Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 18 из 20



Ёсць яшчэ адзiн варыянт легенды. Яго мне расказаў вартаўнiк.

Я пад клёнам маляваў каплiцу, яна мне здаўна падабалася — неаготыка, чырвоная цэгла, спiчастыя аканiцы, шляхетны беларускi рамантызм часоў Францiшка Багушэвiча. Крэмзаў я пёркам па паперы... Падыходзiць акуратны дзед. Сеў на самы край лаўкi, закурыў. Што мяне здзiвiла ў той сiтуацыi, дык гэта спакой, з якiм дзед сябе паводзiў. Нi табе мiтуслiвасцi, нi зазiрання ў вочы. Закурыў ён i пачаў:

— Вы вельмi правiльна робiце, што каплiцу змалёўваеце, а то год-другi — i пабураць. Спадзяюся, не знясуць, калi католiкi дамогуцца, каб тут касцёл адчынiлi. Туды-сюды. Кажуць, што Брэжнеў дазвол даў на адкрыццё Чырвонага касцёла ў Мiнску, што каля Дома ўрада. Але там нiяк. Урад мясцовы гарой стаiць, каб не адчыняць. Каб каля iх ды касцёл працаваў?! Ого-го! Яшчэ каб царква, дык яны б думалi, бо праваслаўныя заўсёды з урадам у адну дуду дзьмулi. Сам чуў, як у КМСе (Кафедральны мiнскi сабор) яны Брэжнева ўхвалялi. Я ж, здаецца, i праваслаўны хрышчаны, а ў такiх справах на баку католiкаў. А што ў тым благога, каб кiношнiкаў з Чырвонага касцёла прагнаць? Толькi лепш будзе. Я дык не надта веры даю, што генсек дазволiў, але хто iх там, "на гары", ведае. Калi праўда, што сам папа рымскi Ян Павел II прашэнне даслаў, дык можна i падпiсваць. Туды-сюды. Я сам пяцёрку на касцёл паклаў. Вы не паверыце, а я даў.

Тут палякi старыя прыехалi, хадзiлi па Кальварыi, глядзелi, можа, паўдня капец шукалi i, ведаеце, знайшлi. Ву-унь тамака, за жоўтай каплiцаю, я ў ёй свой рыштунак трымаю, крыжык мармуровы стаiць, вось iхнi бацька пад iм i пахаваны. Прыбралi, белыя гладыёлусы ў слоiк паставiлi i да мяне. Так i так. I ўсё па-польску з выбачэннямi, паны. Яны ўсе цяпер, хто ў Польшчу з'ехаў, — паны. "Хай пан за капцом i крыжам глядзiць".

Клёны ў нас тут уга, увосень лiстоты па каленi. А я люблю — жоўтае, чырвонае, прыгожа. Туды-сюды. Панi з рыдыкюля дастала пяцьдзесят рублёў i мне ў руку. А самi да брамы. Старыя яны, год па семдзесят, сiвыя, як галубы. Не прыедуць больш, але, бач ты iх, шануюць бацьку. З гэтае пяцiдзесяткi я пяцёрку на касцёл паклаў. Астатняе? Ну, туды-сюды.

А капец даглядаю, усё роўна ж я тут за вартаўнiка, ну i смецце грабу, дык раз-другi i каля старога католiка венiкам пацягну, хай яму зямля пухам.

А вунь побач з iм цэментовы помнiчак, на iм дошка металёвая, а на ёй рэльеф лiлеi i надпiс. "Тут спачываюць Вiта з Раманам". I ўсё, нi табе калi нарадзiлiся, нi табе калi адышлi. Помнiчак нiхто не глядзiць. А i Раманавы бацькi дый Вiцiны тут непадалёк жывуць, за вiнзаводам адразу. Я часам каго з iх сустракаю, калi ў краму iду. Салiдныя з выгляду людзi, а вось не глядзяць магiлу.

Вiта гэтая з Раманам у адным класе вучылiся, ну вось i вырашылi пагуляць у рэвалюцыю. Туды-сюды. Панадрукоўвалi ўлётак на пiшучае машынцы. А ўночы паналеплiвалi на слупах каля прыпынкаў. Заклiкi, што так жыць, як мы жывём, нельга i таму трэба змагацца за лепшую будучыню. Ну i пра ўрад нешта там было, i пра камунiстаў, тады яшчэ камунiстаў толькi на "рускiм" — праваслаўным баку хавалi. Адно слова — дзяцiнства. Але iх знайшлi, па пiшучай машынцы, прападзi яна пропадам, i замест атэстатаў выдалi ў школе па "воўчым бiлеце". Нi ў iнстытут, нi на добрую работу. Да мяне вось прыйсцi не здагадалiся, я б iх тут прыстроiў вартаўнiкамi цi пагаварыў бы з хлопцамi, каб на Чыжоўскiя цi Паўночныя... На могiлках месцы ёсць. Цяпер дык улёткi i заклiкi на кожным плоце, лiха iх не возьме, а тады — "воўчы бiлет".

Ну, а дзецi гэтыя паехалi ў Вiльню, знялi нумар у гатэлi i папераразалi сабе вены. Прывезлi iх з Вiльнi ў Мiнск i вось тут паклалi. Першы год дык маткi прыходзiлi пасядзець, паплакаць. I помнiк i дошку ў разьбяроў замовiлi, яшчэ прасiлi, каб на дошцы вiленскiя вежы былi. Але наш галоўны разьбяр угаварыў лiлею зрабiць. Казаў, калi самагубства, дык абавязкова лiлея павiнна быць. А чаму? Не тлумачыў.

