Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 20



Апiшу спачатку вадасцёк. Дах у нашым доме быў не выпуклены, як у нармальных пабудоў, а наадварот — увагнуты, i вадасцёкавая труба праходзiла ў самай сярэдзiне будынiны. Хто такое прыдумаў? Не ведаю. Можа, сама па сабе iдэя i не з горшых, але выкананне i эксплуатацыя зрабiлi сваю чорную справу. Вася, якi шпурнуў у домакiраўнiка тухлым яйкам i пацэлiў, а потым тыдзень не мог сядзець, бо айчым збiў яго на горкi яблык, той Вася, каб адпомсцiць свайму айчыму, узяў ягоныя паляўнiчыя боты i ўкiнуў у вадасцёкавую трубу. На самым пачатку зiмы боты i захраслi ў трубе. На даху назбiралася снегу. Мiнула тая зiма. Снег, вядома ж, растаў, i вада, што не змагла прайсцi праз вадасцёк, прайшла праз усе дзевяць паверхаў па кватэрных сценах. Залiло нават склады ў гастраноме. Рабочыя з гастранома i выцягнулi непрамакальныя боты з трубы. Васеў бацька iх пазнаў. Але караць не было каго, бо ягоны прыёмны сын васьмiкласнiк Вася "цягнуў" свой першы тэрмiн у калонii. Васю пасадзiлi за тое, што ўкраў на вiнзаводзе скрыню вiна, пабiў шыбу ў гастраноме, зняў з чужых "Жыгулёў" прыёмнiк i пабiў чужы матацыкл, якi спачатку вывеў з гаража, таксама чужога. А мог бы, дарэчы, i са свайго, бо ў айчыма i гараж быў, i матацыкл. Большасць з таго, што Вася браў без дазволу гаспадароў, ён заносiў у кватэру да Танi з першага паверха. Таньчына кватэра была вельмi зручная для такiх спраў, бо вокны i балкон выходзiлi ў цёмны двор, застаўлены парожнiмi скрынямi. Таня жыла з малодшай сястрою Наташай, нi мацi, нi бацькi ў iх не было. Казалi, што яны загiнулi на будоўлi ў Сiбiры. У свае дваццаць Таня была асам у старажытнай жаночай прафесii. Яе так i называлi — Танька-прастытутка. Колькi розных вiзiцёраў нi наведвалi Таню, а хрэстаматыйнае негрыцяня, якое чакалi пiльныя пенсiянеркi, так i не з'явiлася ў нашым двары, дзе кожную ноч разгружалi з машын хлеб. "Давай!" — крычалi шафёры. "Даю!" — адказвалi вартаўнiкi з гастранома. Пад начныя крыкi i вырасла Таньчына Наташа i авалодала сакрэтамi прастытуцыi. Наташу, пазней — Наталi, i Таню перыядычна высялялi з Мiнска, але чамусьцi высялялi iх па чарзе: спачатку адну, потым другую. Чаму так? Не ведаю. Але таямнiца ў гэткае заканамернасцi была, бясспрэчна.

А вось нашых суседзяў Машыцкiх пасадзiлi ўсiх адразу, i яны страцiлi кватэру i мiнскую прапiску. Іван Машыцкi "сеў на белага каня". Ён дапiўся да зялёных чорцiкаў уваччу, схапiў малаток i ўдарыў iм сваю жонку Тамару. Пiлi яны ўночы разам, на кухнi, не раўнуючы, як сапраўдныя паэты. Іван быў у адных майтках, а Тамара ў камбiнацыi на голае цела. Калi Іван ударыў жонку, тая ўскочыла i кiнулася да дзвярэй, але, пакуль яна паспела выбегчы на пляцоўку, ён разарваў камбiнацыю. Разарваў, вядома, незнарок — хацеў спынiць. Аголеная Тамара пазванiла ў нашу кватэру i так закрычала, што адчынiлiся ўсе дзверы на лесвiчнай пляцоўцы. Першы выглянуў Шарлюкевiч, дзiвак, якi ў свае сорак гадоў быў выдатнiкам у дзевятым класе вячэрняй школы. Тамара кiнулася да Шарлюкевiча, той спалохаўся i абняў аголеную жанчыну. Іван на вачах у суседзяў апусцiў цяжкi малаток на галаву выдатнiка. Той раскiнуў рукi, асеў i выпрастаўся на падлозе. Аголеная Тамара пераскочыла праз нерухомае цела i зачынiлася ў халасцяцкай кватэры Шарлюкевiча. Івана за няправiльнае выкарыстанне малатка забралi i пасадзiлi. Тамару адправiлi ў лячэбна-працоўны прафiлакторый, бо прызналi хранiчнай алкагалiчкаю. Кватэра Машыцкiх колькi месяцаў пастаяла пустою, а потым туды засялiўся геадэзiст, якога амаль нiхто, амаль нiколi не чуў i не бачыў.

