Страница 3 из 13
* * *
Памiж чытачом i кнiгаю заўсёды ўплiшчваюцца гандляры з калекцыянерамi.
* * *
Энцыклапедыя i газета — дзве скрайнасцi. Але, калi ўважлiва паглядзець, заўважаеш: энцыклапедыя на дзевяноста працэнтаў складзеная са старой газетнай iнфармацыi, а ў газеце дзевяноста працэнтаў iнфармацыi ўзятыя з энцыклапедыi i прададзеныя за навiны.
* * *
Кнiгу перачытваюць, газету праглядаюць.
* * *
Пiсьменнiк — толькi той, хто кожную кнiжку ператворыць у запiсную.
* * *
Мiнулае заўсёды бруднае, як дэтэктыўны раман, а будучыня збольшага падманная, як фантастычная аповесць.
* * *
Iснуюць кнiгi як формы раскошы. Сталеючы, я ўсё больш аддаю перавагу такiм выданням.
* * *
У словазлучэннi "збор твораў" чуюцца два першыя ўдары пахавальнага звону.
* * *
Зборнiк паэта, якi складае вершы без любовi, трыкроць лепшы за кнiжку iмiтатара любовi, але яшчэ горш выглядае брашурка з эсэiстыкай, дзе прафануюцца веды i густ.
* * *
Збiраешся пачытаць i заўважаеш: бярэш не самую разумную кнiгу, пераглядаеш не лепшыя старонкi, наогул, жывеш няправiльна.
* * *
Ёсць кнiгi, якiя не трэба вяртаць, нават калi табе давялося доўга выпрошваць i абяцаць, што заўтра абавязкова вернеш. Па такiя кнiгi гаспадар сам мусiць прыйсцi, чым i давядзе, што яму кнiга патрэбна больш.
* * *
Можаш уласны досвед параўнаць са зместам кнiгi, а зробленыя высновы — з каментаром. Можаш рабiць i наадварот: змястоўныя кнiгi залiчваць ва ўласны досвед.
* * *
Тэлефонны даведнiк — пранумараваная безабароннасць.
* * *
Цi бывае на фотаздымках будучыня? Рыторыка. Але ж вочы сфатаграфаваных iстот углядаюцца менавiта ў будучыню.
* * *
Вельмi часта ты ходзiш на могiлкi з адной мэтаю — паразглядаць фотапартрэты.
* * *
Фота — доўгi, сапраўдны, незавершаны час.
* * *
Самае выбуховае, экспрэсiўнае, дынамiчнае фота ўсё адно меланхалiчнае.
* * *
Найгоршая памылка чалавецтва ў дачыненнi да фотавыявы — выкарыстанне апошняй як доказу рэальнасцi той цi iншай падзеi. А цi iснавала пачвара Нэсi ў Лахнескiм возеры? Не. Але ж фотакартку земнаводнага з маленечкай галавою i доўгай шыяю бачылi цi не ўсе. Фота — ускосны доказ, як i галасы на магнiтафонных стужках, як малюнкi, як паказаннi сведак, як група крывi.
* * *
Тэлевiзiю i кiно глядзяць, а фота бачаць i разглядаюць.
* * *
Фотакарткi смяротныя, як i ўсё на свеце. Зрэшты, чаго можна патрабаваць ад адлюстравання? Ведаю адзiн жорсткi варыянт: прыходзiць Чорны чалавек, iрве здымкi i б'е люстэрка.
* * *
На думку Вавенарга, фiласофiя не менш падуладная модзе, чым вопратка i музыка, архiтэктура дый iншае. Вока чапляецца за слова "архiтэктура", i ўзнiкае жаданне крышку падрэдагаваць дэфiнiцыю... Фiласофiя, як i архiтэктура, падпарадкоўваецца стылю.
* * *
Малюючы дакладны аўтапартрэт, можна стварыць вобраз, не падобны да сябе.
* * *
Творчасць — барацьба з самагубствам.
* * *
Танцы — вельмi эратычны занятак. Танцы — прэлюдыя палавога акта. Танцы — рэпетыцыя блiзкасцi.
* * *
Танец — найлепшы зводнiк.
* * *
"Самае пiкантнае для эратычнай юрлiвай фантазii, — лiчыць нямецкi маралiст Эдуард Фукс, разважаючы пра канкан, — гэта калi жанчына са слодычным захапленнем дэкальтуецца на вачах у свайго партнёра зверху i данiзу, калi яна ў парыве шаленства цалкам агаляецца перад iм, нiбыта кажучы пра сваю адданасць бессаромнымi жэстамi, якiя больш ясныя за ўсе словы..." Танец, як кампазiцыя жэстаў, з'явiўся значна раней за слова. Таму ён больш прыродны, раскрыты, аголены. Спачатку быў жэст, потым быў танец, потым было слова, i слова было Бог. Чалавек гаворыць не толькi словамi. Чалавечае цела можа гаварыць жэстамi, бо яны дамiнуюць у палавым дыялогу. I пацвердзiць тое можа факт з гiсторыi канкана.
* * *
У кiно ёсць вялiкая перавага над шмат якiмi вiдамi мастацтва: у цёмнай зале вельмi цяжка ўбачыць чырвоныя ад сораму вушы. Не ведаю, як ты, а я даволi часта чырванеў за бессаромныя ўчынкi экранных герояў. I саромеўся не аголенасцi ды эротыкi, хоць было i такое, а падманаў i хлуснi, сведкам якiх апынуўся не з уласнай волi.
