Страница 1 из 24
Адам Глёбус
ДОМ
Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры
Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Дом: Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры — Мінск: Логвінаў, 2004. — 143 с.
© Камунікат.org, 2012
Частка першая. Унук
Падарунак
Жонка гаворыць: «Найлепшы падарунак, якi я зрабiла табе за жыццё, — унук Вова. Ён, як i ты, — Валодзя Адамчык. Мы ўсе будзем яго любiць, як i цябе». Не пярэчу. Не каментую. Усмiхаюся, бо прыемнасць у невядомасцi.
Водар
Узяў Вову на рукi. Іду з iм праз вераснёвы парк. Яму толькi тры месяцы. Яму яшчэ цяжка трымаць галаву. І я прыцiскаю яго лоб да сваёй шчакi. Водар... У дзяцей пяшчотны водар. Першага разу я выразна пачуў гэты пах, калi выцягнуў з калыскi сваю стрыечную сястру. Ёй было таксама месяцы тры. Яна капрызiлася, плакала... Каб супакоiць, я ўзяў яе на рукi. Водар дзiцяцi мяне здзiвiў. Прэсна-салодкi, чысты i моцны. Так пахла мая Вольга, так пахла мая Ядзя. Цяпер такi водар сыходзiць ад Вовы. Чужыя дзецi пахнуць крышку iнакш, менш салодка i больш прэсна.
Перацяканне
Алена праспала цэлы дзень. Яна нечым атруцiлася — на Камароўскiм кiрмашы каштавала розную садавiну. Як ты купiш, не пакаштаваўшы?! Да гэтага Алена прастудзiлася, катаючыся ў полi на канi. Хваробы нападаюць на яе адна за адной, нiбыта прырода паўстала супраць яе цела. Алена марнее проста на вачах. Асаблiва выразна перамены бачацца тады, калi яна бярэ ўнука на рукi. Той нiбыта пачынае расцi. Я бачу, як ён павялiчваецца, а баба змяншаецца. Жыццё наўпрост перацякае з яе ў яго. Ад назiрання за перацяканнем жыццёвай сiлы я нямею.
Прыход
«Вова прыходзiў», — кажу брату. «Прыносiлi...» — «Цяперака ў нас гэта называецца «Вова прыходзiў». — «Ну i як?» — «Спакойны хлопчык, спаў, пакуль мы вячэралi. Прачнуўся, на рукi папрасiўся... Усё яму цiкава... Спрабуе нешта сказаць... Белы, чысты, вочы блакiтныя...» — «Адчуваеш сябе старым?» — «Так».
Адлегласць
«Як твая ўнучка?» — знаёмы мастак Валодзя глядзiць на мяне блакiтнымi вачыма. «Унук!» — «Прабач...» — «Унук — Вовачка!» Смешна. Мы добра помнiм старэйшых вучняў у сваёй школе i студэнтаў у сваiх iнстытутах i акадэмiях, кепска — маладзейшых. А ўнукi страчваюць пол, так яны далёка ў нашай памяцi. Мастака Валодзю не ўратоўвае нi тое, што мой унук — ягоны цёзка, нi тое, што я трэцi раз кажу яму пра гэта. Чужыя ўнукi ўжо на той адлегласцi, калi неабавязкова ведаць iх iмёны, усё адно не дагукаешся.
Рэўнасць
Здавалася б, чаго... Але ёсць зайздрасць i рэўнасць да новага чалавека. Вось ён будзе жыць, а ты, а мы, а ўсе... «Вядома, у Вовачкi будзе ўсё!» — з ледзь прыхаванай злосцю кажа Ядзя. Яна больш за ўсiх у сям’i страцiла з прыходам Вовы ў гэты свет. Яна была малодшая, найлюбiмейшая, найдаражэйшая... А тут ён — цэнтр увагi, цэнтр размоваў i перажыванняў. А яна — цётка Ядзя. З дзяўчынкi ды ў цёткi. І незваротнасць. Да любовi, што прыйдзе, што з’явiцца, трэба яшчэ прывыкнуць, i не толькi Ядзi, а ўсiм нам, хто страцiў, але ж i набыў.
Гу!
Вова гаворыць: «Гу-у!» Смяецца. Хапае мяне за нос i вострым, як лязо, пазногцiкам пакiдае драпiну. Цяпер i ў мяне, i ў Вовы аднолькава падрапаныя насы. Вось табе i «гу».
Песнi
Успомнiць не магу, калi Алена спявала. Цi то пяць гадоў мiнула, цi то ўсе дзесяць. А тут чую — пяе. У нядзелю Мiкола з Юляю ходзяць у басейн, а Валодзю пакiдаюць у нас. Вова — наш анёл. Чысценькi, светленькi, дабрадушны, адно што ў свае паўгода яшчэ не размаўляе. Ён смяецца i вельмi любiць, калi яму песнi спяваюць. Жонка спявае, ну i я раблю «ля-ля-ля-ля». Унук вярнуў нам песнi.
Частка другая. Дачка і жонка
Дачка
Цацка-Кiцiк
Улюбёная цацка ў Ядзi — блакiтны пластыкавы кiт. Ён невялiкi, сантыметраў дваццаць, падрапаны i халодны. Як такога можна любiць? А вось любiць, да грудзей прыцiскае, лашчыць са словамi «кiцiк, мой кiцiк». А колькi было крыку i слёзаў, калi кiцiка пусцiлi плыць па вясновай ручаiне ўздоўж асфальтавага ходнiка! Плыў ён, плыў па iскрыстай сонечнай плынi, блiшчаў вiльготнымi бакамi, пакуль не правалiўся ў закратаваны вадасцёк. Кiцiк даў нырца памiж металёвымi пруткамi. А Ядзя ўшчала лямант на ўсю вулiцу Янкi Маўра. Добра, што хвост ва ўлюбёнца быў значна шырэйшы за галаву. Тым хвастом цацка i зачапiлася за пруты i павiсла над чорна-сцюдзёным прагалам. Выратавалi мы кiцiка, абцёрлi насоўкаю. Занеслi дамоў. І больш нi разу Ядзя не брала свайго ўлюбёнца на прагулянку.
