Страница 120 из 136
У школах тады, пасля амаль сямі гадоў так званай «мікалаеўскай» i грамадзянскай войнаў, пасля некалькіх «пераваротаў» — зменаў улады, шмат было пераросткаў. Сяргей, хоць i вучыўся толькі ў пятым, старэйшы быў за мяне на тры гады. A ў шостым ды ў сёмым класах, побач з меншымі, былі ўжо i сапраўдныя дзецюкі ды дзеўкі. Сяргей трымаўся ca старэйшымі. З хлопцамі шаптаўся, хіхікаў з нечага, пра што не гаворыцца ўголас, курыў на школьным гарышчы, a дзяўчат, ужо добра грудастых, услед за іншымі гуляючы ў кавалера, абдымаў па-свойму — вышэй каленяў, дакуль даставаў.
Аднак ён i з намі, меншымі, умеў падзяцініцца.
Ён вельмі ўдала гаўкаў, мяўкаў, кукарэкаў, буркаваў голубам, шчабятаў ластаўкай. З Паўлам, маім аднакласнікам, якога за кволасць празывалі Кісяе Маляко, Сяргей часамі наладжваў, так сказаць, лялечны спектакль. Звязаўшы з кіёчкаў дзве крыжавіны, яны надзявалі на ix свае курткі i шапкі i, схаваўшыся пад тыя пудзілы, трымаючы ix над сабой, пачыналі паказваць бойку. Спачатку наскокі, адскокі, зачэпны перабрэх, першыя куксаны, а тады — узаемная малацьба рукавамі, да поўнай знямогі, калі ўжо ix «двайнікі» павісалі адзін на адным i толькі хэкалі, пад смех i крык гледачоў, наадварот нястомны.
I з «мечам» справа не абмяжоўвалася адным «сланом». Напрадвесні, калі кашэчае марцаванне не абмінала i гарышча нашай школы, Сяргей затойваўся там у цямнейшым кутку i пачынаў клікаць, на ўсе лады выводзячы то кошчына, то катова тамленне. Ці ўдалося яму калі прывабіць марцавальніка ці мардавальніцу бліжэй, пад удар свайго «меча», не памятаю, а наша — унізе, на дварэ — нясцерпнае хіхіканне i, нарэшце, смех, што выбухаў, зрываючы апера цыю, i сёння для мяне жывы.
Былі i іншыя «выхілкі», былі i вясковыя жарты i прыпеўкі, амаль заўсёды скаромныя. Праўда, разлічаныя ўжо не на нас, малечу, намі, здалёк ці зблізку, пачутыя ў гурце старэйшых.
Сярод пераросткаў найцікавейшы быў Сашка-Кі, якога празывалі так за пацешнае заіканне ў маленстве. Заіканне даўно прайшло, мянушіса засталася, але далека не кожны мог асмеліцца сказаць яе хоць здалёк, уцякаючы. Тады, у той першы слановы сезон, Сашка-Ki быў вучнем апошняга, сёмага класа, умеў выдатна бегаць на руках, да самых пят пранозліва свістаў i ў пальцы, i ротам, зусім непераймальна падцяўшы губу ды прыткнуўшы язык, камандаваў «сланом», валейболам, лаптой, хадзіў найбольш з Валяй з іхняга класа, казалі, i вечарамі з ёю сядзеў, аднак i вучыўся таксама добра, нават выдатна. I хораша спяваў у нашым школьным хоры. A гадоў яму было ўжо ажно пятнаццаць, i гэта для мяне, чатырохкласніка, аднаго з тых, хто ў школу пайшоў нармальна, сямігадовым, было недасягальным, выклікала пашану ^зайздрасць, а то часамі i страх.
I вось ён, Сашка-Ki, дружыў з Сяргеем. Як i большасць у нашай школе, яны былі не местачковыя, а з вёскі, да таго ж з адной, a сябравалі, відаць, даўно. Паспрабуй тут хто-небудзь Сяргея пакрыўдзіць!
Зрэшты, i потым, калі ўжо Сашка ў нас не вучыўся, Сяргея ніхто ніколі не крыўдзіў,— не памятаю такога выпадку.
Сашка-Ki паступіў у беларускую гімназію, на той гужавы ды пешаходны час, на мой малечы ўзрост пайшоў у вельмі далёкі, пакуль што недасягальны свет — у ваяводскі Наваградак.
Сяргей закончыў школу на год раней за мяне, далей вучыцца не пайшоў. Зрэшты, i Сашка тады ўжо не быў гімназістам: яго адтуль, як гаварылася, «прагналі за палітыку», a неўзабаве i пасадзілі ў турму.
Пра ўсё гэта я толькі чуў, яно было па-тагачаснаму далека, у пятай вёсцы ад нас, за цэлых трынаццаць кіламетраў.
Праўда, за нашымі лугамі ды за рэчкай, далей каля лесу, былі сенакосы Сашкавай ды Сяргеевай вёскі, a ўсё ж i няблізка ад нас, i ехалі іхнія касцы ды грабцы туды не цераз нашу вёску, а па гасцінцы. I яшчэ адна праўда, — у святы моладзь з навакольных вёсак сяды-тады, вясной ці летам, сыходзілася ў мястзчку, каля прыгожай царквы на ўзгорку. Не маліцца, вядома, з бабамі, а з дзеўкамі пажартаваць на цвінтары, кавалерскай кампаніяй пахадзіць, пасядзець, паляжаць на траве пад вялікімі ліпамі. Ды гэта ўсё старэйшыя. А для мяне, падлетка, што, дарэчы, як маці казала, «за кнігамі свету не бачыў», усё іншае было яшчэ ўсё наперадзе.
