Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 24



Коўдра

Колькi жывем разам, столькi я сплю з жонкаю пад адной коўдраю. Сваё назiранне: «Любiш не таго, з кiм кладзешся ў ложак, а з кiм прачынаешся». Варта было б удакладнiць: «...прачынаешся пад адной коўдрай». Напэўна, нi прасцiна, нi ручнiк, нi ложак так не цэментуюць сям’ю, як коўдра. А замена зiмовай коўдры на летнюю i летняй на зiмовую — наогул адзiн з найiнтымнейшых рытуалаў, бо гэта тая унiверсальная апранаха, якую носiм з жонкаю найбольш часу. Таму i колер, i якасць, i чысцiня маiх падкоўдранiкаў i коўдраў вельмi важная. Улюбёны ўзор на нашай пасцельнай бялiзне — белыя сланы на сiнiм полi.

Конь

Чаго я не разумею, дык гэта жончынага захаплення коньмi. Яна ездзiць у Ратамку i займаецца конным спортам. Скача ў палях. Яна — вершнiца. І дачку прымушае-прывучае любiць сядло. Каб я слухаў яе аповяды пра выездку, манеж i галоп, яна б гаварыла i гаварыла. Толькi не слухаю. Хiба такое: «Конь Салют мяне пазнаў i ўкусiў, сабака!»

Тэрмiн

Нiхто дакладна не ведае часу сваёй смерцi, у гэтым i ёсць адзiн з асноўных складнiкаў красы i моцы жыцця. Дактары, асаблiва недавукi, з лёгкiм сэрцам прарочаць прысуд: «Вам засталося...» Называецца тэрмiн. Нейкая медсястра-паўвар’ятка сказанула Алене, што ёй застаецца жыць дзесяць гадоў, не больш. Доктар сварыцца на сястру мiласэрнасцi, але атрута прароцтва распаўзаецца ў Аленiнай свядомасцi. Лягчэй верыцца ў горшае. «Як добра, што ў цябе чыстая кроў. А мне засталося жыць з маiм ракам стрававода толькi дзесяць гадоў...» — Алена спрабуе быць мужнай.

Жорсткасць

Каб зняць стрэс, каб хоць неяк пазбавiцца ад думак пра хуткую смерць, Алена пачынае адкаркоўваць бутэльку шампанскага. Тая выслiзгвае з рук, падае на каменную падлогу i разбiваецца ўшчэнт. На гук выбуху прылятае Ядзя: «Святкуеш сваё вар’яцтва?» Жорсткасць дачкi выклiкае ў жонкi слёзы. Яны цякуць некалькi дзён, высыхаюць i зноў цякуць.

Лiставанне

Алена вельмi любiць пасылаць i атрымлiваць лiсты. Пасля нашага знаёмства я атрымлiваў капэрты з яе фотаздымкамi ледзь не штодня. Цяпер я атрымлiваю ад яе паэтычныя пасланнi па сотавым тэлефоне. Гэта хайку, напiсаныя падчас прагулянак з унукам у парку. Алена пiша сваiм натуршчыцам i натуршчыкам, сябрам i сяброўкам, i ўсiм, усiм, усiм, хто здатны адказаць. Часам яна распачынае лiставанне з дачкой, абменьваюцца цыдулкамi па кулiнарыi. «Мамусь, дай мне грошы на iнтэрнэтную карту...» — «Ядзенька, дастань з лядоўнi баранiну, каб размарозiлася да прыходу кухаркi...» А самыя цiкавыя лiсты Алена з Ядзяю пiшуць да Бога. Ходзяць у Вiльнi ў касцёл Францысканцаў i ў вялiзнай кнiзе пiшуць пасланнi. Што яны просяць, пра што распавядаюць — не ведаю. Але дакладна: ён iм у гэтай кнiзе не адказвае. Як на маю думку, дык не трэба пiсаць у такой кнiзе. Бо аднойчы я напiсаў лiст да каханай жанчыны i не адаслаў, напiсаў яшчэ адзiн i таксама не адаслаў, напiсаў трэцi — i зразумеў, што самыя найiнтымнейшыя лiсты не трэба адсылаць. Іх трэба толькi пiсаць. Зрэшты, можна i адаслаць.

