Страница 23 из 35
— Нашто ты гэта зрабiў? — спыталася яна, убачыўшы, як ён накiроўваецца ў душ.
— Мне было цiкава, што з гэтага атрымаецца. Звычайная цiкавасць!
Распрануўшыся, Рок-спявак прыўзняў накрыўку скрынi пад брудную бялiзну, каб кiнуць туды запэцканую ў кроў кашулю. Там ён i знайшоў шпрыц з ампуламi. Рок-спявак зрабiў сабе ўкол i стаў пад лагодныя струменi. Падвоеная доза какаiну падаравала лёгкую, бестурботную, цiхую смерць.
06.11.1995
37 — Красуня
У горадзе пачалася сапраўдная восень — шарая, з золлю.
Цэлую нядзелю мужчына прасядзеў у кватэры: чытаў, самазадавальняўся i бяздумна пазiраў у тэлевiзар. Музыку слухаць не мог — заганяла ў дэпрэсiю. Тэлефонны нумар старога сябра ён набраў без спадзяванняў.
— Доўга iдзеш да тэлефона, — быццам для сябе, адзначыў мужчына.
— Я не адзiн. — У слухаўцы iнтымна зашалахцела мяккая матэрыя: цi то прасцiна, цi то кашуля, цi то сукенка.
— Прабач. — У iнтанацыi мужчыны чулася расчараванне.
— Сумуеш? Цi з нагоды звонiш?
— Захацелася выпiць.
— Прыязджай. Дарогу ведаеш. Пачастую. Учора печаныя грушы з мястэчка прывёз.
— Еду.
З-пад высокай i халоднай поўнi сыпала драбнюткая iскрыстая iмжа. У прыгарадным аўтобусе было зiмна, няўтульна i, апрача таго, пахла танным адэкалонам. Вузкавокi маладзён у вязанай шапачцы настойлiва патыхаў спiртавым водарам ускраiннай цырульнi. Пасажыраў ехала няшмат: колькi вайскоўцаў вярталася ў ракетную вучэльню, дзве студэнткi абмяркоўвалi прагледжаную ў кiнатэатры меладраму, прапахлы грамадскай цырульняю маладзён i ён — мужчына.
"I куды мяне нясе на ноч гледзячы?" — падумалася яму, калi праходзiў да кабiны.
Кепска паголены шафёр сцiскаў у губах цыгарэту.
— Можна i я запалю? — папрасiў дазволу мужчына.
— Куры! Мне што! Галоўнае, каб пасажыры не бунтавалiся.
Водар кубiнскага тытуню перабiў адэкалонавы дух.
Аўтобус ляцеў праз кастрычнiцкую ноч.
— Хто? — пачуў мужчына з-за гладкiх дзвярэй.
— Хто-хто... Госць у палiто. — У вiтальнi было змрочна, i рукi на прывiтанне мужчынам давялося працягваць наўздагад.
— Праз парог нельга... — Сябар пацягнуў мужчыну ўглыб кватэры. — Распранайся, праходзь. Шчыра скажу: думаў, не прыедзеш. Ноч, золь, халадэча. Так што, даруй, сустракаю без смокiнга.
На хударлявым сябравым торсе была толькi свежая саколка з яшчэ не адрэзаным цэтлiкам.
— Колькi часу? — пацiкавiўся ён i абцягнуў саколку на сцёгны.
— Палова на адзiнаццатую. — Мужчына скiнуў лакiраваныя чаравiкi. — У цябе цёпла, я пiнжак здыму, а то пачнеш гатаваць, i выхадны пiнжак прапахне варэльняю.
— Якi далiкатны, нiбыта мы ў розных мястэчках гадавалiся.
Яны прайшлi ў варэльню, дзе панавала кавалерская неахайнасць. Нямыты посуд запаўняў чарупiну. Нiводная дзверца ў шкафчыках не была зачынена. Фiранкi зжаўцелi ад тытуню. Са смеццевага вядра вытыркалiся газеты. Толькi новая лядоўня мела чысцюткi i ўрачысты выгляд. Якраз з яе i з’явiлася высокая бутэлька чырвонага вiна.
— Расказвай, што па начах гняце?
— Пакрыўдзiлi мяне. — Мужчына ўздыхнуў цяжка, як паланёная жывёлiна.
— Няўжо праўда? Што ганарысты, ведаў, а крыўдлiвасцi не заўважаў. — Сябар расклаў на срэбным сподзе брунатныя грушы, апаласнуў рукi i выйшаў з варэльнi.
Мужчына адчынiў фортку. У пакой папаўзло сцюдзёнае паветра. Сябар неўзабаве вярнуўся. Цяпер, акрамя саколкi, на iм былi спартыўныя нагавiцы i скураныя шлэпкi.
— Зачынi фортку, халодна ў саколцы.
— Кашулю складзi, калi мерзнеш. — Мужчына закiнуў нагу на нагу i дэманстратыўна загайдаў ступаком у стракатай шкарпэтцы.
— Гэй, Красуня! Чуеш? Прынясi швэдар! — сябар пераклаў iгрушу са споду на талерку.
У варэльню зайшла Красуня, цалкам аголеная маладзёнка. Яна бессаромна стаяла пасярод пакоя, не робячы анi спробы прыкрыць белае цела. Ад зыркага святла яна па-дзiцячы прымружыла вочы i, можа, таму не выклiкала ў мужчыны эратычных памкненняў. Ён адно крышку здзiвiўся разняволенасцi сябравай Красунi i пяшчотнай ружовасцi яе каленных рэпак.
