Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 110 из 112



У нейкiм з сваiх iнтэрвiю я канстатаваў, што стаў беларускiм пiсьменьнiкам ад палякаў i, больш таго, дзякуючы якраз iм. Гэта застала зьнянацку i мяне самога. Я пачаў разважаць над мэханiзмамi майго выпадку. Журналiст, прапануючы мне такое пытаньне, меў наўвеце маштаб выдавецка-чытацкага розгаласу, але я адразу зарыентаваўся, што гаворка тут iдзе аб звычным кругазвароце рэчаў: твор надае большую цану аўтару, калi ён перакладзены на iншыя мовы, найлепей у тым лепшым замежжы, прынамсi за ваколiцай; ён прысьпешвае яго належную ацэнку.

Завяршаецца мой пералiк спэцыфiчных клопатаў пiсьменьнiка беларускай меншынi, бо ўсе астатнiя такiя ж самыя, незалежна ад нацыянальнасьцi й мовы. Безумоўна, зварот да дылем творчасьцi, маёй i калегаў, а таксама роздум над тым, што польскае слова ў Польшчы само просiцца на вусны i паперу, а беларускае трэба спэцыяльна «выклiкаць», мог быць недастаткова ўсеабсяжным. Як бы штучна гэта ні гучала, але не адзiн я ўбачыў у гэнай дадатковай мазольнай натузе будаваньня фразы менавіта плюс, своеасаблiвы элемэнт мастацкага фiльтру. Начэпнасьць польшчыны, нiбы неспадзеўкi, дала карысны павеў, якi выдзьмуў прэч з прыгаршчы беларускiх зярнятаў апошняе пустазельле (легчыня кампанаваньня фразаў — абстрагуючыся ад генiяльнай рукi — немiнуча прыводзiць да засьмячэньня празьмернай шматслоўнасьцю, лексычнай перагружанасьцю). Вось такая дробная зацемка пад самы фiнал гэтых развагаў.

Тэкст перакладзены паводле: Pomerania, № 12, 1994.

Vasil Bykau: «Ściana», tłum. Czesław Seniuch, Jan Maksymiuk, wyd. SETPro, Białystok, 1999.

У беластоцкім выдавецтве «SETPro» выйшла кніга «Ściana», у якую ўвайшлі некалькі дзясяткаў новых апавяданьняў і навэляў, выдатна перакладзеных Чэславам Сэнюхам і Янам Максімюком.

Быкаў ужо ў гадох, але дагэтуль прадуктыўна працуе на ніве літаратуры, дарма што адчуў патрэбу пакінуць бацькаўшчыну, якая знаходзіцца пад уладай д’ябальскага рэжыму Лукашэнкі. Сьпярша ён разам з жонкай знайшоў прытулак у Фінляндыі, а пасьля ў Нямеччыне. Гэты былы лейтэнант дывізіённай артылерыі часоў вялікай апошняй вайны, які цудам уратаваўся ад цяжкіх ранаў на палёх бітваў Вугоршчыны і Аўстрыі, дэбютаваў адно на пачатку шэсьцьдзясятых, маючы амаль сорак гадоў. Гэтаму, безумоўна, паспрыяла славутая адліга. Каб жа не яна, то, магчыма, ён бы і ня ўзяўся за пяро.

Чаму? Таму, што калі Быкаў пачаў бы пісаць раней, ён бы ня меў ніякіх шанцаў апублікаваць свае творы. Больш за тое, гэта б пагражала высылкай у сібірскія лягеры. Быкаў проста арганічна ня зносіць брахні, ідэалягічнага зглумленьня чалавечай асобы, адыходу ад маральнасьці. У сваіх творах ён выяўляе праўду аб вайне, вядомай яму з уласнага досьведу. Адзін пазытыўны герой — жаўнер, ублытаны ня ўласнай воляю ў экстрэмальныя сытуацыі і па сутнасьці гамлетаўскія дылемы.

Так аб вайне ў Савецкім Саюзе да яго ніхто не пісаў. У модзе былі творы з панарамным ахопам, з паказам штабаў, гераічных камандзіраў і палітрукоў з жаўнерамі на фоне. Зь цягам утварылася плынь пад назвай «літаратура акопнай праўды», якая вызначалася тым, што дзеяньне твораў перастала абмяжоўвацца штабнымі памяшканьнямі і апісаньнямі ваенных баталіяў, а аўтарская ўвага стала сягаць да «засраных акопаў і завашыўленых зямлянкаў».

Быкаў пайшоў далей. Ён засяродзіўся на «атаме вайны», г. зн. на долі асобнага жаўнера; часам таксама на яго беспасярэдніх начальніках, на сяржантах і лейтэнантах, які застала тая ж самая бяда. Штабныя ж работнікі — гэта іншы сьвет, для якога вайсковыя нізы — нішто.



У сваіх мастацка-літаратурных аналізах Быкаў дасягае ўнівэрсальнага вымеру — якое грамадзтва, такая і армія.

Калі чытаеш аповесьці Васіля Быкава, узьнікае ўражаньне, што пэрыпэтыі вайны ў іх — гэта нешта другараднае, матэрыял, які аўтар найлепш ведае і якім можа найлепш пакарыстацца пры ўзьвядзеньні архітэктуры твору. Хай гэта «Здрада», «Праклятая вышыня» або «Пастка», «Дажыць да сьвітаньня» або «Мёртвым не баліць».

