Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 13



Вялiкая бяда вылуплiваецца з маленечкага няшчасця, як змяя з яйка.

* * *

Змагацца супраць зла — значыцца, занадта яго ганараваць... Чытаю ў Латрэамона. Зразумела, шанаваць зло не варта, змагацца з iм цяжка. Але яго нельга праiгнараваць. Зло актыўнае, дынамiчнае, агрэсiўнае. I найлепшы стан, у якiм можа быць зло, — гэта сон. Пакуль зло спiць, можна паспець заняць пазiцыю недасяжнасцi для пэўнага зла. Хай пачвара прачнецца i пабачыць насупраць сябе гэткую ж злую галодную пачвару. Хай счэпяцца ў двубоi два кракадзiлы. Будзе на што паглядзець, пры ўмове, што сам ты — не кракадзiл.

* * *

Калi перастаеш злавацца, робiшся добрым... Запэўнiвае Ларошфуко. Зусiм не абавязкова, можаш стаць i абыякавым.

* * *

Поспех аддаляе знаёмых, адпрэчвае ворагаў i пазбаўляе сяброў.

* * *

Нязмушаная размова з сябрам — найлепшая школа для розуму... Нельга не пагадзiцца з мэтрам Вавенаргам.

* * *

Каб сябраваць, трэба пакiнуць заганную звычку патрабаваць ад сяброў такiх ахвяраў, якiя ты сам прыносiш на алтар дружбы. Кожны ахвяруе, колькi можа, i сябруе, як умее.

* * *

Выдатна прыбраны, сытны, поўны тонкiх напояў стол лепей за грошы мацуе сяброўства... Не стамляюся паўтараць.

* * *

Не варта сварыцца з сябрамi i знаёмымi; яны самi пакiнуць цябе, як толькi даведаюцца i пабачаць, што на тваiм полi ўсё добра.

* * *

Некалькi разоў збiраўся скласцi спiс былых сяброў, з якiмi не трэба вiтацца. Справа адкладалася праз тое, што нiводнага з iх не хацелася запiсваць першым.

* * *

Ёсць такi жарт: грошы — найлепшыя сябры. Меркаванне небеспадстаўнае: менавiта за грошы i прадаецца сяброўства, прадаецца, але не набываецца. У Беларусi яшчэ кажуць: грошы сяброў разводзяць.

* * *

Добра мець у сябрах: чалавека разумнага, каб было з кiм параiцца; чалавека абазнанага ў медыцыне, каб дапамагаў падчас хваробы; i чалавека шчодрага, якi ад шчырага сэрца робiць падарункi.

* * *

Легкадумны чалавек прасцей простага завязвае сяброўства i лягчэй лёгкага развiтваецца з сябрам, а таму марны занятак — пошукi глыбокiх узаемiнаў з неглыбокiмi людзьмi.

* * *

Сябры заводзяцца проста, як каты i сабакi, — захацеў i завёў; галоўнае, каб было чым кармiць i паiць.

* * *

Не спрабуй лекаваць сябра ад зайздрасцi, пагадзiся з думкаю, што сябра няма.

* * *

Найлепшы сябра любiць сябе болей, чым цябе.

* * *

Сяброўства — гэта адсутнасць патрабаванняў.

* * *

Не сябруй з тымi, хто табе не роўны, i не бойся выпраўляць уласныя памылкi... Чуеш параду Канфуцыя. Колькi разоў i я мусiў разрываць дачыненнi з добра знаёмымi людзьмi. Складана сказаць праўду пра тое, што не будзеш сябраваць. "Калi ласка, не турбуй мяне i маю сям’ю", — словы простыя, а вымавiць iх цяжка.

* * *

Сяброўства — перадусiм шчырасць.

* * *

Калi твае сябры сышлi з абранага разам шляху, калi здрадзiлi агульным iдэалам, якая тады рознiца — жывуць яны цi iх няма на свеце?

* * *

З былымi сябрамi пазбягай сустрэчаў, а пры выпадковых сутыкненнях не вiтайся, нават калi яны першыя пададуць руку.

* * *

Не кажы пра сяброў кепскае — гэта, найхутчэй, праўда.

* * *

Аднавiць страчанае сяброўства немагчыма: яно, як хваля аб скалу, разбiваецца на дробныя пырскi аб зайздрасць.

* * *

Сабака-жывёла брэша на зладзеяў i кусае ворагаў, а сабака-фiлосаф кiдаецца i выскаляецца на сяброў i суайчыннiкаў дзеля выратавання iх душаў.

* * *

"О сябры мае, няма болей нiводнага сябра!" — любiў паўтараць Арыстоцель. Такое можна вымавiць толькi ў пэўным узросце; асабiста я паўтарыў Арыстоцелеву думку ў 37 гадоў.

* * *

Сапраўднае сяброўства прыдумалi ў XVII стагоддзi маралiсты кшталту Ларошфуко.

