Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 115 из 136

Тая жанчына ехала дахаты з хлопцам, якога зноў дарма прывозіла да мінскіх дактароў. У хлопца яшчэ па дзесятым годзе адняліся ногі, не служаць зусім, і колькі дзе з ім не былі — нічога не памагае. Ужо ў восьмым класе, і вучыцца добра, а ў школу носіць яго то старэйшы брат, то сама яна — штогод, штомесяц то цяжэйшы крыж яе бясконцай Галгофы… Старэйшы брат — трактарыст, хлопец з рукамі, і ён зрабіў меншаму адмысловае сядзенне каля стала, і той сядзіць там, бедны, цэлымі днямі, чытае і піша. І вершыкі розныя састаўляе, сам, са свае галавы. З-за гэтых вершыкаў сястра і пахвалілася мною, паклікала.

У аўтобусе было ўжо ўключана святло. Не яркае. І я ў ім не вельмі разгледзеў хлопца, які сядзеў далей і цераз праход, займаючы наўпоперак два месцы. Я пастаяў пад ім, пагаварылі, а нешта праз месяц атрымаў пісьмо.

«…Вы мяне, мабыць, успомніце, гэта пішу я, каторы ехаў разам з Вамі з Мінска на аўтобусе. Гэта ў мяне Вы па вачах пазналі, што я пішу вершы. Хоць трохі са спазненнем сваё абяцанне выконваю. Пасылаю Вам свае вершы і буду прасіць, каб Вы мне растлумачылі, дзе, што нядобра, чаму нядобра і як палепшыць…»

Пісьмо цытую цяпер не па памяці: я яго захаваў. А тады, на дарозе, калі я ўбачыў здалёк яго вёску, пісьмо мне толькі прыгадаліся сваім нясмелым алоўкам і словамі: «Вы па вачах пазналі…»

Не трэба было так маніць: пра вершы я толькі ад маці пачуў, з вачэй іх не ўбачыў. Але спадзяваўся, хацеў, каб яны былі добрыя. Ён іх прыслаў. Яны былі зусім выразна дрэнныя, адчулася, што безнадзейныя. Аднак жа за імі стаяў не халтуршчык які, а бедны хлопец, з рук якога мне трэба было… няхай сабе не вырваць, дык асцярояша выцягнуць апошні матузок ягонай сувязі з жыццём, з надзеяй мець у ім сваё месца. Страшна было намыліцца, не адгадаць у ім гэтай здольнасці, але ж брыдка і маніць, упэўніваць у тым, чаго няма. Я паслаў хлопцу кнігу, напісаў яму, як толькі змог асцярожна, што ўсё яшчэ наперадзе, што трэба верыць, вучыцца, працаваць… Штосьці такое, балюча банальнае. І хлопец мне не адказаў. Ён такое пацелі паслухаўся ўжо — пра здароўе сваё…

Той, з кім я ехаў і з кім стаяў на дарозе, любуючыся роднымі мясцінамі, расказаў мне, што бедны хлопец жыве і нічога ў яго не змянілася. Толькі ўжо маці зусім пастарэла, не можа яго насіць, а брат па-ранейшаму дружны, добры, уважлівы, хоць ужо і жанаты, і дзеці ў яго свае. Можа, нават і вершы ён, той былы падлетак, піша ўсё яшчэ, нікуды іх не пасылаючы, нават у раённую газету.

Дык што ж мне заходзіць да яго? Па-свойму, чым мог бы, не дапаможаш, а іншай дапамогі ад цябе не патрабуюць: беднасці ў той хаце няма, а на здароўе ты не медык…

А можа, усе гэтыя разважанні — такая, больш-менш зручная, форма ўмывання рук?

Застаюся на раздарожяш. Як і тады, на сонечным узгорку.

…Інакш бывае яно, калі, прачытаўшы чужое, мояша сказаць зусім па шчырасці, што нешта ёсць, што нешта будзе!..

1976

ПОЗНІ АГЕНЬЧЫК

Вяселле ад маладое пераехала да маладога — гасцінцам, у суседнюю вёску, за два кіламетры. Адзін з гулякаў забавіўся дома, адстаў i пайшоў пехатою. Зіма, ноч, а ён, вядома, пад чаркай. Брыў насустрач ветру з макраватым снегам у твар. Вецер сарваў з яго шапку. Дзяцюк дагнаў яе, насунуў мацней, угрунтаваўся на нагах, пайшоў. Доўга ішоў, бясконца доўга — спачатку ўсё на сваю дарогу, на насып гасцінца выходзіў, а потым адчуў, што дарогі няма, што ў завірусе ён — проста кудысьці ідзе… Барозны, раўкі, зноў роўнае, зноў барозны…

Потым, нарэшце, у снежнай, шчымліва-сякучай муці яму паказаўся далёкі агеньчык. Яшчэ адзін роў… Не, тут ён, ужо амаль зусім не п'яны, зразумеў, што гэта не роў, a нізкае рэчышча… Праз нізкі ў снезе дрот агароджы, потым цераз штыкеты ён пералез i, нарэшце, пастукаў у жывое акно!..

Ён быў страшэнна стомлены, мокры, аднак ужо не спалоханы, без прыкметнай на твары няёмкасці — па праву чалавека, якому патрэбен ратунак. Мой брат, братавая i дзеці спалі, адзін я, месячны госць, чытаў у кухні за стадом. На нашу нягучную гаману, спачатку ў сенях, потым у кухні, ніхто не прачнуўся. Я прымусіў яго распрануцца, надзець сухое, паслаў яму на тапчане, знайшоў i наліў ад прастуды чарку, хлеба, сала, цыбуліну даў. І ён мне расказаў сяк-так, што здарылася. Я сказаў яму спаць, дый сам ужо больш не чытаў, лёг у хаце. Добра за поўнач.

Ен пайшоў, калі ўсе яшчэ спалі, адна толькі гаспадыня ўстала. Надзеў свае даспехі, якія мы ўчора развесілі каля гарачай грубы, i пайшоў, ужо зусім у цвярозай няёмкасці.

Калі б не мой позні агеньчык, хлопцу было б вельмі дрэнна. У сваёй упартай упэўненасці знайсці спачатку дарогу, а потым якое жыллё, ён брыў наслепа — якраз туды, у той бок, дзе за вёскай (братава хата наводшыбе) пачыналіся крутыя ўзгоркі, сярод якіх, наўпоперак — глыбокія, «воўчыя» яры…

Я не запомніў, чый ён у сваёй вёсцы, за шэсць кіламетраў ад нашай, а ён ні ў мяне, ні ў братавай не спытаўся, хто мы, хто тут жыве. I гэта яшчэ лепш. Проста помніцца. Вось ужо i шаснаццаць гадоў.

1977

РЭЧКІ

У любым месцы на Зямлі і на карце яе можа спыніцца пані Гісторыя, любую рэчку зробіць надоўга ці на нейкі час гістарычнай.

У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бен Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх — легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.

На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы па таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.

Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна…

Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.

Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая — Буша — тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай.

Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў рукамі плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.

Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.

На гэтай рэчцы, таксама прытоку Нёмана, у першую сусветную вайну пані Гісторыя спынілася была больш як на два гады. Быстрая, звілістая Сервач цякла тады — у зеляніне заліўных лугоў або пад лёдам — паміж двух магутных франтоў, нямецкім і рускім, з іх артылерыяй, кулямётамі і штыхамі, з іх акопамі, бліндажамі, калючым дротам…

Сервач не стала для ўсяго свету Іарданам. Нават Нямігай не стала ў літаратуры. Вядомасць яе была часовай і засталася мясцовай. Але ж «у кроплі расы»… Многа можна і пра яе расказаць. Нават не быўшы там тады, у яе гістарычны час, з таго ці з іншага берага дурной чалавечай нянавісці. А колькі ж пайшло ў нябыт!.. Як і з-над іншых рэчак.

Вось я якраз прачытаў у газеце пра аднаго з герояў Вялікай Айчыннай вайны — генерала Яна Фогеля, латыша з чырвоных стралкоў, які ў незабыўным, і для мяне незабыўным ліпені сорак чацвёртага года кіраваў «над Серваччу ў Карэліцкім раёне» боем, выйграў яго, але сам быў смяротна паранены і пахаваны яшчэ далей на захад, у раённым Дзятлаве, дзе ўжо ягонай памяццю заняўся дырэктар добрага краязнаўчага музея, мой друг, заслужаны настаўнік Міхась Петрыкевіч.

Па-за тэмаю гэтага роздуму над газетнай старонкай хочацца яшчэ сказаць, што проста ў маім жыцці, у маёй працы пісьменніка Сервач была яшчэ і «Быстранкай» — паміж крынскім старым млыном і калядзінскім сонечным Нёманам…