Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 123 из 136

Праз шэсцьдзесят гадоў… Чаму ж так зацягнулася мая сустрэча з другою кнігай з далёкай, светлай легенды?.. Проста раней, больш ды менш маладому, не думалася пра пачатак жыцця так часта, як цяпер, калі да ўсяго, што калісьці было, цягне прыгледзецца найбліжэй, ва ўсё пранікнуць, усё сабраць у адно, як перад нейкім, найбольш адказным паходам.

У кнігасховішчах найбольшай мінскай бібліятэкі знайсці Галахава было не цяжка. I вось яна ляжыць перада мной — «Русская христоматия» (іменна так: христоматия) — з усімі яе «описаниями», «рассуждениями», «антологическими пиесами», з усёй абаяльнасцю «яцяў» i цвёрдых знакаў, што ледзь не казачна пераносяць цябе ў больш за стогадовую даўніну i пакідаюць на нейкі час сам-насам з любімымі, зноў нібы пасля доўгай разлукі. Гэта быў, аднак, не па-гогалеўску тоўсты, важкі аднатомнік, як мне здалёк неаднойчы ўяўлялася, а тры, розных гадоў выдання, паасобныя тамы двухтомніка, кнігі вялікага фармату, але не лішне тоўстыя, бо на тонкай, моцнай паперы. Дзве калонкі, густа запоўненыя тэкстам упадборку.

Каб жа такія два гамы ды ў вёсцы мець — у той далёкі, цёмны час, — гэта ж багацце якое, цэлая бібліятэка вершаў i прозы, i рускіх, i перакладных, прычым падабраных, пададзеных так культурна, з любоўю i веданнем!..

Аднак прызнаюся, што легенда, як толькі яна прыйшла на мой стол, амаль адразу неяк паблекла, ці што, нават ледзь не расчаравала мяне… У гэтай хрэстаматыі, што, як сведчыць энцыклапедыя, «складалася пад уплывам педагагічных i літаратурных поглядаў Бялінскага», з якім Галахаў сябраваў, што папаўнялася i дасканалілася ад выдання да выдання на працягу многіх дзесяцігоддзяў, я не знайшоў амаль нічога, чаго б мне не здаралася, з цікавасцю i захапленнем, сустракаць на іншых старонках — i ў малалецтве, i ў маладосці… А разам з гэтым як быццам расчараваннем было i прыемна, што ўсё значнейшае ў рускай i часткова ў сусветнай літаратуры не абмінула мяне i без Галахава, хоць, паўтараю, я быў бы шчаслівы сустрэцца з ім тады, калі так добра ведаў тугу па кнізе, так прагна шукаў i так няпроста знаходзіў патрэбнае не ў бібліятэках, a ў выпадковых кнігах маёй небагатай i цеснай жыццёвай прасторы.

Было i яшчэ адно адчуванне, з якім я ў сонечнай бібліятэчнай цішыні няспешна гартаў вялікія i тонкахрумставатыя старонкі даўняй, класічнай хрэстаматыі,— інтымная, бо ў кожнага свая, радасць яшчэ адной сустрэчы з тым ці іншым, што цікавіла, што захапляла калісьці. Абрыўкі, промні, прасторы вялікай паэзіі зноў ажывалі, паўтараліся ў душы, як паўтараюцца шчасліва паасобныя, найярчэйшыя ўсплёскі, абрыўкі найбліжэйшай сэрцу музыкі, што захаваліся ў запасніках нашай памяці i час ад часу выходзяць адтуль, з меншай ці з большай глыбіні, каб пасвяціць ды пагрэць у часамі нялёгкай дарозе жыцця.

