Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 27



Бо ў слове тым «наша» змяшчаецца больш,

Чым скажа нам слова «мая».

1956

ЗАМЁРЗЛАЕ МОРА

Мора сцюдзёнае і нежывое —

Быццам твар хворага,

Забінтаваны белай павязкай.

Няма вачэй —

I не відаць яго дум.

Няма губ —

I не чуваць стогну.

I няма твару —

Толькі белая павязка.

На беразе чайкі

Мітусяцца і крычаць,

Што мора памерла,

Што пакінула іх.

1961

ВЯСНА

Далёка

Па зямлі, што ў смузе веснавой падсыхае,

Дзяўчынка бяжыць.

Ёй, напэўна, семнаццаць гадкоў,

I ёй нельга не бегчы.

Валасы з паркалёвай сукенкай

Трапечуць, як сцяг.

А зямля, што чакае сяўбы,—

Ёй мільёны, мільярды гадоў,—

Як зярняты ў сябе,

Ногі белыя гэтай дзяўчынкі прымае.

Яшчэ ўсё так далёка —

Дык адкуль гэта радаснае прадчуванне ўраджая?

1961

КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ

На беразе сосны. Чакаюць. I чайкам зайздросцяць.

I ў прострадзь глядзяць: ці не плыве карабель?

На самым світанку. Заружавелі лёгкія ветразі.

I — ток хвалявання

стрункія целы працяў.

Замітусіліся ўвішныя чайкі.

А карабель усё плыў, не спыняўся, мінаў.

Мабыць, да іншага берага, мабыць, да іншых соснаў.

У якіх шчаслівейшая доля.

У якіх літасцівейшы бог.

I раптам ускінулася ў паветра

і — паляцела,

                    як птушка,

                                    адна сасна...

I рынуліся ўслед за ёю іншыя,

                                             незвычайна

сабою уражаныя...



Астатнія так і памерлі,

не здагадаўшыся паляцець.

1961

ТАКІ ВЕЧАР

Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.

У самоце захацелася застацца.

Ахінае вечар мяне змрокам,

I такім спакоем некранутым,

I такою лёгкасцю раскутай!

Адышлі трывогі так далёка.

Ахінае вечар мяне змрокам.

Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.

У самоце захацелася застацца.

Я прашу: не затапчыце толькі сэрца!

1960

РУХ

Працягваюць рукі, напружваюць вочы,

      Зблытаўшы яву і сны,

Да ісціны людзі крочаць і крочаць,

      Хоць ісціна — самі ж яны.

У целах здаровых, пульсуючых жылах

      Нясуць яны праўды агонь.

Самі сабе насыпаюць вяршыню,

      Каб імкнуцца было да чаго.

Ідзіце, людзі, ідзіце, ідзіце,

      Ідзіце разумнай гурмой!

На гэтай дарозе, святой і цярністай,

      Сустрэньцеся вы са мной.

А сонца зойдзе і ўзыдзе зноўку

      На нейкай далёкай вярсце.

Будзеш за сонцам імчаць наўздагонкі,

      Рукамі яго вярцець.

Вечар палае полымем жоўтым,

      Гараць твае ідалы ў ім.

Толькі аднойчы па сцэне прайшоў ты,—

      Авацый не будзе зусім.

1962

ГАРЛЕМАЎСКІ МАТЫЎ

Каралі рок-н-рола

I ўсе іншыя, чуйце!

Каму рытм падуладны,

Танцуйце!

У рэактарах жыл

Кроў іграе.

Танец той жа адзін,

Толькі назва другая.

Рэчамі, што грозяць

Задушыць гэты танец,

Танец, быццам кулак,

Танец — рух апантаны.