Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 111 из 112



Гістарычная драма Беларусі і беларусаў, стала прысутная ў прозе Быкава, не прыводзіць да таго, што яго творчасьць стаецца малазразумелай для іншых. У рэчаіснасьці ўсё наадварот. Пісьменьнік выяўляе гэтую драму ня столькі праз палітычныя рэаліі, колькі праз асэнсаваньне чалавека як такога. Кранальную сцэну калектыўнага самагубства беларускіх паўстанцаў са слуцкай брыгады дваццатага году, пасьля прайгранай бальшавікам кампаніі, пісьменьнік прадстаўляе без гістэрыі («На чорных лядах»). Трагедыя адбываецца спакойна, можна сказаць, разважліва і лягічна. Без узьнёслых жэстаў, па-сялянску, прадметна. У мяне гэта выклікала асацыяцыю са сьмерцю маёй бабулі — днём раней яна дала сям’і апошнія распараджэньні і, спраўдзіўшы, што яны зразуметыя правільна, неўзабаве ціхенька памерла. Гэткая сьмерць не была канцом сьвету.

Быкаў не выносіць ілюзіяў, і дзеля гэтага ён зусім непрыдатны да прапагандысцкага выкарыстаньня. Дарма што яго тэксты ня маюць займаючага дыханьне дзеяньня, яны чытаюцца запоем. Бо яны — гэта захапляльнае падарожжа ў глыб чалавечай душы, выяўленьне ўсё іншых яе краявідаў. Яго можна назваць «Дастаеўскім беларускай літаратуры», але настолькі своеасаблівым, што яго цікавіць не псыхалёгія літаратурнага героя наагул, не барацьба дабра са злом, а выяўленьне велічы і ўвадначас подласьці ў маленькім чалавеку, уцягнутым у колы гісторыі. Усё пачынаецца неўспадзеўкі. Жыў-быў сабе маленькі чалавек, які збольшага трымаўся дзесяцёх запаведзяў, хутчэй інстынктыўна, дзякуючы натуральным маральным інстынктам. І зьнячэўку яго ўпіхнулі ў вір часу і эпохі, якую ён, як правіла, не да канца разумее. Увогуле ён зьбіты з панталыку, а калі і паддаецца злу, то зусім не з разьліку: ён проста не вытрымлівае. І што выходзіць? Пры сутыкненьні індывіда са злом часьцей прайграе першы. У індывідуальным вымеры пераадоленьне зла дабром канчаецца на крыжы. Таму дабро вымагае ахвярнасьці, адданасьці. У гэтым палягае ўнівэрсальная драма Беларусі — у яе сумленнай бясьсільнасьці да д’ябальскай сілы. Аднак так не павінна быць у будучыні. Вось мая рэфлексія.

Учытваючыся ў «Ścianę» Васіля Быкава, з кожным наступным тэкстам трапляеш не ў дэпрэсію, а, наадварот, узрастае ахвота, жаданьне ачышчэньня. Акурат у гэтым месьціцца незапатрабаваная прыцягальнасьць, сіла самога дабра як антыподу антычалавечых паводзінаў літургіі Зла. Мы ля сьцяны, бы сыны Ізраілю.

Тэкст перакладзены паводле: Gazeta Wyborcza, 8 sierpnia 2000.

У 1953 годзе патрапіла мне на вочы праца беларускага навукоўца Дабрыніна пра Скарыну — дакладнай назвы ня памятаю. Кніжка тая была навуковая, пісалася яна, пэўна, больш для спэцыялістаў, чым для шырокай грамадзкасьці, але на мяне зрабіла вялікі ўплыў: як, маўляў, мы дагэтуль ня ведалі, што мы, беларусы, ня нейкае лапатнае быдла, што мы маем беспасярэдняе дачыненьне да эўрапейскае цывілізацыі — бач ты, кніжкі выдавалі, ды яшчэ калі, ды яшчэ якія... Карацей, гэта было сапраўдным адкрыцьцём, і я, натуральна, ня мог трымаць яго ў сакрэце — адразу падзяліўся ім зь сябрамі. Тыя напачатку не паверылі: «Ён жа Пранцішак, пэўна, католік, паляк, мо ня наш...» Давялося даць ім тую працу прачытаць. Пайшла тая кніжка па руках, і маіх аднадумцаў адразу пабольшала. Тое калектыўнае чытаньне мела нечаканы працяг: мы сарганізавалі напаўпадпольны гурток моладзі нацыянальна-асьветнага накірунку — гэткая абгрунтаваная ўзростам і нечаканым пачуцьцём беларускай сьвядомасьці гульня ў рамантыку. Я нават нарабіў сябрам гуртка саматужныя пасьведчаньні з гербам БССР (пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг на той час, натуральна, ніхто з нас ня ведаў). Убачыў аднойчы тыя легітымацыі адзін мой знаёмы і за галаву ўхапіўся: ты што, дурань, калі іх заўважыць хто-небудзь з агентаў ці «стукачоў» УБ (маецца на ўвазе «Uprawa Bezpieczeсstwa» — польскі аналяг КДБ. — Зацем перакладніка.), ведаеш, што яны вам «прышыюць»? А то былі пяцьдзясятыя гады, эпоха Бэрута... Як ні было шкада, але тыя паперкі давялося занесьці на гарышча і паціху спаліць — ледзьве пажару не нарабілі...



