Страница 108 из 112
Стабiльная нацыянальная мяншыня, а гэткай лiчыцца i беларуская, паралельна з засваеньнем польскiх i сусветных вартасьцяў выпрацоўвае свае формы культуры. У вынiку гэтага яны паступова ўлучаюцца ў сукупнасьць атрыбутаў, што характарызуюць кожную сфармаваную нацыянальнасьць. Зь бяздоньня фальклёру i цывiлiзацыйнага адасабленьня найперш зьяўляецца лiтаратурная творчасьць, у другой або трэцяй генэрацыi аўтараў фiксуючыся ўжо на ўзроўнi прафэсiйнасьцi, дасягаючы паступова агульнаэўрапейскага кантэксту. Амаль адначасова вылучаюцца iншыя прыгожыя мастацтвы, напачатку жывапiс i графiка (напр. Лёнiк Тарасэвiч з?пад Беластоку, у дадзены момант iмя зь мiжнародным рэнамэ). Найцяжэй бывае з тэатрам, паколькi яго немагчыма разьвiваць у адрыве ад собскай публiкi; яго надзвычай абумоўлiвае адначасна ступень распаўсюджаньня высокай культуры ў самой нацыi. Напрыканцы голас атрымлiваюць навуковыя, тэхнiчныя таленты, якiя ствараюць арганiзацыйныя нацыянальныя структуры, хутчэй не ў акадэмiчным значэньнi, а ў спалучэньнi зь бiзнэсам. У фiнале гэнага дасьпяваньня да суб’ектыўнасьцi вылучаецца кiраўнiчая праслойка i прафэсiйныя палiтыкi. Канец пабудовы пiрамiды.
Беларуская нацыянальная мяншыня ў сёньняшняй Польшчы дарасла да гэтага. Аднак яе пiсьменьнiкi яшчэ доўга ня змогуць дазволiць сабе своеасаблiвы шык быць сьвятарамі слова. Хочучы таго цi не, яны наўпрост падштурхоўваюцца адрасатамi сваёй творчасьцi зьдзяйсьняць ролю лiдэраў нацыянальнасьцi, быць сумленьнем нацыi. Гэны маральны тэрор прымушае да этычнага цэлiбату, прынамсi вонкавага. Фанатызм дабрачыннасьцi, нейкай іконнай акуратнасьці, зразумела, дэфармуе талент, абмяжоўвае або дэгенэруе. Цьвярдыня беларусаў ў абкружэньнi палякаў накiдвае iндывiдуальнасьцi самадысцыплiну ў iмя адкрыта неартыкуляванага заклiку: «Не дамо сябе спалянiзаваць!» Гэта вельмi зразумелая пазыцыя i для iншых нацыянальных мяншыняў Эўропы, мяркуючы з уражаньняў, якiя я атрымаў падчас адной з сустрэч ПЭН-клюбу, адбытай на гэтую тэму некалькi гадоў таму у славінскім Блэдзе.
Праблему маргiнальнасьцi чытацкага рынку для пiсьменьнiка зь мяншынi на пэрыфэрыi краiны, натуральна, вырашаюць выдавецтвы адпаведнай дзяржавы за суседняй мяжой. У сытуацыi беларускага творцы i гэта не прыносiць належнага задавальненьня з прычыны блiзу поўнага выдаленьня з штодзённага жыцьця нашай роднай мовы падчас iмпэрскага камунiзму. Нават генiяльна добрая беларуская кнiга не разыходзiцца iмгненна ў Беларусi; дакладна тое ж будзе i з сэнсацыйным дэтэктывам. Бо гэтая мова ў грамадзкiм успрыманьнi перажыла адчужэньне. Патрэбны гады i пакаленьнi, а таксама агромнiстыя намаганьнi ў дзяржаўным маштабе, каб вярнуць ёй паўсюдную прысутнасьць. У адрозьненьне ад драмы кельцкага слова ў Iрляндыi цi Ўэльсе, беларушчыну можна рэсацыялiзаваць, паколькi яна была выцесьнена роднаснай i блiзказначнай мовай і ў пераважнай частцы яна зразумелая нават для прыроджаных расiйцаў.