— Афiгела? — сябар выхапiў з рук у каханкi апранаху i пачаў ахiнаць ёй натапыраныя грудзi. — У мяне госць, чужы чалавек, а ты бессаромна голая. Дзе сумленне?
— Дзе-дзе... Памiж ног на барадзе! — Красунiна прамаўленне мела хмельнае адценне.
Абураны сябар выштурхаў каханку за дзверы.
— Даруй. Афiгела. Зазвычай яна прыстойна сябе паводзiць. Пакаштуй iгрушу. Цудоўная прысмака...
Сябар не паспеў скончыць сказ, як вярнулася Красуня.
— А ты мне i не казаў, што маеш у знаёмых наадэкалоненага франта ў шахматных шкарпэтках. Мне падабаецца. Можа, заможны i заплацiць, i мы пераштурхнёмся? — Красуня зрабiла спробу сесцi мужчыну на каленi.
Яе мякка, але настойлiва адхiлiлi.
— Iдзi прэч, а то зараз атрымаеш сподам па твары. Я нават iгрушы не пашкадую. — Словы гучалi досыць рашуча, але, вiдавочна, бiць жанчыну нiхто не збiраўся.
— Я — нудыстка! Хiба не ведаў? Не веру... Як толькi трапляла ў твой халасцякоўскi бярлог, адразу ж распраналася цалкам. I ты нiколi не супрацiўляўся. I ты не абурышся, калi я пайду аголеная праз вайсковы гарадок. Слова не скажаш. Дык чаму цяпер шум i пагрозы? — Красуня выцягнула з-пад стала i асядлала табурэтку.
— Сапраўды, чаму не прайсцiся голай праз ракетную вучэльню? Курсантам радасцi наробiш. Яны цябе да самай дэмабiлiзацыi снiць будуць. А колькi маладзёнаў самазадаволiцца, успамiнаючы твае клубы?
Хлеб накроiлi тонкiмi празрыстымi лустачкамi.
— А чаму мне прыбор не паставiш? Мне холадна, i келiх чырвонага не зашкодзiць. — Аголеная падсунула табурэтку да стала.
— Даруй, каханая, але ты не казала, што будзеш вячэраць. — Сябар пачаў пераводзiць размову ў рэчышча будзённасцi.
— Цяжка назваць вячэраю начныя адведкi. — Красуня зрабiла такi выраз, нiбыта яна прысутнiчае на прыёме ў каралевы.
— Можа, мне пайсцi? — мужчына сумеўся.
— Не-не, сяброўскiя варункi вышэй за ўсё. — Сябар напоўнiў тры фужэры рубiнавым вiнаградным вiном.
— Добра. Бог з вамi. Гаварыце. Частуйцеся грушамi. Весялiцеся. А я пайду. — Красуня ўстала i, вiхляючы клубамi, пакiнула варэльню.
— Дык якая бяда не дае спаць? — сябар узняў фужэр.
— Надыходзiць iмгненне, i адзiнае жаданне запаўняе свет. Хочацца ўзяць пiсталет, прыкласцi да грудзей i прастрэлiць сэрца. — Мужчына залiў у сябе рубiнавае вiно. — Разумееш, цябе прадалi, падманулi, прынiзiлi. I так абышлiся не толькi з табою, а з усiмi, хто навокал.
— Цьмяна. Давай канкрэтыку, фактуру, факты. — Сябар разрэзаў напалам сакаўную грушу.
На парцэлянавай талерцы засталася лужынка соку.
— Канкрэтыка такая: патрэбны пiсталет.
— Не праблема, дастану, толькi з адной умоваю. Ты застрэлiш крыўдзiцеля i вернеш зброю. — Сябар са смакам пракаўтнуў салодкi скрылiк.
Мужчыны чокнулiся, выпiлi, памаўчалi.
— А што за Красуня ўпрыгожвала вечар? — мужчына адшчыкнуў кавалачак хлебнай скарынкi.
— Посцiлка з плоцi, нiчога сур’ёзнага, недарагое задавальненне для самотнага. Калi ёсць жаданне паспытаць, калi ласка. Нарэшце ты вяртаешся ў рэчышча разумнага, рацыянальнага i вечнага. А то — пiсталет, сэрца, смерць, крыўды. Няўжо ты здатны на забойства? Няўжо ты верыш у сваю правiльнасць настолькi, каб забiць?
— Веру i заб’ю! — мужчына сказаў пераканаўча.
— Заб’еш. Правiльна. Некага абавязкова застрэлiш. Можа, сябе цi крыўдзiцеля, а мо — выпадковага чалавека. Хто адкажа? Ты? Не, ты не здатны адказаць за гвалт, бо апынешся або нябожчыкам, або вар’ятам, i цяжар адказнасцi перасунецца на iншых: на таго, хто ўклаў у рукi зброю. Вось так. Не дам пiсталет. I давай забудзем начную мужчынскую размову. Цi ты хочаш нешта дадаць?
— Вядома. — Мужчына расцягнуў пальцамi набрынялыя стомаю павекi.
У варэльню завiтала Красуня.
— Сыходжу. Позна. Спаць трэба. — Яна была наўздзiў свежая, з мокрымi, гладка зачэсанымi валасамi, вiдаць, толькi з душа.