Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 2 из 18

* * * Вочы заплюшчыў — пах лістоты ў пакоі, вецер за вакном. * * * Явар чырвоны убачыў бы першы сьнег, калі б ня вецер. * * * Трамвай празьвінеў — зноў цішыня навокал… Слухаю вецер. * * * Сьляды на пяску: птушак, людзей, сьлімакоў — хвалі змываюць. * * * Зноў сустрэў яе, з кошыкам жоўтых сьліваў да бальніцы йшла. * * * Лесьвіца з дошак у драўлянай званіцы. Сьцёртыя сходы. * * * Нехта пакінуў вядро з вадой ля сьцяны. Рудая трава. * * * Гляджу вечарамі на камень і ракаўку, што з мора прывёз. * * * Павута ляціць. Праз срэбра нітак лёгкіх гляджу на неба. * * * Па лесьвіцы зьбег ліст у абдымках ветру, насустрач зіме. * * * Цёмна ў пакоі. Падае, падае сьнег на суседні дах. * * * Станцыя «Ліпа». Пахне скошанай травой нават сіні дым. * * * Чакаю маці. У маўклівым пад'езьдзе слухаю крокі. * * * Ліхтар згасае — ярчэе кола поўні на голым дрэве. * * * Жоўтыя зоры на чорнай вадзе ляжаць — з клёнаў упалі. * * * Чуйны дзьмухавец вартуе сон ветру у чыстым полі. * * * Гаўбец адчыніў — дождж стаіць у парозе, празрысты, як цень. * * * Як сумна гарыць зорка ў ранішнім небе — зорка Вэнэра. * * * Зноў засынаю і прачынаюся зноў ноччу халоднай. * * * Сьцяна. Колкі дрот. Варону вецер загнаў пад гэту сьцяну. * * * Радасны голас з вуліцы вецер прынёс — голас дзіцяці. * * * Толькі шэры дом ды белы сьнег халодны — бачу за вакном. * * * Прыцемкі. Восень. Вогненнай вежай дрыжыць ліпа на ўзьлеску. * * * Стары, стары дом. Сьцёрся блакітны нумар, ведаю — сёмы. * * * Хвалі завеі сьлед падхапілі белы — сьлед на дарозе. * * * Галіну крануў — падае ліст барвовы на чорны асфальт. * * * Знойдзе на бруку хлопчык каштан вільготны і заўсьміхаецца. * * * Сьветлы золкі дзень. Кропляй іртуці дрыжыць сонца ў гардзіне. * * * Полымя-лісьцік з кноту галіны ляціць у восеньскі змрок. * * * Куды ляціце скрозь сьнягі і туманы, малыя птушкі? * * * Чыстая вада абмывае далоні, між пальцаў цячэ… * * * Начныя гукі: ці дождж, ці вецер, ці рып… І я між імі. * * * Суцешыць вецер голае дрэва зімой — сьнегам засыпле. * * * Доўга прымерваў руды, вялікі шынэль… Сябе не пазнаў. * * * На сьпіне ляжу з вачыма адкрытымі… Хутка раніца. * * * Белыя хмары над чорнымі дрэвамі стаяць, як горы.