Беларускi пiсьменьнiк у пасьляваеннай Польшчы, як правiла, — асоба з вышэйшай адукацыяй, не заўсёды гуманiтарнай. У лiтаратурных традыцыях гэтай нацыi, асаблiва ў першыя дзесяцiгодзьдзi нашага стагодзьдзя, мы назiраем, амаль без выключэньняў, вялiкiх самавукаў, якiя ўласным высiлкам набывалi неабходныя веды ў гэтай галiне. Сярод плеяды Маладой Беларусi i пазьней цяжка згадаць кагосьцi з унiвэрсытэцкiм дыплёмам. Нiзкi адукацыйны ўзровень i недастатковая iнтэлектуальная самасьвядомасьць нэгатыўна ўплывалi на якасьць твораў, нягледзячы на высокую iнтэнсіўнасьць таленту. Вядучыя паэты беластоцкай «Белавежы» не былі вымушаны самі змагацца з падобнымi заганамi i ахвотна дапамагалi сваiм слабасiльным калегам па пяры, якiя ледзь атрымалi сярэднюю адукацыю (такiх дагэтуль налiчваецца каля ста). Праблема палягала ў нечым iншым: цi асуджаны аўтар на родную мову? Некаторыя пайшлi ў польшчыну, мяркуючы, што тым самым пазьбягаюць прыкрага ім цяжару нейкай мiсii, якая расьцярушвае сiлы на пазалiтаратурныя справы, i таму неабавязковая для дасягненьня майстэрства. Счэзьлi, як сiвая ноч; нiхто зь iх ня вызначыўся ў лiтаратуры (хаця напачатку вялiкiя надзеi падавалi палякам Аляксей Казьбярук, Эдвард Ярашэвiч, Мiкалай Самойлiк).
Цiкавячыся эўрапейскай лiтаратурай, я зьвярнуў увагу на знамянальную для мяне дэталь: адсутнасьць у ёй заклiкаў да любосьцi да роднага слова; ня знойдзеш там, на Захадзе, фразаў, як маё: «Табе толькi, слова беларускае, кланяюся i веру. Божа мой! Ты мая рэлiгiя!». Паэту, якi пiша па-француску або па-ангельску, гэта падасца троху двухсэнсоўным, ня з гэтых часоў. Напэўна, доўга яму давядзецца тлумачыць, чаму кожны ў нас пачынае свой шлях у паэзiю абавязкова з дэклярацыi ў вершаванай форме аб сваёй бязьмежнай любосьцi да роднай мовы, заклiнаньняў аб якiх-любя ахвярах, каб баранiць яе да апошняга ўздыху, канчаючы i вось такой пагрозай, узятай з твору Юркi Трачука: «I прыйдзе велікан Белай Русi, I як здраднiкаў задушыць!»
Разьвязаўшы моўнае пытаньне на карысьць меншынi, новасьпечаны адэпт прыгожай пiсьменнасьцi адразу сутыкнецца зь неадчувальнымi раней дылемамi, зь якiмi ён па-рознаму дае сабе рады. Драбнiцай будуць словаўтваральныя i стылiстычныя палянiзмы, якiя прашмыгнулi ў напiсаны тэкст i якiх можна пазбыцца пры дапамозе пiльнага перачытаньня. Пагрозай стаецца iндывiдуальнасьць, сфармаваная дзякуючы — прыкладам кажучы — варшаўскай вучэльнi, на што пасьлей актыўна накладаецца псыха-пабытовая абалонка дзяржаўнасьцi, вядома ж, небеларускай. Наступае канфлiкт дзьвюхнацыянальнасьцi ў iндывiдзе, як я гэта вызначаю. Вельмi праўдападобна, дарма што я ня чуюся кампэтэнтным у дасьледаваньнi гэтага, што тут мной закранаюцца глыбiнныя прычыны творчай паразы тых паэтаў, якiя, застаючыся ўсiм сваiм iством беларусамi, намовiлi сабе, што iмi яны ня ёсьць. Можна сьцiсла адказаць: палякам трэба нарадзiцца...
