Страница 4 из 112
А Вiткацы? Вiткацы ўвогуле ня браўся пад увагу. Проста лiчылася, што ён належыць да поўнiцай iншага — старэйшага пакаленьня пiсьменьнiкаў, якiя ня маюць нiчога супольнага з Шульцам i Гамбровiчам, г.зн. зь пiсьменьнiкамi, дэбют якiх прыпаў на трыццатыя гады.
Прозьвiшча Вiткацага да прозьвiшчаў Гамбровiча i Шульца настала было далучана адно пасьля вайны. Найперш у 1949 годзе гэта ўчынiлi Блоньскi, Фляшэн i Пузына, а празь некалькi гадоў, з 1956 году — пасьля паўтарэньняў у кнiгах i тэатральных iнсцэнаваньняў — супастаўленьне гэтых пiсьменьнiкаў сталася знакам часу.
Хваля гэтых траiстых супастаўленьняў узьнялася пад канец шэсьцьдзясятых i семдзясятых гадоў, упаасобку за мяжой, дзе таксама пачало выяўляцца зацiкаўленьне да твораў Вiткацага i Гамбровiча. Прозьвiшчы пiсьменьнiкаў, якiя раней у лiтаратурнай i тэатральнай рэцэпцыi баржджэй разьдзялялiся, цяпер пачалi зрастацца. Безумоўна, адной з прычынаў была замежная рэцэпцыя iхнай творчасьцi, што хутка заўважылi i польскiя дасьледнiкi. На пачатку семдзясятых гадоў, прыкладам, Лех Сокул зьдзейсьнiў супастаўленьне iнсцэнаваньняў п’есаў Вiткацага i Гамбровiча ў міжнародных тэатрах. Тады гэткае згадваньне — не пераводзячы подыху — Гамбровiча, Шульца i Вiткацага ўжо назаўсёды ўвайшло ў слоўнiк польскай i замежнай лiтаратурнай i тэатральнай крытыкi. «Своеасаблiвай тройцай» (Seltsame Dreieinigkeit) назваў гэтых пiсьменьнiкаў аўстрыйскi крытык В. Гэдэке, а амэрыканскi перакладнiк Вiткацага, Арыбан, напiсаў у гэтым жа самым часе параўнальнае дасьледаваньне аб рэвалюцыi ў тэатры Вiткацага i Гамбровiча.
Сёньня Вiткацы, Гамбровiч, Шульц прысутнiчаюць у кожным падручнiку i дапаможнiку з польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя як нешта неразлучнае. Такiм чынам, з трох розных iндывiдуалiстаў паўсталi трайняты. Таму дастаткова толькi загаварыць аб кожным зь iх, як адразу выявiцца, што кожны зь iх не iснуе ў адрыве ад двух другiх. Другi Мiжнародны Гамбровiцкi Фэстываль, формула якога была пашырана на прозьвiшчы Вiткацага i Шульца, — найлепшы прыклад гэтага.
Для крытыкаў, дасьледнiкаў лiтаратуры або аўтараў разнастайных дапаможнiкаў супастаўленьне Вiткацага, Гамбровiча i Шульца мае, вiдавочна, найперш прагматычны i iнфармацыйны характар або, калi так можна сказаць, «фэстывальны», але гэта ўжо ня ёсьць — як раней — нiякiм адкрыцьцём. Гэта сталася папросту вiдавочнасьцю, а напару — зацяганым стэрэатыпам. Тым ня менш пазнавальныя вартасьцi, што вынiкаюць з супастаўленьня Вiткацага, Гамбровiча i Шульца — калi ўжыць фармулёўку Зандаэўра — рашуча «падаражэлi». Сёньня для такiх супастаўленьняў ужо не стае пэрсанальнай легенды, хаця якраз яна фармуе пашыраныя ўяўленьнi аб падобнасьцi i супольнасьцi гэтых трох вялiкiх мастакоў.
Легенду той самай супольнасьцi — як вядома — генiяльна скадыфiкаваў сам Гамбровiч, а крытыкi — што найчасьцей здараецца ў гамбровiчалёгii — пасьлей разьвiлi яго фармулёўкi i ацэнкi. Часьцей, аднак, тыя, якiя паказвалi на блiзiню, радзей тыя, якiя былi дэклярацыяй неперасягальнай апрычонасьцi.
У бальшынi супастаўленьняў Вiткацага, Шульца i Гамбровiча дамiнаваў пошук супольных эстэтычных, фiлязафiчных, мастацкiх прынцыпаў i супольнага месца на мапе польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя. Характарыстыкi гэтай супольнасьцi, праўда, несупынна ўзбагачаюцца, але яны нязьменна ўпiсваюцца ўва ўсё больш банальныя разважаньнi аб авангардным цi гратэскавым i парадыйным характары творчасьцi гэтых пiсьменьнiкаў. Рэч ясная, такая характарыстыка праўдзiвая, але яна павiнна баржджэй адасабляць, чымся злучаць, паколькi гратэск i пародыя ў сьвеце Вiткацага, Гамбровiча i Шульца зусiм розныя зьявы.
