Страница 1 из 20
Адам Глёбус
СМЕРЦЬ — МУЖЧЫНА
Падрыхтаванае на падставе: Глёбус Адам, Смерць — мужчына, Мінск: 1992.
© Камунікат.org, 2012
Кватэры
Дзе твой дом? Ты iдзеш дадому? Дадому далёка?..
I яшчэ шмат самых розных пытанняў пра дом я чуў, чую i буду чуць, пакуль дом не зробiцца дамавiнаю, але зараз думаецца пра iншае. Раптам зразумеў, што не маю i нiколi не меў свайго дома. Крыўдна.
У мяне сям'я, дачка з жонкаю, у нас мiкракватэра, у якой нестае плошчы нават на санiтарную норму. У кватэрцы на сцяне вiсiць карцiна з намаляваным домам, нават толькi паловаю дома, бо так сталася, што аднапавярховы местачковы дамок, дзе я нарадзiўся, дзве сям'i падзялiлi напапалам. Так i намалявалася — палова дома ў травянiстым полi. Сад, што рос за домам, таксама распалавiнiлi, але я пакiнуў яго ў зялёным карцiнным падтэксце. Вядома, палова гэта не цэлае, i як тут нi намагайся, а памяшканне, дзе мяне купалi ў жалезных начовачках першыя чатыры месяцы, сапраўдным домам не назавеш, хiба што па завядзёнцы.
З мястэчка мае маладыя бацькi перабралiся ў Мiнск i перавезлi чамадан з бялiзнаю, два зэдлiкi ды мяне, загорнутага ў коўдру. Што там i як было на прыватных кватэрах у першы сталiчны год, я не бачыў, бо хварэў на кератыт. Калi мне рабiлi прышчэпку супраць воспы, дык медсястра не заўважыла драпiны на вейцы. Пра тую драпiну я ёй нiчога не сказаў, бо не ведаў, што на прышчэпку трэба з'яўляцца цэлым, без парэзаў i драпiнаў, i яшчэ не ведаў слоў. З-за драпiны воспа прышчапiлася не на плячук, а ў чуйнае вока. Вось i дагэтуль даводзiцца не любiць яркiх сонечных дзён. Мацi цалюткi год штодня насiла, вазiла, а потым вадзiла мяне на перавязкi ў лякарню. Першую мiнскую кватэру, якую давялося ўбачыць у немiласэрным святле, калi знялi з вачэй чорную павязку, я таксама не магу называць сваiм домам.
* * *
Кватэру нам далi камунальную, на дзве сям'i. Наша сям'я была большая i займала прастарнейшы пакой. Толькi пакой мы займалi прахадны, i праз яго, адпаведна, хадзiлi i хадзiлi. А як iнакш? Калi ў iм ажно чацвёра дзвярэй: у вiтальню — раз, у ванную — два, на кухню — тры ды яшчэ да нашых суседзяў паэтаў... У iх сям'я меншая, але ён i яна былi паэтамi i мелi такую жыллёвую плошчу, праз якую, акрамя iх, нiхто не iшоў. А куды iсцi? Хiба што ў акно. Праўда, можна пры жаданнi ў акно, бо першы паверх i акно глядзела якраз на трамвайны прыпынак. Вылез, сеў i паехаў... Вельмi зручна: i дом не трэба абыходзiць, i чаравiкi не запэцкаеш. Бо дом меў комiн i кацельную, каля якой i ўзiмку i ўлетку высiлася гурба вугалю. I як нi сварылiся пенсiянеркi на качагараў, вугаль усё роўна разносiўся па ўсiм двары, абутак пэцкаўся.
"Паэт павiнен пiць!" — казаў сусед. Пiў ён на кухнi разам з жонкаю, якая, напэўна, таксама лiчыла, што i паэтка павiнна пiць. Яны варылi бульбу, куплялi кiльку i пiлi. Потым iшлi праз наш пакой да сябе, потым спявалi, потым сварылiся, бiлiся, мiрылiся, плакалi, хадзiлi ў прыбiральню, спалi. На працу яны не хадзiлi, зноў абiралi бульбу, елi кiльку разам з кiшкамi, хвастамi, галовамi i вочкамi... Мяне гэта вельмi ўражвала, асаблiва што з вочкамi... Зноў пiлi гарэлку. Каб яны пiсалi, не бачыў. А мае маладыя бацькi ўсяго гэтага бачыць не хацелi i таму перагарадзiлi пакой шафаю i палатнянай штораю, на якой туды-назад совалiся два ценi — мужчынскi ў шараварах i жаночы з кудлатай галавою. Яны i пратапталi сцежку, самую натуралёвую — шэрую на фарбаванай падлозе, якую мацi так старанна мыла i шаравала штодня.