Фiльмы

Кiно — вечная мара Алены. Ад самага пачатку нашага знаёмства яна разважае, як будзе здымаць кiно. Часам надараецца магчымасць зрабiць маленькi сюжэцiк на тэлебачаннi, але за месяц да пачатку здымкаў i тры месяцы пасля паказу ролiка з Аленiных вуснаў не сыходзiць слова «кiно». Кiнаманка — даволi трапная характарыстыка маёй жонкi. Першым «кiно» становiцца калаж са слайдаў з менскiмi краявiдамi i вершамi Багдановiча за кадрам. Нiчога лепшага за дваццаць гадоў яна на тэлебачаннi так i не зробiць... Адразу агаваруся. У вялiкiм кiно Алена наогул нiчога не зробiць. У тым чароўным каляровым мастацкiм кiно, у якiм згарае пакаленне нашых бацькоў, Лена нi разу i не здымецца. Ёсць поўнаметражны дакументальны фiльм пра лёс савецкай жанчыны, дзе Алена iграе Алену — генiяльнага фатографа, якi здымае прыгажуняў. На хвалi эмансiпiзму фiльм нават бярэ прыз на Берлiнскам фестывалi, на тым самым фестывалi, дзе Алена хапае зорную хваробу, калi прывозiць туды апошнi — я спадзяюся — тэлефiльм пра сябе... Фiльм нiхто ў Берлiне не бачыць, бо ён не змантаваны. Затое ў бары вывешваюць Аленiны фотаздымкi, нiбыта кадры з кiно... Сюжэт — калi тое, што атрымалася, можна назваць сюжэтам... Натуршчык-гомасэксуалiст пакахаў жанчыну-фатографа, яна — садыстка i замарозiла бедную ахвяру кахання, як Снежная Каралева спрабавала замарозiць хлопчыка Кая, спакусiўшы яго магiчным словам «вечнасць», выкладзеным з крышталiкаў лёду. Мне сорамна, бо выродлiвы сюжэт прыдумваю я сам. Наогул, усе сюжэты яе фiльмаў прыдумваю я. Неяк так атрымлiваецца, мiж iншым. Так здараецца з вiдэафiльмам «Персыфаль», калi на музыку Рыхарда Вагнера накладалiся тры розныя матывы... Першы: Алена заходзiць у стайню, сядлае каня i скача ў палi. Другi: Алена гатуе сняданак, Алена ладзiць пiкнiк з сябрамi, Алена ўрачыста вячэрае. Трэцi: Алена фатаграфуе мадэлек, якiя распранаюцца, распранаюцца i распранаюцца. Матывы пераплятаюцца — i атрымлiваецца музычны клiп Вагнера. У краiне, дзе нельга нiдзе нiчога нiкому сказаць, такi фiльм мае сiмвалiчнае значэнне. Толькi рэальнасць карэктуе iдэю, i фiльм выходзiць бяздарны з-за дурноты рэжысёра i аператара. Мантаж запорваецца цалкам. Я наогул перыядычна стаўлю крыж на кiно ў Беларусi, на кiно ўвогуле i на ўсiх творчых працэсах, дзе задзейнiчаныя больш за дзве асобы. Алена ўсё лезе i лезе ў табар кiнатусоўкi, здымаецца ў эратычных сцэнах i атрымлiвае зорна-брутальную хваробу. Кiнатэлешоўтусоўка выклiкае ў мяне агiду, а Ленку шкада. Балюча глядзець на чалавека, на творцу, на мастака, чые мары разбiваюцца аб дзверы непабудаванага кiназамка. Каб Алена здымалася ў вялiкiм мастацкiм кiно, жыла б пад нашай коўдраю не зорная хвароба, а ўзорна-псiхiчна-суiцыдальная. Дакладна.



