Страница 7 из 24
Апаратура
Яе любяць, даглядаюць, лашчаць. На яе збiраюць грошы. Па яе ездзяць у Берлiн, у Маскву... Тата з Нью-Йорка прывёз Алене фотаапарат. Калi сапсуецца аб’ектыў — драма. Калi паб’ецца лямпа ў асвятляльнiку — гора. Ну а колькi размоваў пра Яе Вялiкасць апаратуру!.. Нiканы, Кэнаны, Хасельблады — яны амаль як людзi. Гэта для мяне — людзi, а для жонкi — звышлюдзi. Яны — магi, фокуснiкi, чараўнiкi i алхiмiкi. Калi жонка мяне дастае, я забiваю такога алхiмiка. Бразь яго аб кафельную падлогу — i паляцелi ў розныя бакi парэшткi апарата!.. Даводзiцца купляць новы. Але якая асалода — знiшчыць якога Нiкана! Большасць вайскоўцаў кайфуе не ад знiшчэння ворагаў, а ад знiшчэння iх апаратуры, гэта значыць, зброi. І яшчэ цiкава ў сярэдзiну апарата зазiрнуць, ну i жончыны слёзы — неабходная дэталь сямейнага жыцця. Што за сям’я без слёз? Апаратура...
Гульнi з варонамi
У парку, памiж нашым кварталам i рэчкаю, на высокiх дрэвах начуюць вароны. У шарую гадзiну яны кружляюць у небе шумлiвай хмараю, а потым з крэктам i карканнем уладкоўваюцца спаць. Мы з Аленаю падыходзiм пад абсаджаны птушкамi клён i грукаем па камлi. Вароны ўзлятаюць, абурана пакрыкваюць, шархацяць у паветры вугальнымi крыламi i рассаджваюцца на суседнiм дрэве. У парку цёмна, пустэльна. Толькi мы i птушкi. «Ого-го-го-го!!!» — крычыць Алена, а я хутка-хутка пляскаю далонямi. Такое рамантычнае здзяцiньванне. Нiколi i думаць не думаў, што ў сорак буду варон ганяць, што так прыемна сачыць за iх палётамi ў начным абзораным небе. Вароны пералятаюць на другi бок рэчкi, сыплючы картавыя праклёны на неразумных людзей. Цяпер я разумею тых, хто трымае галубоў i гадзiнамi сочыць за iх куляннем у высокiм сiнiм небе. А тых, хто нi разу не ганяў варон, не разумею, нават крыху iм спачуваю.
Ластаўкi
Прыбiральшчыкi ў гатэлi Le Meridien спорваюць ластаўчыны гнёзды. Алена бяжыць у дырэкцыю i сварыцца, маўляў, у ластаўках, у iх прысутнасцi ўся адметнасць гэтага месца. Дырэктар дае слова, што прыбiральшчыкi больш не будуць нiшчыць птушыных гнёздаў. Праз год ластаўкi вяртаюцца i лепяць свае хаткi на тых самых месцах, дзе будавалi раней. Алена ганарыцца перамогаю, выходзiць на гаўбец i размаўляе з птушкамi, як з сябрамi, а тыя лётаюць вакол яе, нiбыта выказваюць удзячнасць.
Порна
Жонка выпiвае з геямi. Яны не геi, яны дзеля прымiтыўных выгодаў, што прыходзяць да iх у выглядзе грашовых траншаў, называюць сябе геямi, трансвестытамi, лiбераламi цi анархiстамi, яны палiтшарлатаны — прыносяць вiно, каб выпiць з Аленаю i цiхенька скрасцi якую iдэю. У Алены процьма брутальных iдыёцкiх iдэяў... Зняць парнафiльм у Белавежскай пушчы. Порна з зубрамi, з ласямi, з дзiкамi... Ну, ну... З лесунамi, з балотнiкамi, з палевiкамi... Мне прыкра не ад порна з зубрамi, а ад палiткастратаў, што лезуць у сябры да жонкi. Яны сыходзяць, i жонка, каб дагадзiць мне, а можа i шчыра, кажа: «Я зазiрнула iм у вочы — а там няма будучынi...» І гэта ўжо дакладна для мяне: «Ты ж можаш зрабiць погляд, скiраваны ў вечнасць?..»