Як зьмест, так i форма зьяўляюцца ў вялiкай меры традыцыямi нацыянальнай лiтаратуры, культурным кодам i ўсiмi знакамi, якiя абумоўлiваюць гэта, якраз з чаго i складаецца першасная адметнасьць, якою як бы зарастае ўся паверхня беларускай iндывiдуальнасьцi. Пагружэньне творцы ў яе прадоньнi стварае яму безумоўныя шанцы на неадкладны кантакт з уласным чытачом, але ў сытуацыi недастатковай падрыхтаванасьцi таго чытача i адсутнасьцi разьвiтых iнтэлектуальных элiт гэта пагражае яму, аўтару, своеасаблiвай разумовай лянотай, недалёкiм адыходам за рамкi графаманii. I таму зубожаньнем таленту, здрабненьнем яго ў плебэйскiх нiзiнах, замiрэньнем з мастацкiм мiнiмалiзмам. Не ўсюды гэта вылучаецца як самадастатковая зьява: напрыклад, паймо народнага пiсьменьнiка ў Польшчы i Расii, апрача блiзу iдэнтычнага прыняцьця станавай дзяржаўнасьцi, успрымаецца дыямэтральна па-рознаму: у Маскве як найвышэйшая пашана, i гэта пачынаючы з эпохi Уварава, а ў Варшаве ледзь не як сенцы ў храм мастацтва.
Не выпадкова польская крытыка залiчвае лiтаратурныя дасягненьнi беларускай нацыянальнай мяншынi у сялянскую плынь (iдэолягам гэтага стаў Гэнрык Бэрэза, найбольш поўна вызначаючы яе ў сваёй кнiзе «Związki naturalne»). Пiсьменьнiкаў «Белавежы» такая клясыфiкацыя раздражняе з цалкам iншых прычын, чымся, скажам, Веслава Мысьлiўскага або Станiслава Срокаўскага, якiх цiкавiць знаходжаньне ў пантэоне нацыянальнай лiтаратуры, а не на п’едэсталах занядбанай вёскi. Палякi безупынна ўзмацняюць у нас падазрон, што мы трактуемся iмi як сымпатычныя няўдачнiкi, якiя толькi акружным шляхам iмкнуцца да польшчыны, бы даўныя ўнiяты ў Лiтве, што летуцелi аб зьлiцьцi з рымскiмi каталiкамi... Гэтыя амаль-палякi неўмiнуча атрымаюць належную ацэнку. Але мы, загнаныя ў комплексы, вытвараем у свой ужытак масу меншых, якія надта даспадобы нам. Уздрыгваем перад спробамі называць нас лiтаратурнымi селакамi, мы ненавiдзiм пазаваньне a la mujic (мужык): надрыўна тлумачым, каму трэба i ня трэба, што мы народ, а ня нейкая групка па суседзтве. Урэшце мы пазьбягаем варшаўскiх салёнаў, гэнай абструкцыi; ладзiм свае «абеды па чацьвяргох».
Лiтаратура беларускай меншынi ў Польшчы ня ў стане наўпрост пазьбягаць прынамсі падтэкстаў антыпольскiх. Гэта не вынiкае зь нейкага невылечнага нацыяналiзму, бо гэтая паталёгiя сярод культурных людзей выклiкае пачуцьцё сораму, параўнальнае з «набыцьцём» сыфiлiсу. Аднак апавяданьне — гэта не артыкул у газэце, i калi ў iм закладзена iмкненьне перажыць свайго стваральнiка, яно павiнна зьмяшчаць нейкую праўду аб жыцьцi. А беларуская праўда не заўсёды супадае з польскай. Вось i чарговая дылема творчасьцi: даць ёй спакой i пашукаць субстытут? Але, у такiм выпадку, цi будзе гэта лiтаратурай? Або баржджэй сьпевамi арфэя, прысьвечанымi сабе i музам? Якая доля нацыi, такое i пiсьменства. Беларус замiнаў паляку, раптоўны жыхар у тым жа самым доме, што прэтэндуе на асобную кватэру.