А вось як крычалi каты Рэцкiх, чулi многiя. Працавала Рэцкая на заводзе па вытворчасцi лакаў i фарбаў, i таму падлога, дзверы i аконныя рамы ў яе кватэры заўсёды блiшчалi. Катоў у Рэцкай было два. Першы, руды i пасясты, баяўся вулiцы. Аднойчы яго вынеслi ў двор i пусцiлi на зямлю, дык ён скочыў на гаспадыню, як на дрэва, i праз хвiлю сядзеў ужо на галаве i крычаў так, нiбыта з яго жывога шкуру пачалi здымаць. Потым, праўда, кот пацiху прывык да вулiцы, але далей як на метр ад гаспадынiных ног не адыходзiў. Аднаго разу Рэцкая са сваiм рудым катом вярталася з прагулкi дадому. Яны чакалi лiфт.

Лiфт прыйшоў, замок шчоўкнуў, дзверы рассунулiся, i з кабiны выскачыў Паўлiк са сваiм сабакам — баксёрам Чарлi. Сабака наступiў лапаю на ката i адкусiў яму галаву. Нi Рэцкая, нi Паўлiк спачатку не зразумелi, што адбылося, а калi зразумелi i Рэцкая замахнулася на баксёра, дык той так гаўкнуў, што Паўлiк самлеў са страху. Беднага нястрыманага Чарлi ўсыпiлi, бо Рэцкая панапiсвала лiсты ў розныя iнстанцыi, што сабака ледзь не загрыз яе. А каб не гараваць без рудога пасястага, яна прыдбала на конскiм кiрмашы сiямскую котку. Блакiтнавокая котка любiла сядзець на падваконнi i глядзець на вiнзавод — комiны, карпусы, цыстэрны, бочкi, горы яблыкаў i журавiн, машыны i людзi, маленькiя лiлiпуты (сёмы паверх). Калi фортачка была адчынена, котка разглядала краявiд не праз шыбiны, гэта яе i пагубiла. Рэцкая адчынiла дзверы, скразняк зачынiў фортачку. Як яна крычала! Жах! Не дай Божа пачуць такое. А ў тых, хто чуў, валасы на галовах уздыбiлiся. Упала котка на гастраномныя скрынi з-пад запалак, пад самым Таньчыным гаўбцом. Упала i не забiлася. Яе павезлi да ветэрынара i ўратавалi. Але ў нашым доме яе больш нiхто не бачыў, бо сiямскую котку гаспадыня завезла да бацькоў на вёску — якраз з Сiбiры вярнуўся муж Рэцкай, якi дух кацiны трываць не мог. Лiфцёрка ўсiм казала, што муж Рэцкай зарабiў i прывёз дзесяць тысяч рублёў, а цяпер збiраецца кiнуць сваю тоўстую жонку. Рэцкi не кiнуў жонку i не мог кiнуць, бо яна зусiм не тоўстая — цяжарная была. Неўзабаве ў iх нарадзiўся сын, але што з iм стала, не ведаю, бо ў нас усё змянiлася. Па-першае, мы атрымалi новую кватэру.

* * *

Мы зрабiлi рапарацыю i перабралiся ў вялiкую, ажно чатыры пакоi на чатырох дарослых, кватэру на пятым паверсе ў пасляваенным, будаваным палоннымi немцамi, доме. Дом быў з пiлястрамi, якiя так ненавiдзяць, ведаю па сябрах, сучасныя архiтэктары неамадэрнiсты. Дзякуй бацьку: мы зажылi пад высокай столлю. Не ведаю, як у бацькi атрымалася, але ён напiсаў, усе казалi, "генi-i-я-яльны" кiнасцэнарый. Фiльм атрымаў прыз, бацька — прэмiю, мы пераехалi ў новую, для нашае сям'i новую, кватэру. Нарэшце ў мяне з'явiўся свой асобны пакой, дзе i прыйшла да мяне думка вучыцца на архiтэктара i будаваць дамы. Мець свой уласны дом, не пакой, не кватэру, не падводную лодку, а менавiта дом, я хацеў з дзяцiнства. Дарэчы, i зараз хачу. Мне трыццаць гадоў, i я не магу мець свой дом. Я нават марыў закапаць у лесе аўтобус i ў iм жыць. Хай у лесе, хай пад зямлёю, хай не дом, а аўтобус, але ж асобны i мой.