Словам, з Сяргеем i з Сашкам-Кі я не бачыўся доўга. Пакуль мы выпадкова не сустрэліся на сенажаці, над рэчкай. Яны вярталіся ca свайго, заўсёды пазнейшага, сенавання, а мы, некалькі хлопцаў з нашай вёскі, ужо свабодныя, прыйшлі пакупацца.
Тая сустрэча, праз сем гадоў пасля «слана», часта апошнім часам вяртаецца.
Наша рэчка — не з тых, што апяяны ў вядомых песнях, яна — сціплы прыток, да мора сама не даходзіць, плыве сабе ціха па лузе, а мы яе любім, змалку i назаўсёды. Цяпер, здалёк, светла ўспамінаецца i смех, i плёскат купальшчыкаў, i шарканне касы, i грукат колаў на пукатым сезонным мосце з плашак i круглякоў, i боўтанне шаста пры «чайцы», i побліск рыбы ў таптусе, i цярплівасць над паплаўком, i страшнае на ўсю аколіцу, — хтосьці стары ці малы, нейкі хлопец ці дзеўка, незнарок ці знарок утапіўся!.. Усё прыходзіць, праходзіць, а рэчка плыве сабе, рэчка плыве…
I вось над рэчкай — у маёй удзячнай памяці, упершыню ў маім, тады зусім юначым жыцці — гучаць словы глыбокага зместу, музыка невыказнай красы:
Мне яшчэ вельмі далека было да свайго радыё, да патэфоннай пласцінкі з голасам Шаляпіна, да поўнага ды нравільнага тэксту гэтай песні, надрукаванага ў якой-небудзь кнізе, для мяне ў той час больш за ўсё выпадковай. A ўсё ж мне i так было вельмі нямала, я быў захоплены i так, ды настолькі, што вось i сёння, амаль праз паўстагоддзя, уражанне тое яшчэ ўсё хвалюе сваёй першароднай i незацёртай свежасцю.
Спяваў наш Сашка-Кі.
Пакуль нырнуць у ціхую, прахалодную глыбіню, ён стаяў на зноў ужо зялёненькай пакошы высокага берага, голы толькі яшчэ да пояса. Загарэлы i дужы, — нягледзячы на тое, што сілу i волю яго ўжо намагаліся адабраць i ў паліцэйскіх катоўнях, i за турэмнымі кратамі. Глядзеў на лес за ракою ды за прасторам лугоў i густым барытонам, з грудзей i ад сэрца спяваў.
Каля яго стаяў Сяргей.
Спяваць не памагаў. Слухаў разам з усімі. Чалавек было нас больш за дзесяць, з іхняй i з нашай вёсак. Але глядзеў i ўсміхаўся ён так, быццам гэтая песня па нейкаму таямнічаму праву належыць i яму, разам з яго — такім магутным i прыгожым — сябрам.
Яго калецтва, ужо таксама да пояса аголенае, не было шчымліва-прыкрым у параўнанні з маладой нармальнасцю ўсіх іншых, а перш за ўсё з Сашкавай, не выклікала яно i жаласці.
…Яшчэ праз сем гадоў, улетку сорак першага, фашысты i ў нашым мястэчку, дзе стаяў ix паліцэйскі гарнізон, расстрэльвалі былых заходнебеларускіх падпольшчыкаў i малады савецкі актыў. З самога мястэчка i з навакольных вёсак, — хто быў сваімі здраджаны, каго ўдалося накрыць.
Разам з Сашкам-Ki, разам з іншымі дужымі загінуў тады i Сярожа.
1981
«А-Я-Я-Я!..»
Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёла ўпасвеныя алешыны, шырока i нізка аплываюць косамі вербы, страката бялеюць зелянеюць тры смялейшыя бярозы, цямнеецца, пабліскваючы шышкамі, адна яліна. Далей, вышэй ад вады, бярозаў больш, пракідваюцца нават сухапутныя красуні сосны. Пад дрэвамі густа, пякуча тоіцца крапіва, буяе чырванню гронак каліна, стаядь сабе па-малечы пацешныя рабінка з нясмелымі ягадамі i стромкі кусцік ялаўцу. На самым краі высокага абрыву соснаў больш. Гаспадаром рассеўся добра-такі сталы дуб. Зялёным воблакам узвышаюцца пад блакітам ліпы, звесіўшы голле, ужо без цвету, над гладкай сцежкай у траве.
Там, наверсе, — платы, садочкі з вуллямі, светлыя вокны, грады, лагодная прастора яшчэ зусім зялёнага бульбяніку, за якім дарога, у спёку пыльная, а за дарогай — лес.
Стаўшы на сцежцы плячыма да лесу, добра глядзіцца зверху, з-паміж дрэў, на Неман, які, хоць недарма завецца быстрым, люструецца вельмі спакойна, нібы зусім не плыве. За ракой — лугі, за якімі, на даляглядзе, пушча. Лугі пакошаны ў пару, месяц таму назад, i ўжо добра тым часам падмалёваны атавай, на якой застылі ў спакойным чаканні пары жэлыя ўжо стагі, што будуць перавезены адтуль на фермы зімой. Сям-там відаць цёмна-зялёныя астраўкі яшчэ нярослага дубняку i дубы-адзінцы. Каля стагоў i дрэў рака, то ў лазняку, то голая, пятляе нібы знарок так гулліва — каб зверху гэта выглядала весела.