Страница 5 из 112
Таму варта так зьмянiць пэрспэктыву, каб убачыць падобнасьцi ня ў тым, што злучае, а ў тым, што падзяляе, ня ў тым, што супольнае, але вiдавочнае, а ў тым, што адметнае i сукрытае. Варта шукаць падобнасьцi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча не ў iдэнтычнасьцi, а ў адрозьненьнi. Бо парадаксальным чынам толькi тое, што iх грунтоўна адрозьнiвае, забясьпечвае iхную непаўтаральную, лiтаратурную i iнтэлектуальную тоеснасьць. У тым, што адрозьнiвае, мы можам адкрываць падобнасьць, у тым, што падобнае, — бачыць адрозьненьне, словам, будаваць сувязi шляхам адмаўленьня, сутыкненьнi — шляхам уцёкаў, зблiжэньнi — шляхам унiканьня. Цi якраз ня гэта рабiў Гамбровiч, калi, пiшучы «нас было трое», ён даваў зразумець, што кожны з гэтых «трох» быў цалкам iншы i адметны ад астатнiх?
Iхныя лёсы i пагляды былi напару такiмi рознымi, што безь зьдзiўленьня не выпадае асэнсоўваць iхныя ўзаемныя перапляценьнi.
Вiткацы — у вялiкай ступенi ў вынiку бунту супраць пазыцыi бацькi i сям’i — выяўляў агiду да традыцыйнага разуменьня патрыятызму: ён сьвядома адкiнуў шляхецкую традыцыю. Ён таксама выступiў супраць незалежнiцкай антырасiйскай пазыцыi. Легiёны Пiлсудзкага ён уважаў за «прыгожае самагубства». Ён ставiў на Расiю i ў 1914 годзе ўступiў у расiйскае войска. У 1916 годзе ён узяў удзел у цяжкай бiтве супраць II Брыгады Польскiх Легiёнаў i быў паранены. У верасьнi 1939 году ён хацеў пайсьцi ў войска — але быў не прыняты з прычыны веку i стану здароўя.
Iнакш было з Гамбровiчам. У 1920 годзе ён не пайшоў на фронт, а ў верасьнi 1939 году не вярнуўся ў Эўропу, каб ня даць сябе мабiлiзаваць у войска. Будучы, як i Вiткацы, крайным iндывiдуалiстам — ён з бунту супраць шляхецкiх i абшарнiцкiх традыцыяў зрабiў, аднак, зусiм iншыя высновы. З аднаго боку, у iх ён убачыў выток склерозу грамадзкага пласта, зь якога ён паходзiў, з другога — крынiцу ўласнай арыгiнальнасьцi i сiлы. Нiхто, як ён, не адчуваў у Польшчы ейнай старасьвецкай традыцыi. Польшча — заўсёдная тэма ягоных твораў.
Бруна Шульц, у сваю чаргу, паляк жыдоўскай нацыянальнасьцi, быў грамадзянiнам Рэчы Паспалiтай многiх нацыяў. Сымбалем Польшчы для яго быў маршалка Пiлсудзкi, якога ён меў за «легендарную» велiчыню.
Сямейныя i мiжчалавечыя сувязi Вiткацага, Шульца i Гамбровiча спараджаюць шмат зьдзiўляючых паралеляў. Кожны з гэтых пiсьменьнiкаў памёр бязьдзетным, усё жыцьцё падкрэсьлiваючы сваю непрыстасаванасьць да жыцьця зь iншымi, i заразом пiльную патрэбу быцьця з другой асобай. Для апiсаньня асобы Вiткацага ключ — гэта асоба бацькi, а для Шульца, як i ў выпадку Гамбровiча, што i падкрэсьлiваюць дасьледнiкi яго бiяграфii, ключ — асоба мацi.
