Страница 3 из 27
Рэчы з рэчамі,
Як пылінкі, злучайце!
Нападайце на рэчы,
Нападайце!
Будзьце гучнымі,
Непадобнымі будзьце
I зямлю, як пакоі,
Танцамі абсталюйце.
1963
СПРОБА ЗНАЙСЦІ
1
Я гэтай ноччу ад сябе уцёк,
ад прыцягнення недарэчных рэчаў.
Што прывяду з сабою ў свой куток?
Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы.
Што было ўпору — душыць, як пракруст.
Знікчэмнела — чым сам я быў заўсёды.
Нібы на нечы вымучаны густ —
адны і тыя захады і ўсходы.
I так ціхмяна без далечыні.
I так маркотна ў гэтакай ціхмені.
О, да каго звяртацца: адчыні,
што ад мяне схавалася ў зацьменні!..
2
А што я не маю —
узруненай роўнядзі нівы
ці горнасці неба,
з якім дзе калі гаварыў ганарліва?
Ці, можа, не маю
турботы штодзённай
ці хатняга ўтулку —
і ў хаце сцюдзёна?
О не, я ўсё маю.
Я поўны, як пляшка.
Ды толькі гадзіны варушацца цяжка.
Ды толькі спыняецца час,
бы заважкую ношку наклалі.
Ды толькі
зямля
ападае,
як шаля.
3
Утрымайце зямлю —
трава для яе зелянее.
Утрымайце зямлю —
для яе карагодзіць завея.
Утрымайце зямлю —
і для захадаў, і для ўсходаў.
Утрымайце зямлю —
для людзей і багоў, для іх згоды.
Утрымайце зямлю —
хто яшчэ разумее
першародную мову надзеі.
4
Я гэтай ноччу ад сябе уцёк,
ад прыцягнення недарэчных рэчаў.
Што прывяду з сабою ў свой куток?
Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы.
Па сцежцы ранняй я сябе дамоў
прывёў плаціць задоўжаныя чыншы.
Круцілася зямля, час цёк ізноў.
Ды іншы ранак быў, і я быў
Ды іншы ранак быў, і я быў іншы.
ІНШЫ
1963
***
Не сядзіцца ў маіх казках прынцу.
Ён, дзівак, шукае іх працягу.
Бедны прынц, ён голы, як той прынцып,
Хоча наталіць шуканняў смагу.
Смешны й добры, носіць ён у сэрцы
Мудрасць, нібы кніжную старонку,
Ды сысці з яе яму няймецца,
Каб, як хлеб, раздаць сябе пароўну.
Ды зямля, што выспела каменнем,
Гоніцца бязлітасна за прынцам,
Кпіць з яго на людзях і нязменна
Ганьбіць прынцаў просты ўзнёслы прынцып.
Ах, зямля! Не любіць яна казак!
Хоць само жыццё мудрэй за казку.
Дзівакі, хоць раз паверце сказу:
Казка — гэта голай праўды маска!
1963
ПАКАЛЕННЕ
Альф. Малдонісу
Дзень паспеў для свайго перавалу.
У пярэдадня — цяжкая столь.
Навучаліся, як выпадала,
праз нястачу, і радасць, і боль.
I любоў апынулася вартай,
і нянавісць займела цану.
Мы знаходзім, знаходзім упарта
чалавечнасць, а не ману.
Да нялёгкасці першай — падробка.
Не ржавее сталь праз вякі.
Мы не можам быць паасобку:
у нас толькі па дзве рукі.
Мусяць сэрцы пільней ашчаджацца.
Блізка восень, і з ёй наставаць
найвялікшаму ў свеце мастацтву —
да астатку сябе аддаваць.
Абы ярка свяціць!..— хай сажа
уядаецца ў плоць і косць...
А заўсёды і ўсюды пакажа