Вучоба на архiтэктурным факультэце хутка скончылася. Ідэалы разбiлiся аб пачуццё нацыянальнага доўгу, пасля размеркавання я пачаў працаваць у рэстаўрацыйных майстэрнях. Замест таго, каб узводзiць новае, я рапараваў старое. Зрэшты, па маладосцi мне падабалася працаваць з напаўразбуранымi хрысцiянскiмi саборамi. Я рэстаўраваў вежы i купалы, а мой уласны пакой пачаў развальвацца. Каля самага дома пракладалi метро. Забiвалiся ў зямлю высачэзныя палi, а на столi ў нашай кватэры плялася павута з трэшчын. Аконная рама не вытрымала грукату i вiбрацыi i вывалiлася: добра, што ў пакой, i добра, што ў iм нiкога не было. Паглядзець на раму прыйшла камiсiя, старшыня якой запэўнiў, што ў хуткiм часе мы пераедзем у дом, дзе не будуць вывальвацца аконныя рамы.

* * *

У чарговую, спадзяюся, не апошнюю, кватэру я перабраўся з дачкою i жонкаю. Нам далi два пакойчыкi, на ўскраiне Мiнска, у двухпавярховым дамку.

Да нас у гэтай мiкракватэры жыў iнвалiд. Ён перасоўваўся па зямлi з дапамогаю адмысловых кавенек i пазiраў на суразмоўцаў праз мутныя цяжкiя акуляры. Інвалiд нам нiчога не сказаў пра пах, што стаяў у адным з пакояў. У мяне ад нараджэння своеасаблiвае стаўленне да водару: па адным паху ў вiтальнi магу пазнаць, хто ёсць у кватэры. Адэкалоны, духi, дэзадаранты, крамы бытавой хiмii з iх ацэтонамi i лакамi даводзяць мяне да вар'яцкага стану. А тут раптам у сваёй кватэры натуралёвы пах разлажэння, нiбыта пасярод пакоя другi тыдзень ляжыць мёртвы пацук. Знайсцi ж крынiцу атрутнага смуроду было зусiм не проста. Спачатку я вынес з прапахлага пакоя ўсю мэблю: выцягнуў i стол, i шафу, i канапу. Абследаваў усе куты, але нi ў адным з iх не пахла больш, чым у другiм. "Водар смерцi" нiбыта расплываўся з цэнтра ў куты. Празрысты, цяжкi, жахлiвы пах вiсеў у пустым пакоi. Кватэру мы атрымалi на першым паверсе, таму давялося абследаваць i сутарэннi, перанаселеныя коткамi i катамi, не раўнуючы, што чалавекамi сталiчны Мiнск. У сутарэннях я шукаў цэлы дзень, але жаданых вынiкаў не было. У суседзяў, што жылi над пахучым пакойчыкам, на iх шчасце, нiчым не пахла. Змэнчаны безвынiковымi пошукамi, я затэлефанаваў iнвалiду. Той сказаў, што першы раз чуе пра смурод, што ён пятнаццаць гадоў спаў у гэтым пакоi i нiчога не чуў. Інфармацыя, што iшла ад iнвалiда, пярэчыла сцвярджэнню маёй суседкi па пляцоўцы. Тая сказала, што кватэра смярдзiць усе пятнаццаць гадоў. Версiй i здагадак з кожным днём было ўсё больш, а пах заставаўся. Нарэшце я выразаў нажом вялiкi кавалак тынку разам са шпалерамi, паклаў яго у цэлафанавы пакет i занёс знаёмаму следчаму, якi абяцаў зрабiць экспертызу. Абяцаў i, што прыемна, зрабiў. У лабараторыi высветлiлася: у шпалерны клей налiлi карбафосу — атруты, якой палiваюць сады. Як я раззлаваўся на iнвалiда! Атруцiў, прасмуродзiў пакой i маўчаў! Мыў я сцены, здзiраў шпалеры, палiваў кiслатою тынк... Але пах знiк толькi напалову. Калi надвор'е сухое, дык у пакоi не пахне, а як толькi дождж цi туман, дык хоць з кватэры ўцякай. Раз сустрэў я iнвалiда, ён прызнаўся, што лiў у клей карбафос, толькi замест прабачэння сказаў: "А каб я не налiў у клей атруты, дык цябе разам з дачкою i жонкаю з'елi б прусакi". Як хацелася ўдарыць яго! Стрываў: iнвалiд, спачуванне, мараль.