Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 67 из 86

Янішчыц

26.01.2012. З Магілёва патэлефанавала аднакурсніца Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава з прапановай да 70­годдзя паэткі выдаць яе Збор твораў у 5­ці тамах. Дамовіліся, што яна, Калядка і сын Яўгеніі Іосіфаўны зоймуцца гэта справай. Ад Тамары Аўсяннікавай даведаўся, што продак Яўгеніі Янішчыц Герман Чугай у сярэдзіне XIX стагоддзя прыехаў у Беларусь з Германіі. Ажаніўшыся з мясцовай дзяўчынай, выгадаваў двух сыноў Паўла і Пятра. Адзін з іх і стаў прадзедам паэткі…

Ацяпленне і вечарына

27.01.2012. Вечарам прыйшоў на кватэру да бацькі. У пакоях, як у лядоўні. Што такое? Гляджу, а награвальная калонка паравога ацяплення не працуе. Як яе ўключыць? Не ведаю. Інструкцыі аніякай. Пайсці да суседзяў? Гаспадыня казала, каб ні з кім не меў спраў. І пачаў сам уключаць. Недзе з паўгадзіны калупаўся, пакуль разабраўся, што да чаго. Ад бацькі дамоў вярнуўся амаль праз тры гадзіны, а збіраўся ж пабыць з паўгадзіны і паехаць у Музей гісторыі беларускай літаратуры на вечарыну, прысвечаную 10­годдзю суполкі «Літаратурнае прадмесце»…

Бацька ўспомніў…

27.01.2012. Пакуль прыбіраў у бацькавай кватэры, наслухаўся ўспамінаў. Упершыню даведаўся, што ў бацькі, акрамя брата Славіка і сясцёр Ноні і Галі, была яшчэ сястра Іра. Яна пражыла тры гады і памерла ад нейкай даваеннай эпідэміі. Тады ў Пугачах хварэлі амаль усе дзеці. Бацька хварэў таксама, але неяк ачухаўся, а Іра памерла. Пахавана ў Дубровах…

* * *

28.01.2012. Як крынічная вада, неба чыстае і халоднае, і самалёт у ім, як белая льдзінка…

* * *

28.01.2012. Сёння дома заўважылі, што ў нас яшчэ стаіць навагодняя ялінка. Прыбралі…

* * *

29.01.2012. Снілася мама. Маладая. Па­святочнаму апранутая. Прыехала на возе ў госці. Болей нічога не магу ўспомніць…

Мікола Макарцоў

29.01.2012. З рэжысёрам і акцёрам Міколам Макарцовым я пазнаёміўся, працуючы ў «ЛіМе», куды ён пры рэдактарстве Алеся Пісьмянкова прынёс свае вершы. Тое­сёе паправіўшы, мы прапусцілі некалькі твораў у друк. Мікола быў жыццярадасным і поўным рэжысёрскіх і паэтычных планаў. Па ягоных сцэнарыях прайшло шмат літаратурна­мастацкіх свят у абласных і раённых цэнтрах. У Міколы была адна вялікая мара выдаць сваю кніжку вершаў. І ён яе выдаў, і 24 студзеня на 64­м годзе жыцця памёр членам СПБ…

Квяткоўскі і жарты

29.01.2012. Вечарам да нас дахаты заходзіў Алесь Квяткоўскі, каб наш Максім яму перакінуў на камп’ютары здымкі з аднаго дыска на другі. Крыху пагаварылі пра мастацтва і новыя працы Алеся. Развітваючыся, я жартам прапанаваў земляку прыўнесці ў ягоныя карціны нечаканасцей. Так, у карціне «Балота» намаляваць Сабаку і Граждана, якія плывуць па балотнай вадзе ў труне і назваць яе «Пераправа». У карціну, дзе наша зямлячка Канстанцыя Буйло, дамаляваць Уладку Станкавічанку і Паліну Мядзёлку, якія гуляюць у карты на распрананне. Тут жа на канапе пад белай прасціной павінен ляжаць паэт у адным гальштуку і чакаць тую, якая прагуляецца да гала. Карціну назваць «Няроўны шлюб». Людміла ад душы пасмяялася, Алесь жа абяцаў скарыстацца маёй жартаўлівай прапановай…

