Страница 116 из 136
1978
НАЦЮРМОРТ
Вясковыя суседзі. Былыя падпольшчыкі, пасля партызаны, якім было тады па дваццаць з нечым. Цяпер адзін з ix падпалкоўнік на пенсіі, a другі, пасля адыходных заробкаў, дома гаспадар, маладзейшы па стажы пенсіянер.
Сусед прынёс суседу кошык яблыкаў. Падпалкоўнік здзіўлена смяецца:
— А я занясу табе кошык сваіх!
Процьма сёлета гэтага дабра, людзі не ведаюць, што з імі рабіць. I ніхто ў гэтым не памагае.
Утрох мы гаворым пра такую безгаспадарчасць, а кошык стаіць на чыстай, охрыстай, асветленай сонцам падлозе. Звычайны кошык сваёй работы, з недалёкай надрэчнай л азы. Ужо спрацаваны, бо многа папанасіў, перш за ўсё бульбы, у розную пагоду-непагадзь. А яблыкі — я ем адно — такія свежыя, вялікія, чырванабокія, салодкія. І хочацца сказаць пра гэты кошык, повен яблыкаў. З увагі на таго, хто вырасціў ix, хто кошык сплёў, я гавару як найпрасцей:
— І паглядзець на такое добра.
А ён, сусед, з выгляду прасцецкі, малазнаёмы мне чалавек, дадае нечакана:
— Ага. Нацюрморт!
Гэта гучыць не як акрэсленне — як пахвала. Толькі ж не хочацца згадзіцца з тым, што гэта «натура мёртвая». Хай сабе рабачай-кошык — ён стары, безліч разоў то мокры, то сухі, хай сабе дошкі падлогі таксама сухія, а яшчэ i прыглушаныя фарбай. Але ж сонца, што свеціць так шчодра i весела, але ж яблыкі, што румяняцца ў сонцы — ну, як жывыя!
Пасля, кал i сусед пайшоў, гаспадар расказаў:
— Які цудоўны быў хлопец! Ыапрадвесні сорак другога, дома яшчэ седзячы, майстраваў міну, а яна ўзяла ды ўзарвалася. Сабе пакалечыў нагу, маці крыху пакалечыў. Як ні страшна было, павезлі ў раён, у бальніцу. Зондэрфюрэр пачуў i так зацікавіўся, што сам прыходзіў хлопца паглядзець. Валодзя быў непрытомны, дык немец маці яго дапытваў, цераз перакладчыцу. Маці прыдумала, што разбівалі па полі гной i нешта, ліха яму, узарвалася. «Больш нічога, паночак, не памятаю…» Медсястра, калі паранены апрытомнеў, сказала яму гаварыць толькі так, як гаварыла маці. Калі ж ён трохі акрыяў, яна параіла лепш уцякаць дахаты. Ён i ўцёк, да лесу, два кіламетры, сяк-так дакульгаў, а там з падводай пашанцавала… У партизанах таварыш здорава міны рабіў. І з самалётных бомбаў толь выплаўляць сам прыдумаў, i такую міну змайстраваў, што ўзрывалася не пад платформай, якая ішла спераду, а пад самім паравозам… А сталі яны дзве платформы спераду пускаць — ён i на гэта міну прыдумаў!.. Цяпер мы ведаем, што не адзін ён быў такі вынаходнік, што так, рабілі i ў іншых брыгадах, што потым міны нам прысылалі, прыносілі з-за фронту, з Вялікай зямлі. Ведаем. Але ж спачатку былі мы толькі самі па сабе, ад самага глухога нізу, ад самай беднай беднасці пачыналі. І вось такія ўмельцы…
Падпалкоўнік расказвае, захапіўся.
A поўны кошык, асветлены сонцам, стаіць сярод хаты. Натура жывая.
1981
ПРОБЛІСКІ
У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку — добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, a ўверсе яшчэ чатыры пакоі.
Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго — маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што i ён хворы (паіхняму, пачэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, «а я ўсё роўна ж дома сяджу».
Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго, — больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы, — малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку — яна з усмешкай чакала — дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым i яшчэ раз.
Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.
Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы, — зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё: i дрэннае i добрае, ідзе сабе паміж рознакалёрных магазінаў, у яшчэ раннім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых i разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках, — як нейкі выклік — нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.
«Малое — усюды малое. А маладому ўсё хораша», — скажам таксама па-бабску.
Малы i дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва i паасобна, i разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў i стаў паміж імі, чэшскімі, трэці i свой, з майго вяртання з Масквы дахаты.
У нашым купэ — глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.
Раней чым уведаць, што з малой такая бяда i куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самой вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, i змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.
Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк i неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:
— Маль-тшык!
І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць i што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.
A ўсё ж запаветнае — хоць i так яшчэ рана — сказала.
1980
ПРОЗА
Вызвалення мы, партызаны i нашы сем'і, чакалі тады, улетку сорак чацвёртага, з вялікім, адным такім на ўсё жыццё хваляваннем. Асабліва ў апошнія дні, на стыку чэрвеня i ліпеня.
Спачатку — дзень за днём, ноч за ноччу — чуўся далёкі гул кананады, i ўсё мацнеў ён, усё быў бліжэй ды бліжэй…
Пасля нямецкае адступленне за трое трывожных сутак грукатліва i пыльна схлынула па шырокай лясной дарозе на захад.
Пушча з доўгачаканай палёгкай уздыхнула.
Бо тут былі цяпер не толькі сем'і партызанскія, але амаль усё прылясное насельніцтва, — поўыа старых, жанчын, дзяцей, з вазам! ды з каровамі,— i партызанам было сурова загадана не зачапацца з ворагам, толькі стаяць на ўзлессі, ад дарогі, i чакаць. Тут i затоенасць, i трывога, i радасць, што хутка ўжо, што вось-вось…
Ужо i пачута было: недзе далей на паўночным усходзе нашы, з суседняй брыгады, сустрэліся з армейскай разведкай.
Усе два тыдні ад пачатку наступлення ў міжраённай падпольнай друкарні, дзе я выконваў абавязкі рэдактара адной з газет, часу рабіць тыя газеты не было. На старонках i паўстаронках ca сшыткаў мы паспявалі выпускаць толькі лістоўкі — ca зводкамі Саўінфармбюро i загадамі Вярхоўнага.
Уранні сёмага ліпеня я выпусціў сваю, апошнюю ў лесе, лістоўку, прынёс яе камісару, i ён, нарэшце, сказаў: «Ну, добра, валяй! Не напарыся толькі дзе-небудзь». Нібы сурова, аднак i ўсміхнуўся сваёй таўстагубай, прыязнай усмешкай.
Рэдактарам я працаваў па сумяшчальніцтву. Еалі здаралася зноў выехаць у раён, да разведчыкаў, адкуль я быў узяты ў рэдакцыю, каня прыходзілася браць, які трапляўся. Цяпер пад павеццю канюшні стаяў знаёмы гняды жарабец, адпачываў, заезджаны, у самоце i без усякай ужо фанабэрыі. Прыйшлося ўзяць яго. Сядло ў мяне, як i ў кожнага з коннікаў, было сваё, зробленае адным вясковым умельцам.
Спачатку Гнеды трохі нават рысіў, а потым зноў прачнулася ўся яго, грунтоўна назапашаная, стома, бядак прыстаў, i не было ўжо сэнсу ні злавацца, ні сядзець на ім. I мы пайшлі па лугавой дарозе, я спераду, а ён на повадзе. Смех i бяда, хоць i спяшацца ўжо лішне няма асабліва куды.
Мы браліся левым берагам рэчкі, супраць вады, да тае вёсачкі, дзе ўсю зіму стаяла наша разведка. Там ix, вядома, сёння не будзе. А можа, i будуць. Ці хоць пачую, можа, дзе яны.