Раскоша
Жонка раскошуе. Яна ў спантанным пошуку раскошы. Яна танчыць ад лепшага да найлепшага, ад высокага да найвышэйшага... Ласкавыя шолахi бавоўны, пяшчота футраў, ломкiя промнi дыяментаў, цеплыня золата, халадок палацаў — шмат, шмат недасяжных для iншых рэчаў i рэчываў ёсць у яе. А жонка не спыняецца, яе вабiць раскоша кахання, раскоша ўласнай зорнасцi, раскоша распуснасцi i размаiтасцi. Яна сама ўвасабляе гэтую раскошу са скаканнем на канi ў заснежаных палях, праз могiлкi, пад аблокамi, падобнымi да анёлаў, па сумётах, iскрыстых i безжыццёвых, як вечнасць, злоўленая ў шасцiпромнасць сняжынкi. Мая жонка раскошная, як сняжынка.
Вераб’iнае дрэва
Алена прыносiць з кiрмашу мяшэчак чорных семак. Насыпае на падваконне. Першымi знаходзяць пачастунак сiнiцы. Яны падлятаюць па адной, бяруць у дзюбку семачку, нясуць на лiпу i там лузгаюць. За сiнiцамi, праз колькi дзён, налятаюць вераб’i. Яны дзяўбуць семкi проста на падваконнi; калi ласункi сканчаюцца, яны яшчэ доўга сядзяць на лiпе, чакаюць. Такое вось вераб’iнае дрэва заводзiць Алена пад вакном нашае варыўнi. Сярод птушак ёсць адна не зусiм звычайная: найсмялейшая, яна першая сядае на падваконне. Спiнка, хвост i галоўка ў яе вераб’iныя, а крылцы i дзюба — як у хвалiстага папугая. Верабей-папугай менш за ўсiх баiцца людзей i хутчэй за астатнiх лушчыць семкi. Да вераб’iнага дрэва ў нашай сям’i стаўленне самае рознае. Алена яго гадуе, я за iм назiраю, Ядзя лiчыць, што толькi сiнiцаў трэба кармiць, а вераб’ёў трэба праганяць. Кот Чарлi, калi бачыць птушак, вельмi хвалюецца, калоцiцца i б’е хвастом — яго даводзiцца зачыняць у iншым пакоi.
Дачка
Мiкола з цяжарнай Юляю жывуць асобна. Ядзя едзе на Дэльфiйскiя гульнi, яна ў нас цяпер фотамастак. Алена заглыбляецца ў скруху i кажа мне, загорнутаму ў воблака алкаголю: «Калi ў нашых дзвюх кватэрах, на нашых двухстах квадратных метрах няма жыцця, значыць, мы — без Ядзi! Сэрца маё разрываецца ад самоты...»
Каптурык
Алена страшна перажывае за нашую нявестку Юлю. Апошнiя днi перад родамi Алена так нервуецца, што пакрываецца лiшаямi, чырвонымi плямкамi па ўсiм целе. Чаго ты так калоцiшся? Яна ж не ведае, як гэта цяжка нараджаць, а я ведаю! Роды праходзяць нармальна. Але перажыванняў у Алены не менша. Наадварот. «Як ён там? Што снiцца нашаму ўнуку?..» — пытаецца яна пасярод ночы. «Каб ты толькi бачыў, як ён высоўвае язык...» А з каптурыкам наогул гiсторыя... Нявестцы падаецца, што дзiця мерзне, i яна надзявае яму не адзiн, а адразу два каптурыкi. У дзiцяцi адразу ж уздымаецца тэмпература. Пакуль здагадваюцца тыя чэпчыкi зняць, Алена ледзь не памiрае ад страху. Чуллiва гэта ўсё.