Прычыны таго, чаму ясны сон пра Беларусь так і застаўся адно сном, прычым небясьпечным з часам, цалкам банальна тлумачацца самою натурай Савецкага Саюзу. Дамінавала ў ім, як ува ўсякай імпэрыі, тэндэнцыя этнічнай уніфармізацыі, ад тысячагодзьдзяў вядомая ўтопія цывілізацыйна-прасторавай нівэляцыі і псыха-культуралягічнага маналіту. Тым часам нацыі нараджаюцца не з фанабэрыі паэтаў або ідэолягаў. Яны — няўхільны вынік асобнасьці лёсу, які не паддаецца аніякаму тэрору. Фізычнае зьніштажэньне нацыястваральнай праслойкі можа прынесьці злачынным ініцыятарам ня болей, чымся духоўную мэтысізацыю, але ніколі праглынаньне тэрытарыяльнай супольнасьці. Чаму? Адказ увачавідкі: імпэрскі цэнтар мусіў бы тады падзяліцца сваім дабрабытам аднолькава ў карысьць унутраных калёніяў, што непазьбежна паставіла б крыж на цэмэнтуючай ролі самой мэтраполіі. Ня кажучы ўжо пра практычную нерэальнасьць таго. У гэтым і адвечная тайніца-нятайніца нежыцьцяздольнасьці тых трэціх-пятых Рымаў, іх немінучага распаду й высьпяваньня «канфлікту хлеба» між цэнтрам, менавіта, і эмансыпацыйна зарыентаванымі пэрыфэрыямі. Не здараецца тое раней, усё ж, за чарговую рэвалюцыю ў вытворчасьці, тэхналягічную, якая абавязкова парушае ўстаялыя парадкі, дэцэнтралізуе і разладжвае структуры іх, эканамічна аўтанамізуючы шанцы правінцыі на незалежнае разьвіцьцё. Калі раб, зьменены ў прыгоннага халопа, паказаў сябе прадуктыўнейшым, упаў антычны Рым як адзіны распараднік багацьця; зьяўленьне наёмнай працы прадвырашала далейшы прагрэс, ушыркі немагчымы без абароны яго новымі дзяржаўнымі ўтварэньнямі на занядбаных іншародных ускраінах... Цывілізацыйная анахранічнасьць Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік закладзена ня столькі ў спробе ўжыцьцяўленьня старога, як сам сьвет, міту Раю на Зямлі, колькі якраз у зрыве ім кантакту з сусьветнай эканомікай, што і адштурхнула СССР у маргінальнасьць. У рэцыдыў проста нэафэадальных суадносінаў, у пэрсанальную і духоўную паднявольнасьць. Мілітарызацыя гаспадаркі, без чаго Саюз пратрымаўся б усяго гістарычнае імгненьне, заўсёды прарочыць у будучым ляскатлівую катастрофу і працяглы пасьля яе хаос. Дарэчы будзе тут заўважыць між іншага, што ў пасьляіндустрыяльную эпоху і паступовую ў ёй аўтаматызацыю працы ды мінімалізацыю патрэбы ў простым высілку чалавечых рук, а таксама рэдукцыю да мінімуму сыравіны, калёніі перастаюць быць крыніцай багацьця і пачынаюць абцяжарваць цэнтральны бюджэт хуткім дэфіцытам, што і зьявілася галоўным стымулам імклівага дэмантажу, скажам, Брытанскай імпэрыі. Партугальская, як прымітыўнейшая, пратрымалася даўжэй, мала менш за расейскую.

Канцэпцыя — у пэрспэктыве — савецкай нацыі на базе расейскай культурнасьці амаль цалкам рэалізавана адно ў Беларусі. Адкуль узяўся тут гэткі, незразумелы ў Эўропе, энтузіязм ажно датэрмінова выканаць указы абяцальнікаў камуністычнай дарэмшчыны? Справа выглядае складана, але такою яна ня ёсьць. Правёўшы чыста тактычны па сутнасьці эпізод т.зв. беларусізацыі, да голасу зноў было дапушчана небеларускае гарадзкое асяродзьдзе, якое ніколі не паводзіла сябе інакш як пятая калёна расійскага імпэрыялізму. Акаляючае яго гарадызаванае сялянства (бяздольныя мігранты) пачувалася шчасьлівым у індустрыяльным паратунку, ва ўцёках ад калгаснага ярма, і кіравалася яно, ясная справа, ня сэрцам, але страўнікам. Гэтыя людзі-жываты, нагаладаўшыся, нічога ня бачылі далей канца свайго носа. Гэта была ня нацыя, а толькі яшчэ матэрыял для яе.

Каталіцкая рэлігія ў часы майго маленства ўспрымалася як элітарная рэлігія — рэлігія паноў, шляхты, месьцічаў. Праваслаўе ж было рэлігіяй людзей простых — сялян і рамесьнікаў. Каталіцызм дагэтуль для мяне зьяўляецца троху іншым сьветам. Мяне вельмі цікавіць каталіцкая філязофія, напрыклад Тамаша з Аквіну. Бо каталіцызм надзвычай рацыянальны, прасякнуты мысьленьнем аб Богу. У праваслаўі з Богам не размаўляюць, а папросту хаўрусуюць. У каталіцызьме дамінуе катэгорыя ratio, а ў праваслаўі — катэгорыя emotio. Таму каталіцызм быў у стане стварыць вялікія філязофскія сыстэмы, а праваслаўе — не. З гэтай прычыны я маю падвойнае стаўленьне да канфэсіі. Каталіцызм цікавіць мяне інтэлектуальна, але ў Бога я веру як праваслаўны, як паэт. Бо праваслаўе — гэта рэлігія паэтаў, і я ўсіх паэтаў у Эўропе намаўляю, каб яны сталі праваслаўнымі.