Страница 2 из 13
* * *
Нечаканая канцоўка навелы заўсёды лжывая.
* * *
Калi табе кажуць: "А я ведаю, пра што будзе тваё наступнае апавяданне...", ты абавязкова дапытайся пра здагадкi i версii, каб не напiсаць чужога.
* * *
Вавенарг сцвярджаў, што людзi разумныя не пiшуць i не чытаюць раманаў, бо дастаткова чалавеку адчуць, што ўяўная велiч хавае за небылiцамi звычайную хлусню, як яго ахоплiвае гiдлiвасць, таму раманы i не перачытваюцца. Выдатнае назiранне. Толькi мне не давялося сустрэць нiводнага разумнага, якi б не прачытаў пару-тройку бульварных раманаў. Усе не без грахоў. Мяркую, спадар Люк дэ Клап'е дэ Вавенарг таксама пачытваў раманы. Таму i скажу наступнае... Разумны чалавек адмаўляецца чытаць раманы.
* * *
Нiшто так хутка не псуе рэпутацыю лiтаратара, як праўдзiвыя выказваннi пра суайчыннiкаў i супляменнiкаў.
* * *
Лепей не спрачацца пра якасцi мясцiнаў, у якiх не быў, i пра вартасцi звычаяў, якiх не бачыў. Кожны з нас i так шмат дзе пабываў i многае паглядзеў, каб цiкава расказаць.
* * *
Не варта чакаць удзячнасцi за пахвальбу. Ведаючы пра гэта, крытыкуй, iранiзуй, кажы праўду i галоўнае — не бойся, што ў адказ атрымаеш жорсткiя словы, а тым больш дзеяннi.
* * *
"Кожная думка новая, — заўважыў Вавенарг, — калi чалавек выказвае яе на свой лад..." Удакладню: на сваёй мове i ў новай маладой краiне...
* * *
У адным слове iсцiны не менш, чым у разгорнутым сказе. Але большасць лiтаратараў усё адно iмкнуцца акрэслiваць iсцiну менавiта сказамi, а не словамi.
* * *
Афарызм — арыстакратычная форма.
* * *
Пiшучы ў газету, нi на iмгненне не забывай, што рэфарматарам, патрыётам, рэвалюцыянерам салодка жывецца толькi на старонках гiстарычных энцыклапедыяў.
* * *
Трэба быць поўным iдыётам, каб пiсаць не дзеля заробку. І дзевяноста дзевяць лiтаратараў з кожнай сотнi паслухмяна графаманяць дзеля грошыкаў. А табе, каб паважаць сябе, варта заставацца круглым пiсьменнiкам i пацiху занатоўваць сякiя-такiя думкi дзеля сяброў i ўласнага задавальнення. Заставайся адным з сотнi.
* * *
Лiтаратура — працэс маральнага рэфармавання.
* * *
Надыходзяць i такiя часы, калi нават звычайнаму лiтаратару нiчога не застаецца, як пiсаць таемны дзённiк.
* * *
Паэту цяжка сказаць нешта такое, што да яго не гаварылi, таму i стварае паэт новую мову.
* * *
Грэгерыi — жарты, якiя робяць выгляд, што яны афарызмы.
* * *
Пiсаць — азначае перакладаць уласныя ўражаннi на агульнавядомую мову, а чытаць — азначае вяртаць з агульнага ў асабiстае.
* * *
Афарызм — ангельскi жарт, вымаўлены з французскiм акцэнтам i нямецкай стараннасцю.
* * *
Цяжка ўявiць, што адбылося б з чалавекам, каб ён жыў у дзяржаве, населенай лiтаратурнымi героямi... Пiша Джозэф Адысон. Але... Кожны пiсьменнiк шмат часу бавiць менавiта ў такiх дзяржавах i не шкадуе, бо лiтаратурныя iмперыi лепшыя за рэальныя, iх можна пакiнуць у адно iмгненне.
* * *
Раман — жанр хлуслiвы, калi ён апiсвае страсцi дзеля iх самiх, не адшукваючы пры гэтым нiякiх карысных, з пункту гледжання маралi, высноў. Няма нiчога больш простага, чым апiсваць страсцi. Для гэтага дастаткова нарадзiцца крышку шакалам, крышку грыфонам i крышку пантэраю... Так пiсаў у сваiм "Вершы I" Латрэамон. Не ведаю, як калегам, а мне гэтая развага даспадобы. Бульварнае чытво пiшацца людзьмi драпежнымi, хцiвымi, тымi, хто мае сэрца шакала. Я гэта ведаю.
* * *
Паэзiя, якая абмяркоўвае неабходныя iсцiны, не такая чароўная, як паэзiя, што iх не абмяркоўвае... Заўважыў Латрэамон. Бясспрэчна, лiрыка складае сутнасць паэзii. Верш пра зменлiвую прыроду, пра жабку, што скочыла ў стары стаў, спалохаўшыся крокаў паэта, мне блiжэй, чым рэвалюцыйны пошчак барабанных радкоў. Паэзiя, як жывапiс i музыка, не ведае, што такое ДОБРА i КЕПСКА, яна знаходзiцца ў той частцы свядомасцi, дзе яшчэ не iснуе падзелу на дабро i зло. Найлепшыя мастакi, паэты, музыкi — дзецi. Магу паўтарыць гэтую сентэнцыю тройчы, ведаючы яе двухсэнсоўнасць.