Мянушкi
Без мянушак у iнтымным жыццi абысцiся цяжка, а можа, i немагчыма. Вось i з’яўляюцца ўсе гэтыя «коцiкi», «рыбкi», «зайчыкi»... Набор мянушак даволi абмежаваны. І я не люблю, калi жонка называе мяне «коцiк», бо «коцiкам» можа быць i сын Мiкола, i дачка Ядзя, i чарговы натуршчык-гей, i пазачарговая натуршчыца-сапфiстка... А таму для жонкi, адразу пасля знаёмства, прыдумляецца iнтымнае iмя «Сфiнкс», а калi ласкава — «Сфiнксiк». Ёй падабаецца, яна сама сябе называе «твой Сфiнкс». Так дваццаць гадоў я i сплю ў адным ложку са сваiм Сфiнксам. Часам называюцца iншыя iмёны, толькi не прыжываюцца яны ў нашым ложку. У апошнiя месяцы Алена паўнее, i я называю яе «Збанок». Яна адгукваецца: «Я — твой Збаночак...» Ненатуральна атрымлiваецца. Прыблiзна. Сфiнкс вiдавочна перамагае i застаецца ў нашым сямейным жыццi: ён жа вечны, гэты залаты Сфiнкс.
Месячныя
З нараджэннем унука Вовачкi адносiны ў сям’i трансфармуюцца. Наша Ядзенька з маленькай дачушкi ператвараецца ў цётку Ядзю, а яе гэта зусiм не радуе. Вось жонка i скардзiцца на доччыну жорсткасць. «Я стамiлася, а ў мяне яшчэ i месячныя...» — «Нашто табе месячныя, калi ты ўжо баба?» Уяўляеш? Гэта мне Ядзя кажа...» Уяўляю, смешна да гаркаты.
Зорная хвароба
Калi ў каго i ёсць у нашай сям’i зорная хвароба, дык гэта ў Алены. «Я — зорка. Я здзейснiла сэкс-рэвалюцыю ў Беларусi i Лiтве. Я — гей-iкона. Я... Я... Я...» Яна i не адмаўляе, што хварэе. «Так, у мяне зорная хвароба. Ну i што? Я — лепшы фотамастак у Менску, лепшая ў Беларусi; каб жыла ў Лондане — i там была б найлепшым фатографам...» Спрачацца бессэнсоўна, бо праяўляецца хвароба пасля бутэлькi сухога чырвонага вiна. Любое аспрэчванне можа выклiкаць агрэсiю, што выльецца ў бойку. А каму трэба бойка з жонкаю? І ўсё ж здаралася i такое, брыдкае i хабёльскае. Толькi гэта не лекуе зорнай хваробы — наадварот, канфлiкты толькi ўзмацняюць яе, нiбыта служаць доказамi абранасцi, самаахвярнасцi маёй, безумоўна, ге(й)нiяльнай жонкi.
Алкаголь
Найбольшую колькасць алкаголю я выпiваю з жонкаю. Пiць на працы, пiць з сябрамi, з сабутэльнiкамi, са знаёмымi, з жанчынамi, са сваякамi i з кiм бы там нi было — значна горш, чым з жонкаю. Пiць у адзiноце я не прызвычаiўся: неяк няўтульна адному напiвацца, бо пачынаеш раздвойвацца, каб пагаварыць, i раздвойваешся не на сябе i сябе, а на сябе i жонку — пэўна, звычка. Так што чарку я бяру з жонкаю. А яшчэ дзякуючы яе перакананням, што спiртное затрымлiвае працэс старэння, у мяне было досыць мала сямейных канфлiктаў з-за бутэлькi. Як гэта нi парадаксальна, але я кiдаю выпiваць таксама дзякуючы жонцы. Доктарка, якая дапамагала мне вырашаць праблему з п’янствам, вельмi агрэсiўна ставiцца не да мяне, а да яе. «Калi ён адмовiцца ад гарэлкi, ён кiне i вас!» — папярэджвае лекарка Алену. «Хай кiдае, мне важна, каб ён быў здаровы!» Алкаголь я пакiдаю ў мiнулым, а жонку не.