магу — мугугу. I зноў якое-небудзь: «Міся, ха? Ты зловіш мне верабея?..»
Я ўжо быў на шаснаддатым годзе, аднак любаваўся жыццём разам з гэтаю тройкай, многае бачачы нібы іхнімі вачыма, а каб выказаць радасць, карыстаўся i тым, што ўжо даўно адчута i прыдумана, што мне вядома было з кніг i ад людзей, карыстаўся i тым таксама, што хацелася зрабіць самому. Дзе не хапала да вершаў мелодыі, «падбіраў» сам. I сам складаў для малых, а потым для сябе запісваў, вершыкі пра кумавераб'я, пра шпака на бярозе, яшчэ пра нейкую радасць. Няхай сабе тыя «творы» мае i непрыгодаыя, каб тут ix паўтараць, але тады яны i слухачам, i аўтару падабаліся. Дзеці запаміналі ix, лепш Валя, горш Валодзя, i гэтай славы ці проста радасці мне хапала. Дзецям гульні — таксама. Як хапае кіёчка замест каня — i таму, хго так едзе i хто гэтым любуецца.
Толя да нашай самадзейнасці яшчэ не дарос, яму заўсёды было цікава ды весела i з гэтым, i без гэтага. А я, зверху любуючыся ім ці беручы яго на рукі, часта лавіў сябе на тым, што любуюся не проста мілым хлапчуком, але сынам яе, нават цераз яго — ёю самой…
Тым больш i люба, i пакутліва, i сорамна, i зноў — найбольш! — хвалююча гэта бывала для мяне пасля аднаго здарэння. Нават i не ca мной здарэння, а з Васілём.
Ён ужо быў дзецюком, кавалерам, хадзіў да дзяўчыны ў суседнюю вёску. Ca мной, па нашай даўняй прывычцы, ён дзяліўся ўсім патаемным, якое, зрэшты, дайшло ў яго тады толькі яшчэ да пацалункаў. I ён не разумеў, відаць, што гэтымі расказамі не выводзіў мяне ў сталасць, a дадаваў маёй адзіноце трывогі, пакуты, зайздрасці, спякотна-тужлівага чакання. Я не ведаў, як у яго, a ў мяне, у маім патаемным, было i такое, Што заставалася толькі маім, i падзяліцца гэтым нават з ім, не проста братам, але i другам з маленства, было нялёгка. Скажам, пасля той леташняй збянтэжанасці ў князевай канцылярыі я расказаў Васілю пра паненачку i мае хваляванне, аднак не ўсё расказаў. Без таго, што за ёю, чарнявай ды паўнагрудай, у тым складаным, i чыстым, i брыдкім хваляван7 ні стаяла для мяне другая, непараўнана мілейшая — мая яна, суседка Зося, што потым яна яшчэ больш ярка i шчасліва мучыла мае ўяўленне… I такога не скажаш, нават яму, Васілю, што мне часамі, узяўшы маленькага, шчабятлівага Толю на рукі, хацелася пацалаваць… Ну, не проста яго, не так, як цалуюць малых, як я, дарэчы, ніколі не цалаваў ні Валодзю, ні Валю, а праз яго, Толіка, — яе, зноў жа яе, яго маму.