Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 33 из 86

У царкве…

7.11.2010. Учора маму прывезлі з Ракаўскай бальніцы да нас. Сёння з Людмілай хадзіў у царкву Пятра і Паўла. Мы маліліся, а каля нас амаль увесь час бегалі малыя дзеці, як херувімы…

Мае святы…

7.11.2010. У Пугачах у нашай сям’і былі два вялікія святы — Каляды і Вялікдзень. А таксама, хоць і сціпла, святкаваліся ўсе астатнія царкоўныя. Памятаю, як у Лягезах да маёй бабулі Ганны прыходзілі аднавяскоўцы, каб павіншаваць яе з Ганнамі. Кастрычніцкія святы мы ніколі не святкавалі. І наогул мая мама ўсё жыццё прапрацавала на кароўніку даяркай без адпачынкаў і амаль без выхадных дзён, і нават калі хварэла, ішла на працу. Дзень народзінаў у сям’і таксама ніколі не адзначалі. На Новы год ставілі ялінку, але не сядзелі да дванаццаці гадзін. Святкавалі Стары Новы год. Святы з застоллямі і падарункамі ў маім жыцці з’явіліся толькі тады, калі жаніўся. Праўда, і па сённяшні дзень ніяк не магу прывыкнуць дарыць кветкі…

Міхаіл Савіцкі

8.11.2010. Памёр Міхаіл Савіцкі. Гадоў пяць назад у выдавецтве мы планавалі выдаць пра яго кнігу. Ужо быў знойдзены складальнік выдання, было жаданне мець кнігу пра сябе і ў мастака. І тут раптам аб’явіўся сын Савіцкага Андрэй, які заявіў, што ён сам напіша кнігу пра бацьку і яму не патрэбны памагатыя. На гэтым усё і скончылася…

Тры гады

9.11.2010. Сёння тры гады, як не п’ю. Адчуванне, нібыта прайшло тры гады пасля вайны, з якой я вярнуўся жывым…

Казбярук і кнігі

10.11.2010. Уладзімір Казбярук, прынёсшы рукапіс кнігі пра Максіма Танка, пахваліўся малюнкам Караткевіча, які ён яму падарыў у 1969 годзе. Цікавы малюнак. Гаворачы пра здароўе, Уладзімір Міхайлавіч паскардзіўся: «У мяне ў хатняй бібліятэцы больш за тры тысячы кніг. Хацеў было здаць куды­-небудзь, мне ж ужо 88­ы год ідзе, але ніхто не бярэ. Кажуць месца няма для кніг…»

Крадуць!

10.11.2010. Вяртаючыся ў перапоўненым аўтобусе № 57 дамоў, стаў сведкам, як хлопец гадоў дваццаці пяці ўкраў у жанчыны кашалёк. «Аддай грошы! А то міліцыю выклічу!» — крычала жанчына. Злодзей нешта бубнеў, усе маўчалі, і толькі нейкі п’яны граміла заявіў: «Аддай бабе грошы! А то морду наб’ю!» На прыпынку злодзей і абрабаваная выйшлі, а ўсе астатнія паехалі далей…

Пабыў бацькам і жонкай

11.11.2010. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры сёння адбылася вечарына, прысвечаная 85­годдзю беларускага радыё. Вялі Галіна Шаблінская і Алег Вінярскі. Людзей было шмат. Выступленні былі цікавымі, асабліва ўспаміны пра кур’ёзныя выпадкі на радыё. Я ведаў, што і мне дадуць слова, таму быў гатовы ў любую хвіліну выйсці да мікрафона. Недзе праз дзве гадзіны Галіна Шаблінская аб’явіла: «А зараз выступіць вядомы паэт Анатоль Шніп!» Нехта з залы паправіў: «Віктар Анатольевіч…» А пазней, пасля выступлення, Валянціна Коўтун, каб даведацца пра лёс сваёй кнігі ў выдавецтве, аклікнула мяне: «Людміла…»

Конкурс прыгажосці

11.11.2010. Заўтра іду на вечарыну, дзе буду ў журы выбіраць прыгажунь сярод паэтак. «А хто там будзе ў журы акрамя цябе?» — пацікавіліся ў мяне на працы. «Ну, Пятро Васючэнка!» — адказаў я. «Дык ён жа дрэнна бачыць!» — «Ну і што! Крот жа хацеў жаніцца на Дзюймовачцы!» — адказаў я…

