Страница 114 из 136
Да той далёкай вёскі, куды мы часамі ездзілі ў госці, лічылася ажно семнаццаць вёрст. Па дарозе былі яшчэ дзве вёскі з нашымі сваякамі. Дэраш ведаў, што мы туды заязджаем, ведаў нават, у якую браму паварочваць. У першай вёсцы, датупаўшы да сваяцкай хаты, ён, нібы так тут i трэба, паварочваў з вуліцы ў двор. Яго тузалі ляйчынай: «А ты гэта куды?» Нават i растлумачвалі: «Заедзем вечарам». Дэраш круціў галавою i тупаў далей. У другой вёсцы, яшчэ праз тры вярсты, ён паварочваў у двор наступнага сваяка. Аднак яго тузалі зноў, а то i папраўлялі пугай. Дэраш не толькі круціў галавой, але i ўздыхаў, а то i лаяўся ў душы, па ваеннай, абознай прывычцы. Ясна, цяпер ужо ўсё — заставаўся найбольшы кавалак дарогі.
Трэцяй была магутная, з чорнай грывай на два бакі, злосная Машка, якую нашай маме, тады ўжо ўдаве, i прадалі, хутчэй за ўсё таму, што кабыліца злосная. Заказырыцца нечага — у хлеў ніхто не зойдзе. Пугаю выганялі, зверху, з бэлькі. Яе хвошчуць адтуль, а яна то на дыбы, то іўкае — калі не зубамі, дык капытамі хоча дастаць. Найбольш не любіла жанчын. Не заўсёды, часамі, калі занаровіцца. А то бывае i доўга спакойная. Асабліва паспакайнела жарэбная.
Тады яе трэба было што дня праводзіць, i гэта часцей за ўсё даручалася мне, пасля школы. Маці cnaчатку баялася за мяне, а потым неяк, калі старэйшы брат падсадзіў смаркатага казака i я ўжо меўся рушыць з двара, яна сказала:
— Стары сабака ніколі дзіцяці не ўкусіць. I гэтая, бачыш, таксама.
Адзін з такіх маіх выездаў быў не так сабе па дарозе, а з невялікай нагрузкай. Трэба было заехаць у суседнюю вёску, да цёткі, узяць «трохі воўны». Там я з кабылы не злазіў, цётка вынесла воўну, дала яе дзядзьку, i дзядзька падаў мне той лёгкі клуначак… А мне было зверху смешна, што цётка ведае Машку, блізка не падыходзіць.
Адчуванне вышэйнасці на гэтым не закончылася. Мне было мала спяваць на пустой, з раз'езджаным снегам дарозе, уяўляць сябе рыцарам з прачытаных кніг, нават рыцарам, закаханым у Соньку з пярэдняй парты. Я палажыў свой клуначак на шырокім Машчыным крыжы i прылёг на яго галавою. I тут ужо Машка іўкнула так, што я i клуначак шчасліва зваліліся ў снежную гразь, кожны ў свой бок, а яна, ужо зусім не па-жарэбнаму, ірванула галопам.
Мяне сустрэлі. Перапалоханы брат i маці, якая не паспявала за ім. I я, вядома ж, расказаў ім не ўсё.
Зрэшты, я хачу не пра тое.
Трохі раней, у тую самую зіму, Машка здзівіла нас сваім розумам. Брат паехаў у лес, купіў сажань дроў, зараз ix не забраў i цераз дзень меўся ехаць па рэшту. У лес тады нашы ездзілі вельмі далека, выязджалі добра такі зацемна. У тую ноч я прачнуўся, відаць, не толькі ад лямпы i прыцішанай гутаркі. Я пачуў, як Miкола, увайшоўшы з двара, папрасіўся:
— Мамо, можа, я лепш не паеду? Вельмі ж круціць. Свету не відно.
Мусіць, таму, што я ўжо тым часам у гадах, а брат без пары памёр, мне яго стала цяпер, калі пішу гэта, па-бацькоўску шкада. Хоць ён i быў тады на сем гадоў старэйшы за мяне.
Маці сказала:
— Пайдзі да Паўлюка ды паглядзіце. Дзе тыя дровы дзенуцца.
Паехалі яны ажно праз тыдзень, бо ўсе тыя дні была завіруха. I брат, смаркаты гаспадар, збіраючыся, бедаваў, што дровы недзе занясло — не знойдзеш. А мама пацяшала, што «кабыла знойдзе».
Так i было.
Як сёння, помню — Мікола вячэрае i, румяны, крыклівы ад радасці, ужо не першы раз расказвае камусьці новаму, хто зайшоў, як гэта Машка падышла да дроў сама. Па глыбокім цаліку, да зусім занесеных дроў, па чэрава ў снезе, дабралася i — стала. Адкопвай, бяры.
…Дзіўна i сумна ад таго, дзе, па якой прычыне я гэта ўспомніў. Амаль праз цэлага паўстагоддзя. У замежным архіве, у яшчэ больш замежнай кнізе, наткну ўшыся на такое:
«Захопленыя коні могуць зрабіць вельмі добрую паслугу пры разведцы дарогі да партызан, бо, як паказалі апошнія выпадкі, коні беспамылкова прыводзяць у партызанскія лагеры, якія мы даўно шукаем».
Цытую са «Справаздачы пра баявы вопыт», падпісаны оберфельдфебелем Шрадэ, з 283-й ахоўнай дывізіі фашысцкіх карнікаў. Надрукавана гэта ў тоўстым томе гісторыі савецкай партызанскай вайны, які раскошна выдадзены ў акадэмічным Гетынгене пяць гадоў таму назад.