Так зноў вярнулася да мяне тая касмічна высокая, казачна неабсяжная, да светлай сцішнаты прыгожая зімовая ноч, такая чароўная ў Фета, у яго гранічнай скупасці, у сіле прастаты:

Гэтыя санг ажно падкрэсліць захацелася — так яны бачыліся мне калісьці, i заўсёды, i сёння, так яны многа гавораць…

I такая яшчэ неразгадана абаяльная краса i сіла прастаты, жыццёвасці, ужо ў Нікіціна — ужо не ноч зімовая, з яе таямнічай, урачыста бязмежнай беллю i цішынёй, a росквіт летняй раніцы, з яе сакавіташматфарбным, сонечным рознагалоссем i стрыманай, па-маладому прытоенай цішынёй:

Як хвалявала такое, як глыбока расчульвала i ўздымала ў той час, калі ты ўваходзіў у жыццё, калі ты чыстым позіркам бачыў так многа i так ясна ў звычайным, што цябе акружала!..

Зрэшты, чаму «хвалявала», «уздымала», «было»? Было i засталося. Скажам, ніколі я не мог i сёння не магу спакойна прачытаць уголас такое простае, скупое, стрыманае ў Пушкіна:

Тут — заўсёды глыбокая, хай сабе мімалётная паўза, каб толькі глыток паветра прыняць, каб дачытаць спакойна да канца:

На два апошнія, зноў жа мною падкрэсленыя, радкі спакою таго ніколі не хапала.

На старонках галахаўскай «христоматии» — у вершы Жукоўскага — я нечакана сустрэўся i з тым, у чым, як падлетак, а потым i юнак, толькі прадчуваў найглыбейшую глыбіню, непазбежную мудрасць, якія цяпер, пасля многіх неадхільных удараў i незваротных страт разумею інакш. Настолькі інакш, што да горкага, незагойнага вопыту, да столькіх ужо варыян таў яго нават i дакранацца памяццю балюча. Пакуль не пройдзе на гэты раз, пакуль зноў не супакоішся на галоўным.

Вось ён, той верш, увесь у чатырох радках, пад назвай «Воспоминание»:

Цяпер разумеет, тады прадчуваў… I добра, што прадчуваў. А можа, i ўбачыў, адчуў тады, чаго добрага, наймацней, каб потым вяртацца да тое глыбіні, да таго пранікнення, удзячна асвяжаць душу, з гадамi ды нягодамі ў нечым прытомленую, a ў нечым i апашлелую ад грузу ды мітусні ўсялякай абыдзёншчыны.

Адчуўшы нешта падобнае яшчэ раз, у іншым «Воспоминании», у вершы, якому, здаецца, няма параўнання па глыбіні, да сцішнаты i ўрачыстай, i горкай, i гаю чай, я ўспомніў адзін свой запіс паўвекавой даўнасці, з лістапада 1933 года, калі мне было шаснаццаць, калі здавалася, што ты ўжо грунтоўна сталы, бо за табою столькі ўжо ды такога ўсяго перажытага… Дома, вярнуўшыся з бібліятэкі, я знайшоў той юнацкі сшытак i вось цытую самога сябе, i нібы не самога сябе, бо ўжо такога далёкага, цытую трохі з няёмкасцю, больш са стрыманым хваляваннем, ці што:

«Як я люблю адлучацца ад дому! Неяк адпачнеш, асвяжышся. Сёння ездзілі з Мішам у Стоўбцы. Выехалі ноччу. Прыгожая была раніца. Пустыя, узараныя палі, скошаныя i збітыя жывёлай лугі, стог сена i ціхая рэчка. Над лесам займаецца зара. А мне ўсё ўспамінаюцца цудоўныя, задушэўныя i журботныя словы Пушкіна:

У запісе, зробленым для самога сябе, позна ўвечары, калі мы з братам вярнуліся з незвычайнага на той час падарожжа (у павятовы гарадок, на возе, дваццаць восем туды i столькі ж назад), стаіць толькі першы радок заключнай страфы геніяльнага верша. Тры далейшыя радкі я дапісаў цяпер для цэльнасці ўражання. А ёсць жа i чарнавы працяг «Воспоминания», які я не толькі ведаў, але ж i часта, для душы, на адзіноце, паўтараў уголас. Асабліва ўражвалі дзве апошнія страфы: