Страница 119 из 136
Многія хаты ў сённяшняй вёсцы больш адпаведна называць дамамі. Нямала, праўда, i такіх, дзе або ўжо няма каму жыць, або заўтра-пазаўтра не будзе каму. Сумна, трывожна… Калі ж хата яшчэ жывая, а да таго i спраўная, — міма такое добра i прайсці, i, чаго добрага, спыніцца.
Механізатараў ды медсястрын дамок стаіць бокам да вуліцы, у гародчыку. Вялікія вокны, на падваконні кветкі. Ix так багата — белых, ружовых, чырвоных, ліловых, — што, здаецца, i шыбы хутка павыдушваюць навонкі. Адна цераз адну, запоўніўшы яркай стракатасцю чыстыя шыбы, усе гэтыя жаніхі i нявесты, герань i вогнікі пруцца да тых, што ў гародчыку, куды большых i на прасторы, — да мальваў, флоксаў, вяргіняў, гладыёлусаў… Сцены сонечна-вохрыстыя, ліштвы i рамы вокан, рамкі ды рамачкі шырокага ашклёнага ганка чысценька белыя.
A гаспадыні ўсё гэтай вясёлай белі—мала!..
Ідучы на могілкі, я прыпыніўся каля «Марусінага дома» (для мяне гэта так), яшчэ зводдаль заўважыўшы яе з дачкой у гародчыку. Яны падбельвалі белыя рамачкі ганка, у якіх паблісквалі сонцам разнаформенныя шыбкі i шыбачкі.
— Добры день! Што мы робім?
— Добры дзень вам! Прыехалі? А мы тут наводзім красу.
— Яе ж i так хапае. Не разабрацца, якая лепшая.
Яна смяецца, прыняўшы намёк, але адводзіць на іншае:
— От, будзе трохі чысцей. Я выхадная сёння, а сена ўжо няма. Пагаварыце з намі, пабудзьце. Мой недзе ў полі. Дома не заганяецца. А гэта во наша Таня. У дзесяты перайшла.
Таня — ужо не нашмат маладзейшая за тую, чью галоўку я нібы зноў адчуў на плячы, а Маруся — у загарэлай i пышнаватай красе шчаслівай маці, якой толькі пад сорак. Дзяўчына моўчкі, нібы сарамліва павярнуўшыся ад мяне, працуе белым пэндзлікам, час ад часу тыцкаючы яго ў бляшанку на табурэце. А мама яе… ну, не сказаць ужо, што шчабеча, як тады, у ранішнім аўтобусе, — яна гаворыць ахвотна, усё дарэчы, з гаспадарлівай заклапочанасцю: пра сенакос, на які так добра падпагодзіла, пра жніво, што вось-вось i пачнецца, пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра бальніцу сваю, пра Таню, што памагае i ў хаце, i ў полi… Хоць i чытае многа, i ў клуб, вядома ж, хочацца: маладое. Яна гаворыць з выразнай прыемнасцю, я слухаю — таксама. А мне ж яшчэ добра глядзець, як спрытна ходзіць пэндзлік у яе руцэ, як акуратна бель кладзецца на тоненькія рамачкі, нідзе не крануўшы чыстага шкла.
Таня робіць тое самае не менш акуратна, але павальней, з большай асцярогай.
Процьма яшчэ не пражытага часу, нязведанай прасторы, не адчутага сонца аддзяляе ix, маці i дачку, ад тых строга панурых прутоў, што недзе там з чорных памаленьку робяцца яшчэ чарнейшымі…
Iм, маладой i маладзенькай, i не думаецца пра такое, — гэта я цяпер думаю, стоячы на ўзбоччы гасцінца, гэта мне яно ярка прыгадалася там, за жытам, у зеляніне, каля прасторнай на запас агароджы.
Не ў спалучэнні з ёю, яшчэ не бачыўшы той чарнаты, гадзіны паўтары таму назад, калі я любаваўся белай работай-забавай у сонцы ды ў кветках, па праву ўзросту бласлаўляючы нейчае шчасце, непераможнасць жыцця.
1981
СЯРГЕЙ
Перад школай на рыначнай плошчы мястэчка быў зялёны, прасторны ўзгорак, што ў вераснёвым сонцы мякка, калі прылегчы, i соладка пахнуў ацвіцелым, нізенькім, густым рамонкам.
Там мы на перамене часамі рабілі «слана».
Пяць дужэйшых старшакласнікаў станавіліся адзін за адным, паклаўшы рукі адзін аднаму на плечы. На гэтыя рукі сядалі чатыры лягчэйшыя, таксама рукі на плечы адзін аднаму, тады тры яшчэ лягчэйшыя, a ўжо на руках двух апошніх, зусім вераб'ёў, важна садзіўся пагоншчык.
У тым вясёлым, пагодлівым верасні, калі я пачаў хадзідь з вёскі ў чацвёрты клас местачковай сямігодкі, пагоншчыкам заўсёды быў той самы Сяргей. Не па гадах малы, гарбаты, з залішне доўгімі рукамі i нагамі, ён трохі сам, а больш пры дапамозе збоку, але ж i спрытна, як павук, узбіраўся на «слана». Не так сабе, а са сваім «мечам». Звычайнае трапло, якім бабы трэплюць лён, пацешна вялізнае ў Сяргеевай руцэ, старое ўжо, тонкае, добра адшліфаванае ў рабоце.