Я не адразу, чытаючы гэта, успомніў белую, вялізную i добрую Садоху, хітраватага Дэраша, ветэрана першай сусветнай вайны, нораў i кемнасць красуні Машкі…
Адразу мне прыгадалася адчыненае акно нашай нізкай хаты, a ў ім — галоўка малой Буланкі, пяшчотнае жарабячае ржанне.
— Ах, мая долечка! Жабянятка маё, а я ж пра цябе i забылася!
Гэта — мама. У тую раніцу яна i сапраўды забылася наліць у місу сырадою i сказаць мне:
— Занясі ўжо таму ягняці.
Машка прывяла не па сабе, а па кані. Танканогае, буланае кабылянятка. «Будзеш на ёй скакаць цераз плот! Гаспадар! Трэба ж было выбраць такога жарабца…» Вадзіў Мікола Машку ў князеў двор. Маці то наракала, то пакеплівала, але ж ніколі не забывалася пра сырадой для малое. Тры разы ў дзень. Адразу, яшчэ пеністы. А тая i сама прывыкла так, што прыходзіла ў сенцы ці ў кухню.
А тут, як на тое, дзверы былі зачынены. I Буланка заржала пра крыўду сваю ў акно.
Мама i на мяне панаракала, што вось ён, бачыце, надта ж любіць яе, a ўзяў ды забыўся, у кнігу ўталопіўся. I я, вядома ж, выйшаў з місай на двор. Наша пястунка апусціла светла-ружовую храпку ў салодкую бель, а мне хацелася перапрашаць, што сырадой ужо астыў.
I яшчэ адна храпа, ужо не маленькая.
Мы адышлі з перадавой у кашубскую вёску не ноччу, як трэба было б, a раніцай, завідна.
Іхні карэкціроўшчык гэта заўважыў…
Мы — гэта тое, што засталося ад нашага ўзвода марской пяхоты. Карэкціроўшчык — нямецкі. Час дзеяння — верасень трыццаць дзевятага года, на польскім Прымор'і.
Мы былі вельмі галодныя. Кінуліся да першага, што ўбачылі — да яблыкаў у мокрым садзе.
Але ix артылерыя не чакала…
Першы снарад разарваўся далей ад саду, на раллі. Другі — правей i бліжэй. Трэці дагнаў мяне каля доўгай цаглянай сцяны. Упасці я не паспеў. Толькі закрыўся рукамі, кінуўся спіной да цэглы…
Майго асколка яшчэ не было. Хоць многа ix секанула па муры вакол мяне.
Як толькі я зноў убачыў зялёнае — па садзе, бокам да мяне, бегла — нібы я зноў па-дзіцячы ўбачыў яе — вялізная белая кабыла. Чыясьці, з нечага маленства, польская работніца Садоха. Бегла i моўчкі, матаючы галавой, палівала траву крывёю з адбітай асколкам храпы…
Коею мой, коею!..
У партызанах я ездзіў спачатку на сваім, прыведзеным з дому. Гэта быў сын тое, выпаенай сырадоем, Буланкі, унук злоснай Машкі, па матцы стрункі i лёгкі Каштан. Але малы, нярослы. Ён быў настолькі не па мне, што вясёлы Пятрэнка, у першай разведцы, калі мяне ўзялі туды, гукаў на лузе, спераду: — Дядя Ваня, кочки! Ноги поднимай! I смяяўся, як добры блазен, у цемры. Праз тыдзень Пятрэнку забілі. Мне аддалі яго высокага каня. А мой пайшоў ва ўзвод, ніжэйшаму.
Коею мой, безымянны i не адзін, няўжо ты, перажыўшы ездака, павёў бы ворагаў туды, дзе хаваліся нашы старыя бацькі i маленькія дзеці? Kocio невінаваты, як дзіця…
1975
НА РАЗДАРОЖЖЫ
Напярэдадні было хмарна, ноччу ішоў дождж, а познім райкам распагодзілася вельмі светла. З акна машыны я любаваўся спелай жнівеньскай радасцю родных мясцін, потым спыніўся на ўзгорку і выйшаў, каб нават ціха не ехаць, а пастаяць.
З узгорка, дзе я стаю, відаць тры вёскі, у розных напрамках, бліжай і далей. У той вунь, далейшай, я ніколі не быў. Бывае так: ездзіш паблізу, нават і думаеш, каб заехаць, а ўсё не збярэшся. І цяпер не заеду. І не толькі таму, што я не сам еду, а мяне вязуць, што дарога наша не туды, — з гэтай вёскай звязаны ў мяне ўспамін, ужо тым часам і даўні, а яшчэ ўсё сумны…
Семнаццаць год таму назад мы ехалі аўтобусам з Мінска ў родную вёску. Мы — гэта я з сястрой, старэнькай вясковай бабуляй, што пагасціла ў мяне, пахадзіла па дактарах і сказала: «Ат, паеду дахаты, усе яны пра адно…» У апошнім аўтобусе было ўжо цемнавата, мы з сястрою сядзелі на розных месцах, яна спераду, а я далей, стары аўтобус дрыгацеў, і я больш бачыў, чым чуў, што сястра, жанчына даволі-такі гаваркая, прыязная да людзей, разгаманілася са сваёю выпадковай суседкай. Спачатку яны разоў колькі азірнуліся ў мой бок, а потым сястра кіўнула мне, паклікала туды, да іх. Я такога не вельмі люблю, ды што ты зробіш — яна настолькі старэйшая за мяне, што я прывык з маленства слухацца яе, амаль як маці. І цяпер вось, я здагадаўся: яна не вытрывала — пахвалілася незнаёмай жанчыне, што той вунь высокі, што ззаду сядзіць яе найменшы брат і ён у Мінску пісацель. «Ты сабе, калі ўжо такі далікатны, злуй, а мне прыемна» — такое адчуў я ў голасе сястры, калі нездаволена надыходзіў да іх.