* * *
Кнiжныя прылаўкi асляпляюць чароўнасцю безлiчы гнюсных раманаў. Бачыць Бог, здаецца часам, што лепей забiць кнiгу i ўратаваць чалавека, якi губiць сябе за 100 су... Больш за стагоддзе мiнула ад назiрання, зробленага Латрэамонам, а кнiгарнi дагэтуль асляпляюць пакупнiкоў блiскучымi вокладкамi гнюсных раманаў. Так i не знайшлося ў свеце Давiда, якi здатны забiць кнiжнага Галiяфа. Гнюсны чытач мусiць мець свой гнюсны раман, накрапаны гнюсным белетрыстам. Нашто так перажываць? Калi я думаю пра кнiгу, дык не пра раман, а пра танюткi просты дадатак да тоўстага дзяржаўнага падручнiка, якi можа дапамагчы звычайнаму вучню ў двубоi з настаўнiкам.
* * *
Лепей адразу запiсаць сваё меркаванне, чым прылюдна яго выказаць. Спакайней жыць лiтаратарам, чым дасцiпнiкам. Вядома, цяжка стрымлiвацца, бо думка нараджаецца ў роце, а не на дзюбцы алоўка.
* * *
Ёсць лiтаратары, якiя свядома вярэдзяць свае найчарнейшыя ўспамiны, занатоўваюць гiдкiя сны ды брыдотныя фантазii. Героi такой творчасцi атрымлiваюцца найблiжэйшыя да народа. Ты можаш асудзiць творы падобнага кшталту, а можаш iх выкарыстаць — апрацаваць, як апрацоўваецца фальклор.
* * *
Не спяшайся з перакладам уласных твораў на iншыя мовы, бо гэта не iдзе на карысць тваёй сям'i, тваёй дзяржаве i тваёй нацыi. Неперакладзенае, ненадрукаванае, нявыказанае — трымае ў жыццi.
* * *
Лепшае пiшы на пяску.
* * *
Жывёла гаворыць выключна на роднай мове.
* * *
Подпiсы пад здымкамi, як i надпiсы на фотаздымках, могуць не толькi графiчна, але i сутнасна змянiць фотавыяву. Напiшы на твары чалавека слова "раб" цi "кароль", накрэмзай выразную характарыстыку персанажа i пабачыш змену.
* * *
Злы гаворыць трапна.
* * *
Кожная кнiга, выпраўляючыся ў свет, рызыкуе сутыкнуцца з неразуменнем i непрыманнем. Яна, як карабель, плыве ў чужы свет, акрыленая спадзяваннем на зычлiвую i сяброўскую сустрэчу. Але, робячы кнiжкi, узбройвай iх усiмi вядомымi табе сродкамi, бо ворагаў заўсёды болей, чым сяброў.
* * *
Загнаная ў кут жывёла можа зрэагаваць рэфлексам падманнай смерцi. Падобнае адбываецца з лiтаратарам у таталiтарнай краiне. Ён знiшчае сваё прозвiшча, кнiгi выходзяць ананiмна. І як падчас падманнай смерцi жывёла знаходзiцца ў экстрэмальнай напружанасцi, так i ананiмны твор канцэнтруе ў сабе максiмум iнтэлектуальнага супрацiву.
* * *
Грэшнiкi, забойцы, тыраны знаходзяць месца ў памяцi чалавецтва значна лягчэй за паслухмяных, сцiплых i святых людзей. Зазiрнi ў падручнiк гiсторыi.
* * *
Наколькi штодзённая газета дыялектычная, настолькi кнiга метафiзiчная.
* * *
Добрыя кнiгi робяцца з кнiг, а кепскiя — з газет, з часопiсаў, з тэлевiзii i Iнтэрнета.
* * *
Самыя супярэчлiвыя кнiгi — зборнiкi афарызмаў.
* * *
Людзi непасрэдныя могуць быць разважлiвымi ў меру сваёй здатнасцi, i аўтары невялiкiх кнiжак — таксама. Гаварыў Вавенарг, пэўна, працягваючы думку Эклезiяста. Не складай шмат кнiжак. А таму, запiсваючы i складаючы развагi ў кнiжку, кампанаваць твор варта як мага шчыльней.
* * *
Энцыклапедыi — могiльнiкi iнфармацыi. Чытаеш i спатыкаешся аб даты смерцяў i нараджэнняў.
* * *
У букiнiстычных крамах гуртуюцца недачытаныя кнiгi.
* * *
Як чалавек нараджае чалавека, як дрэва спараджае дрэва, так i з кнiгi выходзiць кнiга.
* * *
Ёсць два стаўленнi да кнiгi: прачытаў i перадаў другому, прачытаў i выкiнуў. Мне падабаецца трэцi варыянт: прачытаў i перачытаў.
* * *
Зазвычай пiсьменнiк i чытач залiчваюцца ў асноўныя творцы кнiгi. Калi зiрнуць крышку шырэй, дык у сутворцы трапяць i мастакi, i рэдактары, i друкары, i гандляры, а яшчэ — чытачовы знаёмыя, вучнi i сябры — усе, з кiм будзе падзеленая думка наконт прачытанага. Калi ж рассунуць часавыя параметры, дык вакол кнiгi ўзнiкнуць постацi крытыкаў i перакладчыкаў, а за iмi, сярод натоўпу спажыўцоў, можна разгледзець i чытача-лiтаратара. Таго, хто не толькi прачытае тэкст i выкажацца наконт ягоных вартасцей, але i выбера найлепшае i перапiша наноў дзеля наступнiка. Таму не памылюся, назваўшы асноўным творцам кнiгi чытача-лiтаратара, якi здатны надрукаваць i распаўсюдзiць уласны твор дзеля вядомых i невядомых сяброў.