«Слон» пад каманду, пад мноства камандаў, кранаўся з месца, памаленьку, урачыста ішоў па траве, а воін-пагоншчык размахваў «мечам» i ваяўніча крычаў. Навокал была ўся шматгалосая школа, усе сем класаў «паўшэхнай» на розныя галасы галаганілі, смяяліся i свісталі. Спыняліся i людзі паглядзець, i некаторыя таксама не маўчалі. Крычалі, вядома, i тыя, з каго на гэты раз складаўся «слон». Мне было тады дзесяць гадоў, разоў колькі i мне здаралася сядзець з тымі, што ўтваралі «трэці паверх», i я таксама галёкаў ды пішчаў ад радасці. А праз увесь гэты шолам верхнім было чутно, як над намі, над усім «сланом» раз-поразу, яшчэ вышэй пяўся голас пагоншчыка:
— Грунвальд, халера ясна!..
I «меч» Сяргееў быў узняты так, як у руцэ вялікага князя Вітаўта на вядомай карціне Матэйкі.
Пасля ўсёй гэтай радасці прыходзіў прадбачаны, але заўсёды як нечаканы канец. Тыя пяць найдужэйшых, што неслі ўсіх, раптам, пад каманду аднаго з ix, пускалі рукі з плячэй, i ўвесь жывы, рухомы, крыклівы трохкутнік рушыўся, ападаў, распаўзаўся ў яшчэ большым віску ды рогаце. Калі ты i ўдарыўся — не прызнаешся, а то i сказаў бы, каб хто спытаўся, што — далібог жа! — ані не баліць.
Найгорш было нашаму мечаносцу. Ён ляцеў з самага верху, падаў ці на кагосьці, ці гарбузом на цвёрды пад травою дол. A ўсё ж i «меча» свайго не кідаў i, разам з усімі, штосьці крычаў ды смяяўся, выбіраючыся з кучкі-невялічкі.
Для мяне Сяргей быў першым жывым гарбуном. Літаратурных, вычытаных неўзабаве прыйшло ажно тры. Вадзім у Лермантава, Нэлі ў Амічысавым «Сэрцы» i Юзя ў Прусавых «Грахах маленства». Рускі, італьянец i паляк. Вадзім, «Чырвоная шапка», пачварны жабрак i крывавы мсцівец, пра якога я чытаў найраней, дома, у старым патрапаным аднатомніку, успрымаўся даволі адчужана, гістарычна. Зрэшты, для мяне ён быў вельмі дарослы, i ўсё там дарослае, a Нэлі i Юзя — героі школьных аповесцей, мае равеснікі, зразумелыя, блізкія нашаму брату пад шыванцу.
Нядаўна я, сабраўшыся, нарэшце, разлічыцца з яшчэ адным неспакойным успамінам, перачытаў абедзве тыя аповесці, праверыў сваё дзіцячае захапленне. Яно ў асноўным паўтарылася, а да таго, колішняга захаплення i падсвядомай удзячнасці аўтарам дадалося яшчэ i дарослае: павага да двух высакародных сыноў сваіх народаў i свайго часу — гарыбальдзійца Эдмонда дэ Амічыса i паўстанца 1863 года Баляслава Пруса. Амаль аднагодкі, яны i ў рэвалю цыю, кожны ў сваю, пайшлі аднолькава зялёнымі юнакамі, i кнігі свае напісалі амаль у адзін час, у тым мужным узросце, пра які гаворыцца: сорак — ужо разумны i яшчэ малады. I супадзенні гэтыя ўспрымаюцца не проста як штосьді цікавае, — чысціня маладых парываў спалучылася з мудрасцю сталага ўзросту i ў выніку — дзве кнігі, што ўжо тым часам цэлае стагоддзе хвалююць i вучаць дабру дзяцей многіх народаў.
Тады, калі я быў часткай «слана», i пазней, над старонкамі названых кніг, такіх разваг ды вывадаў у мяне не было. Адтуль, з тых дзён, i дагэтуль шчымяць у душы два святыя адчуванні — спагада пакрыўджанаму i жаданне быць яго абаронцам.
Мужны Гаронэ абараніў пакрыўджанага Нэлі, гарбуна, калеку, а Нэлева маці, прыгожая італьянская сіньёра, прыйшла ў школу i ў кабінеце дырэктара абняла таго чатырнаццацігадовага абаронцу, са слязьмі цалавала яго нагала астрыжаную галаву, зияла з шыі свой крыжык на залатым ланцужку i павесіла яго хлопцу пад школьны гальштук.
У небагатага i вечна п'янага бацькі польскага калекі Юзя падарунак яго школьнаму абаронцу Казіку быў іншы: куфэрак з кнігамі, уся спадчына пасля Miлага гарбуна, які памёр, прыдушаны возам на вуліцы.
Аднак i ў італьянскім, i ў польскім выпадках гэта да слёз хвалявала яшчэ i мяне, заходнебеларускага хлапчука, аднаго з тых, да каго гэты высокі агульналюдскі змест дайшоў… няхай сабе i не на роднай мове.
Сяргей жаласці ў сэрцы не выклікаў. Нават тады, калі ён падаў сваім гарбом са «слана» i, не трэснуўшы, як трэснуў бы, так упаўшы, вялікі гарбуз, усхопліваўся з крыкам i разам з усімі смяяўся, зноў узняўшы свой «меч».