Яна мыла падлогу i ў той сонечны дзень, калi да нас прыехаў дзядзька Антак. Акно было адчыненае, шыбы зiхацелi, трамваi пазвоньвалi, натоўп на прыпынку шумеў, падлога блiскацела i патыхала свежасцю, нават цёмная ад вiльгацi сцежка была прыгожая, як ручаiна. Антак стаяў у вiтальнi з вялiкiм букетам гладыёлусаў i гаварыў з мацi. Ён зусiм не збiраўся ўсмiхацца. Той дзядзька Антак, мой хросны бацька, якi заўсёды ўсiм усмiхаецца, чамусьцi зняў акуляры, працёр iх хустачкаю i застаўся сур'ёзны ў сваiм светлым доўгiм i шырокiм плашчы. Мне закарцела выправiць становiшча i пажартаваць. Падышоў я да вядра з бруднай вадою, у якой плавала ануча, i зрабiў выгляд, што зараз сяду ў яго. Толькi не разлiчыў: маё тулава ўвалiлася ў ваду, падрапаныя каленi прыцiснулiся да падбароддзя, а рукi бездапаможна павiслi ўздоўж вядра. Я заплакаў. Мяне не пакаралi, а пераапранулi ў сухое i святочнае дый павезлi на пахаванне дзеда Вацi, у тую самую палову дома, дзе я нарадзiўся. На пахаваннi я падаў на машыну з труною вялiкi зашклёны партрэт дзеда Вацi — Вацлава Фрыдрыхавiча Кiсяля. За жалобным сталом я з'еў тры кавалкi смажанага карпа. Вярнулiся мы з мацi позна. Мяне блажыла. Мацi казала, што я ўвесь зялёны. Я атруцiўся карпам, а можа, i белымi семкамi, бо, пакуль усе плакалi, я сам не заўважыў, як з'еў паўлiтровы слоiк гарбузiкаў. Мацi схадзiла да суседзяў, тыя далi горкiх таблетак. Мне палепшала, i я, змораны, заснуў на жалезным рыпучым ложку, за палатнянай штораю каля этажэркi.
У мяне ў альбоме захавалася фотакартка: я ў валёнках сяджу на зэдлiку каля этажэркi, а на ёй важка стаiць чатырохтомнiк Кузьмы Чорнага. Наогул наш пакой у камуналцы меў шмат фотафiксацый, бо суседзi Падзiкi, у якiх мацi пазычала лекi, акрамя горкiх таблетак ганарылiся сваiм фотаапаратам i сынам Сярожам. Сваё першае слова Сярожа сказаў толькi ў тры гады. Паказаў пальцам на варон, што кружлялi над комiнам, задраў галаву i крыкнуў на ўвесь двор: "Кабакi!" Пазней, калi Сярожава мацi перастала плакаць ад радасцi, высветлiлi, што сын яе хацеў сказаць "сабакi". Сярожаў бацька, журналiст, насiў сваёй чуллiвай жонцы гваздзiкi, стракатаў на пiсьмовай машынцы i да непрытомнасцi любiў фатаграфаваць негаварлiвага сына. А той любiў узлазiць на стол, засланы плюшавым абрусам, ды хадзiць па малому ў крышталёвую попельнiцу. Яго лупцавалi, а ён знарок лазiў на стол i хадзiў у попельнiцу, а часам i на барвовы абрус. Я не меў такой завядзёнкi, бо ў адрозненне ад любiмчыка Сярожы хадзiў у дзiцячы садок.
Выхавацелькi, Эма Казiмiраўна ды Клаўдзiя Іванаўна, вучылi нас не хадзiць мiма гаршка i мыць рукi кружочкам, пазнаваць дрэвы — нават з завязанымi вачыма. Па кары дзецi адрознiвалi клён ад бярозы, лiпу ад яблынi, вучылiся кармiць кабанчыка i трусоў, што жылi ў цагляным хлеўчуку. Цiкава ўсё гэта было, але ў садок я хадзiць не любiў, хацелася дамоў.
* * *
Аднойчы бацька прывёў мяне ў садок а шостай ранiцы. Мы пераехалi на новую кватэру i забылiся завесцi гадзiннiкi. Прачнулiся ў сваёй новай двухпакаёўцы на пятым паверсе, i бацька павёў мяне ў садок, дзе, акрамя старога вартаўнiка з кiйком ды мажнога кухара, нiкога не было. Мы пастаялi каля вялiкiх алюмiнiевых рандэляў i вярнулiся ў сваю кватэру, дзе напярэдаднi шумела наваселле пры свечках. Нi вады, нi газу, нi электрычнасцi яшчэ не падключылi, а мы ўсё роўна перабралiся, бо не маглi больш жыць з паэтамi, якiя павiнны адно пiць. Як нам хацелася хутчэй пераехаць. Як мы хадзiлi i глядзелi на зацярушаную снегам будоўлю, дзе рабочыя ў фуфайках складалi з блокаў наш будучы дом! Мы ж не ведалi, што рабочыя няправiльна складуць дом, што столь пачне працякаць i на ёй зацвiце карункавая плямiна. Мы не ведалi, што ў нас будзе сусед танцор Бабачкiн, якi пакладзе пасярод пакоя на падлогу вялiкi металёвы шар, а той сам, без усялякага прымусу i папiхання, пакоцiцца ў кут, бо будынак дасць усадку i перакосiцца праз паўгода пасля паспешлiвага наваселля ў нашай двухпакаёўцы з гаўбцом.
Колькi разоў на гаўбцы ў мяне дух перахоплiвала! Асаблiва калi шпурляў на галовы прахожых папяровыя бомбачкi з вадою. Пасля такога прызнання трэба чырванець, але я не чырванею, бо згадаў, што суседскiя хлопцы Юра ды Пеця плявалi людзям на галовы, а ў бомбачкi акрамя вады лiлi чарнiла ды сiлiкатны клей. Хай чырванеюць Юра ды Пеця, а я з гаўбца, на якiм любiў сядзець i слухаць "Джамайку", якую спяваў Раберцiна Ларэцi, вярнуўся ў пакой з плямiнай цвiлi на столi.