Страница 124 из 136
Цытуючы гэта, я спачатку праверыў сябе на кнізе. А памяць — i трохі здзіўлена, збянтэжана, i яшчэ ўсё ўпарта — трымаецца за іншае слова ў апошнім радку: не счастия, а вечности — «о тайнах вечности и гроба». Можа, так мне здаўна здавалася больш адпаведным, а можа, я яго, той чарнавы працяг, — што вельмі мала верагодна, — так i чытаў калісьці ў старых, дарэвалюцыйных выданнях? Чытаў жа я ў Пушкіна i іншае ў «папраўленым» выглядзе: «что прелестью живой стихов я был полезен» — замест «что в мой жестокий век восславил я свободу». Не папраўляць жа я такога аўтара асмельваўся, хоць пры юначай дзёрзкасці i такое часамі бывае. Ад глыбіннага зместу «Воспоминания», я, прынамсі, так мне здавалася, не адхіляўся, a ў чароўнай яго красе быў заўсёды на ўсю душу.
Промахі памяці. Большыя, меншыя. Яны мне, бывала, дарагавата каштавалі. I асмяяным бываў, паспрачаўшыся, i заклады прайграваў. Часамі, праўда, перамагаў i я. Справа не ў гэтым. У нядаўна прачытанай кнізе сяброўскіх успамінаў пра аднаго з нашых значнейшых літаратурных сучаснікаў прыемна было i раз, i два разы сустрэць расказ пра знаёмую i мне прывычку таго таварыша, якога ўжо даўнавата з намі няма. Паэт не быў яшчэ i кампазітарам — ён проста сам складаў мелодыі да ўласных вершаў, любіў ix так спяваць, нават i не самому сабе, а з сябрамі, пры ix дапамозе. Было такое i ca мной, з той розніцай, што вершы я мармытаў не толькі свае, а перш за ўсё чужыя, любімыя, i толькі на адзіноце, бо ўжо, калі пры некім ці ў кампаніі, дык толькі ў душы. Памылкі ў словах, промахі нават i маладое памяці былі, але ж было i іншае — шчырая закаханасць.
Адной з такіх, найбольш любімых, песняў было якраз «Воспоминание» — «Когда для смертного умолкнет шумный день…».
На сённяшні вопыт, дык якія ўжо там, у падлетка, маглі быць асабліва «печальные строки» ды «тайны гроба», якія пакуты самааналізу, якое бездапаможнае шкадаванне? Хутчэй проста краса i сіла слова, пачуцця i думкі захаплялі так — з пранікненнем наперад, у тое, што яшчэ будзе перажывацца. Аднак былі, былі яны, пакуты, ужо i тады… Калі памылкі меншыя, дык успрыманне, магчыма, вастрэйшае.
Штосьці такое ж можна сказаць i пра «милых спутников», якіх, на жаль, няма.
Тады, калі я ўпершыню прачытаў гэта ў Жукоўскага, з маіх найбліжэйшых не было ўжо толькі бацькі. Смерць яго была яшчэ зусім свежым успамінам — я назіраў яе зблізку. I як ён нас, трох сваіх найменшых, бласлаўляў апошнім знакам крыжа, які рука яго, цяжка, вяла ўзняўшыся, неяк змагла над намі намахнуць; як галасіла мама, кідаючыся па хаце, пакуль што пустой, у дзве жмені, раз-пораз тузаючы на сабе валасы; як тату мылі, ужо бездапаможна страшнага…
Адыходы іншых блізкіх i найбліжэйшых прыйшлі, адзін за адным, пазней, кожны ў свой час, заўсёды нечакана i балюча, а «тайна гроба» i вечнасці, у маім успрыняцці, як пачаліся тады, так дагэтуль i застаюцца. I з безвыходным «их нет», i з удзячным «были»…
I застаецца таксама здзіўленне перад красой i ciлай слова, загадка — таксама на ўсё жыццё.
…Мне было добра над старымі, хрусткімі старойкамі вялікай хрэстаматыі, я светла помню i буду помніць тыя гадзіны ціхай самотнасці за бібліятэчным, а потым яшчэ i за хатнім сталом. Няхай сабе легенда майго малалецтва i раскрылася не зусім так, як чакалася. I ў такім — больш спакойным, калі не сказаць, амаль празаічным — раскрыцці яе я адчуў так нямала мінулых радасцей сустрэч з сапраўднай паэзіяй.
Ды не мінулых, a толькі колішніх. Бо вечнае, аднойчы нам адкрыўшыся, застаецца ўжо назаўсёды.
1982
НА ШАСНАЦЦАТЫМ
1
У нашай мясцовасці здаўна ў пашане былi коні. Спрадвечнае, «пры панах» гміннае мястэчка Мір, да якога ад нас дванаццаць кіламетраў, славілася не толькі недаразбураным княжацкім замкам, былою вядомасцю двойчы няпісанай сталіцы — цыганскай, на ўсю Еўропу, i старцоўскай, ді не на ўсю Беларусь, — але яшчэ i конскімі кірмашамі. Па панядзелках былі кірмашы звычайныя, а двойчы, на веснавога i на зімовага Міколу, гадавыя, вельмі шматлюдныя, з далёкімі купцамі. Тады жартавалася так: «Ну i кірмаш быў, браток, — што ні пан, то сабака, што ні мужык, то свіння!» Хапала, вядома, i паноў, i свіней, аднак найбольш было коней. Цяпер, праз далеч гадоў i кіламетраў, бачу i чую тыя «Міколавы» кірмашы, На ўсіх шасці гасцінцах, што сыходзіліся ў мястэчка, бачу калёсную ці санную паўзучую чаргу фурманак, з сялянскім таварам, з прадажнымі коньмі ўпрыпрэжку, a ў «агародзе», як называлася месца, дзе тыя фурманкі тоўпіліся пасля, пазадзіраўшы безліч аглабель, чую як па-марскому нястомную, няспынную людскую гаману, бездапаможны віск ды вераск узважваных ді правяраных на «круп» свіней, а больш i галасней за ўсё — залівіста-прызыўное ржанне жарабцоў, неспакойных, вядома, на Міколу першага, вясной.