Шульц быў «самотнiкам з Драгабыча», там была ягоная малая бацькаўшчына, ягоная сапраўднасьць, якую ён ператвараў у мiт. Праўда, ён усё жыцьцё марыў перасялiцца ў «праўдзiвыя» мэтраполii, у Альбаў цi Варшаву, але ўрэшце застаўся ў месцы, у якiм нарадзiўся.
Iнакш справа стаяла з Гамбровiчам — для сувязi з бацькаўшчынай яму была патрэбная не беспасярэдняя прысутнасьць, а радыкальная дыстанцыя. Калi фiгурай творчасьцi i бiяграфii Шульца ёсьць «вяртаньне», у Гамбровiча такой фiгурай выступаюць «уцёкi». Калi Шульц мiталягiзаваў «вяртаньне да маленства», бо толькi «маленства» забясьпечвала яму мастацкую аўтэнтычнасьць, то Гамбровiч дэманiзаваў «уцёкi ад маленства», а ў маленстве бачыў адно пекла зьдзяцiненьня i першакрынiцу ўсялякага «апупеньня». Не «маленства», а «маладосьць» ёсьць першасным ключом гамбровiчаўскай антрапалёгii.
Калi Шульц па сутнасьцi заглыбляўся ў сваю «малую бацькаўшчыну», зьвяртаючыся да карэньняў iндывiдуальнай, сямейнай i нацыянальнай долi, то Гамбровiч «вызваляўся» ад бацькаўшчыны, ведучы зь ёй на працягу ўсяго жыцьця зацятую iнтэлектуальную дыскусiю (найзырчэй ён даў гэтаму выражэньне ў «Транс-Атлянтыку» i «Дзёньнiку»).
Яшчэ больш своеасаблiвую пазыцыю займаў Вiткацы, якi праграмна адкiнуў усе нацыянальныя пытаньнi як неактуальныя, а iнтэлектуальнае прытульле перад праблемай бацькаўшчыны знаходзiў ва ўнiвэрсальнасьцi iснаваньня.
У тым, што грамадзкае, Вiткацы бачыў пагрозу для iндывiда: гэтае аграмаджваньне ў ягоных творах — сынонiм таталiтарнай унiфiкацыi. Тым ня менш Гамбровiч у тым, што грамадзкае, бачыў сутнасьць усяго, што чалавечае. Вiткацы прыдумляў пачвараў i монстраў, што ўзьнiкаюць з натуры iндывiда, але для Гамбровiча месцам радзiнаў пачвараў было тое, што грамадзкае i мiжчалавечае.
Таму вытокам пачварнасьцi ў чалавечым сьвеце для Вiткацага былi — традыцыйна — псыхiка i характар кожнага чалавека, тым часам як Гамбровiч сфэру гэнай mostruosite зьмяшчаў памiж людзьмi, у фармуючых iх узаемаадносiнах — цi ў «форме».
Адзiн з слынных здымкаў Вiткацага прадстаўляе некалькi адбiцьцяў гэтага мужчыны ў люстры — мы бачым павялiчанага чалавека. Павелiчэньне — заўсёдны матыў ува ўсiх трох пiсьменьнiкаў. Кожны зь iх, аднак, ужывае яго па-свойму. Павелiчэньне Вiткацага — адыхтар мультыплiкацыя гэтага ж самага або множнасьць, дарам што ў гэтай множнасьцi ёсьць адзiнства. Множнасьць — гэта сам павялiчаны суб’ект.
У сваю чаргу павелiчэньне Гамбровiча — гэта суiснаваньне розных фазаў жыцьцяў i роляў iндывiда або множнасьць рознасьцi. Павелiчэньне Гамбровiча загэтым азначае расшчапленьне iндывiда, дыфэрэнцыяваны суб’ект.
У Шульца ж павелiчэньне — гэта несупынная трансфармацыя iснага ў пошуку сутнасьцi субстанцыi.