Ня толькі цэнтральныя ўлады абвінавачвалі пісьменьніка ў ачарненьні рэчаіснасьці. У Беларусі Быкаў таксама ня меў апірышча, таму што, ня лічачы адзінкавых выпадкаў, тут так і не сфармаваўся дысыдэнцкі рух. Пісьменьніка падтрымлівалі маскоўскія лібэралы, пераважна з асяродзьдзя слыннага некалі літаратурнага часопісу «Новый Мир», рэдагаванага Аляксандрам Твардоўскім, які публікаваў забароненыя ў Менску тэксты вялікага беларуса. Трэба пры гэтым адначасна сказаць, што тады Быкава амаль імгненна перакладалі і выдавалі таксама і ў Польшчы, дзякуючы захадам і аўтарытэту такіх пісьменьнікаў, як Віктар Варашыльскі, Анджэй Дравіч або Ян Гушча. Нягледзячы на сапраўды сусьветную вядомасьць, стаўленьне да Васіля Быкава ў даперабудоўныя часы з боку ўладаў вагалася ад непрыязьні да падлабунства, бо ўлады стараліся аблашчыць пісьменьніка і выкарыстаць для сваіх патрэбаў. Але неўзабаве зьявіўся Гарбачоў са сваёй утопіяй рэфармаваньня нерэфармоўнага камунізму, наданьня нялюдзкаму ладу людзкага аблічча; тады Быкаў пачаў уголас прамаўляць як пісьменьнік і чалавек. Ён стаў сумленьнем беларускай нацыі, знакавай постацьцю — як той, хто ніколі не выракаўся праўды ні словам, ні справай.

На жаль, БССР, перайменаваная ў незалежную Рэспубліку Беларусь пасьля распаду СССР, стала не дэмакратычнай дзяржавай, а нечым накшталт аскепку імпэрыі. Савецкая намэнклятура, перажыўшы часовыя паразы, поўніцай утрымала тут уладу і спрыяла ўзьнікненьню аўтарытарнага рэжыму. Яго ўзмацненьне адбылося пяць гадоў таму, пачаўшыся з сэрыі палітычных забойстваў, мэтай якіх было аслабленьне апазыцыі. У дадзены момант шмат яе лідэраў апынілася на эміграцыі, у тым ліку і ў Польшчы. Быкаў прытуліўся сьпярша ў Скандынавіі.

У кантэксьце гэтай сытуацыі знамянальным ёсьць выезд зь Беларусі старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Някляева сьпярша ў Варшаву, а потым у Хэльсынкі. Някляеў ня быў у апазыцыі, аднак ня змог вынесьці антыбеларускага курсу палітыкі Лукашэнкі, накіраванай на поўнае зьнішчэньне беларускай мовы і ўгрунтаванай на ёй нацыянальнай культуры. Гэты парадокс, што беларуская дзяржава імкнецца да падрыву беларушчыны, г. зн. да самаадмаўленьня, з гледзішча нармальнага розуму цяжка вытлумачыць. Дзяржава, якая намагаецца стаць калёніяй іншай дзяржавы? Стала марыць аб тым, каб перастаць быць самой сабой?! Незалежнасьць, за якую іншыя народы пралівалі кроў пакаленьнямі, для Беларусі стаецца каменем на шыі? Як жа гэта растлумачыць? Хваробай?

Быкаў у нядаўным інтэрвію, апублікаваным у «Gazecie Wyborczej», поўніцца нядобрымі перажываньнямі і інтуіцыямі. Памятаючы свае шматлікія размовы з Васілём, тыя, якія адбываліся трыццаць гадоў назад, а таксама тыя, што вяліся пару гадоў назад, я ведаю, што ён ніколі ня меў ілюзіяў да homo sovieticus’a, таму што, нягледзячы на ўсе спробы ідэалізацыі, дасканала ведаў яго. Быкаў паводзіў сябе, быццам Міцкевіч у Расіі, не даючы сябе маральна зьнішчыць.

Быкаў дасьледуе прычыны гэткага лёсу Беларусі і беларусаў, дзякуючы чаму ўсё часьцей у яго творчасьці зьяўляецца партызанская тэматыка, менш знаёмая яму з уласнага досьведу. Зьяўляецца таксама гістарычная, паўстанцкая тэматыка, якая закранае нады няўдалай пабудовы беларускай незалежнасьці пасьля першай сусьветнай вайны. Пісьменьнік мае тую перавагу над палітыкам і якім-небудзь прэзыдэнтам, што гэта не палітыка вызначае яго месца ў гісторыі. Калі перасечны паляк пазірае цяпер на мінуўшчыну вачыма Генрыка Сянкевіча, то перасечны беларус, безумоўна, ня будзе на яе глядзець вачыма прэзыдэнта (ня той талент і ня тая магія слова).

Згаданая «Ściana» — гэты збор напісаных апошнім часам твораў, выданьню якога ў Менску паспрыяла патрыятычнае асяродзьдзе, — зьмяшчае ў сабе атляс беларускіх нягодаў. Мэтафарай гэтых нягодаў ёсьць фінал аднайменнага твору, у якім вязень заўзята бурыць каменную сьцяну, каб нарэшце вырвацца на волю, але аказваецца, што ён апыніўся на турэмным дворыку, паблізу ад шыбеніцы. «Жыцьцё ў турме, як і сьмерць, ня мела сэнсу», — канстатуе аўтар. Чалавек завіс у касьмічным вакууме, у якім яго проста няма, дарма што ў зямных умовах ён жыве, есьць і дыхае, і нешта там бачыць.