Коней у сялян куплялі не толькі іншыя сяляне, не толькі гандляры далейшыя, гуртаўшчыкі,— таксама i купцы вайсковыя, раманцёры. Цэны ў гэтых былі шалёныя: здатныя ў кавалерыю кабыліца ці конь каштавалі ў тры разы даражэй за гаспадарскіх, артылерыйск'ія — у два разы, нават абозныя i то разоў у паўтара. Ад бор быў вельмі строгі, аднак рызыкавалі многія i некаторым шанцавала. А князь, у якога быў не толькі гістарычны замак, але i некалькі буйных маёнткаў, бліжэй i далей навокал Міра, у центральным маёнтку, побач з замкам, трымаў конны завод. Жарабцы былі розных парод, ад арабскага ці англійскага «панічоў» да дзябёлых ардэнаў, «шведаў» i краевых цягачоў, якіх найбольш паважалі сталыя, нялёпсія на рызыку гаспадары. Калі ўжо той прыплод i не пройдзе ў высокія цэны, для войска, дык ці сабе, ці на продаж выгадуецца нешта надзейнае ў плузе ды ў возе. Князь князем, а яшчэ ж трымалі жарабдоў i багацейшыя сяляне, i слава пра таго ці іншага стаенніка ішла далёка, руплівыя дзядзькі не ленаваліся весці кабылу кіламетраў за дзесяць, пятнаццадь, а то i больш, з начлегам у той вёсцы.
Я гатоў папрасіць прабачэння ў журботнай памяці мноства бядняцкіх або нядбальскіх коней ды каняжын — заезджаных, недакормленых, абхвастаных вузлаватымі пугамі, абабітых па сухарэбрыцы, па кантовым крыжы кіямі, клышаногіх ад заўчаснай працы, з дыхавіцай, з макрацом, напаўсляпых i сляпых пакутніц ды пакутнікаў, але… Але i спраўных, дагледжаных коней было тады шмат. I не толькі ў маёнтках, маёнтачках i ў багацейшых сялян. Каторы i небагаты гаспадар, а кабылу сваю так «пяленгуе», што аж равок у яе на спіне, i пугай над ёю ні разу не лясне, а толькі ўсё ласкай ды памаленьку.
Я быў падлеткам, а наш Васіль добра ўжо браўся на гаспадара. Маці яшчэ толькі сеяць яму не давала, святую гэтую работу з урачыстай важнасцю робячы сама. Я ж быў у гаспадарцы яшчэ ўсё «на падхопе», больш каля дому, маме памагаў, i толькі як вазілі гной, у касавіцу, на жніве, на бульбе i мяне выводзілі ў поле. Тады ўжо i я авалодваў канём па-сталаму, амаль як паўнапраўны гаспадар, — ва ўсякім выпадку, так мне, падлетку, здавалася.
У нас тады быў не які-небудзь конь, а гладкая, быстрая кабыліца.
I ў сувязі з ёю помняцца два выпадкі.
Завёз я ў поле воз гною i вяртаўся праз суседаў двор, насупраць нашага. I не сядзеў, як трэба, на возе, адклаўшы адну, збітую з дошак, восланку сухім, знешнім бокам наверх, спусціўшы босыя ногі паміж пярэднім i заднім левымі коламі. Я фанабэрыста кленчыў ззаду, нават пасвістваў весела i не заўважыў, што ніжняя восланка пад маімі каленьмі на ямісах пасоўваецца наперад i вось-вось дастане кабыле па задніх нагах. Так i сталася, калі я з нашага поля, праз лагчыну-выбоіну загумешіай дарогі сігануў возам на суседава прыгуменне. Кабыла ўпудзілася. Такое тады здаралася часта — коні пудзіліся найбольш ад вельмі рэдкіх аўтамашын на гасцінцы, дый так сабе ад якога страху, i гэта было так цікава, так страшна для нас, вясковых дзяцей. Я быў ужо не дзіця, я намагаўся стрымаць яе лейцамі, упяўшыся назад, ад чаго тая ніжняя восланка яшчэ больш даставала кабыле да ног. Мы ляцелі па прыгуменні, па агародняй дарозе i па двары так шалёна, што я не паспеў i спалохацца. Убачыў толькі, як сусед, бравы дзядзька Раман, то махаў перад сабою нейкай ламачынай, то кінуўся да варот, паспеў зачыніць адну палавіну, а сам махнуўся ўбок, да сцяны. Кабыла шухнула ў вузкую, палавінную пройму варот, прарвалася з перад ком, зад воза зачапіўся правым колам за шула, адарваўся i паляцеў налева, а я — направа. Потырч упаў на цвёрды дол ужо не гразкай вуліцы i — першы раз у жыцці — як быццам самлеў.