Кроў

Апошнiм часам большасць з напiсанага была прысвечана маiм самым блiзкiм людзям: мацi i бацьку, брату i дачцэ, дзеду з бабай. Здавалася, у гэты шэраг вельмi лёгка ўпiшацца i партрэт жонкi. Дык не. Чамусьцi нататкi пра Алену патрабавалi зусiм iншага падыходу. Адказ знайшоўся ў назве апошняга бацькавага рамана — «Голас крывi брата майго». Пiшучы i думаючы пра жонку, я не чуў голасу крывi. Яна някрэўная. У нас з ёю розная кроў. Яна самы блiзкi мне чалавек, але з удакладненнем — сярод някрэўных. Гэтая бiялагiчная, антрапалагiчная, расiсцкая акалiчнасць апынулася непераадольнай мяжою. Прынамсi, для мяне. Так, можна праспаць дваццаць гадоў на адной прасцiне, падзялiць напалам усе грошы, радасцi i гароты, але кроў застанецца чужой, iншай i не сваёй. Усвядомiўшы гэта, я пакiдаю спробы ўвесцi жонку ў шэраг маiх найблiжэйшых i родных, а пачынаю рабiць асобны партрэт, асобны раман пра яе i толькi пра яе.

Адлегласцi

З аднаго боку, мне крыху нестае крэўнасцi, з iншага — аддаленасцi. Алена заўсёды поруч, побач, блiзка... Я не бачу яе цалкам, толькi фрагментарна. Не магу сказаць, цi прыгожая яна, цi шчаслiвая, цi наадварот — няшчасная. Як у Сакрата: «Нельга сказаць, цi шчаслiвы чалавек, пакуль ён не памёр». Божа мой, я не жадаю ёй смерцi. Толькi спрабую крышку аддалiцца. Немагчыма. Нават калi я запальваю святло пасярод бяссоннай ночы, каб чытаць, Алена не сыходзiць у другi пакой, яна перакiдвае падушку на цёмны бок ложка i моцна-моцна абдымае мяне за нагу, каб так спаць.

Упрыгожванне

Заходжу дамоў. «У мяне кроў з носу iдзе, — кажа жонка, — iдзе, i iдзе, i нiяк не спыняецца...» На белай падлозе чырванеюць крывавыя манеткi. «Ты ляж i паляжы». — «Я ляжала, колькi можна?» Сядаем палуднаваць. Левая ноздра ўся чорная ад засохлай крывi. Маўчу. Жонка нешта гаворыць пра сваiх мадэлек. Раблю выгляд, што ем, а сам думаю пра яе кроў на падлозе: яна нiбыта пачула мае думкi пра родную i чужую кроў i ўпрыгожыла сваёй крывёю ўсю кватэру.

Сюжэт

Ёсць сюжэт, вынайдзены Гамерам i выкарыстаны Джойсам: чалавек выйшаў з дому, паблукаў i вярнуўся дамоў. Дзякуючы жонцы я вынаходжу iншы сюжэт: чалавек закахаўся, ажанiўся i пражыў-праспаў на адной прасцiне 21 год.

СЯБРОЎКА

«Ты выдумаў яе талент, ты прыдумляеш яе мастакоўскасць, яе зорнасць... Ты ўсяляк падтрымлiваеш яе вядомасць i папулярнасць. Пiшаш за яе iнтэрв’ю, перапiсваеш яе вершы, будуеш ёй студыю. Дазваляеш неверагодныя i экстравагантныя вольнасцi кшталту дэманстратыўнага лесбiянства i здымак у кiно са зграямi голых геяў. Разам з гэтым ты паўтараеш казку пра вашую iдэальную сям’ю. Насамрэч, таленту ў тваёй жонкi няма...» — мармыча мая сяброўка, п’ючы куплены мною апельсiнавы сок. «Калi я прыдумаў талент, значыць, гэта мая таленавiтая прыдумка...» Такога я чую шмат.