Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 27

Так робяць люльку,

Хлеб расчыняюць.

А так на хату

Лес высякаюць.

А так малоцяць.

Так круцяць жорны.

Так гасяць вапну.

Так паляць горны.

А так смяюцца.

А так галосяць.

Так ткуць палотны.

Так пояс носяць.

Так ладзяць сохі,

Гартуюць зброю.

I на вайну так

Ідуць гурбою.

Так, хто шчаслівы,

З вайны вяртае,

Так над магілай

Сасна ўздыхае.

1967

РЭХА

Яшчэ калі-небудзь

Выйду у лес пагукаць.

А-у!

Сам з сабою накрычуся

і насваруся:

А-у!

Бярозы і елкі

рознымі імёнамі назаву:

А-у!

Дамоў вярнуся

добры, такі, нібыта з царквы.

I ўзляціць на плячо маё

голуб ласкавы.

У руцэ прынясу я

кавалак калючага дроту.

Ці не ён гэта

прывязаў мяне да жыцця?

А-у!

1967

ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ

Дакладна не ведаю,

Колькі трацілу цяпер прыпадае

На кожнага з нас.

Хоць добра вядома, што столькі,

Колькі яго назапасілі недзе,

З лішкам хопіць

На кожнага з нас.

Я дома адзін.

Я сяджу.

I куру.

Вечарэе.

Не рана.

Час святло запаліць.

Невысока, каб зручна было,

Пры дзвярах невялічкая чорная кнопка.



Можа, смешна,

А я вось баюся, што выбухне раптам...

Смешна, бадай, сапраўды.

А што, калі выбухне?

Лепш пачакаю.

Хутка вернецца жонка.

Хутка прыйдзе са школы дачка.

I я, вярнуўшыся ў матрыярхат,

Магчыма, здалею хоць некалькі

                              тысячагоддзяў пражыць.

1967

УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ

Я доўга сачыў за адным чалавекам:

ён стаяў на рагу і ўсміхаўся.

Па вуліцы ехалі, людзі ішлі,

а ён, адзінокі, стаяў і ўсміхаўся.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?

Стаяць сярод белага дня

і самому сабе усміхацца...

Я сачыў за паглядам ягоным.

Здаецца, нічога у ім не было.

У аблічча ўглядаўся,—

на стомлены

і непаголены твар.

Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?

Стаяць сярод белага дня

і самому сабе усміхацца?

Міжвольна і я усміхацца пачаў.

Хоць дзіўна!

А ну, паспрабуйце і вы

спыніцца на вуліцы

і без прычыны

ўсміхацца самому сабе.

Як добра,

як добра ўсё ж!

Пасля да яго падышоў я паціху:

— Прабачце...

Вы б мне адказаць не змаглі,

чаго вам так смешна?

Чаго?

А ён на мяне паглядзеў

і здзівіўся,

усмешка прапала адразу:

— Няўжо усміхаюся я?

Вам гэта здалося...

А зрэшты,

што вам да таго?

Пайшоў ён,

а я на тым месцы спыніўся,

ды толькі ўжо не ўсміхаліся болей

ні ён і ні я.

1964

ПАЧАТАК ЭПАСУ

Нечакана выспела слова

і слязой застрала ў горле.

Аплачам сябе, аплачам.