Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 66 из 86

8.01.2012. «Адвязі ты мяне дамоў і не мучайся са мной!» — просіць бацька. «А хто там цябе будзе глядзець? Там жа нікога няма!» — кажу. «Як гэта нікога няма?! А партызанкі адзінокія!» — не маўчыць бацька...

* * *

8.01.2012. Ужо трэці месяц штодзённа два разы на дзень хаджу да бацькі на кватэру праз сквер і ні разу не было такога, каб нехта не піў на лаўках...

* * *

9.01.2012. Там, дзе засталася родная хата пустой, цяпер сонца заходзіць...

* * *

9.01.2012. Ён не быў у Парыжы. І яму часта думалася, што ніякага Парыжа і няма. А ўсё, што пра гэты горад гавораць, пішуць і паказваюць па тэлевізары — выдумана для таго, каб яму хацелася трапіць у Парыж, якога няма...

* * *

9.01.2012. Яна жыла ў люстэрку. І ён Яе бачыў, калі заходзіла сонца...

* * *

9.01.2012. Там, дзе няма сонца, там няма жыцця. І яна памерла, калі зайшло сонца. І поўня ўзышла над светам, як яе душа...

Бацька ўзгадаў...

12.01.2012. Бацька ўзгадаў дзядзьку Вячаслава Рагойшы — Кастуся: «Ён у нас у вёсцы ў школе працаваў. Расказваў пра гісторыю Ракава, Валожына, Маладзечна. Ведаў, калі былі збудаваны ў Ракаве касцёл і царква. Вельмі граматны быў. Хадзіў у паліто і ў капелюшы...»

Калі б...

12.01.2012. «Калі б палякі прастаялі ў нас крыху даўжэй, то праз Пугачы праклалі б чыгунку. Па ёй у Аляхновічы ездзілі б пагранічнікі, а так у 1939 годзе прыйшлі Саветы — і ўсё ляснулі...» — бацька ўспомніў польскую ўладу...

Бацька і пенсія

13.01.2012. «Дзе мая пенсія? Ужо чатыры гады мне не прыносяць грошы! Пайду на пошту і скаргу напішу!» — кажа бацька. Я маўчу, бо калі пачну тлумачыць, што да чаго і што ён цяпер жыве ў горадзе у чужой кватэры, бацька ўспомніць пра вясковую хату, якая ўжо амаль тры месяцы пустуе...

* * *

13.01.2012. Мыш залезла ў слоік з малаком і ўтанула...

* * *

13.01.2012. Снег у галаве... Галава ў снезе...

Яшчэ далёка да вясны...

14.01.2012. Учора з­за снегападу доўга ехаў у бібліятэку Цёткі на выступленне ў паэтычным тэатры «Арт.С», дзе паспяхова, дзякуючы Аксане Спрынчан і Ярашу Малішэўскаму, распачаўся наш год Арэхавай Вавёркі. Седзячы ў тралейбусе і думаючы пра вясну, зарыфмаваў:

Яшчэ далёка да вясны,

Яшчэ далёка.

І пра вясну нам сняцца сны,

Як пра Марока.

І снег, нібыта яблынь квет,

Ляціць з аблокаў.

І гэты белы­белы свет,

Як вершы Блока.

Яшчэ далёка да вясны,





Яшчэ далёка.

І мне ў твае не трапіць сны,

Як у Марока...

* * *

15.01.2012. Пад снегам, як пад штукатуркай фрэскі, схаваны калюгі з умерзлай у лёд восеньскай лістотай...

Бацька і маці

15.01.2012. Пра маму, якую цяпер даглядае мая сястра Валя, бацька не пытаецца, але, калі я часам пачынаю яго вучыць, як жыць у гарадской кватэры, ён кажа: «Мама добрая была...»

Майстар і Маргарыта

15.01.2012. Дзякуючы Алесю Емяльянаву, які ўчора пакінуў флэшку з фільмамі, з Людмілай глядзілі югаслаўскі варыянт «Майстра і Маргарыты», што быў зняты ў 1972 годзе. Дзея адбываецца зімой. І калі трамвай адрэзаў Берліёзу галаву, я ўзгадаў свой запіс, зроблены 13 студзеня: «Снег у галаве... Галава ў снезе...» Цяпер я ведаю, як гэта выглядае...

