Страница 3 из 112
Тэкст перакладзены паводле: Czas Kultury, № 1 (43), 1993.
Уладзiмеж Балецкi*
Вiткацы, Шульц, Гамбровiч
Ежаму Яжэмбскаму
Як у гутарковай мове iснуюць крылатыя словы, так у гiсторыi лiтаратуры ўзьнiкаюць крылатыя прозьвiшчы. У польскай лiтаратуры дваццатага стагодзьдзя iмi без сумневу ёсьць прозьвiшчы Станiслава Iгната Вiткевiча (Вiткацага), Вiтальда Гамбровiча i Бруна Шульца. Цiкава, што яны суадносяцца нават з большай пэўнасьцю, чымся прозьвiшчы прыроджаных братоў цi чальцоў адной лiтаратурнай групы. Пiшучы аб Томасе Ману, нiхто не адчувае абавязку адразу ўзгадваць Гайнрыха або Гола Манаў, цi, пiшучы аб Iвашкевiчу, абавязкова супастаўляць яго з Тувiмам або Сланiмскiм, а Пшыбася з Пайпэрам — дарма што яны належалi да тых самых лiтаратурных групаў. А тымчасам Гамбровiч спалучаецца зь Вiткацым i Шульцам амаль аўтаматычна — так, нiбыта гаворка iдзе не аб асобных пiсьменьнiках, а аб братох Маркс.
Аднак чаму мы ўзгадалi разам Вiткацага, Шульца i Гамбровiча? Што супольнага памiж «Неспатольнасьцю» i «Фэрдыдуркай», «Шаўцамi» i «Цынамоннымi крамамi»? Што супольнага памiж Альбэртынкай i Адэляй, памiж Атаназы Базакбаль i Юзем Кавальскiм?
Без сумневу, Вiткацы, Шульц i Гамбровiч былi найвялiкшымi iндывiдуальнасьцямi мiжваеннай лiтаратуры. Цяжка, рэч ясная, прызнаць гэты адказ за дастатковы, бо хаця Мiцкевiч, Славацкi i Красiньскi былi вялiкiмi пiсьменьнiкамi эпохi рамантызму, нiхто не арганiзуе ў iх гонар супольных фэстываляў. Зь Вiткацым, Шульцам i Гамбровiчам справа стаiць зусiм iнакш. Зьмясьцiць iх разам кожнаму падасца больш вiдавочным i натуральным, чымся трактаваць iх асобна. Парадаксальнасьць, аднак, палягае ў тым, што калi ўсё ж узгадваюць разам вялiкiх рамантыкаў, то дзеля таго, каб растлумачыць, у чым замыкаецца так званая рамантычнасьць, або каб выявiць тое, што ў iхнай творчасьцi ёсьць надiндывiдуальным: эпоху, ейныя тэмы, матывы, стылi, выяўленчыя сродкi. Але супастаўляючы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча, нiхто не сьцьвярджае, што тым самым ён выяўляе нейкую гiстарычна-лiтаратурную супольнасьць. Творчасьцi Мiцкевiча, Славацкага, Красiньскага цi Норвiда досыць для ўяўленьня аб польскiм рамантызьме. Аднак цяжка было б ухарактарызаваць гэтыя дваццаць гадоў толькi пры дапамозе дасягненьняў Вiткацага, Гамбровiча i Шульца.
Па-другое, прозьвiшчы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ўзгадваюцца ва ўсiх гiстарычна-лiтаратурных тэкстах з нагоды адной з найважнейшых лiтаратурных легендаў мiжваеннага пэрыяду. Яна мае два вымеры.