* * *

Сяброўства ўмацоўваюць не прызнаннi ў любовi i павазе, а разгадванне патаемных учынкаў, якiя сябра намерваўся схаваць ад цябе.



* * *

Два разы пачынаць сяброўства з адным чалавекам — глупства. Але, па тваiх асабiстых назiраннях, робiцца гэта менавiта два разы. Каб пераканацца ў непатрэбнасцi вашага сяброўства, адной сваркi з сябрам недастаткова.

* * *

З большасцю знаёмых ты перастаў бы вiтацца, каб толькi пачуў, што яны гавораць пра цябе за вочы. Ды каб яны даведалiся, што ты пра iх думаеш. Што зробiш... Патаемныя словы i думкi — найцiкавейшыя.

* * *

Мудрасць i свабода несумяшчальныя са слабасцю... Гаворыць Вавенарг. А што рабiць са старымi мудрацамi i дзецьмi? Яны ж самыя нязмушаныя, найбольш свабодныя ў выказваннях i паводзiнах. Дый наогул, мудры — гэта абазнаны ў жыццi i, адпаведна, пажылы чалавек.

* * *

Не трэба чакаць вялiкiх паслуг ад старых людзей... Запэўнiвае Вавенарг. Пагаджаюся. На старых нельга ўскладаць спадзяванняў, звязаных з доўгатэрмiновымi перспектывамi, але спакойна выслухоўваць iх крытычныя заўвагi адносна дня сённяшняга варта заўсёды. Крытыка цвярэзiць.

* * *

Парады старых людзей — нiбыта зiмовае сонца: свецяць, але не грэюць... Маркоцiцца Вавенарг. Дарэмна. Парада i не павiнна саграваць. Яна — не жанчына. Парада больш падобная да промня, якi асвятляе шлях.

* * *

Калi на схiле гадоў мы страчваем таленты i прыгажосць, замянiць iх могуць, дый тое з цяжкасцю, толькi добрае iмя i багацце... Спадзяваўся Вавенарг. Вядома, хацелася б даць веры. Але мой саракагадовы досвед падказвае, што спадзяваннi Вавенарга дарэмныя, хоць i не пазбаўленыя практычнасцi, асаблiва ў пункце пра багацце.

* * *

I на схiле гадоў не зашкодзяць доўгатэрмiновыя планы. Памiраць збiрайся, а жыта сей... Паўтарае мой бацька.

* * *

Спачатку перажываеш, што ты яшчэ не дарослы, потым — што не самы прыгожы, пазней — што небагаты, напрыканцы — што нешчаслiвы, хворы i стары. А перажываць i не варта.

* * *

Падчас гаворкi са старымi людзьмi не забывай пра iхняе жаданне надаваць значнасцi мiнулым падзеям, якiя амаль не ўплываюць на дзень сённяшнi.

* * *

Нi разу не апранутая кашуля хутка зношваецца.

* * *

Больш чым дастаткова быць шчаслiвым самому па сабе. Тым больш што i няшчасны — заўсёды ў адзiноце.

* * *

Свядомы сыход у цень — адзiн з найкарацейшых шляхоў да радасцi.

* * *

У мужчын на душы свята, калi яны трымаюць у руках конаўкi, дзе гарыць спiрт.

* * *

У жанчын на душы свята, калi яны глядзяць на новыя фотакарткi сваiх дзяцей.

* * *

У хлапчука свята, калi яму першы раз дазволiлi самому запалiць запалку.

* * *

У дзяўчынкi свята, калi яна фатаграфуецца побач з нявестай.

* * *

Радасць — усмешка, а не рогат.

* * *

Шчасце — калi можаш цiха ляжаць i думаць пра смерць.

* * *

Нашто сто адзiнаццаты раз даводзiць тое, што ў масавай свядомасцi з’яўляецца бясcпрэчнай iсцiнай? Масавыя iсцiны трэба абвяргаць.

* * *

Iдэальная чысцiня патыхае хлёркаю.

* * *

Сумленне — шкадаванне таго, што зрабiў i не можаш вярнуць.

* * *

Больш за ўсё на свеце мяне вабiць узор задавальненняў, вытканы на кiлiме жыцця.

* * *

Гонар больш каштоўны за славу... Cцвярджае Шамфор. I можна было б з iм пагадзiцца, каб толькi займець першае i другое ў дастатковай колькасцi.

* * *

Не лепш было б людзям, каб спаўнялася ўсё, што яны пажадаюць... Заўважыў Гераклiт. Сапраўды. Людзi, чые запаветныя жаданнi спраўдзiлiся, нагадваюць iнвалiдаў-жабракоў.

* * *

"Толькi няправiльныя, павярхоўныя пытаннi маюць адказ, а правiльныя, глыбiнныя адказу не знаходзяць", — казаў Крышнамурцi, якi спытаў: "Як гучыць хлапок адной далонi?"