Героi
У кожнага дзiцяцi свае героi казак i апавяданняў. Ёсць агульныя: Снежная Каралева, Аладын, Гулiвер i Рабiнзон Круза, але з’яўляюцца i непаўторныя, асабiстыя. У Ядзi iх было тры: манеўровы цягнiк — Манеўруша, грузавая Бетонамяшалка i Вогнетушыцель. Чаму гэтыя рэчы, гэтыя механiзмы пакiнулi найглыбейшы след у яе трох-пяцiгадовай свядомасцi, не ведаю. Уразiлi, i ўсё! І яна патрабавала ад мяне самаробных казак пра Манеўрушу, Бетонамяшалку i Вогнетушыцель. Я iмправiзаваў з трыма героямi... Манеўруша ездзiў i ў Маскву, i ў Варшаву па запчасткi. Бетонамяшалка выходзiла замуж за вежавы кран, i ў iх нараджалiся маленькiя трактары. Вогнетушыцель выратоўваў лес ад пажару. З iм было лягчэй: галоўнае — знайсцi пазнавальны аб’ект i падпалiць. Гэта ўсё станоўчыя i ўлюбёныя героi, а быў яшчэ i злосны, брыдкi, агрэсiўны Вантуз. Ён не толькi не хацеў працаваць, прамываць чарупiну i ванну. Ён i шкоду рабiў: Манеўрушы клаў цаглiны на рэйкi, у Бетонамяшалку закiдваў цвiкi, падпальваў Палац спорту i Палац мастацтваў... Карацей, жыў паўнакроўным лёсам злачынцы з вялiкай дарогi. Даўно тое было, а цяпер, чакаючы ўнука, думаю: каго ён абярэ ў свае героi, хто i што ўразiць яго душу? Час не толькi хутка ляцiць, ён яшчэ хутчэй мяняе герояў.
Дзень нараджэння
Адзiн з самых радасных дзён у маiм жыццi — дзень, калi нарадзiлася Ядзя, 25 лiстапада 1983 года. Снегу было шмат, у лесе пад горадам ледзь не па пояс. Я вярнуўся ў Менск з семiнара маладых лiтаратараў, iшоў па Бранявым завулку ў бок сiняга заснежанага парку, за якi сядала вялiкае i яснае сонца. Жоўты, сiнi, чырвоны колеры перапаўнялi мяне. Мароз надаваў усяму iснаму крыштальную яснасць i гармонiю. «У мяне нарадзiлася дачка. У мяне ёсць дачка...» — я паўтараў i паўтараў гэта рознымi словамi i ў розных iнтанацыях, уголас i сам сабе, як запавет, як заклiнанне, як малiтву... Калi мне цяжка, млосна, маркотна, невыносна жыць, я ў думках вяртаюся ў той дзень, у той стан, да сiнiх дрэваў, да чырвона-жоўтага неба, да глыбокага чыстага снегу... Кажу: «У мяне ёсць дачка». Супакойваюся i радуюся гэтаму свету.
Ток
Нарадзiлася мая Ядзя не ў сем i не ў дзевяць месяцаў, як звычайна родзяцца, а ў восем. Неданасiла жонка дзiця, а ўсё з-за празмернай працавiтасцi. Трэба было ёй ставiць вопыты ў Акадэмii навук з нейкай там цэнтрыфугаю? Трэба было даследаваць нейкiя перагародкi мембранаў i iх уплыў на працэсы старэння чалавечага арганiзма? Можа, i трэба. Але праз любоў да ўсяго чалавецтва мы ледзь не згубiлi нашае дзiця. Трыклятая цэнтрыфуга ўдарыла Алену токам, ды так лупанула, што арганiзм не ўтрымаўся — i давялося нараджаць. Дачка была зусiм маленькая, важыла крышку больш за два кiлаграмы. І яе, бедную, адразу змясцiлi ў празрысты бокс на цэлы, недаходжаны жонкаю месяц... Акадэмiю навук, з яе вайсковым рэжымам, доследамi над жывёламi, таталiтарным мысленнем, я не любiў даўно. Пасля ўдару токам па маiх жонцы i дачцэ гэтую ўстанову наогул узненавiдзеў i зрабiў усё, каб Алена не вярнулася на працу ў Інстытут геранталогii. Яна i не вярнулася, стала мiрным i рэвалюцыйным фатографам i зрабiла безлiч партрэтаў нашай Ядзi.
Розум
«Не збiрай дзецям грошы, збiрай розум» — казала баба Броня. І не толькi казала, а i вывучыла сыноў. Гэтым афарызмам-сентэнцыяй карыстаюся i я. Збiраю, праўда, грошы, каб Ядзя хоць колькi магла павучыцца ў Лонданскiм унiверсiтэце. Наколькi вучоба i веды дадаюць розуму, можна дыскутаваць. Аляксандра Македонскага вучыў Арыстоцель — атрымаўся заваёўнiк. Нерона спрабаваў адукаваць Сенека — а тыран спалiў Рым. І ўсё ж англiйская адукацыя адрознiваецца ад беларускай у лепшы бок. Вярнуўшыся з Лондана, Ядзя абняла мяне, пацалавала i сказала: «Татачка, я так табе ўдзячна, так удзячна... Ты сам не ведаеш, што ты для мяне зрабiў...» Хiба ўдзячнасць — не праява розуму? Праява, самая натуральная.