Першы, адносна лёгкi для рэканструкцыi, зводзiцца да факту, што два першыя пiсьменьнiкi пiсалi аб сабе i для сябе, i гэта дагэтуль архiважныя гiстарычна-лiтаратурныя тэксты. Вiткацы пiсаў аб Шульцу, а Шульц ня столькi аб Вiткацым, колькi да Вiткацага. Гэта тэксты Вiткацага «Iнтэрвiю з Бруна Шульцам» i артыкул «Лiтаратурная творчасьць Бруна Шульца», а таксама два лiсты Шульца да Вiткацага — адзiн, будучы адказам на «Iнтэрвiю», быў апублiкаваны ў «Tygodniku Ilustrowanym» у 1935 годзе. Астатнiя лiсты Шульца да Вiткацага згарэлi ў Варшаве ў 1939 годзе.
Шульц, у сваю чаргу, пiсаў аб Гамбровiчу, а Гамбровiч аб Шульцу. Iхныя тэксты — гэта тры адкрытыя квазi-лiсты, апублiкаваныя ў варшаўскiм часопiсе «Studio» ў 1936 годзе, а таксама рэцэнзiя Гамбровiча на «Санаторыю пад Клепсыдрай» (Apel, 1938) i рэцэнзiя Шульца на «Фэрдыдурку» Гамбровiча (Skamander, 1938).
Зусiм iнакш выглядаюць лiтаратурныя сувязi Вiткацага з Гамбровiчам. Не прыгадаю сабе нiводнай друкаванай зацемкi Вiткацага аб Гамбровiчу. Адно на паштовай картцы, высланай Ежаму Памяноўскаму менш як за месяц да пачатку вайны, Вiткацы напiсаў, што ў «Фэрдыдурцы» «ёсьць генiяльныя кавалкi» («выў ад сьмеху»), але «IV разьдзел сьвiнскi». Вiткацага i Гамбровiча перад вайной адрозьнiвала стаўленьне да посьпеху ў чытачоў (Вiткацы ня дбаў, а Гамбровiч імкнуўся да гэтага) i ацэнка ролi iнтэлiгенцыi (Гамбровiч зь яе кпiў, а Вiткацы добра памятаў, што сталася з iнтэлiгенцыяй у бальшавiцкай Расii).
Гамбровiч перад вайной прысьвяцiў творчасьцi Вiткацага заледзьве колькi словаў. Чытаў у машынапiсе ягоныя драмы, чаму даў баржджэй канвэнцыйную ацэнку ў 1936 годзе. Гэтага ўсяго мала, можна сказаць, зусiм нiчога. Адно ў «Польскiх успамiнах» Гамбровiч прысьвяцiў Вiткацаму i ягонай «Неспатольнасьцi» некалькi заўвагаў.
З узаемных сувязяў трох пiсьменьнiкаў, з пэрспэктывы тэкстаў, якiя яны прысьвяцiлi сабе перад вайной, вымалёўваецца досыць дзiўная канструкцыя. Вiткацы, захапляючыся графiкамi i «Цынамоннымi крамамi» Шульца, паддаў крытыцы iнтэрпрэтацыю шульцаўскага мазахiзму i эратызму. У кнiгах Шульца Вiткацы знайшоў тое, чаго сам безвынiкова шукаў у мастацтве i жыцьцi: экзатычнае перажываньне, грунтоўную дэфармацыю сапраўднасьцi, а таксама iнтэсіўнасьць дазнаньняў, што паступаюць з дапяцьця да — як ён сам пiсаў — невыражальнай Тайнiцы Iснаваньня. Таму мы ня ведаем, як Шульц меркаваў аб творчасьцi Вiткацага i цi агулам ён грунтоўна выказваўся на гэтую тэму.
Шульц, у сваю чаргу, — аўтар аднаго з найглыбейшых выкладаў «Фэрдыдуркi» Гамбровiча, але i сам Гамбровiч напiсаў некалькi пранiклiвых заўвагаў аб сапраўднасьцi, адбітай у прозе Шульца (ён рэцэнзаваў «Санаторыю пад Клепсыдрай»). Гамбровiч, праўда, не захапляўся прозай Шульца так, як Шульц яго «Фэрдыдуркай», i нават далiкатна здыстанцыяваўся ад Шульца, даючы яму зразумець, што калi ён i патрапiць усё апiсаць, то зробiць гэта ў адной, манатоннай танальнасьцi, а таксама што ягоны стыль штучны, мiстыфiкаваны i яўна непраўдзiвы; i ўрэшце што Шульцу не стае дыстанцыi што да сябе або што да собскай манеры пiсаньня.