Бацькі і паэт­песеннік

12.11.2010. Выйшла кніга песень «Астравы шчасця» Аляксандра Лягчылава, рукапіс якой у выдавецтва прынеслі ягоныя бацькі, выконваючы просьбу сына, які памёр больш за пяць гадоў таму. Выданне атрымалася невялічкае — усяго 2,5 аркушы. Маці Аляксандра, убачыўшы кнігу, адразу выказала незадавальненне: «Чаму такая тонкая і не ў цвёрдай вокладцы?» Давялося хвілін дваццаць тлумачыць, што магло не быць ніякай кнігі. Мы ж выдалі ўсё за рэдакцыйныя грошы. Праўда, развітаўся з бацькамі Аляксандра Лягчылава, крыху паразумеўшыся. Думаю, што сам паэт­песеннік быў бы задаволены кнігай, якая ўпершыню выйшла ў дзяржаўным выдавецтве, і тым больш не за ўласныя грошы, якія ён зарабляў на песнях і траціў на зборнічкі тыражом 100—300 асобнікаў…

Для чаго…

12.11.2010. Збіраючыся на вечарыну­прэзентацыю кнігі Алены Масла «Першая прыгажуня», напісаў экспромт у стылі Васючэнкавых «Для чаго…»:

Для чаго ў нас прыгажуні?

Каб ваду цягаць са студні,

Каб мужчыны, нібы трутні,

Спаць маглі ўжо апалудні,





Каб былі, як святы, будні,

Каб жыццё камусь спаскудніць!

Для чаго жывуць красоткі?

Каб насіць зімой калготкі

І каб драпацца, як коткі,

Калі хто ў іх лезе порткі.

Не залез — яны трашчоткі,

А залез — яны залёткі.

Могуць збегчы ў заработкі,

Знікнуць раптам, як падлодкі.

Для тутэйшага — зачоткі,

А для Афрыкі — экзоткі,

А для Шніпа й Васючэнкі —

Нашы пекныя паненкі!

* * *

13.11.2010. Дробны дождж. Адзінокі руды ліст на дрэве скукожыўся, як пісун у хлопчыка ад холаду…

Прэзентацыя ў «Кнігачэі»

15.11.2010. З Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім быў на прэзентацыі іх кнігі «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх музычных інструментаў» у кнігарні «Кнігачэй». Арганізатары прэзентацыі запрасілі з бліжэйшай школы вучняў трэціх і чацвёртых класаў з эстэтычным ухілам. Дзеткі харошыя. Слухалі ўважліва Аксаніны вершы і Ярашава ігранне на музычных інструментах, якія ён захапіў з сабой. Потым арганізатарка прэзентацыі правяла невялікі конкурс з выдачай прызоў. Дзеці актыўна уздымалі рукі, стараліся гаварыць па­беларуску. Пытанні былі лёгкія. На адно з іх: «Назавіце пераможцу дзіцячага Еўрабачання з Беларусі», дзеці амаль хорам закрычалі: «Ксенія Сабчак! Ксенія Сабчак!» Калі ім сказалі, што гэта не так, адна ціхмяная дзяўчынка, якая стаяла за натоўпам сваіх аднакласнікаў, дала правільны адказ. Напрыканцы было аб’яўлена, што можна набыць кніжку і атрымаць аўтографы. Грошай у нікога не было, і мы дзецям прапанавалі пазней прыйсці з бацькамі ці адным і набыць кнігі. «А колькі каштуе?» — пацікавіўся белабрысы хлопчык. «Трэба будзе ўзяць дванаццаць тысяч. Трыста рублёў атрымаеце рэшты»,— адказала прадаўшчыца. «Я вазьму дваццаць, каб была большай рэшта!» — тут жа сказала дзяўчынка і паглядзела наўкол, нібыта запыталася: «А хто возьме болей?»

* * *

16.11.2010. Стаю на прыпынку. З­за павароту, бачу праз голыя густыя галіны дрэў, сунецца жоўты аўтобус, як стог апалага зледзянелага лісця…

Генерал і кніга

17.11.2010. У выдавецтва прыходзіў генерал­лейтэнант. Стары, стройны і прыгожы, як пісталет. Прынёс два тамы амаль з дзвюма тысячамі старонак пра тое, як ён і яго аднапалчане ваявалі. Кніга некалькі гадоў рыхтавалася ў Маскве ў прыватным выдавецтве, дзе цягнулі ўвесь час з генерала грошы. А як грошы скончыліся, расіяне аддалі генералу вёрстку і адправілі дамоў. І генерал прыйшоў да нас…