Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 109 из 112



Завяршаючы зьмешчаныя вышэй меркаваньнi, зьвернемся да тэзы маладога дасьледнiка з ЗША, Адама Замойскага: сучасная Беларусь зьявiлася на сьвет Божы як нацыя з нацыi. Яшчэ для дзекабрыстаў i на пакаленьне пазьней Польшча пачыналася расейцам недзе за Смаленскам, i ўжо напэўна ў Вiцебску i Магiлёве. Беларуская нацыянальная мяншыня ў сёньняшняй Беласточчыне часткова перабывае ў такiм застыглым анахранiчным часе, зь цяжкiм комплексам сірочасьці, якi нават мацуецца Рэспублiкай Беларусяй, дзяржавай чыста сацыяльнай, не нацыянальнай (такога няма ў суседняй зь ёй летувiскай мяншыні, якая адчувае апякунскi подых матухны-Летувы).

Таму ў нашай лiтаратурнай творчасьцi нячаста сустракаюцца ўсебеларускiя паралелi, нiбыта нiколi i не было пупавiны... Эмiграцыйныя лiтаратары на Захадзе — гэта хутчэй менска-гарадзенскія, чымся мы з тае самае некалі губэрні, паколькi яны вынесьлi з сабой важкi багаж сфармаванай i сягаючай усярэдзiну беларушчыны. У нас жа беларускi рух быў перапынены пасьля вайны, жменька iнтэлiгенцыi загiнула ў савецкiя дэпартацыi або ад куляў пасьляакоўскага падпольля, якое кiравалася стэрэатыпам: беларус—камунiст. Дастаткова сказаць, што, засноўваючы напрыканцы пяцьдзясятых гадоў гурток маладых лiтаратараў пры рэдакцыi беларускамоўнага тыднёвiку «Нiва» ў Беластоку, мы мелi досыць агульныя i цьмяныя ўяўленьнi аб iснаваньнi беларускай лiтаратуры, i толькi некалькi чалавек нешта ведалi аб ёй з падручнiкаў для лiцэяў. Нас чакалi штудыi i вельмi запозьненая прафэсiйная сьпеласьць; Беласток тады быў наагул культурнай пустыняй, i таму нас у пэўным сэнсе напаткала доля згаданых самавукаў нашаніўскай пары, дарма што мы менш марудна дабіліся адукаванасьці і хутчэй авалодвалi тайнiцамi мастацтва слова (асяродзьдзе, якое вырашала аб лiтаратурным працэсе, вырасьла ў нас толькi пасьля). Некаторыя ўбачылi ў гэтым няшчасьцi ўнiкальны шанец на ўзьнiкненьне дужа арыгiнальнай творчасьцi; вольнай ад абцяжарваньняў польскай традыцыяй, з аднаго боку, i, зразумела, беларускай, з другога. Iнакш кажучы, павiнна было выйсьцi нешта накшталт новай літаратуры або нацыi, уцiснутай памiж молатам i кавадлам. Вiдавочны iнфантылiзм гэных разьлiкаў, цi, хутчэй, здогадаў, ужо тады ўзбуджаў сьмех.

Урбанiстычны матыў, горад, адно зьяўляецца ў беларускай лiтаратуры, а ў яе беластоцкiм фрагмэнце пракiдаецца яшчэ менш, ледзь буяючы. Безумоўна, ён будзе дамiнуючым, але не ў такой ступенi, як на буржуазным Захадзе. Назiраныя тэндэнцыi зьменаў у грамадзкай структуры нашай нацыянальнай мяншынi выразна сьведчаць аб запавольваньнi працэсу аглямэрацыi ў буйныя гарады на карысьць хуткага разьвiцьця гарадоў-спадарожнiкаў i мястэчак. Праўда, Беласток лiчыцца беларускiм цэнтрам, адылi народжаныя ў iм, як правiла, вырастаюць палякамi, а iх сустраканая досыць часта беларускасьць дэкляратыўная, а не этнiчная. Прынамсi дагэтуль у «Белавежу» ўваходзiць ўсяго адзiн аўтар, якi нарадзiўся ў Беластоку, — ён, аднак, падтрымвае цесныя кантакты з бацькамi (Яраслаў Яновiч). Пiсьменьнiцкi талент шлiфуецца ў моўнай стыхii, калi не ў вымеры народу, то, прынамсi, у вымеры асяродзьдзя, аб чым i сьведчыць досыць вялiкая плеяда нашых паэтаў, што паходзяць з цэнтраў паветаў (напр. Надзея Артымовiч зь Бельску Падляскага). У разгляданай сытуацыi культуратворчую зьмярцьвеласьць можна параўнаць з эмiграцыяй як перамяшчэньнем у чужое абкружэньне. У гэтай роўнiцы тут не вiдаць адрозьненьняў.

Вясковасьць у нашай лiтаратурнай творчасьцi адчуваецца нават у тэкстах, даволi насычаных фiлязафiчнасьцю. Можна падумаць, што яна застанецца ў пiсьменстве беларускай мяншынi таксама i тады, калi зь сьвечкай давядзецца шукаць аўтара зь селавым паходжаньнем; бо мястэчкi ўзвышаюцца цывiлiзацыйным стандартам, а не адметным ад хутаранскага задзiры бачаньнем справаў гэтага сьвету. Але я не пэсымiст у гэтай матэрыi i адчуваю ўзрастаючае значэньне псыхiчнага скурчваньня зямной апукi, або, калi iнакш, узьнiкненьне т.зв. глябальнай вёскi. Гэта як бы на будучыню. Цяпершчына ж патроху сьпiхвае нас у тэматычны анахранiзм; параксізмы плачу па страчанай iдылiчна-анёльскай Аркадыi або туга па часах, калi хадзiлi басанож, араючы коньмi, стаецца нечым незразумелым i для нашых гарадзкiх дзяцей, ня кажучы аб блiжэйшай або далейшай Эўропе. Такая паэзiя патрабуе ўжо тлумачальных заўвагаў.