А цяпер нiхто не наведвае Рамана i Вiту. Сюды-туды.



А малюеце вы няблага, толькi лепш было б сфатаграфаваць, а то знясуць i дакумента не застанецца. Малюнак — не дакумент, а картка — дакумент. Праўду кажу. Туды-сюды. А можа, вы мне дасце рубель. Надта ўжо парыць. Мусiць, дождж будзе.

Даў я вартаўнiку рубель. За легенду.

— Вы прыходзьце сюды, малюйце. У нас тут добра адпачываць, цiха, прахалодна. Быццам i не ў горадзе. А лепш за ўсё ўвосень, калi падае лiсце, жоўтае, чырвонае. Праўда, па каленi гэтага золата тут. Прыходзьце.

5. Касцёлы

Могiлкi Кальварыйскiя не знеслi. Той участак, дзе капцоў не было, пусцiлi пад платную аўтастаянку з вартаўнiкамi ў цагляным буданчыку дый сабакамi на тэрыторыi. Касцёл адрамантавалi i адчынiлi. I цяпер там мой дзядзька Анатоль, той самы Толiк, якому шафёр з-за мяне выспятка даў, на электрааргане грае. Зрэдку наведваю яго, падымаюся пакручастымi прыступкамi на хоры, стаю, слухаю i гляджу, як ягоны доўгi нос дзяўбе паветра над клавiятураю. I там, на хорах, да мяне ўвесь час вяртаецца думка, што беларусы дагэтуль не маюць сваёй веры i сваiх могiлак. I думка гэтая невыпадкова прыходзiць менавiта на хорах.

Дзядзька Анатоль цяпер адданы католiк. А ў Бога ён паверыў пасля драматычнага здарэння на заводзе, дзе рабiлi тэлевiзарныя футаралы. Да здарэння той завод быў знакамiты толькi тым, што на iм у свой час працаваў Освальд, якога прысудзiлi ў ЗША да электрычнага крэсла за забойства прэзiдэнта Джона Кенэдзi. Вось на той завод i ўладкаваўся пасля школы Анатоль простым рабочым, а ўвечары iграў на танцах. У Рубяжэвiчах раптоўна памёр арганiст, i ксёндз праз мацi ўгаварыў Анатоля граць у касцёле. З Мiнска ў Рубяжэвiчы дзядзька ездзiў на матацыкле. I вось, здаецца, Вялiкдзень быў, а на заводзе, як раней знарок рабiлi, — працоўная субота. Анатоль i папрасiў хлопца, каб падмянiў, бо няма каму на службе сыграць. А калi вярнуўся, дык i даведаўся, што цэх выбухнуў i хлопец-падменшчык загiнуў.

Следства высветлiла, што выбух адбыўся з-за няспраўнай вентыляцыi. У сутарэннях загарэўся пыл у вентыляцыйных трубах, агонь перакiнуўся да бочак з лакам, якiм футаралы пакрывалi. Бочкi выбухнулi, i ўсе тры паверхi разам са станкамi i працоўнымi абрынулiся ў сутарэннi, у полымя, у друз, у смерць. У друку паведамленняў не было, але мiнчукi казалi, што загiнула больш як трыста чалавек. Хавалi iх за дзяржаўныя грошы на вясковых могiлках пад Мiнскам, на кожным пагосце не больш як дзесяць нябожчыкаў, каб немагчыма было палiчыць колькасць ахвяр. Ад каго тыя лiчбы хавалi? Зрэшты, i зараз так робяць пасля выбухаў на вытворчасцi.

Анатоль пасля таго здарэння доўга быў як не ў сабе. Можна зразумець, адно следства колькi нерваў папсавала. Чаму не быў? Чаму падмянiўся? Чаму з гэтым хлопцам, а не з iншым? Цi даваў хлопцу грошы? Колькi атрымаў за Вялiкдзень? ...? ...? Намучыўся Анатоль i на ўсе пытаннi знайшоў адзiн адказ. Бог выратаваў! I трэба служыць Богу верна i аддана! I Анатоль служыць, iграе, молiцца. Цяпер у яго машына i месца ў мiнскiм касцёле. I ён мяне нават вучыў, як мастак павiнен маляваць абразы. А ў прыклад ставiў аднаго самадзейнага мазiлу, якога я добра ведаў як аўтара халтурнай афармiлаўкi ў калгасах i касцёлах. Але спрачацца з Анатолем я не стаў дый плявузгаць на калегу тады яшчэ не меў звычкi. Верыць Анатоль, што той мазiла тыдзень молiцца, а толькi потым пачынае пiсаць абраз, хай верыць.

А вось тое, што Анатоль мову нашую не любiць, быдлячай заве, нялюдскай, гэта мяне абражае. З-за гэтага я i ў касцёл не так часта наведваюся. З-за такiх вось меркаванняў i не маем сваёй царквы i сваiх могiлак. Няўжо i надалей беларус будзе думаць, што Бог пачуе толькi, як па-польску цi па-расейску да Яго звяртацца? Таму i надпiсы на помнiках i крыжах у нас адпаведныя: цi па-заходняму, цi па-ўсходняму. А па-тутэйшаму толькi ў паэтаў. Вось i яшчэ адзiн доказ, што беларус — паэт. Пэўна, таму мне i хацелася ў свой час, каб мяне не клалi на пагосце, а спалiлi ў крэматорыi i попел рассыпалi ўздоўж дарогi каля Койданава. Я нават напiсаў пра гэта, але разважлiвы рэдактар выкраслiў. Але хто ведае, што нас чакае ўвечары?