Не падлягае сумневу, што ў эстэтычным i мастацкiм пляне Вiткацага, Шульца i Гамбровiча адрозьнiвае ўсё. У абсягу паэтыкi няма нiводнага iстотнага пункту судакрананьня памiж раманамi Вiткацага, апавяданьнямi Шульца i прозай Гамбровiча. Пэўны час таму я пiсаў аб фундамэнтальнай i непрадухiляльнай розьнiцы памiж Вiткацавай канцэпцыяй раману, якi ня ёсьць творам мастацтва, а «куфрам», i канцэпцыямi Гамбровiча i Шульца, якiя якраз прозе надалi статус мастацкага архiтвору. Калi закрануць што-небудзь у паэтыцы Вiткацага, Гамбровiча i Шульца, мы паўсюль сустрэнем поўную супрацьлежнасьць: стыль i кампазыцыя, мэтафара i гутарковая мова, пабудова фабулы, дыялёгаў, часу, прасторы або пэрсанажаў — усё гэта вынiкае зь iншых вытокаў i iмкнецца да iншых мэтаў.
Такiм чынам, традыцыi, да якiх апэлююць творы Вiткацага, Шульца i Гамбровiча, iншыя, як i iншае стаўленьне да традыцыi кожнага з гэтых пiсьменьнiкаў.
Вiткацы зь цяжкасьцю, але няўхiльна нiшчыць рэалiстычна-натуралiстычны ўзор раману. Марачы, аднак, аб мэтафiзычным або фiлязафiчным рамане, ён парадаксальна мяняе шыла на мыла: як раманiст ён усё яшчэ застаецца ў абсягу традыцыйнага раману.
Шульц, у сваю чаргу, абнаўляе прозу шляхам звароту да сымбалiстычнай традыцыi i парадаксальнага адвярненьня ад ейных асноўных момантаў. Ня толькi тое, што сымбалiсты мелi за ўнiвэрсальнае, але i сакральныя элемэнты паэзii ў адваротнасьць ад прозы Шульц падпарадкоўваў якраз прозе. Дзеля гэтага Вiткацы — як ён сам напiсаў — захлынуўся «водарам цынамону» апавяданьняў Шульца.
Вiткацы — як i Аляксандар Ват у «Мопсазялезным сабачку» — застаўся, аднак, вязьнем традыцыi, якую ён з запалам нiшчыў. Усе ягоныя скончаныя i няскончаныя раманы — гэта тэрыторыя гераiчнай барацьбы i дэструкцыi, зьдзейсьненай на кожным элемэнце традыцыйнага нарацыйнага твору, трактаванага як прыклад зьненавiджанай традыцыi рэалiстычнага апiсаньня сьвету.
Шульц жа не змагаецца з традыцыяй, а супачывае на ёй, чэрпае зь яе ўсе сiлы i сокi, у ёй будуе мэтафары i гiсторыi сваiх аповесьцяў. Кожны, хто знае Шульца, знае гэтую атмасфэру: жыдоўскi, старазапаветны ўнiвэрсум, сымболiка кабалы, мастацкая крэацыя як гэст паўтарэньня Боскай крэацыi, сакральная неабходнасьць апэляцыi да сьвятога слова, да канону i мiстычнай Кнiгi — усё гэта пасяляе Шульца ў зусiм iншай мастацкай, эстэтычнай i гiстарычнай прасторы, чымся вiткацаўская Чыстая Форма.
У сваю чаргу Гамбровiч знаходзiць для сваёй прозы зусiм iншую эстэтыку. Традыцыя для яго — нi «тактоўнасьць, нi цуглi». Гэта збор пустых знакаў, якiя пiсьменьнiк ужывае для самавыражэньня — ня толькi ня дбаючы аб адасабленьнi sacrum ад profanum, але якраз наадварот — з найвялiкшай асалодай мяшаючы iх парадкi, бавячыся iмi, а перадусiм «гуляючы» — як бы сказаў Ежы Яжэмбскi.