* * *
Здатнасць мастака да пераўвасабленняў i вызначае працягласць творчага жыцця.
* * *
Выбухi, пажары, руйнаванне — знаходкi для кiнавытворцаў.
* * *
Някепска глядзяцца на экране пахаваннi, хаўтуры i iншыя ўрачыстасцi, асаблiва калi яны з часам страчваюць iдэалагiчную афарбоўку.
* * *
Непрыстойныя жэсты выглядаюць на кiнаэкране занадта тэатральна, але трапляюць у лiк набыткаў праз сваю прыродную яскравасць ды эратычнасць.
* * *
Вельмi кепска глядзяцца на экране iнвалiды, бо ўвесь час узнiкае сумнеў: а цi сапраўды ён сляпы, а цi сапраўды ў яго няма нагi, а можа ён яе ўдала схаваў, каб нас падмануць?
* * *
Фота вынайшлi не мастакi i не навукоўцы, а алхiмiкi. Фотаздымак — двухмерная праекцыя фiласофскага каменя.
* * *
Нi адзiн па-сапраўднаму выбiтны чалавек нiколi не забiваў часу на складанне баек... Сказаў Вавенарг, забыўшыся пра Эзопа.
* * *
Найбольш карысныя тыя парады, якiмi лёгка кiравацца... Думка Вавенарга перагукаецца з выказваннем Скаварады... Цяжкае, яно i непатрэбнае.
Нуль — zero
* * *
Розум прымушае нас верыць у тое, у што мы не можам паверыць з-за абмежаванасцi нашых пачуццяў. У бясконцасць свету, напрыклад.
* * *
Калi гаворыш разумнае, цябе амаль не чуюць. Чым болей прамаўляеш значных рэчаў, тым меней маеш уважлiвых слухачоў. У глупства найвялiкшыя шанцы займець слухачоў i авалодаць аўдыторыяй. Паспрабуй на людзях забрахаць па-сабачы i пераканаешся.
* * *
Праўды не саромеецца вар’ят.
* * *
Памiж поўным iдыётам i вельмi разумным чалавекам менш рознiцы, чым памiж мёртвым i жывым.
* * *
Здзiўляе адназначнае iмкненне чалавека наблiзiцца, каб зразумець; хоць у большасцi выпадкаў трэба наадварот зрабiць крок назад.
* * *
Калi ты разумны, цябе досыць проста папракнуць за бессардэчнасць i маладухоўнасць.
* * *
Розум — гэта ўменне выходзiць з дурных акалiчнасцяў.
* * *
Калi з табою пагадзiлiся, гэта не азначае наяўнасцi разумнага паплечнiка.
* * *
Разумнага немагчыма пакрыўдзiць; крыўдуеш роўна настолькi, наколькi пачуццi пераўзыходзяць розум.
* * *
Не заўсёды можаш сабе дазволiць раскошу — быць разумным.
* * *
На думку Платона, Дыяген — гэта звар’яцелы Сакрат. Удакладню... Дыяген — Сакрат, якi не гаворыць, а брэша. Зрэшты, галоўнае, што Дыяген з’яўляецца Сакратам, а якiм — справа iншая.
* * *
Сiла розуму, вiдавочна, большая ў тых, хто яе ўсведамляе, чым у тых, хто пра яе не ведае... Так напiсаў Латрэамон. Пагадзiцца з такой тэзаю лёгка. Паводле маiх перакананняў, чалавек таму i жыве на свеце даўжэй за астатнiх, бо разумнейшы. I вынаходнiцтва Бога, i трактоўка Бога як разумнай субстанцыi, i бессмяротнасць душы паводле Платона — усё гэта досыць роўна кладзецца ў пераканаўчы рад папярэдняй тэзы. Але мне хацелася намаляваць адзiн эпiзод з уласнага жыцця, каб яшчэ раз засведчыць дакладнасць думкi Латрэамона. Ранiцай, з стрыечным братам Анатолем, мы iшлi на заняткi, я — у вучэльню, а ён — у iнстытут. Замест прабежак мы рабiлi праходкi. Хуткiмi крокамi праходзiлi восем тралейбусных прыпынкаў. I вось за адну ранiцу мы пабачылi дзесяць раздушаных на дарозе катоў. Тыдзень не было апетыту. I ўсё жыццё мяне пераследуе думка пра неразумнасць i жорсткасць прыроды, пра яе сляпую самаахвярнасць. Таму ўсе ваенныя канфлiкты я адношу да стыхiйных бедстваў i ненавiджу выраз "ваеннае мастацтва". Уласна розум не можа быць скiраваны на вайну, розум скiроўваецца ў супрацьлеглы бок, на пазбяганне вайны. Кiравацца ў ваеннае пекла можа толькi псiхiчна хворы, маньяк, цалкам неразумны чалавек. I таму ў сiстэме агульнай адукацыi неабходна аддаваць перавагу ў вывучэннi спадчыны людзей разумных, якiя ўсведамлялi i ведалi сiлу свайго таленту i розуму, а гiсторыю пра дзеяннi маньякаў, гвалтаўнiкоў, тыранаў неабходна калi не цалкам скасаваць, дык значна падкарацiць i перанесцi ў лекарскiя падручнiкi пра псiхiчныя расстройствы i адхiленнi.