Бацькаў выбар…

30.01.2012. Сёння ад бацькі даведаўся, што ў яго ў пяцідзясятыя гады пасля службы ў Савецкай Арміі быў выбар: ісці працаваць участковым у Чысьці, што каля Ракуцёўшчыны, ці быць салдатам ізраільскай арміі, куды яго клікаў сябар Антон, што іміграваў з Савецкага Саюза. Бацька выбраў пасвіць кароў…

* * *

31.01.2012. У скверы каля дарожак з­пад снегу віднеюцца кучы пяску, як мурашнікі…

ЛЮТЫ

Бацькавы суседкі…

1.02.2012. Калі на кватэру, дзе зімуе бацька, прыходзіла гаспадыня, я пацікавіўся: «Хто тут жыве па суседстве?» — «За адной сценкай прастытутка, а за другой дзеўка з трымя малымі дзецьмі!» — адказала гаспадыня кватэры…

* * *

1.02.2012. У заснежаным скверы па сцяжыне, якую я праклаў да бацькі тыдзень назад, цяпер ходзяць людзі…

* * *





2.02.2012. Калі праходзіш міма маладой жанчыны, і ў мароз адчуваеш яе цеплыню…

Пісьменнік і вераб’і

3.02.2012. Тэлефанаваў з Віцебшчыны пісьменнік. Жыве ў вёсцы. Мінулай ноччу было 33 градусы марозу. Казаў, што зімой корміць вераб’ёў і траціць на іх па 400 тысяч рублёў у месяц…

Мама! Матуля мая!

4.02.2012. Слухаю і слухаю песню Сяргея Новіка­Пяюна «Мама! Матуля мая!». Плачу, бо бачу перад сабою сваю маму. Успамінаю Сяргея Міхайлавіча, з якім мы жылі побач і, калі прыходзілі да яго ў госці, ён нам спяваў гэтую песню. А цяпер спявае Адась Матафонаў. Цудоўна спявае! Цудоўна!!!

* * *

5.02.2012. Люда пайшла ў царкву. Максім яшчэ спіць. А я, вярнуўшыся ад бацькі, сяджу каля камп’ютара і цягаю інфармацыю, як з палонкі рыбу…

* * *

5.02.2012. Прачынаюся ў вёсцы ў роднай хаце. Холадна. Уключаю святло і бачу, што знаходжуся ў сваёй гарадской кватэры. Выключаю святло, і я ізноў у вясковай хаце і мне холадна…

Бацька і кубак

6.02.2012. Раніцай, прыйшоўшы да бацькі, убачыў, што на стале няма аднаго кубка. Было тры. Амаль гадзіну шукаў і не знайшоў. У бацькі пра кубак не пытаўся, бо зразумеў, што ён яго разбіў і схаваў. І толькі вечарам у калідоры за старой і непатрэбнай газавай плітой заўважыў адзін са схаваных аскалёпкаў кубка…

Крыху вясновае…

7.02.2012. Мароз марозам, а ў галаве па дарозе з працы зарыфмаваліся вясновыя радкі:

О, як хачу табе я пазваніць,

Нібыта самы чорны лес спаліць,

Каб ён адразу неба асвяціў,

Дзе я табе ўсе зоркі прысвяціў.

Але табе я болей не званю,

Каб не парушыць нашу цішыню,

Што паміж намі, нібы чорны лес,

Які я пасадзіў, балбес…

Чатыры пакеты

9.02.2012. Учора вечарам, калі ішоў на кватэру да бацькі, побач з ягоным домам у метрах дзесяці ад сметніцы, сярод шырокай сцяжыны, стаялі чатыры поўныя пакеты. Хацеў паглядзець, што там у пакетах, але пабаяўся, падумаўшы, што гэта, можа, якія бомбы. Праз паўтары гадзіны, калі ўжо ішоў дахаты, пакеты яшчэ стаялі, а сёння раніцай іх не было, і на дзвярах пад’езда я прачытаў абвестку: «Хто знайшоў чатыры пакеты з пультамі ад тэлевізара, просьба вярнуць за ўзнагароду…»

Купала і малады чалавек

9.02.2012. Прадаём факсімільнае выданне кнігі Янкі Купалы «Шляхам жыцця», якая ўпершыню выйшла ў 1913 годзе. І тут раптам малады чалавек пытаецца: «А вы часам не рэдагавалі Купалу?» — «Дык гэта ж факсімільнае выданне! І гэта ж Янка Купала!» — абураюся я. «Ну тады добра! А то некаторыя і ў факсімільныя выданні ўносяць свае праўкі»,— кажа малады чалавек і купляе кнігу…