Двума гадамi раней Гамбровiч спрабаваў уцягчы Шульца ў дыскусiю на тэму пазыцыi пiсьменьнiка, але Шульц за гэтую тэму ня ўзяўся.
Такiм чынам, цяжка не заўважыць, што героi гэтай лiтаратурнай легенды мелi выразнае пачуцьцё сваёй апрычонасьцi. Пiсалi аб сабе з найвышэйшым зачараваньнем, складалi сабе акты найглыбейшага прызнаньня, але адначасна захоўвалi да сябе дыстанцыю. Адным словам, калi паглыбiцца ў падобнасьцi i роднаснасьцi, якiя лучылi ўсiх iх, акажацца, што ў сапраўднасьцi яны заўсёды кiравалiся навонкi — кожны ў iншы, собскi бок.
Другi вымер гэтай легенды складае — як заўсёды, нашмат больш калярытная за самi тэксты — пэрсанальная легенда. Гэта легенда супольных сустрэчаў, размоваў, таварыскiх забаваў (ад iх захавалiся здымкi) i дружбы гэтых пiсьменьнiкаў. Пэўны час яны мелi нават вельмi блiзкае знаёмства, асаблiва Шульц i Гамбровiч, i зь вялiкай ахвотай публiчна выказвалiся на гэтую тэму. Упаасобку Шульц аб Вiткацым, а Гамбровiч — аб Шульцу.
Дарма што iх усiх трох заўсёды ўважалi за экспэрымэнтатараў, аднак кожны з гэтых пiсьменьнiкаў экспэрымэнтаваў па-свойму. Шульц праводзiў мастацка-iнтэлектуальныя экспэрымэнты адно ў сваiх творах. Вiткацы i Гамбровiч экспэрымэнтавалi таксама i ў жыцьцi. Вiткацы экспэрымэнтаваў на сабе, прымаючы алькаголь i наркотыкi i назiраючы iхны ўплыў на сваю творчасьць. Гамбровiч, у сваю чаргу, падабаў экспэрымэнтаваньне на iншых — у форме iнтэлектуальна-таварыскай гульнi. I хаця ўзьнiкненьне гэтай легенды прыпадае на мiжваенны пэрыяд, аднак яна была сфармулявана i скадыфiкавана значна пазьней. Ейны кананiчны выгляд вызначыў у 1961 годзе сам Гамбровiч у двух сёньня добра вядомых тэкстах-успамiнах: у трэцiм томе «Дзёньнiка», а таксама ў «Польскiх успамiнах». Аднак фактычна беспасярэдняе супастаўленьне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча ажыцьцявiлi крытыкi, але — што цiкава — учынiлi гэта адно пасьляваенныя крытыкi.
Супастаўленьне Шульца i Гамбровiча перад 1939 годам зусiм не належала да руцінных крытычных штампаў, нават наадварот: крытыкi баржджэй супрацьстаўлялi гэтых пiсьменьнiкаў, чымся злучалi. У трыццатых гадох найвыдатнейшыя крытыкi мiжваеннага пэрыяду творчасьць Шульца зьмяшчалi блiжэй да прозы Хараманьскага, Брэзы, Анджаеўскага, Налкоўскай цi — у больш далёкай пэрспэктыве — Кадэна i Бэрэна. Дарма што Гамбровiч — як пiсаў Фiк — належаў да той жа самай генэрацыi «хвораманьякаў», ён на фоне творчасьцi сваiх калегаў быў — прыкладам для Фрыдэ — нечуванай i цалкам адмысловай неспадзеўкай.