Трапна пiсаў у 1992 годзе Ежы Памяноўскi: «Прозьвiшчы Вiткевiча i Гамбровiча вымаўляюцца на адным дыханьні. I гэты i гэны гаворыць аб Вiткевiчу як аб папярэднiку Гамбровiча. Гэта цьверджаньне тыпу «post hoc, ergo propter hoc». У кожным разе яно досыць скарасьпелае. У iснасьцi iхныя сьветагляды былi супрацьлежныя, таксама як i тэмпэрамэнты. Што iх злучала, дык гэта супольныя ворагi, пачуцьцё гумару i сьвядомасьць адзiноты, каб не сказаць — адчужэньня, на якое пакутавалi вялікія розумы ў Польшчы. Таксама iх злучала надзвычай крытычнае стаўленьне да таго, што папулярна называецца нацыянальнай традыцыяй, [але] з гэтай крытыкi яны рабiлi [...] розныя высновы. [...] Гаворка iдзе адно аб разглядзе пiсьменьнiкаў пры дапамозе iхнага думальнага iнвэнтару, без упакаваньня iх у супольную чыстую шуфляду»*.
Тут я дазволю сабе адступленьне: супастаўленьнi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўжо сталiся ў штодзённым пiсаньнi аб iх зьбiтым клiшэ, але шкоды нiкому не прынесьлi, нават наадварот — доказам чаго могуць быць школьныя падручнiкi. Улучэньне «трох вялiкiх наватараў» у абавязковы канон школьнай праграмы зь лiтаратуры паволi, але грунтоўна руйнуе былыя школьныя лiтаратурныя гiерархii, на верхавiне якiх яшчэ часта можна спаткаць творы Марыi Дамброўскай, Леана Кручкоўскага або Канстантына Iдэльфонса Галчыньскага. Карацей кажучы, на ўзроўнi сярэдняй школы супастаўленьне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча — незалежна ад ступенi спрашчэньня — спрычыняецца да зьменаў у iнтэрпрэтацыi польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя.
А ахвярай гэтых супастаўленьняў паў тэатар. Тут я маю на ўвазе iнсцэнаваньнi прозы Шульца, выкананыя ў канвэнцыi тэатру Вiткацага, а таксама аб пошуку ключоў да драмаў Гамбровiча ў эсэiстыцы Вiткацага. I адна, i другая падумкi — а кожнаму, мабыць, даводзiлася хоць раз бачыць iх рэалiзацыю — ёсьць мастацкiм непаразуменьнем i калi нешта i даводзяць, дык поўнае неразуменьне абсалютнай апрычонасьцi эстэтык i мастацтва паасобных пiсьменьнiкаў. Таму колькi разоў бачачы экспрэсiянiсцкія крыкi, падаваныя з сцэны як мова Гамбровiча або Шульца, дзiкi вiскат як спасоб маўленьня героя Вiткацага або сцэнаграфiю цi iгру актораў, адзiная пазнавальная рыса якiх — запраграмаваная рэжысэрам бяссэнсiца, я прыгадаў выслоўе — не памятаю чыё: «Я ведаю, што тэатар можа ўсё, але чаму ты мяне так мучаеш, Божа!»
Адзiн толькi Тадэвуш Кантар зразумеў, што ў мастацтве вернасьць арыгiнальнасьцi выяўляецца толькi пры дапамозе новай арыгiнальнасьцi, словам, каб быць верным эстэтычным пошукам Вiткацага, Гамбровiча цi Шульца, трэба стварыць... супоўна новы тэатар.
Безумоўна, ува ўсiх супастаўленьнях Вiткацага, Гамбровiча i Шульца дамiнаваў баржджэй пошук мастацкiх падобнасьцяў i аналёгiяў, чымся розьнiцаў i адметнасьцi памiж паасобнымi аўтарамi. Мэта гэтай стратэгii была больш прагматычнай i iнфармацыйнай, чымся iнтэрпрэтацыйнай. За мяжой гадамi адчувалася патрэба ў iнфармацыi аб найвыдатнейшых польскiх мастацкiх зьявах. У Польшчы — здабыцьцё веды аб пiсьменьнiках, доступ да якiх быў гадамi забаронены цэнзурай i абцяжараны нястачай перавыданьняў iхных кнiгаў. Рэч ясная, забаронены плод будзiў пажадлiвасьць, а пераадоленьне цяжкасьцяў фармавала пачуцьцё элiтарнасьцi i абранасьці спасярод чытачоў. Для iх творчасьць Вiткацага, Гамбровiча i Шульца была ня толькi мастацкай зьявай, але таксама адатрутай на камунiстычную навамову, эстэтычную пасярэднасьць i iнтэлектуальную нястаннасьць. У гэтай пэрспэктыве творчасьць Вiткацага i Гамбровiча, i зьлёгку iнакш Шульца, станавiлася пранiклiвым, блiскучым i захапляльным дыягназам культуры XX стагодзьдзя. А творчасьць двух першых — i польскай нацыянальнай мэнтальнасьцi, i забурэньняў у гiсторыi дваццатага стагодзьдзя. Падобнасьць iнтэлектуальных праблемаў у творчасьцi Вiткацага i Гамбровiча захiнула бясспрэчна фундамэнтальныя мастацкiя i эстэтычныя адрозьненьнi ў iхнай мастацкай дзейнасьцi. У сваю чаргу, адметнасьць паэтык i асобаў Шульца i Гамбровiча адцягнула ўвагу ад iстотных падобнасьцяў iхнага разуменьня сучаснай культуры.
Тое, што злучае згаданых пiсьменьнiкаў, ёсьць, агульна кажучы, вiдавочным i ўжо досыць добра апiсаным. I творчасьць кожнага зь iх дастаткова нагэтулькі арыгiнальная, што яшчэ нядаўна аўтаматычныя супастаўленьнi падавалiся хадульнымі. Але цi азначае гэта, што ўсе гэтыя пiсьменьнiкi такiя адметныя, што iмi можна займацца адно асобна? Нiчога падобнага.