Будзем лiтаратурай глыбокай правiнцыi? Так, але ў гэтым яе вялiкi шанец на непаўторнасьць! Прашу зьвярнуць увагу на ўбоства слоўнiка i яго мэтафарычную бясколернасьць у людзей зь вялiкiх гарадоў. Дык жа гэта паказальна ў шмат якiх аспэктах, наўперад успрыманьня чалавека чалавекам. Слова як iнструмэнт, яго шматстайнасьць i багацьце, заўсёды красавала недзе ў экалягiчна чыстай Барбарыi, i, узятае там i прыцягнутае на рынак культуры, падлягала апрацоўцы й пераацэнцы.



Гаворачы аб пагрозах, трэба памятаць i аб тых, насьледкам якiх можа быць страта аблiчча нацыянальнага творцы, ператварэньне ў польскага пiсьменьнiка беларускай мовы. Гэта можна прадэманстраваць пры дапамозе эфэкту корка, пагружанага ў ваду... Адносна лёгка цi нават падсьвядома наступае заклапочанасьць праблемамi, якiя з усёй непазьбежнасьцю прадвызначаюць лёс гэтага закутка, як у фiзычным, так i ў духовым маштабе, адначасна будучы прадуктам нацыi, што валодае дзяржавай. Нельга праяўляць глухату да Польшчы, але трэба зважаць, каб яе мэлёдыi не заглушылi ўласнага аркестраваньня.

Я вяртаюся да не даказанага да канца параўнаньня: плавок з коркавага дрэва можна выкарыстаць як добрую мысьленную фігуру. Гэта знак на паверхнi бачанага, якi сыгналiзуе аб належнай глыбiнi. Без вудара, тым ня менш, гэта толькi вычварнае сьмецьце. Так бывае зь беларускiм словам, не ўкарэненым у роднай глебе; бы ссохлае пустазельле, якое матляецца вятрамi i вiхурамi. Яго iснаваньне апраўдана толькi тады, калi яно расьце i квiтнее, i дае плады. Калi яго заступiць iншае, зусім чужое — зьменiцца вiзуальны краявiд, зьява на выгляд амаль неiстотная, але — i тут адбываецца драма ў прыродзе — перажывае дэградацыю сфармаваная эпохамi беспасярэдняя падглеба. Тэрыторыя, пацярпелая ад асымiляцыi, вельмi доўга не ажывае, што проста-такi хрэстаматыйна iлюструе прасьцяг гiстарычнага Падляшша на карце лiтаратурнай Польшчы; колiшняя Седлецкая губэрня ў палянiзацыйным параксізьме здолела выдаць на сьвет выбiтную постаць Мiкалая Янчука з Корнiцы, аднаго зь першых прафэсараў Беларускага ўнiвэрсытэту, знаўцы ўсходнеславянскiх лiтаратур. I больш не нараджае для культуры аж па сёньняшнi дзень, перш як ня будзе даведзена да канца рэкультывацыя, скiраваная на зьлiцьцё гэтага рэгiёну з арэалам этнiчна польскiм, як моўнага, так i псыхалягiчнага. Досьвед чалавецтва ў пэрыяд асымiляцыi культур, пажыраньня адной другою, выразьлiва апэлюе да шэксьпiраўскага «быць або ня быць». Мяншыня, засмактаная бальшынёй, — гэта яшчэ малая драма. Нашмат большая разгортваецца ў выглядзе культурастваральнага апустыньваньня асыміляванага прасьцягу, зьніштажэньня ўзьнiклых у iм гуманiстычных вартасьцяў. Культуру можна лёгка зьнiшчыць, але пасьля гэтага яна ўжо не паддаецца аднаўленьню (што зьдзіўляе невукаў пры пасадах).

Беларускi пiсьменьнiк у Польшчы як мастацкая iндывiдуальнасьць насамрэч мала рызыкуе знаходжаньнем у iзаляцыi, апрача аб’ектыўна функцыянуючага бар’еру мовы. Але яму на калiўца цяжэй з гэтай прычыны, чымся тыповаму для краiны правiнцыялу пяра. Гэтае меркаваньне нiчым не пярэчыць маiм ранейшым высновам, калi мець наўвеце ўнiкальна адораных iндывiдаў. Але ўся лiтаратурная драбяза ня мае шанцаў выплыць на шырэйшыя воды, дарма што, назiраючы з супрацьлежнага — польскага — боку, атрымвае для сябе яна непараўнальна большае задавальненьне ў пляне чытацкага ўспрыманьня дзякуючы зацытаванай псыхалёгii абложанай цьвярдынi. Гэта дабратворна не ўплывае на ўзровень тэкстаў i прафэсiйны рост, схiляе да эпiгонства або нават шматслоўнасьцi, да грамадзка-палiтычнага прыслужнiцтва. Пазалiтаратурныя кiраўнiчыя амбiцыi баналiзуюць талент, надзьмуваюць яго павятовай генiяльнасьцю, якая лопаецца, як мыльная бурбалка, пры сутыкненьнi з сапраўды рэальнай лiтаратурай. На жаль, гэта надзвычай частая драма аўтараў «Белавежы», якая, на шчасьце, досыць хутка ўсьведамляецца iмi. Але яна заўсёды прысутнiчае, мiгочучы ў эмоцыях i знарочыста невыразнай лiнii гарызонту, што адмяжоўвае неба iдэi i зямлю жыцьця; памiж iснаваньнем як творцы i як беларуса.