Танцы на стале

16.01.2012. Коля Ганьчын, станцаваўшы на стале ў сваёй былой нявесты, якая выходзіла замуж за другога, стаў танцаваць і на іншых вяселлях, куды прыходзіў сам ці клікалі. Праз нейкі час Колевы танцы набылі папулярнаць, і ўжо, калі вяселле праходзіла без танцаў на стале, яно лічылася няўдалым. Мой будучы бацька, сабраўшыся жаніцца, хацеў запрасіць Колю Ганьчынага сватам, але мая будучая мама не дала яму на гэта згоду, бо ў яе родных Лягезах моды танцаваць на стале не было...

* * *

17.01.2012. Прыходжу да бацькі на кватэру. Ён апрануты і абуты. Боты ўсцягнуты на босыя ногі. Правы бот на левую нагу, левы на правую. Пытаюся: «Куды сабраўся?» — «У вёску дамоў!» — «Чаго?» — «Бульбу садзіць!» — «Зіма ж яшчэ».— «Пакуль дайду, вясна будзе!»

* * *

17.01.2012. У скверы над снегам свецяцца ліхтары, як зімовыя гарлачыкі, якія распускаюцца, калі пачынае цямнець...

Прыходзіў мастак...

18.01.2012. Прыходзіў мастак. Даволі вядомы. Прынёс афармленне кнігі. Паглядзелі, нібыта пабылі ў Савецкім Саюзе, дзе няма ні сексу, ні камп’ютараў, ні добрай паперы...

Свіння

20.01.2012. Хлопец прыехаў у вёску, каб дапамагчы старым бацькам закалоць свінню. Закалоў. І бачаць — са швайкай у грудзях, на акрываўленым снезе, ляжыць брыгадзір, які восенню не даў старым каня, каб разараць бульбу...

Бацька і маці

20.01.2012. «Мая Ніна ў мяне добрай бабай была!» — хваліцца бацька, даведаўшыся, што мама ўсё слабее і слабее. «Чым жа яна была добрая?» — пытаюся. «Камандавала! Ідзі есці! Ідзі на работу! Ідзі спаць!» — адказаў бацька...

Дома...

22.01.2012. (Прыснілася). З электрычкі іду па снежным цаліку. На шэрым даляглядзе мае Пугачы. Выходжу на дарогу, па якой зрэдку праязджаюць грузавыя машыны і легкавушкі. Хачу пад’ехаць, але руку не падымаю, каб хто спыніўся, і ніхто не спыняецца. Падыходжу да роднай сялібы, а на месцы хаты стаіць сячкарня, з якой сыплецца і сыплецца белая сечка снегу...

Раней і цяпер...

23.01.2012. На выхадныя мой малодшы брат ездзіў у вёску. Раней, выйшаўшы з хаты, гасцей сустракала мама з бацькам. Цяпер ранкам насустрач Вову з хлява, дзе яшчэ засталася салома, выбегла на некрануты снег, брэшучы, каля дзясятка незнаёмых сабак, сярод якіх быў і наш малы...

* * *

24.01.2012. На працы холадна. Паперы на сталах, як снег…

Малькі дыназаўраў...

25.01.2012. «У яе зялёных валасах кішэлі вошы, як малькі дыназаўра ў водараслях марскіх...» — гэты радок з’явіўся, калі ў тралейбусе ўбачыў п’яную жанчыну з пафарбаванымі валасамі...

Сын

25.01.2012. Зіма. Вечар. Каб крыху пагрэцца і паслухаць жывых паэтаў Анатоль Сыс прыйшоў на пасяджэнне «Літаратурнага прадмесця», якое праходзіла ў Музеі Янкі Купалы. Сядзеў спакойна, і яго ніхто не бачыў і не адчуваў. Калі пасяджэнне закончылася і ўсе паэты пакінулі памяшканне, дзяжурная вырашыла здаць музей на сігналізацыю і пайсці дахаты. І толькі жанчына захацела выключыць святло, як Сыс прамовіў: «Не пакідай­ це ж мяне, каб не ўмёрлі!» — «Хто вы такі?» — грозна запыталася дзяжурная. «Я — сын Янкі Купалы!» — адказаў Сыс. Жанчына не спалохалася. І з таго вечара ў музеі начуе сын Янкі Купалы...